суні́цы, ‑ніц; адз. суніца, ‑ы, ж.

1. Шматгадовая травяністая ягадная расліна сямейства ружакветных з белымі кветкамі і пахучымі ружова-чырвонымі пладамі. А ўнізе навакол цвілі, адцвіталі суніцы. Лынькоў.

2. Пахучыя салодкія ці кісла-салодкія ягады гэтай расліны. Мы з Галінкай назбіралі збанок суніц. Васілевіч. Андрэй пачаставаў суніцамі Веру і швагерак. Кулакоўскі. Летам каля старых сухіх пнёў вельмі рана паспяваюць духмяныя суніцы. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суці́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад суцішыць.

2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; супакоены. Суцішанае дзіця. // Стомлены працай. Маці была добрая, шмат працавала, увечары прыходзіла змораная і суцішаная. Быкаў.

3. у знач. прым. Прыцішаны, ціхі. У чайной суцішаны смех, шэпт. Васілевіч. // Аслаблены ў сваім праяўленні. Міша баяўся выпадковым словам развярэдзіць яе [Полі] свежы, яшчэ не суцішаны боль. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаргава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што і чаго.

Набыць якую‑н. суму грошай ад продажу чаго‑н.; выручыць. З дому грошай Ганьцы не даюць. Няма з чаго ўзяць, няма ўтаргаваць з чаго. Васілевіч. Рамізнік, стрэўшы Палуту з травою, нічога не кажучы, адкупіў у яе абодва мяшкі і яшчэ нават падзякаваў.. — Дзякуй богу, утаргавала і хопіць для мяне на нейкі час. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́йка, ‑і, ДМ шайцы, ж.

Разм. Група людзей, якія ўчыняюць разбой, злачынствы; банда. Шайка бандытаў. □ Гэта была шайка паліцаяў, якія, баючыся атрымаць належную плату за сваю службу немцам, цяпер туляліся па цёмных кутках. Васілевіч. // Неадабр. Пра кампанію людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, учынкі і паводзіны якіх асуджаюцца грамадскасцю. Шайка жулікаў. □ Поп, земскі начальнік, прыстаў, спраўнік, гэта, брат, — усё адна шайка. Колас.

[Ад латыш. šaika — шмат народу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІРЫ́ЛА (Мікалай Васілевіч) (10.9.1923, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 30.9.1992),

бел. мовазнавец. Акад. АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1947 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—58 праф. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1959 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 адначасова в.а. акадэміка-сакратара. У 1982—92 акад.-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі. Навук. працы ў галіне бел. дыялекталогіі, сучаснай бел. літ. мовы, анамастыкі і лексікаграфіі. Аўтар манаграфій «Беларуская антрапанімія» (т. 1—3, 1966—82), «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986). Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Лексічны атлас беларускай мовы» (т. І, 1992) і інш. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скопле, 1983), «Слоўніка беларускай мовы» (1987).

М.В.Бірыла.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРАЎ (Юрый Васілевіч) (н. 15.3.1924, г. Орск Арэнбургскай вобл.),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1951). Першы зб. апавяданняў «На вялікай рацэ» (1953). У аповесцях «Батальёны просяць агню» (1957), «Апошнія залпы» (1959), раманах «Двое» (1964), «Гарачы снег» (1969) — будні, гераізм салдатаў, афіцэраў, генералаў у гады Вял. Айч. вайны, вытокі нар. подзвігу ў барацьбе з фашызмам. Напружаны драматызм, паглыблены псіхалагізм, вернасць жыццёвай праўдзе — асн. якасці стылю пісьменніка. Мастацка-філас. асэнсаванне еднасці чалавека са сваёй эпохай, непарыўная сувязь яго з часам і гісторыяй, з лёсам сваёй Радзімы і планеты, тэма адказнасці за гэты лёс у раманах «Цішыня» (1962), «Бераг» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1977); «Выбар» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1983), «Гульня» (1985). Аўтар аповесці «Сваякі» (1969), цыкла мініяцюр «Імгненні» (1977—82), кнігі літ. нататкаў «Пошук ісціны» (1976) і інш. Працуе для тэатра і кіно (фільмы «Апошнія залпы», «Цішыня», «Гарачы снег», «Бераг», кінаэпапея «Вызваленне»). Ленінская прэмія 1972.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1984—86.

Літ.:

Коробов В.И. Юрий Бондарев. М., 1984.

Ю.В.Бондараў.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́НКА (Васіль Васілевіч) (25.4.1904, г. Барысаў — 26.7.1984),

бел. літ.-знавец, крытык. Акад. АН Беларусі (1969), д-р філал. н., праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў БДУ (1929). З 1924 на выкладчыцкай і навук. рабоце. У 1937—41 дырэктар Ін-та л-ры і мовы АН Беларусі. З 1946 дырэктар, з 1973 навук. супрацоўнік-кансультант Ін-та л-ры АН Беларусі. Даследаваў творчасць Ф.​Багушэвіча («Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя», 1957), Я.​Купалы, Я.​Коласа, В.​Дуніна-Марцінкевіча, П.​Труса і інш. У некаторых працах 1930—40-х г. аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму («Нацдэмаўская літаратуразнаўчая метадалогія М.​Гарэцкага», 1936; «Вораг пад маскай крытыка», 1937; «Аб ідэалагічных скажэннях у працы асобных літаратуразнаўцаў і крытыкаў», 1948, і інш.). Аўтар хрэстаматыі і падручніка для 8-га кл. «Беларуская літаратура» (1959, 19-е выд. 1978, з В.​Івашыным). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977).

В.В.Барысенка.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЯРО́Ў (Ігар Васілевіч) (н. 15.7.1948, г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. сацыёлаг і палітолаг. Д-р сацыялагічных н. (1990), канд. філас. н. (1983), праф. (1994). Прэзідэнт Бел. акадэміі сац. навук (з 1997). Скончыў Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1971), Мінскую вышэйшую парт. школу (1982). Працаваў у праектна-канструктарскіх установах. З 1984 лектар, нам. заг. ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. З 1991 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. З 1993 у Бел. ін-це інфармацыі і прагнозу пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (з 1995 нам. дырэктара, дырэктар). Дэп., старшыня Камісіі па правах чалавека і нац. пытаннях Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1995—96). Дэп., нам. старшыні Камісіі па правах чалавека і нац. пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь з 1996. Даследуе праблемы паліт. сацыялогіі, метадалогіі і методыкі сац. праектавання і прагназавання, міжнац. і канфесіянальных адносін у Беларусі.

Тв.:

Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;

Политические партии Беларуси: анализ, проблемы, прогнозы. Мн., 1997;

Молодежь Беларуси на пороге XXI в.: социол. анализ. Мн., 1997;

Беларусь на этапе социального перелома: социол. анализ. Мн., 1998.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́ЕЎСКІ (Пётр Васілевіч) (23.2.1808, в. Долбіна Сувораўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 6.11.1856),

расійскі фалькларыст, археограф. Брат І.В.Кірэеўскага. З 1840-х г. адзін з прадстаўнікоў славянафільства. У аснове яго фальк. канцэпцыі ідэі агульнаслав. народазнаўства З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. З 1830 збіраў фальклор (сабраў тысячы нар. песень, пераважна з цэнтр. губерняў Расіі); сярод яго карэспандэнтаў А.​Пушкін, М.​Гогаль, А.​Кальцоў, М.​Языкаў, У.​І.​Даль і інш. У 1830-я г. наведаў Беларусь, ад мясц. збіральнікаў атрымаў больш за 800 тэкстаў бел. нар. песень і прыпевак, пераважна з Мінскай губ. У 1848 выдаў духоўныя вершы «Рускія народныя песні», сярод якіх ёсць беларускія. Бел. матэрыялы (валачобныя, купальскія, жніўныя, калядныя і інш. песні, прыпеўкі да танцаў, скакухі з ваколіц Слуцка, Мінска, Барысава, Івянца, Талачына) склалі т.зв. «Беларускі архіў» К., частку якога П.​А.​Бяссонаў уключыў у свае зб-кі «Дзіцячыя песні» (1868) і «Беларускія песні» (1871). Бел. рукапісныя матэрыялы К. ў Гіст. музеі і Цэнтр. архіве л-ры і мастацтва ў Маскве.

Літ.:

Соймонов А.Д. П.​В.​Киреевский и его собрание народных песен. Л., 1971.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСІ́ЦКІ ((Łasicki) Ян) (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),

польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.​Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.

Тв.:

Бел. пер. — у кн. Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

У кн.: Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

Літ.:

Barycz H. Jan Łasicki. Wroclaw, 1973.

У.​А.​Васілевіч.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)