ІВА́НЧАНКА (Яўген Іванавіч) (н. 27.6.1943, г. Глазаў, Удмурція),

бел. спартсмен (плаванне). Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Засл. трэнер БССР (1976), СССР (1981). Чэмпіён і рэкардсмен Беларусі 1961—63 па плаванні. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1966). Трэнер зборных каманд Беларусі (1966—67), СССР (1975—84) па плаванні. З 1989 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1995 прарэктар. Аўтар навуч. і метадычных дапаможнікаў, у т. л. «Плаванне ў комплексе ГПА» (1976, з Г.​Э.​Васілеўскім), «Навука пра спартыўнае плаванне» (1993), «Тэорыя і практыка спорту» (ч. 1—3, 1996—97).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСКАНДО́РАЎ (Адыль Рза аглы) (5.5.1910, г. Гянджа, Азербайджан — 18.9.1978),

азербайджанскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1959). Праф. (з 1956). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). У 1937—60 гал. рэж. і дырэктар Азерб. акад. т-ра імя М.​Азізбекава (Баку). Паставіў спектаклі: «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1926), «Вагіф» (1938) і «Фархад і Шырын» (1941) С.​Вургуна, «Гонар» А.​Шырванзадэ (1940), «Раніца Усходу» Э.​Мамедханлы (1948, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Айдын» Дж.​Джабарлы (1940), «Атэла» У Шэкспіра (1959) і інш. Творчасці характэрны манум. героіка, урачыстасць, яркая відовішчнасць. З 1961 у кіно як акцёр і рэжысёр.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (31.12.1915, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 18.12.1991),

украінскі скульптар. Нар. мастак СССР (1979). Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1942). Майстар станковага і манум. партрэта (П.​Чайкоўскага, Л.​Равуцкага, абодва 1945; А.​Фёдарава, 1985, і інш.). Творы вылучаюцца дакладнай пластычнай прапрацоўкай і жывапіснасцю форм. Аўтар помнікаў А.​Пушкіну ў Кіеве (1962) і Нью-Йорку (1970), М.​Лысенку ў Кіеве (1965), М.​Гогалю ў с. Гогалева Палтаўскай вобл. (1984) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

Літ.:

Янко Д. О.​О.​Ковальов. Київ, 1964.

Аляксандр Аляксандравіч Кавалёў. Помнік А.​Пушкіну. 1962. Кіеў.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Эдуардс) (25.10. 1904, Рыга — май 1988),

латышскі жывапісец-марыніст. Нар. маст. СССР (1975), сапр. чл. АМ СССР (1970). Скончыў Латв. АМ (1932; выкладаў там з 1945, праф. з 1955) у В.Пурвіта, у Італіі (1935). Творчасць К. адыграла вял. ролю ў станаўленні лат. жанравага жывапісу. Работы вылучаюцца размераным рытмам буйных колеравых плоскасцей, багатым каларытам, дакладнай перадачай дынамікі марской стыхіі: «Гавань» (1929), «Плытагоны» (1935), «Баржа» (1938), «Новыя ветразі» (1945), «Рыбакі» (1947), «Сёмая Балтыйская рэгата» (1954), «Латышскія рыбакі ў Атлантыцы» (1957), «Ля мора» (1963), «Заход сонца» (1977) і інш.

А.​В.​Вайцяховіч.

Э.Калніньш. Новыя ветразі. 1945.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́НСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 18.4.1950, в. Цна Мінскага р-на),

бел. спартсмен (веласпорт). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1980). Засл. майстар спорту СССР (1976). Канд. пед. н. (1992). Алімп. чэмпіён (1976, г. Манрэаль, Канада) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км; чэмпіён свету (1977, г.

Сан-Крыстобаль, Венесуэла); сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1974, г. Манрэаль, Канада; 1975, г. Метэ, Бельгія; 1978, г. Кёльн, ФРГ), чэмпіён СССР (1976—78, 1980) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км. З 1980 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. трэнер нац. каманды Беларусі па веласпорце.

В.​Л.​Працкайла.

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў (Аляксандр Пятровіч) (14.8.1904, с. Тацева Бельскага р-на Цвярской вобл., Расія — 11.5.1981),

савецкі вучоны ў галіне распрацоўкі нафтавых радовішчаў. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1953). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1926). З 1932 у Дзярж. даследчым нафтавым ін-це, з 1935 у Маск. нафтавым ін-це, з 1953 ва Усесаюзным нафтагазавым НДІ (у 1957—71 дырэктар). Стварыў тэорыю і прапанаваў разлікі розных мадыфікацый фантанавага і кампрэсарнага спосабаў эксплуатацыі нафтавых свідравін. Адзін з аўтараў новых сістэм распрацоўкі нафтавых радовішчаў з за- і ўнутрыконтурным завадненнем. Дзярж. прэмія СССР 1949, Ленінская прэмія 1962.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛО́ВІЧ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 28.7.1961, г. Гродна),

бел. спартсмен (цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя больш за 110 кг). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. работнік фіз. культуры і спорту Беларусі (1992). Скончыў Гродзенскі ун-т (1983). З 1997 трэнер абл. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і XXV (1992, г. Барселона, Іспанія) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1987, г. Острава, Чэхаславакія; 1989, Афіны; 1991, г. Донаўэшынген, Германія; 1994, г. Стамбул, Турцыя) і сярэбраны прызёр (1983, Масква) чэмпіянатаў свету. Чэмпіён Еўропы (1989—90). Чэмпіён СССР (1983, 1989, 1991—92). 12-разовы рэкардсмен свету (1983—84, 1987, 1994).

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПА́ЛІН (Ілья Пятровіч) (2.8.1900, в. Паўлаўская Істрынскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.6.1976),

расійскі рэжысёр дакумент. кіно. Нар. арт. СССР (1968). З 1950 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (праф. з 1964). У дакумент. кіно з 1920-х г. Асн. стужкі прысвечаны падзеям сав. часу: «За ўраджай» (1929), «Ленін» (1938, з І.​Сеткінай), «На Дунаі» (1940, з І.​Пасельскім), «Разгром нямецкіх войск пад Масквой» (1942, з Л.​Варламавым, прэмія «Оскар» 1943), «Вызваленая Чэхаславакія» (1946), «Дзень краіны, якая перамагла» (1947), «Абнаўленне зямлі» (1950), «Старонкі бессмяротнасці» (1965), «Краіна мая» (1967) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1946, 1948, 1949, 1951.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ПЕР-ЧЭ́ХАВА (Вольга Леанардаўна) (21.9.1868, г. Глазаў, Удмурція — 22.3.1959),

расійская актрыса. Жонка А.П.Чэхава. Нар. арт. СССР (1937). Скончыла муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1898 у трупе Маскоўскага маст. т-ра. Валодала высокай артыстычнай культурай, сцэн. абаяннем. Першая выканаўца роляў у п’есах Чэхава; Аркадзіна, Алена Андрэеўна, Маша, Ранеўская, Сара («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Іванаў»). Душэўнасцю прасякнуты ролі Алены («Мяшчане» М.​Горкага), Ганны Маар («Адзінокія» Г.​Гаўптмана). Сярод інш. роляў: Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Беліна («Уяўны хворы» Мальера), Наталля Пятроўна («Месяц на вёсцы» І.​Тургенева). Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІ (Мікалай Джэмсавіч) (Якаўлевіч; 17.8.1894, Масква — 3.12.1966),

расійскі архітэктар. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (з 1950) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (з 1957). Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1922). У 1920—41 выкладаў у маскоўскіх вышэйшым тэхн. вучылішчы імя Баўмана, арх. ін-це. Сярод работ: асн. збудаванні Днепрагэса (у сааўт.) і жылыя кварталы ў г. Запарожжа (1927—31) на Украіне, станцыі метро «Кіраўская» (1935) і «Павялецкая-кальцавая» (1949) у Маскве, праекты аднаўлення гарадоў Цвер (1945), Рыга (1946) і інш. Адзін з аўтараў «Эскіза планіроўкі Мінска» (1944), праекта стадыёна «Дынама» ў Мінску (1947—54).

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)