РО́САС (Rosas) Хуан Мануэль дэ (30.3.1793, Буэнас-Айрэс — 14.3.1877),

аргенцінскі дзярж. дзеяч. Генерал (1828). З 1820 нач. міліцыі, у 1828—32 і 1835—1852 губернатар прав. Буэнас-Айрэс, фактычна вярх. правіцель Аргенціны. Лідэр Федэралісцкай партыі. Пры Р. адбылася стабілізацыя ўнутр. становішча Аргенціны пасля грамадз. войнаў, якія краіна перажыла пасля заваявання незалежнасці. Адначасова ўсталяваў асабістую дыктатуру, жорстка душыў усялякую апазіцыю. Ініцыіраваў працяглы ўзбр. канфлікт з Уругваем. У лют. 1852 армія Р. разбіта аб’яднанымі войскамі Уругвая, Бразіліі і арг. паўстанцаў, пасля чаго ён уцёк у Вялікабрытанію.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],

уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Пятровіч (30.8.1905, г. Гарадок Віцебскай вобл. — 12.1.1988),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1945). У Чырв. Арміі з 1926. Са жн. 1937 карабельны ўрач на ледаколе «Георгій Сядоў»; у жн. 1937 — студз. 1940 у час 812-дзённага дрэйфу ледакола ў Паўн. Ледавітым акіяне дзякуючы намаганням С. члены экіпажа не захварэлі на цынгу і вытрымалі маразы, ён таксама актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх работах на ледаколе і льдзіне. У Вял. Айч. вайну ў ліп.—вер. 1941 удзельнік баёў на Ленінградскім фронце. Да 1959 на ваенна-мед. службе.

А.П.Сабалеўскі.

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЬГО́, Трохцарства,

перыяд у гісторыі Кітая (220—265 або 220—280), калі пасля распаду імперыі Хань ён быў падзелены на тры царствы (Вэй, У і Шу), якія вялі паміж сабой бясконцыя войны за гегемонію над усёй краінай. Напачатку дамінавала царства Шу, але ў 263 знясіленае ўнутр. барацьбой яно было заваявана царствам Вэй. У 265 уладу ў царстве Вэй захапіў палкаводзец Сыма Янь, які заснаваў дынастыю Цзінь [265—420], а ў 280 канчаткова заваяваў царства У. Перыяд С. адлюстраваны ў гіст. рамане 14 ст. «Апавяданні з гісторыі Трохцарства».

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЦЫЯНА́РНЫ СТАН у фізіцы,

стан фіз. сістэмы, пры якім значэнні асн. яе характарыстык (параметраў стану) не мяняюцца з цягам часу. Напр., вагальная сістэма знаходзіцца ў С.с., калі амплітуда і частата ваганняў застаюцца пастаяннымі. С.с. квантавамеханічнай сістэмы характарызуецца пастаянным значэннем яе энергіі, адкрытай тэрмадынамічнай сістэмы — пастаянствам скарасцей хім. рэакцый, пераносу рэчыва і энергіі, а таксама мінім. прыростам энтрапіі. Стан сістэмы наз. квазістацыянарным, калі велічыні, пры пастаянстве якіх ён быў бы стацыянарным, павольна мяняюцца; пры гэтым суадносіны паміж рознымі параметрамі сістэмы застаюцца прыблізна такімі ж, як і ў С.с.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЭ́ВАЛА Гай Муцый (Gaius Mucius Scaevola, літаральна ляўша),

у Стараж. Рыме легендарны герой часоў барацьбы рымлян супраць этрускаў (канец 6 — пач. 5 ст. да н.э.). Паводле падання, юнак Гай Муцый павінен быў прабрацца ў лагер этрускаў і забіць цара Парсену, але быў схоплены. Парсена патрабаваў назваць імёны саўдзельнікаў, пагражаючы юнаку жорсткімі катаваннямі. Жадаючы паказаць, як ён мала баіцца болю і смерці, Муцый сам апусціў правую руку ў агонь і не выдаў ніводнага гуку, пакуль тлела рука. Магчыма, гэта паданне ўзнікла як тлумачэнне прозвішча Сцэвала (Ляўша), замацаванага за галіною роду Муцыяў.

т. 15, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАГА́ЎК, тамагік, тамахаак,

ударная кідальная і сякучая халодная зброя ў некат. плямён паўн.-амер. індзейцаў (шліфаваная каменная сякера з драўляным дзяржаннем, паліца з шарападобным навершам). У 16—18 ст. еўрапейцамі былі завезены медныя і жалезныя Т. (у форме сякерак). Дзяржанні Т. часта ўпрыгожваліся пёрамі і малюнкамі або піктаграфічнымі знакамі. У ваен. абрадах індзейцаў Т. меў сімвалічнае значэнне: пафарбаваны ў чырв. колер, ён служыў знакам абвяшчэння вайны або прапановай для ваен. саюза. Выраз «пахаваць Т.» азначаў «заключыць мір».

Тамагаўк 1 — абцягнутая скурай шарападобная дубіна (булава) апачаў; 2 — стальная сякера асагаў.

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́НАВЫ ВАЛЫ́,

старажытныя абарончыя збудаванні на Пд лесастэпавай часткі Усх. Еўропы. Назва ад імя рым. імператара Траяна, заваёўніка Дакіі. Частка Т.в. захавалася да нашага часу на тэр. Украіны (Вінніцкая, Хмяльніцкая, Цярнопальская вобл.) і Малдовы. Археал. даследаванні Ніжняга Малдаўскага вала паказалі, што ён насыпаны рымлянамі на мяжы 1 і 2 ст. н.э. У 3—4 ст. мясц. плямёны выкарыстоўвалі гэты вал супраць рымлян, для чаго з паўн. боку вала роў засыпаны, а з паўд. боку выкапаны. У Падняпроўі валы, падобныя да Т.в., наз. Зміевымі валамі.

т. 15, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЛЕНТА́НА (Celentano) Адрыяна (н. 6.1.1938, Майланд, Італія),

італьянскі кінаакцёр і рэжысёр, эстрадны спявак. У кіно з 1959. Яркі камед. акцёр, яму ўласцівы гумар, эксцэнтрычнасць, вострая пластыка: «Серафіна» (1968), «Блеф» (1976), «Утаймаванне свавольніка» (1981), «Ён горшы, чым я» (1985) і інш. Як рэжысёр дэбютаваў парадыйнай камедыяй «Супераграбленне ў Мілане» (1965). У сваіх фільмах выступае адначасова як выканаўца гал. роляў, аўтар музыкі і песень (мюзіклы «Юпі-Ду», 1975; «Джаан Он», 1986). У творчасці спалучае традыцыі неарэаліст. камедыі і італьян. фальклору з сучаснымі эстр. і танц. рытмамі.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАД (Murad) Ферыд (н. 14.9.1936, г. Уайтынг, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р філасофіі (1965). Скончыў Кліўлендскі ун-т (1965). З 1971 дырэктар Цэнтра навук. даследаванняў, адначасова праф. (з 1975) Віргінскага ун-та (г. Шарлатсвіл). У 1981—89 праф. Станфардскага, з 1988 Чыкагскага ун-таў. Навук. працы па вывучэнні ролі аксіду азоту ў кардыяваскулярнай сістэме. Выявіў, што ў арганізме аксід азоту выдзяляецца пры распадзе нітрагліцэрыны, і дапусціў, што менавіта ён расшырае крывяносныя сасуды. Нобелеўская прэмія 1998 (з Р.Фурхгатам і Л.Ігнарай; гл. Дадатак).

Ф.Мурад.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)