стра́шна,

1. Прысл. да страшны.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё страху, якое зведаў, зазнаў хто‑н. Мне страшна, але іду. Колас. Гвардыян раптам адчуў, што сапраўды яму страшна. Зарэцкі. / з інф. Вось як нялёгка дараваць Табе віну маю старую! І страшна мне сябе спытаць: «А сам сабе я ці дарую?» Гілевіч. Страшна падумаць, што магло б быць, каб эпідэмія разгулялася ў раёне. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таленаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае талент (у 1 знач.). Таленавіты артыст. □ [Струшня:] — Паддубны — таленавіты і адважны камандзір. М. Ткачоў. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы, а бралі ініцыятыву людзі таленавітыя з рабочага асяроддзя. Колас.

2. Які ўласцівы таленту (у 2 знач.). [Генадзій:] Таленавітае выкананне выклікала дурную рэакцыю ўс[ёй] залы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уго́днік, а, м.

1. Разм. зневаж. Той, хто імкнецца дагадзіць каму‑н.; угодлівы чалавек.

2. Уст. У рэлігійным уяўленні — святы, які ўгадзіў богу сваім бязгрэшным жыццём. На покуце над сталом віселі абразы ў просценькіх саматужных асадках, але пад шклом, каб мухі не забруджвалі твары святых угоднікаў. Колас. Цётка Тэкля, самая набожная ў вёсцы жанчына, пераблытала і накрыла чыгун з бульбай для свіней абразом Міколы ўгодніка. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удружы́ць, удружу, удружыш, удружыць; зак., каго-што, каму і без дап.

Аказаць сяброўскую паслугу; узычыць. Расадка тут [у брыгадзе] заўсёды самая лепшая: сабе пасадзяць і другім калгасам удружаць на патрэбу. Кулакоўскі. // Іран. Зрабіць каму‑н. непрыемнасць. [Дзяжа:] Чаму ж «сястры» ды не ўдружыць, На радасць сум не палажыць? Колас. [Высеўка:] — Самі ж вы не захацелі быць у праўленні. [Дзядзька Яўтух:] — Сам. Правільна .. А хто давёў? Хто ўдружыў мне, Апанас Рыгоравіч? Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узра́даваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узрадаваць.

2. у знач. прым. Поўны радасці. Супраць гэтага і я нічога не маю, — сказаў ўзрадаваны Лабановіч. Колас. Потым узрадаваныя бацькі павялі гасцей у хату. Машара. // Які выражае радасць. А, дзве пані! — пачула пані Свідэрская над галавою незнаёмы і, здавалася, узрадаваны голас. Паслядовіч. На вуліцы сабралася многа людзей, і твары ва ўсіх былі светлыя, узрадаваныя. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шатры́сты, ‑ая, ‑ае.

Такі, як шацёр; з вялікай разгалістай кронай (пра дрэва). Замест вежы аказалася шатрыстая елка, а рэшта складалася з купкі дрэваў і ўзгорка, якія стаялі на далёкай адлегласці адны ад другіх. Колас. Пад’язджаючы да самага Мінска, юнакі заўважылі, што ў прысадах багата дрэў грэцкага арэха, які ім добра знаёмы па малюнках. Спыніліся і тут, палюбаваліся ягонымі выразнымі лістамі, гронкамі буйных арэхаў, зерабнымі, шатрыстымі крокамі. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

1. Рабіць больш шырокім па тэрыторыі, расшыраць. Некалькі дзён запар непадалёк ад кузні ўсё кланяўся экскаватар — выкідваў балотную твань, шырыў азярцо для птушак. Даніленка. // Павялічваць у аб’ёме. Халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі. Караткевіч.

2. перан. Ахопліваць вялікую колькасць людзей, рабіць масавым. [Букрэй:] — А ваш, таварышы, абавязак — шырыць, развіваць паўстанне. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экста́з, ‑у, м.

Найвышэйшая ступень захаплення, пры якой чалавек даходзіць да самазабыцця; непрытомна-раз’юшаны стан. Буйства пажару знаходзіла жывое водгулле ў Цімохавай душы, пазнаваўшай цяпер вышэйшы экстаз радасці з поваду разбурэння.. гнязда яго адвечных класавых ворагаў. Колас. Алеся стаяла ў царкоўным хоры ў нейкім містычным экстазе і спявала велічныя харалы. Рамановіч. Голас дразда-белабровіка паступова ўзвышаўся.., а потым і наогул белабровік зайшоўся спевам найвышэйшага радаснага экстазу. Кірэенка.

[Грэч. ékstasīs — раз’юшанасць, захапленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згла́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Стаць роўным, гладкім, пазбавіўшыся няроўнасцей. Жарнавыя камяні згладзіліся.

2. Знікнуць (пра якія‑н. няроўнасці). [Таня] ўбачыла, як згладзілася ўпартая маршчынка над пераноссем у гэтага чалавека, а позірк яго вачэй ужо не быў такі безуважлівы і цяжкі. Даніленка.

3. перан. Стаць менш прыметным, адчувальным; паступова знікнуць. Скончыўся сход — і ўражанне можа згладзіцца, а ў кнізе — гэта застаецца надоўга. Чорны. Сустрэча і размова з .. дзяком трохі папсавала настаўніку яго добры гумор... Але ўсё гэта хутка згладзілася, сцерлася з памяці, і ён з вялікаю зацікаўленасцю разглядаў двары тутэйшых сялян. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўкру́г, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Навокал, кругом. Мне здавалася тады, што гарэла ўсё наўкруг, гарэў увесь свет... Сачанка. Паглядзі, як прасторна наўкруг, Як прыціхлі палацы, касцёлы! Колас.

2. прысл. Не прама, а ў абход ці ў аб’езд; укругавую. Пажылыя з косамі, граблямі і харчамі ехалі на калёсах наўкруг за пятнаццаць вёрст, а моладзь ішла напрасткі цераз раку і балота. Чарнышэвіч.

3. прыназ. з Р. Вакол, кругом каго‑, чаго‑н. [Дрэвы] утваралі зялёную агаро[д]жу наўкруг усяго парку. Чарнышэвіч. Калі Варанецкі скончыў, Парамонаў устаў і захадзіў па пакоі наўкруг стала. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)