ПРЫМЕ́ТНІК,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае прыкметы прадметаў, з’яў і жывых істот. Паводле значэння падзяляюцца на якасныя і адносныя.

Якасныя выражаюць якасці і ўласцівасці прадметаў, маюць ступені параўнання. формы суб’ектыўнай ацэнкі і меры якасці («бялюсенькі», «гаркаваты», «страшэнны», «даўжэзны»), могуць утвараць поўную і кароткую формы («дужы», «дуж»), бываюць невытворныя («добры», «новы») і вытворныя («клапатлівы», «працавіты»), Адносныя паказваюць на прыкмету прадмета праз адносіны да інш. прадметаў, асоб, дзеянняў ці акалічнасцей («летні вечар», «дзіцячы смех»), пры вобразна-пераносным ужыванні лёгка пераходзяць у якасныя («жалезная воля», «братні прыём»), бываюць толькі вытворныя («зімовы», «спартыўны»), Разнавіднасць адносных — прыналежныя П., якія абазначаюць прыкмету паводле прыналежнасці прадмета пэўнай асобе ці жывой істоце («бацькаў кажух», «вавёрчына дупло»), Формы роду, ліку і склону П. залежаць ад роду, ліку і склону назоўніка, з якім яны звязаны ў сказе ці ў больш шырокім кантэксце. Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення: ад’ектыўнае (поўныя формы адносных і якасных П.), змешанае (прыналежныя П., якія ў назоўным і вінавальным склонах маюць кароткую, а ва ўсіх астатніх склонах — поўную форму), нулявое (нязменныя П. — «касцюм беж»). Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «пчаліны»; прэфіксальным — «антываенны»; прэфіксальна-суфіксальным — «міжвідавы») спосабамі, асноваскладаннем («руска-беларускі»), асноваскладаннем у спалучэнні з суфіксацыяй («дробназярністы»), зрашчэннем кампанентаў («вышэйпамянёны»), У сказе выконваюць ролю азначэння ці выказніка.

Літ.:

Булахаў М.Г. Прыметнік у беларускай мове. Мн., 1964;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШЫРКО́Ў (Юльян Сяргеевіч) (31.10.1912, в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1980),

бел. літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1962), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1945 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1953 заг. сектара), адначасова ў 1945—57 выкладаў у БДУ, у 1966—68 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1940. Аўтар крытычных артыкулаў па творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, першай у бел. коласазнаўстве манаграфіі «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951). Даследаваў літ. жыццё 1920-х г., станаўленне і шляхі развіцця бел. прозы, творчасць Я.​Брыля, У.​Дубоўкі, К.​Крапівы, А.​Макаёнка, М.​Танка, І.​Шамякіна і інш. Аўтар прац «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.)» (1960), «Эпас рэвалюцыі» (1975) і інш. Сааўтар кніг «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў па бел. л-ры для сярэдняй школы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Уплыў творчасці А.​С.​Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;

Якуб Колас: Критико-биогр. очерк. Мн., 1952;

А.​Е.​Богданович. Мн., 1966;

З майго жыццёпісу: [Аўтабіяграфія] // Пра час і пра сябе. Мн., 1966;

Летапісец свайго народа. Мн., 1982.

А.​А.​Лойка.

Ю.С.Пшыркоў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.
Да арт. Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 16.4.1952, в. Акцябр Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1976 выкладае ў Бел. АМ (з 1996 праф.). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. У станковых творах ярка выяўлены графічныя інтэрпрэтацыі і пераасэнсаванне традыц. нар. культуры ў сучасных маст. формах, філасафічнасць; значная ўвага аддаецца глыбокай танальна-каларыстычнай прапрацоўцы: серыі «Беларускія мадонны» (1970), «Этнографы» (1978), «Маці-Бацькаўшчына» (1983); лісты «Зіма. Стары гасцінец», «Аздаміцкі святы», «Памяць старых курганоў», «Тут вакол мая памяць», «Аздамічы. Час медазбору» (усе 1988), «Сон зямлі» (1990), «Легенда старога замка» (1993), «Далёкае — блізкае», «Князь» (абодва 1994), «Каўчэг захаваных свят», «У крузе магічных абрадаў», «Шэсце», «Святасць споведзі» (усе 1996), «Перакрыжаванні», «Гуканне вясны» (абодва 1998), «Вобраз складкі», «Рух з запасам цішыні», «Анёл сноў» (усе 1999), «Той, хто носіць сваю дарогу», «У пошуку згубленага часу» (абодва 2000), «Разарваныя фрагменты памяці». «Жывапіс для ветру», «Вярнуцца, каб ізноў вярнуцца» (усе 2001). У кніжнай графіцы арганічна спалучае графічныя элементы з выразнымі сродкамі друкарскага набору. Аформіў кнігі «Міхасёвы прыгоды» Я.​Коласа (1980), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» Н.​Мацяш (1982), «Творы» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Госці» В.​Віткі, «Малы-малышок» (усе 1984), «Родныя дзеці» Н.​Гілевіча, «З рога ўсяго многа» (абедзве 1985), «Выбранае» Цёткі (1986) і інш. Аўтар серый акварэляў «Голас Янкі Купалы» (1982), «Па Міншчыне» (1983), «Палессе» (1984).

Літ.:

Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х г. Мн., 2001.

М.​Р.​Баразна.

т. 14, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІЧ-ЗАБЛО́ЦКІ (Суліма-Савіч-Заблоцкі) Войслаў

(Вайніслаў) Казімір Канстанцінавіч [15.3.1850 (паводле інш. звестак у 1849),

маёнтак Панчаны Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — пасля 1893], бел. і польскі паэт, празаік, публіцыст. Пісаў на бел., польскай, франц. і рус. мовах. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, ун-тах Прагі, Лейпцыга, Страсбурга. Рана пранікся ідэямі вызв. руху і нац. абуджэння бел. народа. З 1868 у нац.-асветнай суполцы «Крывіцкі вязок» (Пецярбург, яе кіраўнік). Суполку забаранілі, а С.-З. апынуўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве. Апублікаваў сатыр. паэму на польскай мове «Праўдападобная гісторыя» (1871), гіст. творы пра М.​Каперніка (1873). З 1875 за мяжою (Аўстра-Венгрыя, Германія, Егіпет, Францыя, Бельгія). Выдаваў газеты на польскай і франц. мовах. Супрацоўнічаў у многіх франц., ням. і польскіх газетах і часопісах. У 1887 вярнуўся на радзіму. Працаваў у рэдакцыі газ. «Виленский вестник» (1888—89). У 1889—91 жыў у маёнтку Губіна Лепельскага пав. З 1891 у Мінску, пасля ў Пецярбургу. Перапісваўся з Я.​Карловічам, М.​Канапніцкай, А.​Ельскім, М.​Драгаманавым, П.​Лаўровым і інш. Польскамоўная паэма «Аповесць пра мае часы» (1876) пра Беларусь пярэдадня 1863. Аўтар аповесці «Полацкая шляхта» (1885). Рукапісы і дакументы С.-З. ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Масквы, С.-Пецярбурга, Львова, Варшавы, Кракава і інш.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Янушкевіч Я. У прадчуванні знаходак. Мн., 1994.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САНАЦЫ́ЙНЫ РЭЖЫ́М»,

«санацыя» (ад лац. sanatio аздараўленне), назва ў гіст. л-ры аўтарытарнага паліт. рэжыму ў Польшчы ў маі 1926 — вер. 1939. Устаноўлены ў выніку ваен.-дзярж. перавароту 12—13.5.1926 Ю.​Пілсудскага і яго прыхільнікаў (прапагандавалі пераварот як народны і скіраваны супраць рэакцыі для аздараўлення эканомікі), падтрыманага Польскай сацыялістычнай партыяй, партыяй «Вызволене», Беларускай санацыяй і інш. Храналагічна ўмоўна падзяляецца даследчыкамі на 2 этапы: 1926—35 (ад перавароту Пілсудскага да яго смерці) і 1935—39 (час, калі пераемнікам Пілсудскага быў Э.​Рыдз-Сміглы). У 1928—35 абапіраўся на Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам. Легітымізаваны канстытуцыяй Польшчы 1935. Абараняў інтарэсы польскіх магнатаў, быў адметны паліт. нестабільнасцю і частай зменай урадаў, варожа ставіўся да СССР, імкнуўся да супрацоўніцтва (з 1932) з Германіяй (гл. Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). Адмаўляў існаванне самаст. бел. этнасу ў польскай дзяржаве, узмацніў паланізацыю насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (беларусаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў і інш.), у т. л. праз жорсткае праследаванне тут нац.-вызв. і нац.-культ. руху (адносна беларусаў гл. ў арт. Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, «Змаганне», Таварыства беларускай школы, Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны ва ўмовах ваен. паражэння Польшчы.

Літ.:

Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;

Лазько Р.Р. Перад патопам: Еўрап. палітыка Польшчы (1932—1939). Мн., 2000.

У.​М.​Міхнюк.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НТАКСІС (ад грэч. syntaxis пабудова, парадак),

1) уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння форм слоў у словазлучэнні і сказы, простых сказаў у складаныя, а таксама значэнні, функцыі і тыпы словазлучэнняў і сказаў.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці пабудовы сказаў і моўныя катэгорыі, звязаныя са сказам. Аб’ект сінтакс. вывучэння і апісання — працэс і вынікі моўнай намінацыі сітуацый з мэтай зносін. Асн. катэгорыі С. — слова (словаформа), словазлучэнне, сказ, выказванне, сінтакс. сувязі. Найважнейшая ў С. катэгорыя — прэдыкатыўнасць, а таксама інтанацыя выказвання. Аб’ект С. шматгранны, таму ў межах сінтакс. вывучэння мовы суіснуюць розныя кірункі: С. часцін мовы і членаў сказа, С. словазлучэння і сказа, С. актуальнага члянення і тэксту, С. мадэляў сказа і іх парадыгматыкі і інш. Найб. значныя і актуальныя кірункі С.: статычны вызначае ўласцівыя пэўнай мове сукупнасці сінтакс. структур, г.зн. тыпаў словазлучэнняў (адзінак непрэдыкатыўных) і сказаў (адзінак прэдыкатыўных), а таксама іх агульных значэнняў; дынамічны (камунікатыўны) вывучае суадносіны і выкарыстанне сінтакс. структуры ў маўленчай дзейнасці, працэсы (перабудова сінтакс. сувязей, вызначэнне парадку слоў, акрэсленне інтанацыі, афармленне актуальнага члянення і г.д.), што суправаджаюць пераўтварэнне сказа як адзінкі моўнай сістэмы ў выказванне — адзінку маўлення; функцыянальна-семантычны накіраваны на высвятленне ўзаемадзеяння семантыкі і функцыі моўных адзінак у выказванні. Істотнымі кірункамі даследавання і апісання мовы і маўлення з’яўляюцца таксама С. тэксту, стылістычны С., гіст. С. і інш.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛАБА́Н (Віталь Уладзіміравіч) (н. 5.8.1947, в. Шылавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык, літаратуразнавец. Канд. гіст. н. (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1972 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1992—95 заг. рэдакцыі). З 1995 нам. дырэктара, з 1997 саветнік Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 нам. дырэктара Нац. навукова-асв. цэнтра імя Ф.​Скарыны, з 2002 у Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел. нац. руху, культуры 19 — пач. 20 ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Увёў у навук. ўжытак невядомыя тэксты бел. л-ры 19 ст. (у зб. «Шляхам гадоў», 1990), гіст.-літ. матэрыялы пра жыццё і творчасць бел. пісьменнікаў, грамадскіх і культ. дзеячаў («Гарэцкі М. Публіцыстыка 1918—1919 гг.», укл. з В.​Дз.​Селяменевым, 2000) і інш. Адзін са складальнікаў бібліягр. дапаможнікаў «М.​М.​Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (1997), «Бібліятэка Міхася Мялешкі» (1998), «Р.​П.​Платонаў» (2000), «М.​В.​Доўнар-Запольскі» (2001). Рэдактар-складальнік кн. «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989). Сааўтар сцэнарыяў дакумент.-маст. фільмаў пра Ц.​Гартнага, У.​Ігнатоўскага, Я.​Купалу і інш.

Тв.:

Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. №2;

Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1986;

«Хай ведаюць патомкі...»: Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. // Роднае слова. 1997. №8;

Дакументальная спадчына Усебеларускага з’езда 1917 г.: прабл. збору, захавання і выдання // Архівы і справаводства. 2000. №1.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЮ́РА (франц. gravure),

1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.

Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.

Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст. Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.​Дзюрэр, Ж.​Кало, Рэмбрант, Дж.​Піранезі, Ф.​Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.​Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.​Зубаў, М.​Махаеў, С.​Галакціёнаў, А.​Ухтомскі, В.​Матэ, Г.​Астравумава-Лебедзева, А.​Краўчанка, У.​Фаворскі і інш.

На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.​Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.​Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.​Ангілейка, В.​Вашчанка, П.​Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.​Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.​Азямблоўскага, Н.​Орды, Я.​Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г. найб. пашырана ксілаграфія (А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Мінін, А.​Тычына, С.​Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.​Гембіцкі, М.​Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.​Малкін, Х.​Тыбер, лінагравюры — Я.​Горыд, літаграфіі — А.​Малярэвіч, Ф.​Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.​Асецкі, І.​Вішнеўскі, А.​Кашкурэвіч, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч; літаграфіі — А.​Дзямарын, Г. і Н.​Паплаўскія, В.​Шаранговіч; лінагравюры — С.​Герус, А.​Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.​Зайцаў; розных тэхніках — У.​Савіч, М.​Купава, А.​Лапіцкая, М.​Селяшчук, В.​Славук, Л.​Марчанка, Ю.​Герасіменка, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Гравюра. А.​Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.​В.​Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.
Да арт. Гравюра. К.​Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.
Да арт. Гравюра. В.​Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.
Да арт. Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),

адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.

Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.​Петрарка, П.​Рансар, У.​Шэкспір, Я.​Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.​Байран, Р.​Бёрнс, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, Т.​Шаўчэнка, Ш.​Пецёфі, П.​Верлен, А.​Блок, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін, П.​Элюар, Назым Хікмет і інш.

Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, А.​Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Лучына, Ф.​Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Танк, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.​Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.​Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.​Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.

Літ.:

Гніламёдаў У.​В.​Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;

Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)