ВЯЛІ́КАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ (ВСЭ),

буйнейшае універсальнае энцыклапедычнае выданне ў СССР. Выдавалася ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». 1-е выд. (т. 1—66, 1926—47) уключала 65 тыс. арт., прысвечаных будаўніцтву сав. дзяржаўнасці, тагачаснай палітыцы і эканоміцы, міжнар. становішчу. У 2-е выд. (т. 1—51, 1950—58; каля 100 тыс. арт.; прадметна-імянны паказальнік у 2 т., 1960) побач з разгорнутымі артыкуламі пра саюзныя рэспублікі, замежныя краіны, навукі і інш. ўключана вял. колькасць сярэдніх і невялікіх па аб’ёме артыкулаў. У 3-м выд. (т. 1—30, 1969—78; больш за 100 тыс. арт., імянны паказальнік у 1 т., 1981) празмерная ідэалагізаванасць паступова саступіла месца навук. аб’ектыўнасці, а шматслоўнасць і паняційная няпэўнасць — сцісласці і лагічнай дакладнасці. Па прынцыпах укладання 3-е выд. ВСЭ канкурыруе з лепшымі ням. універсальнымі энцыклапедыямі (Бракгаўза, Меера, Бертэльсмана). Перакладзена і выдадзена ў ЗША, Грэцыі. У 1957—90 выдаваўся «Штогоднік ВСЭ». На базе ВСЭ выйшлі «Малая Савецкая Энцыклапедыя», «Дзіцячая Энцыклапедыя», шматлікія галіновыя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва сярэдніх вякоў і Адраджэння (т.зв. старанідэрландская школа), якое ўзнікла і склалася на тэр. сучасных Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга і паўн.-ўсх. Францыі. У архітэктуры 12—13 ст. развіваліся раманскі стыль і готыка, часам іх рысы спалучаліся (сабор у Турнэ), у 13—14 ст. — грамадз. архітэктура (гандл. рады і ратуша ў Бруге і інш. гарадах). У 16 ст. горадабудаўніцтва імкнулася да рэнесансавай ансамблевай забудовы цэнтр. плошчаў, важнае месца займалі гар. ратушы — у Бруселі, Антверпене (арх. К.​Флорыс). У выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве ў 12—13 ст. развіваліся маст. ліццё і ювелірнае мастацтва (рэлікварый у Кёльнскім саборы). У 14—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнулі кніжная мініяцюра (браты Лімбург) і жывапіс (Пітэр Артсен, Дз.​Баўтс, Х.​Босх, П.​Брэйгель, Р. ван дэр Вэйдэн, Х. і Я. ван Эйкі і інш.). Пра развіццё мастацтва фламандскай і галандскай школ гл. ў арт. Бельгія, Нідэрланды.

Б.​А.​Зярноў.

Да арт. Нідэрландскае мастацтва. Х.​Босх. Спакушэнне св. Антонія.
Да арт. Нідэрландскае мастацтва. П.​Брэйгель. Сляпыя. 1568.

т. 11, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯЗІ́ (сапр. Тагі-задэ-Гаджыбекаў Ніязі Зульфугаравіч; 20.8.1912, Тбілісі — 2.8.1984),

азербайджанскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. Азербайджана (1955). Нар. арт. СССР (1959). Нар. арт. Арменіі (1962). Герой Сац. Працы (1982). Вучыўся ў Муз. тэхнікуме імя Гнесіных (Масква; 1926—31), Ерэванскай і Бакінскай (1933—34) кансерваторыях. З 1937 дырыжор, у 1956—65 (з перапынкам) гал. дырыжор (з 1961 дырэктар і маст. кіраўнік) Азерб. т-ра оперы і балета (Баку). З 1938 (з перапынкамі) маст. кіраўнік і гал. дырыжор Азерб. сімф. аркестра імя У.​Гаджыбекава, з 1979 дырэктар і гал. дырыжор Азерб. філармоніі. У рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных, у т. л. азерб. кампазітараў. Аўтар 2 опер, у т. л. «Хасроў і Шырын» (паст. 1942), балета «Чытра» (паст. 1960), «Канцэртнай лезгінкі», сімф. мугама «Раст» (1949), «Турэцкіх мініяцюр» для арк.; песень, апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Азербайджана 1967. Міжнар. прэмія імя Дж.​Неру 1974.

Літ.:

Керимов С. Художник удивительного таланта. Баку, 1972.

С.А.Ніязаў.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРА́С,

расійскія кампазітары, браты. Нарадзіліся ў Кіеве.

Дзмітрый Якаўлевіч (7.11.1899—20.12.1978), кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Нар. арт. Расіі (1963). Нар. арт. Чэчэна-Інгушскай АССР (1964). Нар. арт. СССР (1975). Вучыўся ў Петраградскай кансерваторыі (1913—17). У 1923—26 дырыжор і муз. кіраўнік у маскоўскіх драм. і эстр. т-рах, у 1936—72 кіраўнік эстр. аркестра Цэнтр. Дома культуры чыгуначнікаў у Маскве. Аўтар «Марша Будзённага» (1920), кантаты «Наперад», каля 300 эстр. і масавых песень (многія напісаны разам з братам), у т. л. «Конармейская», «Калі заўтра вайна», «Масква майская», «Развітанне», «Марш танкістаў», «Тры танкісты», адметных яскравым меладызмам; твораў для скрыпкі, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Данііл Якаўлевіч (30.11.1905—16.4.1954), кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21). З 1930-х г. супрацоўнічаў з братам. Аўтар песень, «Уверцюры на цюркскія тэмы» для сімф. арк., стр. квартэта, музыкі да кінафільмаў.

Літ.:

Леонова М.Ф. Д.​Покрасс. М., 1981.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛІЧ Дзмітрый Мікалаевіч (11.4.1919, С.-Пецярбург —28.4.1987),

оперны рэжысёр. Сын М.​В.​Смоліч. Засл. дз. маст. Грузіі (1954), засл. дз. маст. Расіі (1958). Нар. арт. Украіны (1960). Нар. арт. Беларусі (1964). Нар. арт. СССР (1979). Скончыў оперна-драм. студыю імя К.​Станіслаўскага ў Маскве (1941). Працаваў у оперных т-рах СССР. У 1962—69 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Спектаклям С. ўласцівы падпарадкаванасць усіх элементаў агульнай маст. задуме, майстэрства арганізацыі масавых сцэн. На бел. сцэне паставіў спектаклі: «Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева, «Джаконда» А.​Панк’елі, «Кето і Катэ» В.​Далідзе (усе 1962), «Атэла» Дж.​Вердзі, «Арэстэя» С.​Танеева (абодва 1963), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні, «Яснае світанне» А.​Туранкова (абодва 1964), «Кастрычнік» В.​Мурадэлі (1965), «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава, «Алеся» Я.​Цікоцкага (усе 1967), «Багема» Дж.​Пучыні, «Калі ападае лісце» Ю.​Семянякі (абодва 1968), «Травіята» Вердзі (1969). Дзярж. прэмія Украіны 1971. Дзярж. прэмія Грузіі 1972.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Дз.М.Смоліч.

т. 15, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТАЛЕ́ТАВА СОЛЬ, калію хларат,

гл. ў арт. Калію злучэнні. Упершыню атрымана (1785) К.Л.Бертале і названа яго імем.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1956,

узброенае выступленне апазіц. сіл у Венгрыі 23.10—4.11.1956; гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТАЕ́ДЫ,

беспазваночныя жывёлы (чэрві, малюскі, планктонныя ракападобныя і інш.), якія жывяцца арган. дэтрытам. Гл. ў арт. Дэтрытафагі.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФРЭ́СКА, а фрэска (італьян. al fresco па свежым, па сырым),

тэхніка насценнага жывапісу, гл. ў арт. Фрэска.

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ЎСКІЯ БРАТЫ́,

рэлігійная секта ў Чэхіі ў сярэдзіне 15 — пач. 17 ст. Гл. ў арт. Чэшскія браты.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)