1. Сукупнасць маральных прынцыпаў, якімі чалавек кіруецца ў сваіх грамадскіх і асабістых паводзінах. — Збірайся ў паход, Беларускі народ, За чэсць і свабоду радзімы.Глебка.Нас гэткай раскошай не песціць эпоха, І чэсці вышэйшай не знае пясняр Як тая, калі яго мужная песня Па ворагу трапны наносіць удар.Гілевіч.// Грамадская, прафесійная і інш. годнасць чалавека. Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе, Прадаўшы чэсць і сумленне, Няхай той павесіцца сам на вярбе!Колас.[Перагуд:] Цяпер ты [смерць] толькі жыццё маё можаш узяць, часць я ўратаваў.Крапіва.У якім кутку Радзімы — На палях ці ля станка — Чэсць трымаеш нашай роты, чэсць палка І ўсёй пяхоты.Жычка.Пакуль здужаю падняць руку я, — Вораг маёй чэсці не спаганіць.Панчанка.
2. Аўтарытэт, незаплямленая рэпутацыя чалавека, яго чэснае, добрае імя. Працоўны чалавек павінен усімі сродкамі, нават фізічнаю сілай, бараніць чэсць свайго імя, чэсць класа і народа.У. Калеснік.
3. Цнота, нявіннасць (пра жанчыну). Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою.Купала.
4. Слава, павага, пашана каму‑н. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана.Скрыган.Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту.Колас.
Пара і чэсць знаць — дастаткова, пара перастаць, закончыць што‑н. [Адзін з гасцей:] Пара нам чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы.Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛЕ́НІН (Уладзімір Ільіч) (сапр.Ульянаў; 22.4.1870, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 21.1.1924),
расійскі і савецкі паліт., дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. рабочага руху. Нарадзіўся ў сям’і інспектара нар. вучылішчаў, які стаў патомным рас. дваранінам. Старэйшы брат Л. пакараны смерцю (1887) за ўдзел у замаху на цара Аляксандра III. Л. вучыўся ў Казанскім ун-це (1887), з якога за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны і сасланы ў с. Какушкіна Казанскай губ. Экстэрнам здаў экзамен за юрыд.ф-т у Пецярбургскім ун-це (1891). Працаваў пам. прысяжнага паверанага ў г. Самара. У 1895 удзельнічаў у стварэнні Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», арыштаваны і высланы на 3 гады ў с. Шушанскае Енісейскай губ. У ссылцы вітаў стварэнне ў Мінску ў 1898 Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) і асн. палажэнні яе «Маніфеста». У 1900 выехаў за мяжу і разам з Г.В.Пляханавым пачаў выданне газ.«Искра», якая падрыхтавала праект Праграмы РСДРП. У розны час быў рэдактарам бальшавіцкіх газ. «Пролетарий», «Рабочая газета», «Правда». На II з’ездзе РСДРП (1903, Брусель—Лондан) Л. узначаліў бальшавіцкую плынь РСДРП (гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза). У працах «Што рабіць?» (1902), «Крок наперад, два крокі назад» (1904) ён сфармуляваў ідэйныя і арганізац. асновы партыі новага тыпу. З 1905 у С.-Пецярбургу, з 1907 зноў у эміграцыі. У перыяд рэвалюцыі 1905—07 распрацоўваў тэорыю перарастання бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, абгрунтаваў неабходнасць вядучай ролі ў іх рабочага класа («Дзве тактыкі сацыял-дэмакратыі ў дэмакратычнай рэвалюцыі», 1905). Чл.ЦК партыі з ліст. 1903 (кааптаваны), у 1905—06 і з 1912 (канд. у 1907—12), чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і з 25.3.1919. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў крас. 1917 вярнуўся ў Петраград, абвясціў курс на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам, пераходам улады да Саветаў. Узначальваў кіраўніцтва Кастр.узбр. паўстаннем у Петраградзе (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). На II Усерас. з’ездзе Саветаў 25—27.10(7—9.11).1917 выбраны Старшынёй Савета Нар. Камісараў (СНК) РСФСР. Адначасова з 1918 Старшыня Савета Рабочай і Сял. Абароны (з 1920 Савет Працы і Абароны). З сак. 1918 у Маскве. Адыграў вырашальную ролю ў заключэнні Брэсцкага міру 1918. 30.8.1918 пры замаху на яго жыццё эсэркай Ф.Каплан быў цяжка паранены. Адобрыў стварэнне Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, якая разам з палітычнымі выкарыстоўвала метады насілля і рэпрэсій у адносінах да духавенства, інтэлігенцыі, апазіцыйных партый. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1922 Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ў якасці сузаснавальніка ўвайшла і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). З 6.7.1923 Старшыня СНК і Савета Працы і Абароны СССР. Чл.ВЦВК з 1917, ЦВКСССР з 1922. У 1922 цяжка захварэў і актыўна не ўдзельнічаў у паліт. жыцці. Пахаваны ў Маўзалеі на Краснай плошчы ў Маскве.
Л. рана стаў прыхільнікам ідэй К.Маркса і Ф.Энгельса. Развіваў іх вучэнне аб пераўтварэнні грамадства на камуніст. пачатках (гл.Камунізм, Марксізм, Марксізм-ленінізм) у прымяненні да новых гіст. умоў. Найважнейшым сродкам рэв. барацьбы лічыў стварэнне партыі прафес. рэвалюцыянераў — «партыі новага тыпу», у адрозненне ад парламенцкіх с.-д. партый. Л. адстойваў прынцып «дэмакратычнага цэнтралізму» ў пабудове партыі. Вызначаўся непрымірымым атэізмам. Прыйшоў да высновы, што капіталізм уступіў у апошнюю стадыю — імперыялізм, і перадавыя краіны Еўропы выспелі для сусв.сацыяліст. рэвалюцыі. Адстойваў курс на ўсталяванне замест дыктатуры буржуазіі дыктатуры пралетарыяту. Лічыў, што Расія павінна пачаць сусв.сацыяліст. рэвалюцыю. У процівагу II Інтэрнацыяналу ён стварыў III Камуністычны Інтэрнацыянал. Востры крызіс у краіне пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20 прывёў Л. да прызнання неабходнасці замены палітыкі «ваеннага камунізму» і пераходу да «новай эканамічнай палітыкі».
Л. пакінуў вял.навук. і літ.-публіцыст. спадчыну. У сваёй асн.філас. працы «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» (1909) прааналізаваў важнейшыя філас. напрамкі канца 19 — пач. 20 ст., абагульніў найважнейшыя прыродазнаўча-навук. адкрыцці. Ён распрацаваў праблемы класавай сутнасці і функцый розных відаў дэмакратыі і дыктатуры, Саветаў як дзярж. формы дыктатуры пралетарыяту («Дзяржава і рэвалюцыя», 1917; «Пралетарская рэвалюцыя і рэнегат Кауцкі», 1918, лекцыі «Аб дзяржаве», 1919 і інш.). У яго працах больш за 400 выказванняў, тэлеграм, запісак і інш. дакументаў, якія непасрэдна тычацца Беларусі. У творы «развіццё капіталізму ў Расіі» (1899) асветлена сац.-эканам. становішча бел. губерняў на мяжы 19—20 ст., паказана развіццё капіталіст.вытв. адносін у сельскай гаспадарцы Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ., наяўнасць рэшткаў прыгонніцтва, параўнальна хуткі рост гар. насельніцтва, наяўнасць у бел. губернях пераважна дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, вызначаны некат. спецыфічныя рысы ў сац.-эканам. развіцці Беларусі, што адбівалася на класавай барацьбе і дзейнасці мясц.парт. арг-цый. Вывучэнне сац.-эканам. становішча Беларусі дало Л. магчымасць паказаць, што гаспадарка краю развіваецца па шляху капіталізму, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для развіцця с.-д. руху. У працы «Вынікі дыскусіі аб самавызначэнні» (1916) ён адзначыў, што беларусы цярпелі сац. і нац. прыгнёт не толькі рус. царызму, але і польскіх памешчыкаў, што яшчэ з часоў, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, Польшча захавала за сабой правы, якія «заключаюцца ў прыгнечанні чужых народаў», бо «польскі памешчык прыгнятае ўкраінскага і беларускага «хлопа». Л. адносіў Беларусь і Украіну да тых рэгіёнаў Расіі, дзе нац. рух яшчэ не завяршыўся і не вычарпаў сваёй прагрэсіўнай місіі. У працы «Аб карыкатуры на марксізм і аб «імперыялістычным эканамізме» (1916, апубл. 1924) ён пісаў: «Для ўкраінцаў і беларусаў... «Бацькаўшчына» тут яшчэ не адспявала ўсёй сваёй гістарычнай песні. «Абарона бацькаўшчыны» яшчэ можа быць тут абаронай дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць прыгнятаючых нацый, супраць сярэдневякоўя...». Л. рэзка крытыкаваў праграму культ.-нац. аўтаноміі аўстрыйскіх марксістаў, якую ўзялі на ўзбраенне амаль усе паліт. партыі Расіі, у т. л.Беларуская сацыялістычная грамада» (арт. «Да гісторыі нацыянальнай праграмы ў Аўстрыі і Расіі», 1914). Вызваленне бел. народа ад сац. і нац. прыгнёту Л. звязваў з перамогай сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі. Беларусь і Зах. фронт разглядаў як важны ваенна-паліт. фактар, які мог станоўча паўплываць на перамогу Кастр.ўзбр. паўстання 1917. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 падтрымліваў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту, адобрыў разгон Усебеларускага з’езда 1917, які не прызнаў мясц.сав. ўладу; адмоўна ставіўся да Беларускай Народнай Рэспублікі і падтрымліваў ініцыятыву беларускіх секцый РКП(б) аб стварэнні БССР.
У аналізе дзейнасці Л. і яго ідэй, якія значна паўплывалі на ход гісторыі ў 20 ст., існуе шырокі спектр ацэнак — ад пазітыўных да рэзка крытычных.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—55. 5 изд. М., 1958—65;
Ленинский сборник. Т. 1—39. М.; Л., 1924—80;
Бел.пер. — Тв.Т. 1—45. Мн., 1948—74;
Тое ж.Т. 1—17. Мн., 1953—55;
Выбр. творы. Т. 1—10. Мн., 1986—91.
Літ.:
Воспоминания о В.И.Ленине. Т. 1—5. М., 1968—69;
Уэллс Г. Россия во мгле: Пер. с англ.М., 1970;
В.И.Ленин: Биогр. хроника. Т. 1—12. М., 1970—82;
Белявцев В.И. В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1978;
Cola D. Léninisme. Paris, 1982;
В.И.Ленин: Биография, 1870—1924. Т. 1—2. 8 изд. М., 1987;
Шагинян М. Семья Ульяновых: тетралогия. М., 1988;
И вечно в памяти людской: В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1990;
Ленин: Человек — мыслитель — революционер: Воспоминания и суждения современников. М., 1990;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Троцкий Л.Д. О Ленине // Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Ленин, о котором спорят сегодня. М., 1991;
Волобуев П.В. Ленин (Ульянов) В.И. // Политические деятели России 1917: Биогр. словарь. М., 1993;
Волкогонов Д. Ленин: Полит. портрет. Кн. 1—2. Мн., 1994;
Латышев А.Г. Рассекреченный Ленин. М., 1996;
В.И.Ленин о Белоруссии: Библиогр. указ. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дро́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Невялікі па аб’ёму, велічыні. Дробнае каменне. Дробныя яблыкі. Разбіць на дробныя кускі. □ Ён нагатаваў дробных паленцаў, збіраючыся раскладаць агонь на прыпеку.Колас.Як чырвоныя пацеркі, рассыпаліся .. [суніцы] між дробных лісцікаў ягадніку на мяккім моху.Якімовіч.// Малога веку; малалетні. Не спіць гэтаксама і Марыля са сваімі дробнымі дзеткамі, прыслухоўваецца.Нікановіч.// Невялікі па колькасці. Разбіцца на дробныя групы.
2. Невялікай, нязначнай вартасці. Дробныя грошы.
3. Які складаецца з малых аднародных частачак. Дробны пясок. □ Пачынаў церусіць дробны дожджык.Гартны.Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам.Колас.// Кароткі, з частым паўтарэннем аднолькавых кароткіх элементаў. Дробныя крокі. □ Ззаду па дарозе пачуўся дробны стукат колаў.Краўчанка.На гнуткіх дошках Колька адбіў дробную чачотку.Грахоўскі.
4. Шчуплы, нешырокай косці; маларослы. Лабановічу кінулася ў вочы, што людзі, з якімі ён тут сустракаўся, былі дробныя, худыя, замораныя.Колас.
5. З малымі матэрыяльнымі магчымасцямі; эканамічна слабы. Дробная буржуазія. Дробны ўласнік. Дробныя прадпрыемствы. □ Тым часам з-за ўзгорка выплыў хутарок, сядзіба дробнага арандатара.Колас.// Які рэалізуецца ў малых маштабах, звязаны з малакаштоўнымі рэчамі. Дробны гандаль.
6. Які займае невысокае грамадскае або службовае становішча. Дробны чыноўнік. Дробная шляхта. □ Гэта — вагон трэцяга класа, напоўнены дробным людам, салдатамі, сялянамі.Мікуліч.
7. Нязначны; неістотны. Дробныя справы. Дробныя крыўды. □ Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасці не спыняліся то дробныя баявыя сутычкі, то рух машын.Чорны.//перан. Пазбаўлены ўнутранай значнасці; нікчэмны. Смяльчак не зробіць шкоды. На гэта здольна толькі дробная парода, — Мышыная душа.Корбан.Хто ўваходзіць у дачыненні з дробнымі людзьмі, сам не з буйных або неўзабаве здрабнее сэрцам.Лужанін.
•••
Рассыпацца дробным макамгл. рассыпацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
якра́з,
1.прысл. У гэты час, у гэты момант. Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось.С. Александровіч.
2.прысл. У поўнай адпаведнасці, дакладна, у самы раз. Кузня стаяла якраз насупраць бацькавай хаты.Каваленка.Порткі яго [Алега] прыйшліся палоннаму амаль якраз.Брыль.Уля памерала тады — лодачкі былі якраз па назе.Паўлаў.
3.прысл. Іменна, менавіта. Новыя доследы якраз больш цікавяць юных натуралістаў, заахвочваюць іх да працы.Дубоўка.[Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа.Навуменка.
4.прысл.(успалучэннісасловам «як»). Кропля ў кроплю. Сын — якраз як бацька. □ Зрабілася ад ліўняў і ад сонца [вушанка] Якраз як сівагракава крыло...Барадулін.Якраз як і ў аўтобусе Гуд зыбкі ў галаве.Смагаровіч.
5.узнач.вык. Як па мерцы, як на мяне (на яго, на яе). Аднойчы прымераў [світар]. Якраз на мае плечы. І ўзор наш, мой.Янкоўскі.
6.узнач.часціцы. Ужываецца для большай канкрэтызацыі, удакладнення асобы ці прадмета, для ўзмацнення якасці каго‑, чаго‑н. [Макар Белкін:] — Вось... Начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету.Шымук.Шмат год назад сказаў выдатна Маркс: Жыццё для чалавека — барацьба. Відаць, праблема першая якраз Перамагчы ў самім сабе раба.Семашкевіч.А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак.Колас.// Ужываецца для падкрэслівання і азначэння таго, што маецца на ўвазе; сапраўды, так, праўда. Анежка, якраз як дзіця, сарамліва апусціла вочы.Броўка.А Рыгор якраз падыходзіць да мясцовых умоў: селянін і гэткі верны сацыялізму.Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АБШЧЫ́НА,
устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект. ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв.звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў па сял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл.Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл.Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.
Літ.:
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);
Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1931—39,
антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя, у ходзе якой у Іспаніі існаваў рэсп. лад. Выклікана абвастрэннем сац.-эканам. праблем ісп. грамадства ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33. Пачалася 12.4.1931 масавымі нар. дэманстрацыямі з патрабаваннямі ўстанаўлення рэспублікі пасля перамогі апазіц. партый на муніцыпальных выбарах. 14 крас. кароль Альфонс XIII пакінуў краіну, Іспанія абвешчана рэспублікай. На 1-м этапе рэвалюцыі (14.4.1931 — ліст. 1933) дзейнічалі ўрады блока левых рэспубліканцаў і сацыялістаў. У краіне зацвердзіліся дэмакр. свабоды, прынята канстытуцыя 9.12.1931, уведзены 8-гадзінны прац. дзень, устаноўлены мінімум зарплаты, царква аддзелена ад дзяржавы. У вер. 1932 абвешчана агр. рэформа (канфіскацыя за выкуп часткі зямлі ў буйных латыфундыстаў і перадача яе сялянам і с.-г. рабочым) і зацверджаны закон аб аўтаноміі Каталоніі. Аднак гэтыя мерапрыемствы не спынілі сац.эканам. крызісу. Ва ўмовах росту незадаволенасці рабочых у вер. 1933 з урада выйшлі прадстаўнікі Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі, што прывяло да распаду ўрадавага блока. На 2-м этапе (ліст. 1933 — люты 1936, т. зв. «чорнае двухгоддзе»), калі існаваў урад правых рэспубліканцаў, актывізавалася дзейнасць кансерватыўных і прафаш. сіл, у т. л.Іспанскай фалангі. Гэта выклікала ў кастр. 1934 узбр. паўстанні рабочых пад кіраўніцтвам левых сацыялістаў і камуністаў (найб. масавыя ў Каталоніі і Астурыі), задушаныя войскамі. Паражэнне левых сіл падштурхнула іх да кансалідацыі і ўтварэння Нар. фронту (студз. 1936), які 16.2.1936 перамог на выбарах у картэсы. На 3-м этапе рэвалюцыі (1936—39) 19.3.1936 утвораны ўрад Нар. фронту (складаўся пераважна з левых рэспубліканцаў), у маі — ліп. 1936 узмацніўся рабочы і камуніст. рух. Адначасова актывізаваліся кансерватыўныя сілы, што вылілася ў ваен. мяцеж супраць рэспублікі пад кіраўніцтвам ген. Ф.Франка Баамондэ (пачаўся 17 ліп. ў Ісп. Марока, 18 ліп. пашырыўся на Іспанію). Гэта прывяло да грамадз. вайны паміж паслядоўнікамі Франка (франкістамі) і прыхільнікамі Ісп. рэспублікі (рэспубліканцамі). На 1-м этапе вайны (ліп. 1936 — май 1937) франкісты, якім аказвалі дапамогу Германія, Італія, Партугалія (у т. л. ў баях удзельнічалі 50 тыс.ням. і 200 тыс.італьян. вайскоўцаў), намагаліся захапіць Мадрыд. Спачатку пад уладай рэспубліканцаў, якіх з кастр. 1936 падтрымлівалі СССР (каля 3 тыс. добраахвотнікаў, у т. л. беларусы С.А.Грыцавец, В.П.Дрозд і інш.) і інтэрнацыянальныя брыгады, было каля 70% тэрыторыі і 3/4 насельніцтва Іспаніі, але ў жн. 1936 страчаны стратэгічна важныя тэрыторыі. Урады Нар. фронту на чале з Ф.Ларга Кабальера (4.9.1936—17.5.1937) і Х.Негрынам (17.5.1937 — сак. 19.39) стварылі рэгулярныя ўзбр. сілы, прынялі дэкрэты аб нацыяналізацыі зямельных уладанняў удзельнікаў мяцяжу і перадачы іх сялянам, аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія належалі мяцежнікам, прадаставілі аўтаномію Краіне Баскаў. На 2-м этапе вайны (май 1937 — вер. 1938) франкісты захапілі Краіну Баскаў і Астурыю (кастр. 1937), прарвалі фронт у Арагоне і выйшлі да ўзбярэжжа Міжземнага м., адрэзаўшы ад цэнтр. раёна рэспублікі Каталонію (крас. 1938). На 3-м этапе (вер. 1938 — сак. 1939) 350-тысячная армія франкістаў (ёй процістаяла толькі 140-тысячная рэсп. армія) 26.1.1939 захапіла г. Барселона, дзе з ліп. 1937 размяшчаўся рэсп. ўрад, і ўсю Каталонію (9 лют.). Брыт. і франц. ўрады 27.2.1939 афіцыйна прызналі ўрад Франка. Унутр. барацьба ў лагеры рэспубліканцаў, частка якіх выступала за капітуляцыю перад Франка, прывяла да падзення рэспублікі (28 сак. — 1 крас.). У Іспаніі ўстанавілася ваен. дыктатура — т.зв. іберыйскі варыянт фашызму (да 1975).
Літ.:
Пожарская С.П. От 18 июля 1936 — долгий путь. М., 1977.
Да арт.Іспанская рэвалюцыя. 1931—39. I. Абмундзіраванне франкістаў: 1 — легіянер 1-га класа ў летняй палявой форме; 2 — афіцэр кавалерыі, каід мараканскіх часцей; 3 — маёр у паўсядзённай форме і кавалерыйскіх брыджах; 4 — каід у палявой форме; 5 — лейтэнант, камандзір роты міліцыі «Іспанскай фалангі» ў параднай форме; 6 — капрал міліцыі андалусійскіх «рэкетэ» ў палявой форме і армейскай амуніцыі. II. Адзенне рэспубліканцаў: 1 — падпалкоўнік у службовай форме; 2 — генерал, камандзір дывізіі ў паўсядзённай форме; 3 — андалусійскі міліцыянер; 4 — амерыканскі добраахвотнік з батальёна імя Лінкальна; 5 — савецкі добраахвотнік-танкіст; 6 — капрал Пятага палка ў камбінезоне-мона; 7 — анархіст у скуранцы і салдацкіх брыджах; 8 — камісар у пілотцы і ў камбінезоне-мона; 9 — баец рабочай міліцыі ў армейскай касцы і салдацкай амуніцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,
працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССР з мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст.вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦКВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл.Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.І.Бухарына, А.І.Рыкава, М.П.Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масавае раскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦКВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял.Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.
Літ.:
Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв.Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;
Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Сорокин АН. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.Ц.Петрыкаў.
Да арт.Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.Гуткоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧ ПАСПАЛІ́ТАЯ (польск. Rzecz Pospolita, Rzeczpospolita рэспубліка, агульная дзяржава, агульная справа),
1) традыцыйная назва Польскай дзяржавы, якая выражае суверэнныя адносіны народа (або класа, які прызнаны яго прадстаўніком) да дзяржавы. Упершыню тэрмін з’явіўся ў пач. 13 ст. ў хроніцы Вінцэнта Кадлубака. Шляхецкая Р.П. — прынятая ў гістарыяграфіі назва дзярж. сістэмы, што існавала ў Польшчы з сярэдзіны 15 ст. да 1795 (1-я Р.П.). Была формай саслоўнай манархіі на чале з выбарным пажыццёва каралём, уладу з якім падзяляла шляхта. Адроджаная ў 1918 Польская дзяржава 17.3.1921 прыняла афіц. назву Рэспубліка Польшча (Польская Рэч Паспалітая, Rzeczpospolita Polska, 2-я Р.П.). Назва захавалася да 1952, калі ўведзена найменне Польская Народная Рэспубліка (Polska Rzeczpospolita Ludowa) і адроджана 29.12.1989. Часам Р.П. называлася ў 15—16 ст. і Вялікае княства Літоўскае, а ў Статутах ВКЛ гэтым тэрмінам пазначаны паняцці «грамадства», «дзяржава». У 1-м раздзеле Статута ВКЛ 1588 пад тэрмінам «Р.П.» разумеліся «дзярж. справа», «дзярж. служба». У 16 ст. гэты тэрмін ужываўся ў значэнні «дзяржава».
2) Афіцыйная назва феад. федэратыўнай дзяржавы, у якую аб’ядналіся ў выніку Люблінскай уніі 1569 Польшча (Карона) і ВКЛ (Княства, або Літва). Р.П. існавала ў 1569—1795 і была ліквідавана ў выніку 3 падзелаў яе тэрыторыі. У склад Кароны ўваходзілі польскія і ўкр. ваяводствы, у ВКЛ — бел. і літ. землі. У Р.П. ўваходзіла як сумеснае ўладанне (кандамініум) Польшчы і ВКЛ Інфлянцкае ваяв (гл.Лівонія), як васальная дзяржава — Курляндскае герцагства, як непасрэднае ўладанне Р.П. — Пілтэнскі пав. (на тэр. сучаснай Латвіі). У 1525—1657 васалам Польшчы было Прускае герцагства са сталіцай у Краляўцы (Кёнігсбергу), аднак брандэнбургскім курфюрстам, якія з 1618 панавалі ў Прусіі, удалося дамагчыся яго незалежнасці.
Р.П. лічылася агульнай дзяржавай «абодвух народаў», г.зн. польскай і бел.-літ. шляхты. Кароль польскі (ён жа і вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі) меў абмежаваныя паўнамоцтвы. Заканадаўчую і часткова судовую ўладу меў агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм, які складаўся з 2 палат: Сената (з магнатаў, прадстаўнікоў цэнтр. і правінцыяльнай адміністрацыі, вярхоў каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся шляхціцы-дэпутаты (паслы) па 2 ад кожнага павета. Прадстаўнікі Кароны складалі каля 2/3 сойма. Аднак сойм прымаў законы асобна для Польшчы, асобна для ВКЛ. З 1673 кожны трэці звычайны сойм збіраўся на тэр.ВКЛ у Гродне. Р.П. вяла агульную для Кароны і ВКЛ знешнюю палітыку. Аднак абедзве дзяржавы захоўвалі асобную дзярж. адміністрацыю (з адпаведнымі кіруючымі пасадамі), асобныя войскі са сваім камандаваннем, свае фінансавыя сістэмы, скарб, права чаканкі аднолькавай манеты, самаст. судовыя і мытныя (да 1766) сістэмы, асобнае заканадаўства. Кожная з дзяржаў мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую (з канца 16 ст. фактычна польскую), ВКЛ — беларускую (з 1696 польскую, але афіцыйныя акты на бел. мове захоўвалі сваю моц). Згодна са Статутам ВКЛ 1588 польскай шляхце забаранялася ў ВКЛ займаць дзярж. пасады любога ўзроўню, а таксама купляць, атрымліваць у спадчыну і ў падарунак нерухомую маёмасць. З сярэдзіны 17 ст. роля соймаў паменшала, у паліт. жыцці Р.П. усё большую ролю пачалі адыгрываць магнацкія групоўкі і шляхецкія саюзы (канфедэрацыі). У кіраванні ўнутр. справамі Р.П. вырасла значэнне павятовых шляхецкіх соймікаў, якім было перададзена права збіраць некаторыя падаткі і распараджацца імі. Ва ўмовах частага зрыву соймаў, асабліва ў 18 ст., соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканад. і суд. улады, не лічыліся з пастановамі сойма. Спробы цэнтралізацыі ўлады ў Р.П. у 2-й пал. 18 ст. не ўдаліся. Канстытуцыя 3 мая 1791 з праграмай шырокіх рэформ дзярж. ладу была скасавана пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792. Тэрыторыя Р.П. у 1772, 1793 і 1795 была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй (гл.Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел Рэчы Паспалітай, Трэці падзел Рэчы Паспалітай).
Літ.:
Кутшеба С. Очерк истории общественно-государственного строя Польши: Пер. с пол. СПб., 1907;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Бардах Ю., Леснодорский., Пиетрчак М. История государства и права Польши: Пер. с пол. М., 1980;
Юхо Я Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пра́ва1, ‑а, н.
1. Сістэма ўстаноўленых ці санкцыянаваных і забяспечаных дзяржавай агульнаабавязковых норм (правіл паводзін), якія выражаюць дзяржаўную, абумоўленую эканамічным ладам грамадства волю пануючых у грамадстве класаў (у сацыялістычнай агульнанароднай дзяржаве — волю ўсяго народа). Выбарчае права.
2. Навука аб гэтых правілах, аб правах. Факультэт права.
3. Правамоцтва, якое належыць пэўнай асобе. Права на працу. Права на адукацыю. □ Права на адпачынак ажыццяўляецца ў нашай краіне шляхам устанаўлення для рабочых і служачых штогадовых водпускаў.«Маладосць».// Афіцыйны дазвол, допуск да выканання якіх‑н. абавязкаў, для заняцця якой‑н. пасады. [Сцёпка] раптам набраўся смеласці і, трымаючы ў руках свой лісток на права здаваць экзамен, стаў у невялікую чаргу.Колас.//толькімн. (правы́, ‑оў). Дакумент, які дазваляе каму‑н. кіраваць аўтамабілем, матацыклам і пад. Атрымаць правы.
4. Магчымасць дзейнічаць якім‑н. спосабам. Закон і права ў долі роўнай Для ўсіх законаў, для ўсіх нацый Рукой жалезнай, непакорнай Напішаш, дыктатура працы.Купала.
5. Падстава, прычына. Сцвярджаць з поўным правам.
•••
Актыўнае выбарчае права — права грамадзян удзельнічаць у выбарах у прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады.
Дзяржаўнае права — сукупнасць юрыдычных норм, якія замацоўваюць асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу краіны.
Прыгоннае права — права памешчыка распараджацца прыгоннымі сялянамі, якія належалі яму, іх жыццём і маёмасцю.
Рымскае права — сукупнасць прававых норм, выпрацаваных у Старажытным Рыме, якія выражалі волю пануючага класа рабаўладальнікаў і былі засвоены многімі еўрапейскімі дзяржавамі.
Рэчавае права — частка грамадзянскай права, якая вызначае нормы валодання рэчамі.
Кулачнае права — панаванне моцнага над слабым, узброенага над няўзброеным і пад., заснаванае на адным толькі насіллі і не падмацаванае маральна і юрыдычна.
Сваё права правіцьгл. правіць.
пра́ва2,
У выразе: права руля — каманда, якая падаецца для павароту руля ўправа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).