БАТРАКО́Ў (Міхаіл Рыгоравіч) (5.8.1922, в. Радуга Веткаўскага р-на Гомельскай вобласці — 16.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Майкопскае бранятанк. вучылішча (1943). У Вял.Айч. вайну з 1941 удзельнік баёў на Паўн. Каўказе, Кубані, Беларусі, у Літве, Усх. Прусіі. У ходзе баёў у Прыбалтыцы ў 1944 танк. рота пад камандаваннем ст. лейт. Батракова прарвала абарону ворага на правым беразе Нёмана каля Каўнаса, адбіла 4 контратакі праціўніка, знішчыла 14 танкаў. Загінуў у баі на тэр.Усх. Прусіі. У в. Радуга яму пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ХАРАЎ (Пётр Міхайлавіч) (7.1.1920, в. Грыневічы Лагойскага р-на Мінскай вобласці — 1987),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўд.-Зах., Бранскім, 1-м Бел. і інш. франтах. Лейтэнант Бахараў вызначыўся ў вер. 1943: на тэр. Чарнігаўскай вобласці ўзвод бранябойшчыкаў пад яго камандаваннем адбіў атаку праціўніка; пры фарсіраванні Дняпра ў Брагінскім раёне група байцоў на чале з Бахаравым ліквідавала варожы заслон на в-ве, на правым беразе захапіла і ўтрымала плацдарм. Да 1974 у органах МУС.
вытворчая арг-цыя па правядзенні пошукавых і разведачных работ на цвёрдыя карысныя выкапні на тэр. Беларусі. Створана ў г. Слуцк у 1949 як Старобінская геолагаразведачная экспедыцыя для разведкі Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. З 1955 Паўд.-Бел. геолагаразведачная экспедыцыя, з 1970 сучасная назва. Уваходзіць у ВА«Беларусьгеалогія». Уключае 4 палявыя партыі (1995): Заходнюю, Мінскую, Аршанскую і Паўднёвую. Асн. віды дзейнасці: пошук і разведка радовішчаў калійных соляў, бурага вугалю, жал. руды, буд. матэрыялаў, алмазаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),
удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЖАЯНА́ГАР,
феадальная дзяржава ў Паўд. Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАПАДЗЕ́Л,
лінія на мясцовасці, якая падзяляе сумежныя басейны рэк, мораў, акіянаў і падземных вод. Ад водападзелу сцёк накіраваны ў процілеглыя бакі.
Найб. выразны водападзел у гарах, дзе звычайна супадае з грабянямі хрыбтоў. На раўнінах нярэдка пераходзіць у водападзельную прастору. Водападзел можа мяняцца. Адрозніваюць водападзелы: галоўны — паміж сумежнымі рачнымі сістэмамі (на тэр. Беларусі частка гал. водападзелу паміж рачнымі сістэмамі Балтыйскага і Чорнага мораў); бакавы — падзяляе басейны прытокаў ракі; галоўны (сусветны) Зямлі — паміж рэкамі Ціхаакіянска-Індыйскай і Атлантыка-Ледавітай пакатасцей вобласці вонкавага сцёку кантынентаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВАЛАВА́ННЕ,
сістэма загараджальных земляных валоў і дамбаў уздоўж берагоў рэк, вадасховішчаў, марскіх узбярэжжаў і інш. Ахоўвае тэр. ад затаплення ў час разводдзя, паводкі, ветравых нагонаў вады, прыліваў. Робяць і для забеспячэння ўстойлівага земляробства на поймавых землях, пры буд-ве польдэраў. На Бел. Палессі маштабныя работы па абвалаванні праведзены ў пойме Прыпяці.
Абвалаванне зямель для аховы ад паводак: 1 — дамба, што затапляецца; 2 — дамба, што не затапляецца; УВП — узровень веснавой паводкі; УЛ-АП — узровень летне-асенняй паводкі; УМВ — узровень межанных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМЯ́Н (Харэн Бабкенавіч) (н. 1.4.1930),
армянскі акцёр і рэжысёр. Нар.арт. Арменіі (1969), нар.арт.СССР (1980). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр.ін-т (1951). Артыст, рэжысёр, у 1980—85 гал. рэжысёр Дзярж.акад.т-ра імя Г.Сундукяна. Сярод роляў: Арам («Шэсцьдзесят гадоў і тры гадзіны» А.Араксманяна), Пэпо («Пэпо» Сундукяна), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра) і інш. Пастаноўкі: «Аджы Пайлак» Г.Тэр-Грыгарана (1973), «Ацван» паводле Н.Зарана (1980). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія Арменіі 1979. Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АБ’ЯДНА́НЫЯ ІРЛА́НДЦЫ»
(United Irishmen),
ірландская паліт.арг-цыя ў 1791—98. Створана ў г. Белфаст Т.У.Тонам, Э.Фіцджэралдам, Т.Раселам і інш. з мэтай дасягнення свабоды каталіцкага веравызнання, правядзення (разам з пратэстантамі) парламенцкай рэформы. З 1794 ператварылася ў падп. рух за незалежнасць Ірландыі. Вяла перамовы з рэв. Францыяй аб ваен. дапамозе. Напярэдадні запланаванага на 1798 паўстання лідэры «Аб’яднаных ірландцаў» былі арыштаваны, што пазбавіла паўстанцаў цэнтралізаванага кіраўніцтва. Толькі ў графстве Уэксфард яны захапілі частку тэр., але не ўтрымалі яе. Паўстанне пацярпела крах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНАЯ ХА́РТЫЯ,
міжнародная прававая дэкларацыя. Падпісана брыт. прэм’ер-міністрам У.Чэрчылем і прэзідэнтам ЗША Ф.Рузвельтам на борце ваен. карабля ў Паўн. Атлантыцы. Абвясціла прынцыпы пасляваен. ўладкавання свету: адмова ад тэр. захопаў і выкарыстання ваен. сілы, права кожнага народа выбіраць форму кіравання, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі, падтрыманне агульнай бяспекі і інш. Садзейнічала ўтварэнню антыгітлераўскай кааліцыі. 24.9.1941 да Атлантычнай хартыі далучылася 10 краін, у т. л.СССР. Прынцыпы Атлантычнай хартыі паступова ўведзены ў дэкларацыю 26 дзяржаў, падпісаную 1.1.1942 у Вашынгтоне.