дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс.км². Нас. 116,6 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).
Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.
Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.
Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс.чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.
Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл.Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн.чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж.ваен. перавароту і забойства М.Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.М.Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.Рахмана Х.Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн.апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.Вазед, дачка М.Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.
Бангладэш — чл.ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.
Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд.дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал.харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн.т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн.т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн.т збожжа. Асн.тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн.т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс.т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн.т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд.м³ штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн.чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс.чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс.км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд.дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд.дол., імпарт — 3,6 млрд.дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш.харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш.перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.
Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш.Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.Абедзін, А.Сафіуддзін, К.Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (Х.Рахман). Творчасць жывапісцаў М.Башыра, М.Кібрыя, графіка К.Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.
Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст.вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.
Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж. від інд.нар.т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталігіст. асобы, барацьбіты за нац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.
Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.А.Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.
Літ.:
Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;
Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),
Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн.ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс.км². Нас. 272,55 тыс.чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г.Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.
Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-растудз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.
Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс.ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс.чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл.Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв.царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст.эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.
1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш.еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс.дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн.т. Ловяць пераважна мойву (1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс.кВтгадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс.т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс.км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал.трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер.ваен. база. Экспарт (1,6 млрд.дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд.дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс.дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.
Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн.літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.
Літ.:
Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;
Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;
Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;
Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;
Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Ісландыі.Да арт.Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.Да арт.Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́Н, Ліванская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя аль-Лубнанія),
дзяржава ў Зах. Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. На Пн і У мяжуе з Сірыяй, на Пд — з Ізраілем. Пл. 10,4 тыс.км². Нас. 3,2 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Берут. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 ліст.).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. сходу, 128 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра, якога назначае прэзідэнт. Паводле традыцыі, што ўсталявалася з 1943, прэзідэнта выбіраюць ад хрысціянскай часткі насельніцтва, прэм’ер-міністра прызначаюць ад мусульман-сунітаў, кіраўніка парламента — ад мусульман-шыітаў. Для згоды паміж рэліг. абшчынамі краіны з 1992 усталяваўся прынцып роўнага падзелу паміж хрысціянамі і мусульманамі міністэрскіх і інш. вышэйшых пасад у дзярж. адміністрацыі.
Прырода. Л. — пераважна горная краіна. 2 паралельныя горныя хрыбты перасякаюць Л. з Пн на Пд. На З — хр.Ліван (г. Курнет-эс-Саўда, 3082 м), на У — Антыліван (г. Эш-Шэйх, 2814 м); паміж імі — даліна Бекаа (шыр. 8—14 км). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы. Карысныя выкапні: бурыя вуглі, жал., марганцавыя, уранавыя руды. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 13 °C, ліп. 28 °C. У гарах бываюць маразы, снег трымаецца да 6—7 месяцаў. Ападкаў за год 1000 мм на ўзбярэжжы, 3000 мм на зах. схілах Лівана, 700 мм у Антыліване, 400 мм у даліне Бекаа. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Найб.р. Эль-Літані. Расліннасць пераважна хмызняковая. Невял. лясы з ліванскага кедру, алепскай хвоі, дубу, клёну, піхты, ядлоўцу разам з хмызнякамі займаюць 8% тэр. краіны. Ёсць некалькі невял. рэзерватаў.
Насельніцтва. Ліванскія арабы складаюць 95%, армяне — 4%. Жывуць таксама туркі, грэкі, курды і інш. Вернікі — мусульмане (70%, асн. абшчыны: суніты, шыіты, алавіты, друзы, ісмаіліты) і хрысціяне (30%, праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія абшчыны). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,6 %. Сярэдняя шчыльн. 308 чал. на 1 км² 80% насельніцтва жыве ў прыморскіх раёнах, дзе шчыльн. дасягае 500—1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 87% насельніцтва (1998). У г. Бейрут пражывае 1826 тыс.чал. (1997), у г. Трыпалі больш за 200 тыс.чал. У прам-сці занята 28% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 12%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена з часоў верхняга палеаліту. У старажытнасці прыбярэжныя раёны Л. былі часткай Фінікіі, дзе існавалі такія важныя фінікійскія гарады, як Тыр, Берыт, Сідон (адпаведна сучасныя Бейрут і Сайда) і інш.Тэр. Л. ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), Асірыі (8—7 ст. да н.э.), дзяржаў Ахеменідаў (6—4 ст.н.э.), Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), Пталамеяў (4—3 ст. да н.э.), Селеўкідаў (3—1 ст. да н.э). У 64 да н.э. заваяваны Рымам. У 4—7 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 7 ст. заваяваны арабамі, уваходзіў у склад Амеядаў халіфата, Абасідаў халіфата, Фатымідаў халіфата. З 8—9 ст. у Горным Л. пасяліліся прадстаўнікі хрысц. секты маранітаў, з 11 ст. пашыралася вучэнне шыіцкай секты друзаў.
У канцы 11 ст. прыбярэжныя раёны Л. заваяваны крыжакамі, якія ўступілі ў саюз з маранітамі. З канца 13 ст. пад уладай егіп.мамлюкаў, з 1516 — Асманскай імперыі (да 1842 уваходзіў у яе як Ліванскі эмірат). Друзска-мараніцкія сутыкненні 1840—60-х г. прывялі да ўмяшання еўрап. дзяржаў, пад націскам якіх у 1861 створана аўт. правінцыя Горны Л. (да 1915). У выніку 1-й сусв. вайны ў кастр. 1918 Л. акупіраваны англа-франц войскамі. 1.9.1920 пад франц. пратэктаратам створана дзяржава «Вялікі Л.». У 1922 Ліга Нацый прызнала мандат Францыі на кіраванне Л. У 1926 прынята канстытуцыя, якая абвяшчала Л. рэспублікай. Восенню 1943 лідэры хрысціян і мусульман заключылі неафіц. пагадненне, паводле якога мусульмане прызналі Л. асобнай дзяржавай, а хрысціяне — араб. характар краіны. Замацоўваўся прынцып размеркавання дзярж. пасад паводле рэліг. прынцыпу: прэзідэнт — хрысціянін-мараніт, прэм’ер-міністр — мусульманін-суніт, у парламенце на кожных 6 хрысціян прыпадала 5 мусульман.
22.11.1943 Францыя прызнала незалежнасць Л., 31.12.1946 апошнія франц. войскі пакінулі краіну. У 1940—50-я г. ў ліванскай палітыцы панавала невял. група прадстаўнікоў буйных землеўладальнікаў і фін. буржуазіі. Празаходняя палітыка ўрада прывяла ў маі 1958 да паўстання супраць прэзідэнта К.Шамуна, на дапамогу якому ў ліп. 1958 прыйшлі войскі ЗША. Пры прэзідэнтах Ф.Шыхабе (1958—64) і Ш.Хелу (1964—70) праведзены шэраг рэформаў, якія спрыялі эканам. росту Л. і павышэнню ўзроўню жыцця яго насельніцтва. Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы, паглыбіліся супярэчнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія патрабавалі больш справядлівага падзелу ўлады. З канца 1960-х г. Л. уцягнуты ў блізкаўсходні канфлікт (на тэр. Л. знаходзілася больш за 300 тыс. палесцінскіх бежанцаў, кіраўніцтва Арганізацыі вызвалення Палесціны; АВП). У адказ на дзеянні палесцінскіх партызан Ізраіль абстрэльваў і бамбіў тэр.Л., што вяло да вял. ахвяр сярод мірных жыхароў. Сутыкненні ў крас. 1975 паміж хрысц. баевікамі і байцамі АВП, на бок якіх сталі мусульмане, перараслі ў грамадз. вайну 1975—90. Загінула больш за 150 тыс. ліванцаў, краіна распалася на шэраг раёнаў пад кантролем розных узбр. груповак і сірыйскіх войск, якія былі ўведзены ў Л. у складзе Міжараб. сіл па падтрымцы міру. У чэрв. 1982 пад выглядам барацьбы з АВП ізраільскія войскі акупіравалі значную частку тэрыторыі Л., дамагаючыся вываду атрадаў АВП. У 1985 Ізраіль вывеў свае войскі (пад ізраільскай акупацыяй засталася т.зв. зона бяспекі на лівана-ізраільскай мяжы). 22.10.1989 у г. Эт-Таіф (Саудаўская Аравія) паміж асн.паліт. сіламі Л. падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту, раўнапраўным прадстаўніцтве хрысціян і мусульман у парламенце і перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта прэм’ер-міністру. У жн. 1990 адпаведныя папраўкі ўнесены ў канстытуцыю Л. 21.9.1990 у Л. абвешчана 2-я рэспубліка. Пры прэзідэнце І.Храўі (1989—98) пачаўся пераход да мірнага жыцця. Значная частка хрысціян байкатавала выбары 1992. У кастр. 1998 прэзідэнтам Л. выбраны Э.Лахуд. Л. — чл.ААН (1945), Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1994.
У краіне дзейнічаюць: Фалангісцкая партыя (Катаіб), рух абяздоленых (Амаль), Сірыйская сацыяліст.нац. партыя, Ліванскі фронт, партыя свабодных патрыётаў (Нац. ліберальная).
Гаспадарка. Л. — краіна з развітой банкаўска-фін. сістэмай, транзітна-трансп. гандлем і сферай абслугоўвання, якім вял. страты нанесла грамадз. вайна. У 1990-я г. становішча палепшылася. Валавы нац. прадукт у 1996 склаў 13 млрд.дол., па 3400 дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца каля 28% нац. даходу, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 59%. Асн. галіны прам-сці: нафтаперапр., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Вытворчасць электраэнергіі 7,1 млрд.кВт ∙ гадз (1997), 98,5% атрымліваюць на цеплавых электрастанцыях, якія працуюць на імпартным мазуце. Частка электраэнергіі (у 1997—1,2 млрд.кВт ∙ гадз) экспартуецца ў Сірыю. Прам-сць арыентавана ў асноўным на задавальненне ўнутр. патрэб. Больш за палавіну прадпрыемстваў у Бейруце і яго наваколлі. Вылучаюцца тэкст. камбінат, алюмініевы з-д, кандытарская ф-ка. Працуюць цукр. і тытунёвыя прадпрыемствы, папяровыя ф-кі, сталеплавільны з-д, машыназборачныя з-ды, дзе з імпартных дэталяў збіраюць легкавыя аўтамабілі, тэлевізары, халадзільнікі, электраматоры і інш. Суднаверфі. 2 нафтаперапр. з-ды (Трыпалі і Сайда). У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць мыйных сродкаў і фарбаў. Фармацэўтычныя прадпрыемствы. Вядомы ліванскія ювелірныя вырабы і біжутэрыя. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. 75% сялян не мае сваёй зямлі і арандуе яе ў буйных землеўласнікаў, якія валодаюць больш як 50% апрацаваных зямель. Плошча апрацаваных зямель складае каля 400 тыс.га, арашаецца 86 тыс.га. (1993). Гал. роля належыць садоўніцтву і земляробству. Пад шматгадовымі насаджэннямі каля 40% с.-г. зямель. Развіта пладаводства (вінаград, яблыкі, цытрусавыя, бананы, аліўкі). На экспарт вырошчваюць агародніну і тытунь, на ўнутр. патрэбы — пшаніцу і ячмень (займаюць 65 тыс.га, задавальняюць патрэбы на 20%), цукр. буракі і інш.Асн. раёны садоўніцтва і земляробства — узбярэжжа і паўд.ч. даліны Бекаа. Жывёлагадоўля слаба развіта. Пад пашай і лугамі каля 10,4 тыс.га. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 500. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (2—5 тыс.т рыбы штогод). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 6,4 тыс.км, у т. л. 6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 222 км. Нафтаправодаў 72 км (не працуюць). Гал. парты Бейрут і Трыпалі. Л. мае гандл. флот — 241,6 тыс. брута-рэг. т. У краіне 7 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. (каля Бейрута і Трыпалі). Знешнегандл. баланс адмоўны. У 1996 экспарт склаў 1 млрд. дол, імпарт — 7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць свежыя фрукты і агародніна, тэкстыль, прамысл. вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тавары шырокага ўжытку, хімікаты і інш. Значная частка імпарту рээкспартуецца ў араб. краіны Аравійскага п-ва. Гал.гандл. партнёры: Італія (19% імпарту), Францыя (13% імпарту), Саудаўская Аравія (13% экспарту), Швейцарыя (16% экспарту), ЗША (12% імпарту). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца пераважна за кошт даходу ад трансп. і банкаўскіх аперацый, пераводаў замежнай валюты ліванцамі, якія жывуць у інш. краінах. Л. атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. устаноў і асобных араб. краін. Замежныя авуары ліванцаў складаюць 30 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліванскі фунт.
Літаратура развіваецца на араб., часткова франц. мовах. З 7 ст. цесна звязана з л-рамі Егіпта, Сірыі і інш.араб. краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Працэс адраджэння ў сярэдзіне 19 ст. звязаны з дзейнасцю асветнікаў — паэта Н. аль-Языджы, педагога і энцыклапедыста Б. аль-Бустані, пісьменніка А.Ф. аш-Шыдзіяка, драматурга М.Накаша і інш. Развіваліся публіцыстыка і звязаныя з ёй ідэйна і традыц. па форме паэзія, проза: публіцыстычны раман «Кніга пра жыццё і прыгоды Фарыяка» аш-Шыдзіяка, зб. макам «Збор двух мораў» і дываны вершаў аль-Языджы. Ліванскія эмігранты Дж.Зейдан, Антун Фарах, Я.Саруф — пачынальнікі гіст. рамана. Новы этап у развіцці л-ры Л. (пач. 20 ст.) звязаны з творчасцю пісьменнікаў-эмігрантаў у Паўн. і Паўд. Амерыцы (Х.Дж.Джубран, А. ар-Рэйхані, М.Нуайме) і адзначаны ўсталяваннем рамантызму ў паэзіі і рэалізму ў прозе. У паэзіі 1920—30-х г. узмацніўся ўплыў франц. сімвалізму (Б. аль-Хуры, С.Акль). З канца 1930 — пач. 1940-х г. бярэ пачатак рэаліст. і рэв.-дэмакр. кірункі: творчасць А.Фахуры, Т.Ю.Авада (зб.апавяд. «Кульгавы хлопчык», патрыят. раман «Аладка»), М.К.Карама (раманы «Хворы на сухоты», «Крык пакут»). У 1940—50-я г. ўзніклі абноўленыя паэт. формы, жанры навелы і вершы ў прозе, значнае месца занялі пераклады. Асн. тэмы — барацьба супраць фашызму, каланіялізму, крытыка сац. несправядлівасці (апавяданні М.Абуда, М.І.Дакруба, аповесці Ж.Ханы, паэзія Р. аш-Шахаля). Барацьба супраць імперыялізму і ізраільскай агрэсіі — гал. тэма прозы 1960—70-х г. (М.Айтані, Э.Бустані). У творчасці Э.Насар Алах (раман «Алеандр»), Л.Баальбекі (раман «Я жыву»), Л.Асаран выявіўся ўплыў зах.-еўрап. мадэрнісцкай л-ры і філасофіі экзістэнцыялізму. Набылі вядомасць творы франкамоўных паэтаў (Ф.Г.Нафах, Ш.Горм) і празаікаў (Ф.Хаік, Ж.Шэхадэ). У пач. 1980-х г. з абвастрэннем блізкаўсх. канфлікту ў л-ры распрацоўвалася тэма палесцінскага і араб. супраціўлення (Дакруб, Х.Муруве, Х.Садэк, А.Сувейд). У 1955 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі адносяцца да 5—3-га тыс. да н.э.: рэшткі каменных умацаванняў і жылых дамоў Бібла, керамічныя вырабы з грабеньчатым арнаментам і схематычнымі выявамі звяроў. 3—2-м тыс. да н.э. датуюць помнікі фінікійскага мастацтва: храм Рэшэфа, саркафаг цара Ахірама, дробная пластыка (ідалы Баала і Іштар), ювелірныя вырабы, зброя. На мастацтва 2—1-га тыс. да н.э. паўплывалі культура Стараж. Егіпта, Асірыі, Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў. У рым. перыяд спалучаліся ант. і ўсх. традыцыі (храмавы комплекс у Баальбеку, трыумфальная арка і каланады ў Тыры, мазаікі т-ра ў г. Бібл). У візант. перыяд (4 — пач. 7 ст.) будавалі манастыры, цэрквы, катакомбы (многія з мазаікамі). З пачаткам ісламізацыі Л. (7 ст.) з’явіліся мячэці (Вялікая мячэць у Баальбеку), медрэсэ, рынкі, караван-сараі, замкі (каля Анджара, 7—8 ст.). Будавалі абарончыя збудаванні (крэпасці ў Джубейлі, Трыпалі, Сайдзе; замак Бафор, 1139), манастыры (Бельмонт), цэрквы (св. Фокі ў Аміуне, захаваліся рэшткі размалёвак). У мамлюкскі перыяд (13 — пач. 16 ст.) будавалі невял. купальныя мячэці, інтэр’еры якіх аздабляліся сталактытамі, разьбой па дрэве, інкрустацыяй з мармуру, арнаментальнымі мазаічнымі пано і надпісамі, а таксама крэпасці: замак у Рашаі (13 ст.), ільвіная вежа ў Трыпалі (15 ст) і інш. Архітэктура і мастацтва часоў Асманскай імперыі (1516—1918) развіваліся пад уплывам тур. культуры. Былі пашыраны вітражы, арнаментальная разьба. У 17—18 ст. працавалі жывапісцы Абдала Захір, Несцер Тарабулсі, Стэфан Дэйрані. Хрысціянскія храмы ўпрыгожвалі мазаікай, размалёўкай і абразамі візант. ўзору. У 19 — пач. 20 ст. будаваліся палацы з развітым дэкорам (Бейт-эд-Дзін), пашырыўся манум. і станковы жывапіс на рэліг. і быт. тэмы (размалёўкі Н. аль-Маадзі, партрэты і жанравыя кампазіцыі Х.Срур і Х.Салібі). Пасля 1-й сусв. вайны мастацтва Л. зазнала моцны франц. ўплыў. У 1930 пачалі працаваць ліванскія архітэктары А.Табет, Ж.Абушар, Ф.Трад і інш. У выяўл. мастацтва 1930—40-х г. пераважаў рэаліст. кірунак (М.Фарух, А.Онсі і інш.). Пасля 1943 праводзіліся рэканструкцыі гарадоў, буд-ва жылых кварталаў і грамадскіх пабудоў з выкарыстаннем мясц. традыцый (пансіянат у Сайдзе, 1946—48) і дасягненняў сусв. архітэктуры. У мастацтве 1950—60-х г. праявіліся ўплывы сюррэалізму, кубізму, абстракцыянізму. З 1980-х г. на яго развіццё ўздзейнічае рост нац. самасвядомасці, пачалі развівацца паліт. плакат і карыкатура. Уклад у развіццё мастацтва зрабілі жывапісцы С.Бальтаксе, П.Кіракасян, І.Шамут, А.Раес, Ж.Халіфе, Р.Шараф, скульптар Ю.Хааек, графікі Р.Шахаль, А.Марыні і інш.Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва прадстаўлена ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, пляценнем з афарбаванай саломкі, дыванаткацтвам, інкрустацыяй косцю і перламутрам па метале і дрэве.
Літ.:
Салиби К.-С. Очерки по истории Ливана: Пер. с англ.М., 1969;
Адзярыха В.У. Ліванскае грамадства ў 1943—1975 гг.: Прабл. развіцця // Бел.гіст.часоп. 1997. № 2;
Крымский А.Е. История новой арабской литературы, XIX — нач. XX в. М., 1971.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Лівана.Да арт.Ліван. Узбярэжжа Міжземнага мора.Да арт.Ліван. Бібл. Унутраны двор «Храма Абеліскаў».Да арт.Ліван. Малы храм з комплексу Баальбек. 1—3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА (Congo),
Дэмакратычная Рэспубліка Конга (République Démocratique du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, у бас.р. Конга, на Пн і Пд ад экватара. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Суданам, на У з Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй (з апошнімі дзвюма — на воз. Танганьіка), на Пд з Замбіяй і Анголай, на З з Рэспублікай Конга і мае выхад да Атлантычнага ак. (у вусці р. Конга). Пл. 2345 тыс.км². Нас. 47 440 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — французская, шырока ўжываюцца мясц. мовы банту: кіконга (на З), лінгала (у цэнтр.ч.), суахілі (на У), чылуба (на Пд і ПдУ). Сталіца — г.Кіншаса. Краіна падзяляецца на 9 правінцый (у т. п. Кіншаса ўтварае самаст.адм.-тэр. адзінку). Нац. святы — Дзень незалежнасці (30 чэрв.), Дзень рэвалюцыі (24 лістапада).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.
Прырода. У цэнтры краіны ўпадзіна Конга. Найб. нізкая яе частка — плоская алювіяльная раўніна выш. 300—500 м. На ПнУ і Пд упадзіна абкружана сталовымі пясчанікавымі плато выш. 500—1000 м, якія паступова пераходзяць у краявыя ўзвышшы. На ПдУ і У — горы Мітумба. Уздоўж усх. граніцы — сістэма глыбокіх скідавых упадзін (гл.Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма) на ўскраінах якой масіў Рувензоры (пік Маргерыта, 5109 м), вулканічная група Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м); вобласць грабена характарызуецца сейсмічнай актыўнасцю. Карысныя выкапні: медныя, марганцавыя, алавяныя і ўранавыя руды, нафта, кобальт, цынк, кадмій, серабро, золата, марганец, германій і інш. Радовішчы алмазаў. Клімат экватарыяльны, пастаянна вільготны, на паўд. і паўн. ускраінах субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (сак. або крас.) 24—28 °C, самага халоднага (ліп. або жн.) 22—25 °C. Ападкаў у экватарыяльнай зоне 1700—2200 мм за год (у гарах да 2500 мм), на Пн 1300—1500 мм, на Пд 1000—1200 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Большасць рэк належыць да бас.р. Конга (Заір); яе прытокі Арувімі, Убангі (правыя), Ламамі, Лулонга, Рукі, Ква (левыя). Шмат вадаспадаў і парогаў. Запасы гідраэнергіі больш за 400 млн.кВт. На У у скідавых упадзінах ланцуг вял. азёр: Мабуту-Сесе-Сека (Альберт), Эдуард, Ківу, Танганьіка. Шмат балот. Каля палавіны тэрыторыі займаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах (каштоўныя віды — чырвонае, жоўтае, эбенавае дрэва, ліба, агба, цік і інш.). На Пд і Пн — сезонна вільготныя субэкватарыяльныя лясы і другасныя высакатраўныя саванны на чырвоных фералітавых глебах. На крайнім Пд і ПдУ — сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі (паркавая саванна) на карычнева-чырвоных глебах. У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, антылопы, насарогі, зебры, жырафы, ільвы, леапарды, шакалы; у рэках і азёрах — бегемоты і кракадзілы. Нац. паркі: Вірунга, Упемба, Ківу, Салонга, Гарамба, Кахузі-Біега і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Пражывае больш за 200 плямён і народнасцей негроіднай расы. Моўная група банту (народы балуба, баконга, монга і інш.) складае больш за 80% насельніцтва. На Пн жывуць народы, што гавораць на суданскіх мовах: азандэ, нгабанды, банда і інш.; на граніцы з Угандай і Суданам — нілоты (алур, бары і інш.); на ПнУ у лясах бас.р. Ітуры — пігмеі (плямёны эфе, басуа, бакве). Невял. групы еўрапейцаў, пераважна бельгійцаў. Каля 54% вернікаў — хрысціяне (найбольш католікі), з прытрымліваецца мясц. традыцыйных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва больш за 3% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 20 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах на Пд і горных раёнах на У — да 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах менш за 1 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва каля 30% (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1992): Кіншаса — 4241, Лубумбашы — 810, Мбужы-Майі — каля 500, Кананга і Кісангані — каля 350, Букаву — каля 250. У сельскай гаспадарцы занята 76% працоўных, у прам-сці — 16%.
Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У пач.н. э. тут рассяліліся народы банту, якія мелі шэраг дзярж. утварэнняў: Конга (13—19 ст.), Каконга і Нгойо (16—20 ст.), Матамба (14—17 ст.; усе ў нізоўях р. Конга); Куба (16—20 ст.; бас.р. Касаі); Лунда (16—19 ст.; бас.р. Кванга); Луба (16—19 ст.; плато Катанга). У 1484—1486 вусце р. Конга наведаў партуг. мараплавец Д.Кан. У 1491 правіцель К. прыняў хрышчэнне і каталіцтва стала дзярж. рэлігіяй. Гандаль рабамі з сярэдзіны 16 ст. прывёў да заняпаду і абязлюдзення гэтых дзяржаў. У 1876 бельг. кароль Леапольд II заснаваў Міжнар. асацыяцыю К. (МАК). Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Партугаліяй, МАК да пач. 20 ст.
ўсталявала кантроль над вялікай тэрыторыяй у бас.р. Конта, дзе была створана Свабодная дзяржава К. (СДК) на чале з Леапольдам II. У 1908 ён перадаў СДК Бельгіі, якая ўтварыла калонію Бельг. К. Галоўным у палітыцы бельг. улад у адносінах да афр. насельніцтва быў патэрналізм — жорсткі, нават у параўнанні з інш.еўрап. калоніямі, кантроль і рэгуляванне ўсіх бакоў яго жыцця. У 1920—30-я г. формай масавай барацьбы афрыканцаў сталірэліг.-паліт. рухі, найб. значны з іх — кімбангізм. У 1946 з дазволу ўлад тут створаны прафсаюзы і культ.-асв. арг-цыі, на базе якіх у 1950-я г. сфарміраваліся паліт партыі (пераважна на этн. аснове). Пасля беспарадкаў у Леапальдвілі (цяпер г.Кіншаса) бельг. ўрад згадзіўся на перагаворы пра незалежнасць К.
У маі 1960 адбыліся парламенцкія выбары, 30.6.1960 абвешчана незалежнасць К. Прэзідэнтам выбраны лідэр Асацыяцыі народа баконга Ж.Касавубу, прэм’ер-міністрам — лідэр Нар. руху К.П.Э.Лумумба. У ліп. 1960 правінцыі Катанга і Касаі абвясцілі незалежнасць. Масавы ад’езд бельг. чыноўнікаў паралізаваў працу дзярж. апарата. Урад Лумумбы звярнуўся за дапамогай у ААН і да СССР. У вер. 1960 ген. С.С.Мабуту скінуў урад Лумумбы, сам ён быў арыштаваны і забіты. Новы ўрад С.Адулы пры падтрымцы войск ААН да студз. 1963 спыніў сепаратысцкі рух. Эканам. крызіс і канфлікты ва ўрадзе падштурхнулі Касавубу да ўвядзення ў вер. 1963 надзвычайнага становішча. Ва ўсх. К. пачаўся паўстанцкі рух, у вер. 1964 у Стэнлівілі (цяпер Кісангані) абвешчана Нар. рэспубліка К. (НРК). Касавубу прызначыў прэм’ерам б. кіраўніка катангскіх сепаратыстаў М.Чомбе. Яго ўрад пры дапамозе наёмнікаў і ўзбр. ўмяшання зах. дзяржаў ліквідаваў НРК. Выбары 1965 не прынеслі перамогі ніводнай з партый, а ва ўмовах паліт. крызісу 24.11.1965 ген. Мабуту скінуў Касавубу і абвясціў сябе прэзідэнтам. Ён забараніў усе партыі, акрамя прэзідэнцкага Нар. руху рэвалюцыі. Адзінай ідэалогіяй абвешчана дактрына «сапраўднага заірскага нацыяналізму» (у 1971—97 К. наз. Рэспубліка Заір). У знешняй палітыцы Мабуту падтрымліваў сувязі з ЗША і інш. краінамі Захаду, якія дапамаглі яму ліквідаваць шэраг паўстанняў супраць рэжыму. Спыненне падтрымкі Захаду ў канцы 1980-х г. і пагаршэнне эканам. становішча прымусіла Мабуту пайсці на дыялог з апазіцыяй. У крас. 1991 склікана Нац. канферэнцыя ўсіх партый і рухаў, якая распрацавала да ліст. 1992 праект канстытуцыі «Федэратыўнай рэспублікі К.», але ўрад зацягваў правядзенне ўсеагульных выбараў. З 1994 К. ўцягнута ў канфлікт паміж плямёнамі хуту і тутсі ў суседняй Руандзе. Спроба дэпартаваць тутсі (баньямуленге) у кастр. 1996 прывяла да іх паўстання. Пры іх падтрымцы быў створаны Альянс сіл за вызваленне Конга-Заіра на чале з Л.Кабіла, які стаў прэзідэнтам К. (з мая 1997). К. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр.
адзінства. Дзейнасць паліт. партый прыпынена ў маі 1997, узбр. сілы распушчаны.
Гаспадарка. К. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю і каляровай металургіяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 400 дол. ЗША. Займае 1-е месца па здабычы кобальту (каля 70% сусв. вытв-сці), буйнейшы вытворца тэхн. алмазаў (каля 30% сусв. вытв-сці). У структуры валавога ўнутр. прадукту вядучыя пазіцыі займаюць сельская і лясная гаспадаркі (31,4%), здабыча карысных выкапняў і каляровая металургія (26,9%), гандаль і паслугі (33,9%). З 1970-х г. назіраецца спад у сац.-эканам. развіцці. Палітыка ўрада накіравана на заахвочванне замежных інвестыцый і нац. прыватнага прадпрымальніцтва. Краіна значна пацярпела ў выніку ваен. дзеянняў 1996—98. Сельская гаспадарка забяспечвае 70% патрэб у прадуктах харчавання. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (больш за 80% апрацаваных зямель і каля 60% валавой прадукцыі), тэхнічна слаба аснашчаныя, захоўваецца аблогавае лядна-агнявое земляробства. Ёсць буйныя высокатаварныя плантацыі і жывёлагадоўчыя гаспадаркі, якія належаць замежнаму, прыватнаму і дзярж. капіталу. Агульная плошча с.-г. зямель каля 32,6 млн.га, у т. л. ворных зямель і са шматгадовымі насаджэннямі каля 7,8 млн.га, пад лугамі і пашамі каля 24,8 млн.га. Пад пашу выкарыстоўваюць розныя тыпы саваннаў і трапічных рэдкалессяў. Асн. экспартныя культуры (тыс.т, 1994): кава — 78, каўчук — 20, чай — 3, какава — 7, бавоўна — 26, алейная пальма, цукр. трыснёг, бананы, пірэтрум, хіннае дрэва, эфіраалейныя культуры. Вырошчваюць каву ва ўпадзіне Конга і на Пд (гатунак «рабуста»), на У (гатунак «арабіка»), гевею ў прыэкватарыяльнай зоне ад вусця да сярэдняга цячэння р. Конга, чай у горных раёнах на У, какаву ў прыэкватарыяльных раёнах. Для ўнутр. спажывання вырошчваюць (тыс.т, 1994): маніёк — 20 835, кукурузу — 1201, рыс — 458, бананы — 406, цукр. трыснёг — 1400, тытунь — 3, арахіс — 604, батат — 385, ямс — 315, кунжут, сізаль, проса, сорга. Жывёлагадоўля пераважна мяснога кірунку, развіта слаба, найб. на У і Пд краіны ў саваннах і рэдкастойных лясах свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — 1,7, коз — 4,1, свіней — 1,2, авечак — 1. Птушкагадоўля. Буйныя лясныя рэсурсы эксплуатуюцца пераважна ўздоўж рэк і чыгунак. У 1995 нарыхтавана 551,7 тыс.м драўніны і лесаматэрыялаў. Здабыча капалу (драўніннай смалы, якая ідзе на выраб высакаякасных лакаў). Паляўніцтва і збор дзікарослых раслін, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. Рыбалоўства пераважна ў рэках і азёрах — 147 тыс.т (1994). У прамысловасцінайб. развіты горназдабыўная і металургічная галіны. Электраэнергетыка заснавана пераважна на эксплуатацыі гідрарэсурсаў. Буйнейшыя ГЭС Інга (на ніжнім Конга), Нзіла і Нсеке (на Луалабе), Мвадынгуша і Коні (на Луфіры). У 1995 атрымана 6 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Прадпрыемствы горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі ў асноўным належаць дзярж. кампаніі ЖЭКАМІН. Гал. горнапрамысл. раён краіны на Пд у прав. Шаба (б. Катанга). Там вядзецца здабыча медных, кобальтавых, цынкавых, марганцавых, алавяных і інш. руд, на базе якіх развіта каляровая металургія ў гарадах Лубумбашы (медзь), Лікасі (медзь, кобальт, кобальтавыя сплавы), Калвезі (цынк, кадмій, германій), Луілу (медзь, кобальт), Манона (волава, тантал-ніобіевыя канцэнтраты). У бас.р. Касаі здабыча алмазаў (пераважна тэхнічных, цэнтр — г. Мбужы-Майі), у шэльфавай зоне каля вусця Конга — нафты (перапрацоўка ў г. Кінлао). У 1994 атрымана (тыс.т): чарнавой медзі — 430, рафінаванай медзі — 57, кобальту — каля 10, цынку — 36, волава — 1,8, каменнага вугалю — 128; алмазаў — 12 млн. каратаў, золата — 7 т, серабра — 35 т. З інш. галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты хім. і нафтахім. галіны.
Асн. прадукцыя — серная кіслата, кісларод, ацэтылен, выбуховыя рэчывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, пластмасы. гумавыя вырабы. Развіваюцца фармакалагічныя і парфумерная галіны. Гал.прамысл. цэнтры — Кіншаса, Лубумбашы, Мбужы-Майі, Кісангані, Лікасі, Калвезі, Кананга. Старэйшая галіна — тэкстыльная, працуе на мясц. сыравіне; асн. яе цэнтры Кіншаса, Лубумбашы. Букаву. Там жа швейная, трыкат. і гарбарна-абутковая прам-сць. Асн. галіны харч. прам-сці — алейная (перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), цукр., ніваварная, тытунёвая, мукамольная, хлебапякарная, кандытарская, кава- і рысаачышчальная, рыбная, маргарынавая. малочная. Прадпрыемствы буд. індустрыі вырабляюць цэмент, трубы, цэглу. бетонныя вырабы, шкло, абліцовачны матэрыял і інш. Ёсць прадпрыемствы маш.-буд. (электратэхніка, аўтазборка, суднабудаванне і суднарамонт), металаапр., дрэваапр., фанернай, мэблевай, папяровай прам-сці; асн. іх цэнтры — Кіншаса і Лубумбашы. У транспарце гал. ролю адыгрываюць водныя шляхі, якія дапаўняюцца (на парожыстых участках рэк) чыгункамі і аўтадарогамі. Працягласць унутр. суднаходных шляхоў каля 16 тыс.км, чыгунак 5,1 тыс.км (з іх 858 км электрыфікавана), аўтадарог 145 тыс.км, з іх 2,4 тыс.км асфальтаваных. Важнейшы рачны порт — Кіншаса. Марскія парты — Матады і Бома. Важная роля ў вывазе прадукцыі з прав. Шаба належыць партам Лабіту (у Анголе), Бейра (у Мазамбіку) і Дарэс-Салам (у Танзаніі). Развіты авіятранспарт. Міжнар. аэрапорты ў Кіншасе, Лубумбашы, Кісангані. У 1995 экспарт склаў 1,45 млрд.дол., імпарт — 0,87 млрд.дол. Каля 90% экспарту складае мінер. сыравіна (медзь, кобальт, цынк, волава, кадмій, вальфрам і інш. металы: алмазы), каля 10% — с.-г. прадукты (кава, пальмавы алей, чай, какава, маніёк, каўчук). У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці. Гал.гандл. партнёры: Бельгія і Люксембург (36% экспарту, 15% імпарту), ЗША (17% экспарту, 7% імпарту), Францыя, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Бразілія, Італія. Грашовая адзінка — кангалезскі франк.
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя, для дзяцей 3—5 гадоў), дзярж. і прыватныя пач. і сярэднія школы, прафес. ўстановы і ўстановы паслясярэдняй адукацыі, ВНУ. Ёсць канфесійныя школы. Навучанне ў пач. школе з 6-гадовага ўзросту, абавязковае, бясплатнае. Тэрмін навучання 6 гадоў. Базавы ўзровень адукацыі — заканчэнне 1-й ступені сярэдняй школы (2 гады навучання пасля пач. школы; платнае). Навучанне ў сярэдняй школе (выкладаюць пераважна замежныя настаўнікі) вядзецца асобна на 4 аддзяленнях: гуманіт. і пед. да 6 гадоў, прыродазнаўчае да 5, тэхн. да 3 гадоў навучання. Усе аддзяленні даюць права паступлення ў ВНУ. Навучанне ў пач. і сярэдняй школах на франц. мове. Прафес. падрыхтоўку даюць поўныя сярэднія спец. школы і тэхнікумы. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае ун-ты і ін-ты. Навучанне ва ун-тах мае 2 цыклы: першы (3-гадовы) дае няпоўную вышэйшую адукацыю, 2-і — поўную (дадаткова 2 гады навучання). Пры ўсіх ун-тах ёсць аспірантура. Ун-ты ў Кіншасе (з 1954; асн.навук. цэнтр К.), Лубумбашы (з 1955), Кісангані (з 1963); ін-т агранамічных навук у Янгамбі, пед.ін-т і Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў у Кіншасе. Самая буйная б-ка К. — пры ун-це ў Кіншасе. Музеі: Нац. ў Кіншасе, Краязнаўчы ў г. Кананга, афр. мастацтва ў Лубумбашы, геал. ў Лікасі, Музей экватара (прадметы афр. побыту, мастацтва і інш.) і бат. сад Эала ў г. Мбандака. Навук. даследаванні вядуць н.-д. цэнтры і ін-ты.
Літ.:
Винокуров Ю.Н., Орлов А.С., Субботин В.А. История Заира в новое и новейшее время. М., 1982.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Конга (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).Да арт.Конга (ДРК). У нацыянальным парку Вірунга.Да арт.Конга (ДРК). Сялянская хаціна ў цэнтральным раёне краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ЙЗІЯ (Malaysia),
Федэрацыя Малайзія (Persekutuan Tanah Malaysia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на Пд п-ва Малака (Зах. Малайзія) і ў паўн. частцы в-ва Калімантан (Усх. Малайзія). Большая ч. граніц марская; абмываецца Паўд.-Кіт. морам, на З — Малакскім пралівам. Ад Сінгапура Зах. Малайзія аддзяляецца вузкім Джахорскім пралівам, праз які пабудавана дамба. На п-ве Малака мяжуе з Тайландам, на Калімантане — з Інданезіяй і Брунеем. Пл. 329,8 тыс.км², у т. л. на п-ве Малака 131,6 тыс.км², на Калімантане 198,2 тыс.км². Нас. 20,9 млн.чал. (1998), у т. л. каля 17 млн.чал. на п-ве Малака. Дзярж. мова — малайская (малайзійская); выкарыстоўваюцца таксама англійская, кітайская і тамільская мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Куала-Лумпур. Падзяляецца на 9 штатаў-султанатаў, 4 штаты-губернатарствы і 2 федэральныя тэрыторыі. Нац. свята — Нацыянальны дзень Малайзіі (31 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1963. Дзевяць з трынаццаці штатаў — султанаты на чале з наследнымі правіцелямі, якія карыстаюцца асобымі прывілеямі (4 штаты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх назначае кароль). Султаны ствараюць Савет правіцеляў і выбіраюць са свайго складу тэрмінам на 5 гадоў вярх. правіцеля — караля, які ў асноўным выконвае прадстаўнічыя функцыі. Заканад. орган — двухпалатны парламент: верхняя палата (Сенат) фарміруецца на 6 гадоў з 40 сенатараў, прызначаных каралём, і 30 сенатараў, якіх выбіраюць па 2 чалавекі ад кожнага штата і тэрыторыі; ніжняя палата (Палата прадстаўнікоў) з 192 дэпутатаў фарміруецца на 5 гадоў у выніку ўсеагульных прамых выбараў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якім назначаецца лідэр партыі, што заваявала большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў. Штаты маюць свае мясц. органы ўлады, уласныя канстытуцыі і вырашаюць пытанні кіраўніцтва, за выключэннем функцый, аднесеных да агульнадзяржаўных (замежныя справы, абарона, фінансы, асвета, грамадзянства).
Прырода. Пераважаюць узгоркі і невысокія горы. Найб. вышыні на в-ве Калімантан — г. Кінабалу (4101 м), на п-ве Малака — г. Тахан (2190 м). Уздоўж узбярэжжаў — забалочаныя нізіны і раўніны. Карысныя выкапні: алавяныя руды (2—3-е месца ў свеце па запасах), нафта, прыродны газ, вальфрамавыя, алюмініевыя, жал., танталаніобіевыя, медныя руды; ёсць невял. радовішчы бурага вугалю, марганцавых і тытанавых руд, золата, ртуці, сурмы і інш. Клімат экватарыяльны (на Пд п-ва Малака і на в-ве Калімантан) і субэкватарыяльны, мусонны (на Пн). На нізінах і раўнінах сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C. У прыбярэжных раёнах выпадае 1500—2000 мм ападкаў за год, у гарах — да 4000—5000 мм. Рачная сетка густая, рэкі мнагаводныя. На б.ч. краіны вечназялёныя экватарыяльныя лясы, для якіх характэрны бамбукі, пальмы, панданусы і інш.; на ўзбярэжжах — мангравыя зараснікі. Пад лесам і хмызнякамі 68% тэр. краіны. У складзе жывёльнага свету: малпы (гібоны, макакі), паўмалпы (лемуры), малайскі мядзведзь, тыгр, тапір, пантэра і інш.Нац. паркі: Таман-Негара, Кінабалу, Бака, Тэмплер-парк і інш.
Насельніцтва. Малайцы і блізкія да іх народы складаюць 58%, кітайцы — 26%, выхадцы з Індыі і Пакістана — 7%; жывуць таксама еўрапейцы (найб. англічане), тайландцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (каля 60% насельніцтва), кітайцы — будысты і канфуцыянцы, выхадцы з Індыі — індуісты; ёсць групы хрысціян і прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост 2,15% (1997). Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км², на п-ве Малака — каля 130 чал., на Калімантане — каля 18 чал. У гарадах жыве 54% насельніцтва (1997). Найб.г. Куала-Лумпур — 1236 тыс.ж. (1997); больш за 200 тыс.ж. у гарадах Джорджтаўн, Іпах, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Кучынг, Кота-Бару. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве — 8%, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 21%, у абслуговых галінах — 46%, у т. л. ў кіраванні 11%.
Гісторыя. Тэр. М. заселена чалавекам з часоў ранняга палеаліту. Стараж. насельніцтвам М. былі негрытосы, якіх у 3—1-м тыс. да н.э. выцеснілі плямёны аўстранезійцаў. У пач. 1-га тыс.н.э. на тэр. М. праніклі продкі сучасных малайцаў. Пад уплывам інд. культуры тут пашырыліся індуізм і будызм. У 8—14 ст. большая ч. п-ва Малака ўваходзіла ў склад імперый: суматранскай Шрывіджая і яванскай Маджапахіт. У пач 15 ст. заснаваны г. Малака — цэнтр Малакскага султаната. Размяшчэнне на скрыжаванні гандл. шляхоў спрыяла росквіту Малакі і ператварэнню яе ў вял. дзяржаву, якая ўключала п-аў Малака, ч. в-ва Суматра і а-вы Рыау. Большая ч. в-ва Калімантан увайшла ў султанат Бруней. З гэтага часу пануючай рэлігіяй на тэр. М. стаў іслам. Пасля захопу партугальцамі ў 1511 Малакскага султаната ён распаўся на шэраг дробных султанатаў. У 1641 партугальцаў выцеснілі галандцы, а з канца 18 ст. сюды праніклі англічане. Паводле англа-галандскага дагавора 1824 п-аў Малака прызнаны сферай брыт. ўплыву, у 1826 створана брыт. прэзідэнцтва Стрэйтс-Сетлментс (з 1867 калонія брыт. кароны). У 1888 англічане ўсталявалі пратэктарат над Саравакам і Сабахам (на в-ве Калімантан), да пач. 20 ст. — над б.ч. малайскіх султанатаў. У пач. 20 ст. М. ператварылася ў краіну монакультуры каўчуку. У 1941—45 акупіравана яп. войскамі. У 1946 брыт. ўладанні на паўвостраве аб’яднаны ў Малайскі саюз (з 1948 Малайская федэрацыя, МФ), Саравак і Сабах сталі калоніямі брыт. кароны. У 1953 засн. Саюз трох партый (Аб’яднаная малайская арг-цыя, Кіт. асацыяцыя Малаі, Інд. кангрэс Малаі), ператвораны ў 1957 ў Саюзную партыю (СП); ён перамог на выбарах 1955 у Заканад. савет, а яго лідэр Абдул Рахман стаў прэм’ер-міністрам МФ. 31.8.1957 абвешчана незалежнасць МФ.
У чэрв. 1963 паміж Вялікабрытаніяй, МФ, Саравакам, Сабахам і Сінгапурам дасягнута дамоўленасць пра стварэнне Федэрацыі М., якая была абвешчана 16.9.1963 (Сінгапур выйшаў з яе ў 1965). Курс на прыцягненне замежнага капіталу, развіццё галін прам-сці, арыентаваных на экспарт, спрыялі ператварэнню М. ў 1960—80-я г. ў адну з найб. развітых краін Азіі з адносна высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Сур’ёзнай праблемай з’яўляюцца адносіны паміж малайцамі і кітайцамі, якія кантралююць б.ч.нац. эканомікі. У 1969 у выніку кіт.-малайскіх сутыкненняў уведзена надзвычайнае становішча (адменена ў 1971). Новы прэм’ер-міністр Абдул Разак (1970—76) стварыў на базе СП больш шырокі Нац. фронт з удзелам 10 партый, былі прыняты меры для замацавання эканам. пазіцый карэннага насельніцтва ў нац. эканоміцы. Гэта палітыка працягвалася пры прэм’ер-міністрах Х.Оне (1976—81) і М.Махамадзе (з 1981). Азіяцкі фін. крызіс, які пачаўся з восені 1997, прывёў да пагаршэння эканам. становішча М., адбыліся масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі дэмакратызацыі паліт. жыцця. М. — чл.ААН (з 1957), АСЕАН (з 1967). Дыпламат. адносіны з рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1992.
Паліт. рухі і партыі: Нац. фронт, Усемалайская ісламская партыя, Партыя дэмакр. дзеяння.
Гаспадарка. М. — развітая індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу маладых індустр. краін Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Штогадовы даход на 1 чал. каля 10,8 тыс.дол. ЗША (1996). Прам-сць дае 45% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14%, абслуговыя галіны —41%. Найб. развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Горназдаб.прам-сць (1997) уключае здабычу і вытв-сць: нафты — каля 30 млн.т, звадкаванага прыроднага газу — каля 5 млн.т, алавянага канцэнтрату — каля 50 тыс.т (адно з першых месцаў у свеце), жал. руды — каля 200 тыс.т, баксітаў — каля 70 тыс.т; меднага канцэнтрату — каля 130 тыс.т; невял. здабыча каменнага вугалю, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд, золата і інш. Усю нафту і газ здабываюць на марскім шэльфе каля берагоў Калімантана і на У ад п-ва Малака. Асн. раён здабычы алавянай руды — зах.ч. п-ва Малака. Большасць астатніх карысных выкапняў здабываюць у цэнтр. частцы п-ва Малака. Энергетыка заснавана на выкарыстанні нафты і прыроднага газу, ёсць некалькі ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 37,8 млрд.кВтгадз (1994).У апрацоўчай прам-сці найб. развіты нафтаперапр., металургічная, эл.-тэхн., хім., маш.-буд., тэкст., абутковая, дрэваапр., цэм., гумава-тэхн., харч. галіны. Асн. цэнтр нафтаперапр. прам-сці — г. Порт-Дыксан, дзе працуюць 2 нафтаперапр. з-ды. Каляровая металургія прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі па перапрацоўцы алавянай руды, чорная металургія — 2 металургічнымі камбінатамі поўнага цыкла ў Куала-Трэнгану і Праі. Ёсць з-ды алюмініевы, па вытв-сці алюмініевага дроту і кабелю, па перапрацоўцы медных, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд. У эл.-тэхн. і электроннай прам-сці больш за 40 прадпрыемстваў, якія выпускаюць тэлевізары (больш за 6 млн.шт. штогод), халадзільнікі і маразільнікі (больш за 250 тыс.шт. штогод), кандыцыянеры, акумулятары, магнітафоны, электронныя кампаненты і інш.Асн. цэнтр — г. Куала-Лумпур. Там жа развіта аўтамабілебуд. і аўтазборачная прам-сць. Адна са старэйшых галін прам-сці — тэкстыльная. Выпускаюцца разнастайныя баваўняныя, сінт. і штучныя тканіны; асн. цэнтры — Куала-Лумпур, Джорджтаўн, Малака. У Куала-Трэнгану і Кучынгу вытв-сць тканін тыпу батык. Развіты дрэваапрацоўка, выраб мэблі, запалак, тары і інш. Штогод выпускаецца каля 10 млн.т цэменту; гал. цэнтр г. Іпах. Гумава-тэхн. прам-сць уключае прадпрыемствы па перапрацоўцы латэксу, атрыманні натуральнага каўчуку (больш за 1 млн.т штогод, 20% сусв. вытв-сці), вытв-сці гумавых вырабаў, шын для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі (каля 11 млн.шт. штогод); асн. цэнтры Куала-Лумпур, Джахор-Бару, Кота-Кінабалу, Алур-Сетар. Большасць прадпрыемстваў харч. прам-сці занята вытв-сцю пальмавага алею, перапрацоўкай какосаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы, рысу, атрыманнем cara і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 5 млн.га зямлі. Ва ўсх. раёнах значныя плошчы пад лядна-агнявым земляробствам. Аснова сельскай гаспадаркі — вырошчванне экспартных культур: гевеі (займае каля палавіны с.-г. зямель на п-ве Малака), алейнай, какосавай і сагавай пальмаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы. Гал.харч. культура — рыс, меншае значэнне маюць кукуруза, батат, маніёк. Агародніцтва. Трапічнае садоўніцтва. Раён вырошчвання агародніны і ягад умеранага пояса, а таксама чаю высокіх гатункаў — Камеронскае нагор’е ў Зах. Малайзіі. Штогадовая вытворчасць (тыс.т): пальмавага алею — каля 4000, натуральнага каўчуку — каля 1500, рысу — каля 2000, ананасаў — каля 150, какавы-зярнят — каля 100, какосавага алею — каля 70, перцу — каля 20, тытуню — каля 10, чаю — каля 3. Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашаў. У краіне каля 400 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 200 тыс. буйвалаў, каля 3 млн. галоў свіней. Развіта марское і рачное рыбалоўства — больш за 1 млн.т рыбы штогод. М. — буйны вытворца драўніны каштоўных трапічных парод. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Чыгунак 1806 км, у т. л. на п-ве Малака 1672 км, аўтадарог 94 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 70,5 тыс.км, унутр. водных шляхоў 7,3 тыс.км. У знешніх сувязях вял. роля марскога флоту. М. мае гандл. флот грузападымальнасцю ў 3,9 млн. дэдвейт т. Гал. парты Джорджтаўн, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Малака, Кучынг, Кота-Кінабалу, Порт-Дыксан. У краіне 106 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Куала-Лумпура, Джорджтаўна, Кота-Кінабалу, Кучынга. Даўж. нафтаправодаў 1307 км, газаправодаў 379 км. У 1996 экспарт склаў 84,6 млрд.дол., імпарт — 83,2 млрд. долараў. М. экспартуе электроніку, нафту і нафтапрадукты, пальмавы алей, каштоўную драўніну, каўчук і гумавыя вырабы, тэкстыль; імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (21% экспарту, 16% імпарту), Японія (12 і 27%), Сінгапур (20 і 12%), Германія, Кітай, Тайланд. М. — краіна развітога міжнар. турызму, штогод яе наведвае больш за 6,5 млн.чал. Грашовая адзінка — малайзійскі долар (рынгіт).
Літаратура. Развіваецца на малайзійскай (малайскай), часткова кіт., тамільскай і англ. мовах. Найб. раннія помнікі эпіграфікі М. датуюцца 7—11 ст. На працягу 14—18 ст.л-ра М. развівалася пад уплывам яванскай, перс. і араб. л-р (гіст. хронікі, прававыя, тэалагічныя, агіяграфічныя творы, белетрыстыка). У 18 ст. зарадзілася асветніцкая л-ра (творчасць Абдулаха бін Абдулкадзіра Муншы). У пач. 20 ст. пашырэнню асветы спрыялі малайскамоўны друк і рух за адраджэнне ісламу. Найб. вылучыліся творы Саіда Шэйха (раман «Фарыда Ханум»), А.Нававі, А.Ісмаіла; першыя дыдактычныя раманы стварыў А.Рашыд Талу. У 1930-я г. з ростам нацыяналіст. настрояў узмацніўся ўплыў новай інданез. і англ. л-р: раманы А.Самада Ахмада, Ш.Салеха. Патрыят. і антыкалан. матывы ў прозе А.Сідзіка, Ісхака бін Хаджы Мухамада. Развіваліся паэзія (М.Ясін Мамор) і навелістыка (Каджэй). У 1940—50-я г. вядучае месца ў л-ры М. заняло маладое пакаленне паэтаў і празаікаў (С.Н.Масуры, Крыс Мас, У.Аванг), якія абвясцілі лозунг «мастацтва дзеля грамадства». Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы). Асн. тэмы — нац.-вызв. рух; надзённыя праблемы жыцця народа. Пісьменнікі старэйшага пакалення выступалі з дыдактычнымі раманамі на быт. і гіст. тэмы (Х.Амінуррашыд, А.Лутфі). У 1960—70-я г. бярэ пачатак рэаліст. кірунак: раманы А.Самада Саіда, А.Ваці, А.Алі. Этн. і сац. супярэчнасці, жыццё сялянства — гал. тэмы раманаў А.Самада Ісмаіла, А.Хусейна, Ш.Ахмада. У паэзіі пераважалі грамадз. матывы (К.Ахмед, Р.Хаят). У 1980-я г. вяліся пошукі новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, выявілася тэндэнцыі да выразнасці мовы. Пашырылася л-ра на кіт. (Чжао Жун, Мяо Ман), тамільскай (М.Сетхураман), англ. (Т.Вігнесан) мовах. У 1958 засн.Нац. саюз пісьменнікаў. На бел. мову. фальклор і казкі М. пераклаў У.Палупанаў.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да найб.стараж. помнікаў на тэр. М. належаць неалітычная кераміка, менгіры, звонападобныя барабаны (2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Пад уплывам культуры Інданезіі і Індыі ў 8—13 ст. склалася своеасаблівая культура М.: будыйская скульптура з элементамі інд. іканаграфіі і мясц. этнічнымі рысамі; творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія спалучалі мясц. арнамент (у выглядзе трохвугольніка, ляза пілы) і інд.выяўл. матывы (лотас, змяя Нага); будыйскія храмы Кедаха, блізкія «біяра» Суматры (Інданезія). У 12—13 ст. пашырыўся маст. ўплыў Кітая (у арнаменце — матывы дракона, гор, воблакаў). У 17—18 ст. (панаванне ісламу) будавалі мячэці і надмагіллі ў Пераку, Кедаху і інш. Для гарадоў, што ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. (Пінанг, Куала-Лумпур), характэрны падзел на еўрап., кіт. і інд. кварталы, змяшэнне арх. стыляў. Кожны квартал вылучаецца адметнай культавай (еўрап. саборы, кіт. храмы са шмат’яруснымі чарапічнымі дахамі, малайзійскія купальныя мячэці, інд. храмы) і грамадз. (кіт. дамы-крамы) архітэктурай. У малайзійскай вёсцы («кампонг») будуюць звычайна 1-камерныя драўляныя каркасныя дамы на палях, укапаных у зямлю ці пастаўленых на каменныя «падушкі». Кітайцы і індыйцы ставяць дамы на земляной утрамбаванай пляцоўцы, якая служыць падлогай, сцены робяць з дрэва, дахі — з лісця пальмы. У М. існуе жывапіс тушшу традыц.кіт. тыпу, акварэллю і пастэллю традыц.інд. тыпу. Пашырана станковая і манум. скульптура. З пач. 20 ст. вырабляюць фарфор. З маст. рамёстваў захаваліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве і косці ў аздобе кінжалаў, пляценне з трыснягу; развіта мастацтва батыку. Шырока вядомы карункі п-ва Малака, вышыўка на скуры, скураныя лялькі для т-ра, вырабы з медзі (лямпы ў выглядзе міфалагічных птушак для ценявога т-ра).
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВА́ (Lietuva),
Літоўская Рэспубліка (Lietuvos Respublika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Латвіяй, на У і ПдУ з Беларуссю, на ПдЗ з Польшчай і Расіяй, на З абмываецца водамі Балтыйскага м.Пл. 65,2 тыс.км². Нас. 3,6 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — літоўская. Сталіца — г.Вільнюс. Падзяляецца на 10 паветаў і 11 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. свята — Дзень незалежнасці Літоўскай дзяржавы (16 лютага).
Дзяржаўны лад. Л. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме 25.10.1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сейм (141 дэпутат). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт сумесна з урадам на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. займае паўн.-зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны. На нізінным узбярэжжы Балтыйскага м. грады дзюн і пясчаныя пляжы. Куршская каса аддзяляе мелкаводны Куршскі зал. ад мора. Большая ч. тэрыторыі — нізіны (53%); на З і У — узгорыстыя ўзвышшы: Жэмайцкае ўзвышша і Балтыйская града, у межах якой вылучаюць Аўкштайцкае, Дзукскае і Судуўскае ўзвышшы. Паміж Балтыйскай градой і Жэмайцкім узв. размешчана Сярэднелітоўская нізіна. На крайнім У і ПдУ рэспублікі зах.ч. Свянцянскіх і Ашмянскай марэнных град — Мядзінінскае ўзв. (выш. да 292 м, г. Юазапіне, найвыш. пункт Л.), на ПнУ — Швенчонскае ўзв. Тэрыторыя Л. належыць да Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы. Крышт. фундамент залягае на глыб. 300—2000 м, укрыты пермскімі, мезазойскімі (на З і Пд), дэвонскімі (на ПнУ) і антрапагенавымі адкладамі. Карысныя выкапні: торф, вапнякі, даламіты, гліны, мел, нафта, бурштын. Ёсць крыніцы мінер. вод і лек. тарфяныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. -4,9 °C, ліп. 17,2 °C. Ападкаў ад 540 мм на Сярэднелітоўскай нізіне да 930 мм на паўд.-ўсх. схілах Жэмайцкага ўзв.Гал. рака — Нямунас (Нёман) з прытокамі Нярыс (Вілія), Мяркіс, Нявежыс, Дубіса, Шашупе. Каля 3 тыс. азёр (1,5% тэрыторыі) пераважна ледавіковага паходжання; найбуйнейшыя — Друкшай (пл. 45 км²) і Дзіснай (24,9 км²). Каля 40 тыс. тарфяных балот (6%). Глебы дзярнова-падзолістыя (45%), балотна-падзолістыя (17%), дзярнова-карбанатныя (10%), карбанатныя глеева-падзолістыя (8%) і інш. Лясы займаюць каля 30% тэрыторыі. Пераважаюць хвойныя (хвоя, елка); у цэнтр. частцы — шыракалістыя лясы. Найб. лясістасць на ПдУ. У Л. пашырана фауна тайгі і шыракалістых лясоў, яна ўключае 61 від млекакормячых, 290 відаў птушак, 7 відаў паўзуноў, 11 відаў земнаводных, 57 відаў рыб. У лясах водзяцца плямісты алень, лось, казуля, дзік, рысь і інш.Прамысл. птушкі: цецярук, качка, глушэц, рабчык. З марскіх рыб пашыраны салака, балт. селядзец, траска, камбала, з прэснаводных — лешч, плотка, карась, вугор, акунь і інш. Запаведнікі: Жувінтас, Чапкяляй, Каманос. Нац. парк Л.
Насельніцтва. Літоўцы складаюць каля 81% насельніцтва. Жывуць таксама рускія (8,5%), палякі (7%), беларусы (1,5%), украінцы (0,9%), яўрэі (0,4%) і інш. Літоўцы жывуць па-за межамі краіны, у т. л. ў ЗША, Канадзе, Бразіліі, Аргенціне, Германіі, Расіі і краінах Усх. Еўропы. Большасць вернікаў — католікі, ёсць праваслаўныя і пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 56,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены прыгарады Вільнюса і Каўнаса (да 100 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва складае 68%. Найб. гарады (1996, тыс.чал.): Вільнюс — 590, Каўнас — 429, Клайпеда — 206, Шаўляй — 148, Паневяжыс — 132.
Гісторыя. Чалавек на тэр. сучаснай Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (10—4-е тыс. да н.э.), калі яго гал. заняткамі былі паляванне і лоўля рыбы. З пач. 2-га тыс. да н.э. тут з’явіліся індаеўрапейцы — продкі балтаў, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. вядомы балцкія гарадзішчы. Балты згадваюцца Тацытам y 1 ст.н.э. ў сувязі з промыслам бурштыну. З пач. 1 ст.н.э. яны пачалі вырабляць прылады працы з жалеза, з 9—12 ст. выкарыстоўвалі саху з жал. наканечнікам. Тэрмін «Літва» ўпершыню ўжываецца ў пісьмовых крыніцах у пач. 11 ст. Фарміраванне літ. этнасу адбывалася на тэр. сучаснай Л. і паўн.-зах. Беларусі з пач. 2-га тыс.н.э. Гэты час адзначаны частымі ваен. сутыкненнямі продкаў літоўцаў з суседнімі народамі і плямёнамі, у т. л. з усх. славянамі (1040, 1132, 1191, 1201 і інш.).
У 10—12 ст. на тэр. сучаснай Л. ўтварыліся аб’яднанні плямён: судувы, куршы, селы, скалвы, літва і інш., частку якіх у 1236—40 князь Міндоўг (з 1250 кароль) аб’яднаў у адзіную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Ва ўтварэнні гэтай дзяржавы прымалі ўдзел княствы бел. зямель, а яе першы вял.кн. Міндоўг каранаваўся ў Навагрудку, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічаць гэты горад першай сталіцай ВКЛ. З пач. 13 ст. землі літоўцаў і інш. балтаў сталігал. напрамкам ням. экспансіі на Усход (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У бітвах каля Саўле (1236), воз. Дурбе (1260), на р. Стрэва (1348), пад Коўна (1362) і інш.ням. рыцары былі разбіты. Аднак нягледзячы на падтрымку балцкіх плямён з боку войск ВКЛ, Тэўтонскі ордэн паступова прасоўваўся на Усход; розныя часткі тэр. Л. (пераважна Жамойць) і яе суседзі (найперш прусы) траплялі пад уладу крыжаносцаў (гл.Мантаса паўстанне). Палітыку Міндоўга і Віценя па процідзеянні крыжацкаму ордэну і далучэнні да ВКЛ новых зямель паспяхова прадаўжалі вял. князі ВКЛГедзімін і яго сын Альгерд. У час іх праўлення ВКЛ стала вял. і магутнай дзяржавай Еўропы, а яе новая сталіца Вільня (гл.Вільнюс) — важным паліт. цэнтрам, асяродкам культуры, цэнтрам рамяства і гандлю. Эканам. і ваен. моц ВКЛ яскрава праявілася ў бітве каля Сініх Вод 1362. Паспяховыя дыпламат. намаганні князёў ВКЛ, у т. л. заключэнне Ягайлам Крэўскай уніі 1385, Востраўскія пагадненні 1392, а таксама прыняцце каталіцтва насельніцтвам Аўкштайціі (1387) і Жамойці (1413) спрыялі росту міжнар. прэстыжу ВКЛ. У гэтых умовах паскорыліся працэсы зліцця этн. груп продкаў літоўцаў у агульную народнасць і асіміляцыі імі некаторых зах.-балцкіх і латв. плямён (паўн. прусаў, яцвягаў, земгалаў і інш.) Аднак паражэнне войска ВКЛ на чале з Вітаўтам у бітве на Ворскле 1399 змяніла суадносіны сіл паміж дзяржавамі Усх. Еўропы, прымусіла ВКЛ заключыць Віленска-Радамскую унію 1401 з Польшчай. Гэты саюз не аблегчыў барацьбу ВКЛ з усх. суседзямі (паводле Угрскага дагавора 1408 граніца ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы прайшла па р. Угра), але садзейнічаў паспяховым сумесным паходам аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы супраць Тэўтонскага ордэна і перамозе ў Грунвальдскай бітве 1410. Паводле вынікаў вайны (гл.Тарунскі мір 1411) Жамойць увайшла ў склад ВКЛ. Перамога над крыжакамі палепшыла міжнар. становішча ВКЛ, садзейнічала эканам. росту, развіццю гандлю з суседзямі і інш.Дзярж. і культ. жыццё ў ВКЛ, у т. л. на тэр. этнічнай Л., у гэты час у значнай ступені праходзіла пры дамінуючай ролі бел. фактару (бел. мова была дзяржаўнай). Гэтая культ. спадчына ўзбагацілася ў віленскі перыяд дзейнасці Ф.Скарыны, традыцыі якога прадоўжыў літ. асветнік М.Мажвідас. Значнымі дасягненнямі ў дзярж. і культ. жыцці ВКЛ былі адкрыццё ў Вільні акадэміі (1579, гл.Віленскі універсітэт), прыняцце Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Аднак становішча ВКЛ паступова пагаршалася: адбываліся паўстанні сялян (1418, 1535—37, 1545 і інш.), выступленні груповак знаці супраць вярх. улады (гл.Глінскіх мяцеж 1508), вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і інш. войны паміж гэтымі дзяржавамі. Асабліва цяжкай была Лівонская вайна 1558—83. Пасля Люблінскай уніі 1569 і стварэння федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітайдзярж. ўстановы ў ВКЛ паступова пачалі дзейнічаць на польскі ўзор, пашыраўся польскі культ. і моўны ўплыў. З сярэдзіны 17 ст.бел. мова практычна выйшла з ужытку ў цэнтр.дзярж. органах, звужалася і сфера ўжывання літ. мовы. Але ВКЛ захавала гал. інстытуты сваёй дзяржаўнасці: заканадаўства, суды, войска, казну, асобную тэрыторыю, якая аднак значна зменшылася пасля далучэння непасрэдна да Польшчы ўкр. зямель, а таксама ў выніку ўзбр. канфліктаў з суседнімі дзяржавамі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1655—60 са Швецыяй рас. і шведскія войскі занялі частку тэр.ВКЛ, у т. л. Вільню. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай літ. і бел. землі засталіся ў складае ВКЛ. З сярэдзіны 17 ст. адбывалася гасп. і культ. адраджэнне, якое з-за Паўночнай вайны 1700—21 змянілася заняпадам ВКЛ. Цэнтр. ўлада ВКЛ слабела, з 2-й пал. 17 ст. асобныя сеймы на тэр.ВКЛ не склікаліся. Партыі знаці, аб’яднаныя ва ўзбр. канфедэрацыі, вялі міжусобныя войны (1700, 1767, 1792 і інш.). Складанымі заставаліся адносіны паміж рэліг. канфесіямі, асабліва паміж каталіцкім і правасл. насельніцтвам ВКЛ.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 большая частка тэр. Л. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (у 1797 тут створана Літоўская губ.), астатняя — у склад Прусіі. У 1801 утворана Віленская губерня, у 1843 — Ковенская губерня. Вял. страты прынесла вайна 1812. Пасля паўстання 1830—31 былі закрыты Віленскі ун-т, медыка-хірург. і духоўная акадэміі. Пасля задушэння паўстання 1863—64рас. ўлады забаранілі навучанне літ. мове ў школах і літ. выданні лац. шрыфтам. Указам ад 4.1.1866 абмежавана права набыцця зямлі літоўцамі-католікамі. Разам з тым рэформы, праведзеныя пасля паўстання, паскорылі развіццё сельскай гаспадаркі; буд-ва чыгунак (у 1861—62 Пецярбургска-Варшаўскай, у 1871—73 Лібава-Роменскай) садзейнічала развіццю гандлю, росту гарадоў, у якіх паступова павялічвалася колькасць рабочых і іх арг-цый (у 1895 засн. Цэнтр літ. сацыял-дэмакратыі, у 1900 — партыя Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). Насельніцтва Л. ўдзельнічала ў агульнарас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну большая частка Л. акупіравана герм. войскамі.
У вер. 1917 створана Літоўская Тарыба (Савет), якая 11.12.1917 прыняла Дэкларацыю аб незалежнасці літ. дзяржавы ў саюзе з Германіяй, а 16.2.1918 — Акт аб незалежнасці Л. і стварыла ўрад на чале з А.Вальдэмарасам. Супраць Тарыбы і ўрада выступілі бальшавікі Л., быў створаны часовы рабоча-сялянскі ўрад, а пасля ўступлення ў Л. Чырв. Арміі — Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літбел) са сталіцай у Вільні. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР 12.7.1920 і абвяшчэння незалежнасці БССР 31.7.1920 Літбел спыніла існаванне. З увядзеннем пасады прэзідэнта Л. (крас. 1919) і пасля склікання Устаноўчага з’езда Л. (15.5.1920) Літ. Тарыба страціла свае функцыі. У складаных міжнар. абставінах польскія войскі неаднаразова захоплівалі Віленскі край і Вільню (1.1.1919, 21.4.1919, 9.10.1920), што прывяло да Віленскага канфлікту 1920—39, стварэння Сярэдняй Літвы (у 1922 уключана ў склад Польшчы). Літ.-польск. адносіны ўскладніліся. Часовай сталіцай Л. стаў г. Каўнас (да 1940), дзе 1.8.1922 прынята Канстытуцыя, якая абвясціла Л. парламенцкай рэспублікай. Пасля выбараў у 3-і сейм (май 1926) узмацнілася ўнутрыпаліт. барацьба. 17.12.1926 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, здзейснены афіцэрамі Каўнаскага гарнізона на чале з палк. І.Пятруйцісам пры садзеянні кансерватыўнай партыі таўцінінкаў. Улада перайшла да А.Сметаны, які быў выбраны прэзідэнтам краіны. Канстытуцыі Л. 1928 і 1938 юрыдычна замацавалі ўсталяванне ў Л. правай дыктатуры; у 2-й пал. 1930-х г. забаронены ўсе партыі, акрамя правячай таўцінінкаў. Польшча (сак. 1938) і Германія (сак. 1939) прад’явілі Л. ультыматумы, з прыняццем якіх Л. юрыдычна адмовілася ад Вільні на карысць Польшчы і Клайпеды на карысць Германіі. Ва ўмовах росту нестабільнасці ў літ. грамадстве 28.3.1939 створаны ўрад «сумеснай працы» на чале з ген. І.Чэрнюсам, які ў пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 падпісаў 10.10.1939 у Маскве Дагавор «Аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы г. Вільнюса і Віленскай вобл. і аб узаемнай дапамозе паміж СССР і Літвой»; у адпаведнасці з дагаворам 14.6.1940 у Л. ўведзены сілы Чырв. Арміі. Прэзідэнт Сметана 15.6.1940 эмігрыраваў у Германію. 17.6.1940 створаны ўрад на чале з Ю.Палецкісам, які правёў выбары ў сейм. 21.7.1940 сейм абвясціў стварэнне Літ. ССР, уключанай 3.8.1940 у склад СССР (літ. армія як 29-ы стралк. корпус увайшла ў склад Чырв. Арміі). У жн. 1940 Л. перададзена частка тэр.БССР (каля 2,6 тыс.км² з насельніцтвам 82 тыс.чал.). Летам 1940 паводле рашэння ўрада Літ. ССР пачаўся перавод з Каўнаса ў Вільнюс цэнтр.дзярж. устаноў. Пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі і нацыяналізацыя прам-сці; адбылася першая хваля дэпартацыі часткі насельніцтва ў глыб СССР. У чэрв. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. На тэр. рэспублікі дзейнічалі каля 10 тыс.сав. партызан і падпольшчыкаў, значная частка якіх прыходзіла з Беларусі (пераважна з Бягомльскай партыз. зоны). Частка насельніцтва Л. супрацоўнічала з акупац. ўладамі (на баку немцаў дзейнічалі літ.ваен. і паліцэйскія фарміраванні). У выніку Вільнюскай аперацыі 1944, Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да лют. 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. На франтах Вял.Айч. вайны ў складзе Чырв. Арміі ваявала каля 100 тыс. літоўцаў, у т. л. больш за 12 тыс. у 16-й Літ.стралк. дывізіі. Пасля вайны частка насельніцтва не прыняла сав. ўладу, удзельнічала ва ўзброеным супраціўленні, у выніку чаго многія з іх былі дэпартаваны ў Сібір і інш. рэгіёны СССР. У 1948 прам-сць Л. дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана яе сельская гаспадарка Сярод інш.сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту, у т. л. ў сельскай гаспадарцы (жывёлагадоўля і інш.). У час палітыкі «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваўся незалежніцкі рух. У чэрв. 1988 створаны літ. рух «Саюдзіс» (старшыня В.Ландсбергіс), які перамог у лют. 1990 на выбарах у Вярх. СаветЛіт. ССР. 11.3.1990 новы літ. парламент прыняў Акт аб аднаўленні дзяржаўнасці. У вер. 1991 СССР прызнаў незалежнасць Літ. Рэспублікі. Першым яе прэзідэнтам стаў А.Бразаўскас (1992—97), са снеж. 1997 прэзідэнт краіны В.Адамкус. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў у рэфармаванні гаспадаркі краіны. Л. — член ААН (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 10.9.1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 30.12.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя працы Л. (пераемніца Камуніст. партыі Л.), Дэмакр. партыя Л. (пераемніца аднайм. партыі, што існавала ў 1902—20), Літ.с.-д. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя Л., «Саюдзіс» («Рух»), «Тэвінес саюнга» («Саюз Айчыны»), «Саюз Цэнтра», Сял. партыя, Партыя жанчын Л. Дзейнічаюць 6 прафс. цэнтраў, 56 галіновых прафсаюзаў (1997).
Гаспадарка. Л. — краіна з індустр.-агр. эканомікай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 7762 млн.дол. ЗША, 2120 дол. на душу насельніцтва.
Доля прам-сці і буд-ва ў ВУП 35,6%, сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) — 9,4%, сферы паслуг — 55%. У галіновай структуры прамысловасці вядучае месца належыць машынабудаванню, электраэнергетыцы, хім., лёгкай і харч. прам-сці, вытв-сці буд. матэрыялаў. Паліўна-энергет. комплекс выкарыстоўвае пераважна імпартнае паліва (нафта, газ) і ўласныя рэсурсы (торф, гідрарэсурсы). Магутнасць электрастанцый 6,2 млн.кВт. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996—17,1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя электрастанцыі: Літоўская ДРЭС, Каўнаская ГЭС, Мажэйкская і Вільнюская ЦЭЦ, Кайшадорская ГАЭС і Ігналінская АЭС. Здабыча нафты (70 тыс.т, 1994) і торфу. У г. Мажэйкяй працуе адзіны ў Прыбалтыцы нафтаперапрацоўчы з-д. У машынабудаванні вылучаюцца радыёэлектроніка, станкабудаванне, с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Вільнюс (станкі, электрарухавікі, радыёвымяральныя прылады, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны), Каўнас (станкі, электраматоры, радыётэхніка), Паневяжыс (вырабы дакладнай механікі, электракампрэсары, кабель), Шаўляй (тэлевізары), Клайпеда (судны, суднарамонт), Алітус (халадзільнікі) і інш. Металаапрацоўка ў Вільнюсе, Каўнасе, Вілкавішкісе, Гаргждаі. Хім.прам-сць працуе на прывазной сыравіне з Расіі (газ, апатыты) і спецыялізуецца на вытв-сці мінер. угнаенняў (0,3 млн.т, Кедайняй, Іонава). Фармацэўтычная прам-сць у Вільнюсе і Швенчонісе. Дрэваапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю паперы, кардону, цэлюлозы, піламатэрыялаў, мэблі, фанеры (Вільнюс, Каўнас, Шаўляй, Іонава, Клайпеда і інш.). Вытв-сць паперы і кардону — 30,7 тыс.т, піламатэрыялаў — 1,3 млн.м³ (1996). Сярод галін лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст.прам-сць. На мясц. і імпартнай сыравіне працуюць прадпрыемствы па вытв-сці баваўняных (Алітус, Клайпеда), ільняных (Паневяжыс, Біржай, Плунге), шарсцяных (Каўнас, Крэцінга) тканін, трыкат. (Каўнас, Вільнюс, Клайпеда, Уцена, Цельшай), гарбарнаабутковых (Вільнюс, Мажэйкяй) і дывановых (Лентварыс) вырабаў. У 1996 выпушчана тканін 60,3 млн.м², абутку 1,7 млн. пар. У многіх гарадах прадпрыемствы швейнай прам-сці. Традыцыйна важнае месца сярод галін прам-сці займае харчовая. Развіты малочная, масласыраробная, мясная, мукамольная, цукр., агароднінакансервавая, рыбная і рыбакансервавая галіны. Вытв-сць (тыс.т, 1996) масла —34,8, мукі — 131,5, цукру — 136,3. Ёсць шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, шыфер, цэмент, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, шкло). Развіты маст. промыслы: апрацоўка бурштыну (Клайпеда, Паланга), вытв-сць керамікі, разьба па дрэве, цісненне скуры. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, беконнай свінагадоўлі і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1065, свіней — 1270, авечак — 32, коней — 78. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. С.г. ўгоддзі займаюць 3,5 млн.га, у т. л. пасяўныя плошчы — 2,3 млн.га (1996). Пад збожжавымі 48%, кармавымі 45%, бульбай 4,5%, тэхн. культурамі 1,6%. Сярод збожжавых (збор 2,5 млн.т) пераважаюць жыта, пшаніца, авёс, ячмень, з тэхн. культур — лён-даўгунец, цукр. буракі. Садоўніцтва. Кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—49,5 тыс.т. Асн. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 2021 км (у т. л. 122 км электрыфікавана), аўтадарог 56,7 тыс.км. Развіты марскі і рачны транспарт. Марскі флот налічвае 45 суднаў агульнай грузападымальнасцю 275,9 тыс. брута-рэг. т. Марскі порт — Клайпеда, рачны — Каўнас. Паромная пераправа звязвае Клайпеду з г. Мукран (Германія). Аэрапорты ў Вільнюсе, Каўнасе, Паланзе. Экспарт (3,4 млрд.дол. ЗША, 1996): тэкстыль, харч. прадукты, мінер. ўгнаенні, прадукцыя машынабудавання і інш. Імпарт (4,4 млрд.дол. ЗША, 1996): нафта, газ, машыны, тэкстыль, мінер. ўгнаенні. Асн.гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя (24% экспарту, 25% імпарту), Германія (12,8%, 15,8%), Беларусь (10,2%, 2,4%), Латвія, Украіна, Польшча. Беларусь экспартуе ў Л. прадукты нафтаперапрацоўкі, калійныя ўгнаенні, хім. валокны і інш., імпартуе электраэнергію, фосфарныя ўгнаенні, рыбу, лек. сродкі і інш. Курорты: Друскінінкай, Паланга, Нерынга, Бірштанас, Пабіржэ. Грашовая адзінка — літ.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі), а таксама сіл хуткага разгортвання. Агульная колькасць каля 19 тыс.чал. (1998), у т. л. 5,2 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які кіруе ўзбр. сіламі праз міністра аховы краю і нач. аб’яднанага штаба. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы 12 мес. У сухап. войсках больш за 4 тыс.чал., 24 бронетранспарцёры, 10 баявых разведвальна-дазорных машын, 18 мінамётаў і безадкатных гармат. У ВПС 550 чал., 10 самалётаў, 8 верталётаў. У ВМС 500 чал., 4 караблі, у т. л. 2 баявыя (фрэгаты), 3 патрульныя катэры. Сілы хуткага разгортвання ў складзе 3 батальёнаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 62,6, жанчын 74,4 года. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86, урачамі — 1 на 225 чал. Узровень нараджальнасці — 14 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 16 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У сістэме дашкольных устаноў існуюць дзіцячыя сады-школы, у якіх дзеці знаходзяцца да 4-га класа.
Агульнаадук. школа падзяляецца на асноўную (1—9-ы кл., у т. л.пач. школа — 1—4-ы кл. для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту) і сярэднюю (3 гады навучання пасля асн. школы, 10—12—ы кл.). Пасля 8-га класа ўводзіцца дыферэнцыяцыя навучання з шырокімі магчымасцямі выбару альтэрнатыўных прадметаў, у 11—12-м кл. навучанне набывае гуманіт., прыродазнаўча-навук., камерцыйны або тэхнал. профіль. Найб. здольныя вучні могуць атрымаць сярэднюю адукацыю ў гімназіі, дзе падтрымліваецца больш высокі ўзровень выкладання. Навучанне вядзецца на літ. мове. Існуюць школы нац. меншасцей, у т. л. беларускія. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес. школы на базе асн. школы (3—4 гады навучання) і сярэдняй (1—2 гады), сярэднюю спец. адукацыю — навуч. ўстановы верхняга ўзроўню (каледжы і вышэйшыя школы) на базе сярэдняй школы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. У 1998/99 навуч.г. ў Л. 150 дзіцячых садоў-школ, у т. л. 2 прыватныя; 2,4 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. 23 прыватныя; 59 гімназій, 29 школ маюць класы-гімназіі; Вільнюскі ліцэй дакладных, тэхн. навук і прыродазнаўства; 105 прафес. школ, у т. л. 40 с.-г., 70 вышэйшых школ, у т. л. 18 прыватных; 15 ВНУ. Буйнейшыя універсітэты: Вільнюскі (гл. таксама Віленскі універсітэт), вільнюскія пед. і тэхн., Каўнаскі тэхнал. (у яго складзе ін-тфіз. электронікі), Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, Клайпедскі; Літоўскія акадэміі: ваен., муз., паліцэйская, вет., сельскай гаспадаркі, мастацтва (усе ў Вільнюсе), мед. (у Каўнасе). Найбольшыя б-кі: Літ.нац. імя М.Мажвідаса, Вільнюская цэнтр. (мае 34 філіялы), Літоўская мед., тэхн., с.-г.; музыкі і мастацтва, Літ.т-ва сляпых (усе у Вільнюсе). Буйнейшыя музеі: мастацтва Л., прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя, Вільнюская карцінная галерэя, Палац Радзівілаў, Літ. музей ахвяр генацыду, Літ.дзярж. музей, Дзярж.яўр. музей, Цэнтр сучаснага мастацтва (усе ў Вільнюсе); Музей творчасці М.К.Чурлёшса, Музей А.Жмуйдзінавічуса (Музей чарцей), Карцінная галерэя М.Жылінскаса, Ваенны музей імя Вітаўта Вялікага, Літ. музей Майроніса (усе ў Каўнасе); Карцінная галерэя і Музей гадзіннікаў у Клайпедзе, Музей бурштыну ў Паланзе, гістарычны ў г. Тракай, Музей літ.сял. побыту ў Румшышкасе, Гісторыка-археал. музей-запаведнік у Кярнаве, Дом Томаса Мана ў Нідзе. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. ін-тах і ўстановах (усяго больш за 40), у 4 ін-тах Каўнаскай мед. акадэміі, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. выдаецца больш за 600 штодзённых газет, з іх больш за 500 на літ. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты на літ. мове «Valstiečiu Laikraštis» («Сялянская газета», з 1940), на літ. і рус. мовах — «Lietuvos aidas» («Рэха Літвы», з 1917), «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы», з 1989), «Respublika» («Рэспубліка», з 1988), на рус. і літ. мовах — «Вечерние новости» (з 1958) і інш.Інфарм. агенцтва: Літ. тэлеграфнае агенцтва (ЭЛЬТА, з 1920). Радыё з 1926 (2 праграмы, на літ., рус., польск. мовах, за мяжу — на літ. і англ. мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы і інш. гарадоў СНД. Тэлебачанне з 1957 (на літ., рус. і польск. мовах).
Літаратура. Вытокі л-ры Л. ў фальклоры (песні-дайны, казкі, паданні, прыказкі і інш.) і ў пісьмовых разнамоўных крыніцах. Найб.стараж. помнікі пісьменнасці Л. — летапісы 14—16 ст. на старабел. мове — афіц. мове ВКЛ. У іх ёсць элементы міфалогіі, нар. паданні, легенды, якія пазней жывілі маст. л-ру Л. Пісьменнасць 16—17 ст. развівалася на лац. (на ёй з 1579 вялося навучанне ў Віленскім ун-це) і польск. мовах. Захаваўся адзіны стараж. помнік на літ. мове — тэкст малітвы пач. 16 ст. У 16—17 ст.найб. значныя творы пра мінулае Л., яе прыроду на лац. мове стваралі М.Гусоўскі, А.Каяловіч, М.Літвін, Я.Радван, П.Раізій, М.Сарбеўскі, А.Шротэр, на лац. і польск. — А.Волан, А.Ратундус, на польск. — М.Стрыйкоўскі. Да 19 ст.л-ра Л. стваралася і ў т.зв. Малой Л. — Усх. Прусіі. Помнікі старажытнасці мелі пераважна рэліг. характар. Першыя пераклады рэліг. песнапенняў на літ. мову зрабілі дзеячы Рэфармацыі праф. Кёнігсбергскага ун-та С.Рапалёніс і А.Кульвеціс. Першая кніга на літ. мове — «Катэхізіс» М.Мажвідаса (1547), якая ўключала літ. буквар і песнапенні. Значны ўклад у развіццё пісьменнасці Л. зрабілі першы перакладчык Бібліі на літ. мову, аўтар кнігі казанняў І.Брэткунас, аўтар першай літ. граматыкі (1653), кнігі духоўных песнапенняў (кантаў) і малітоўніка Д.Клейнас. Пачынальнік літ. пісьмовай л-ры М.Даўкша — перакладчык на літ. мову катэхізіса Я.Лядэсмы (1595) і зб. пропаведзяў Я.Вуека «Посціла каталіцкая» (1599). Важную ролю ў станаўленні стараліт. пісьменнасці адыгралі К.Шырвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М.Петкявічус, С.Славачынскіс, С.Хілінскіс, І.Якнавічус, С.Яўгеліс-Целега. Спробы ўнармавання літ. пісьмовай мовы былі ў 18 ст.: граматыкі, слоўнікі, калектыўны пераклад Бібліі (1735), пачаты збор і выданне фалькл. твораў (І.Брадоўскіс, М.Мерлінас, К.Мілкус, Г.Остэрмеер, П.Руйгіс). Першую кнігу свецкага зместу «Байкі Эзопа» выдаў І.Шульцас (1706). Пачынальнік літ.маст. л-ры — К.Данелайціс, аўтар паэмы «Поры года» (каля 1760—70, выд. ў 1818). Развіццю л-ры ў 18 ст. спрыяла дзейнасць Л.Рэзы і Ф.Куршайціса. У пач. 19 ст. цэнтрам культуры Л. стаў Віленскі ун-т. Вядучае месца ў л-ры займала паэзія: байкі, эпіграмы, паэмы (С.Валюнас, А.Клементас, Д.Пошка, С.Станявічус, А.Страздас). Найб. значны твор гэтага перыяду — паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) А.Баранаўскаса. У 1-й пал. 19 ст. зарадзілася маст. проза. Важную ролю ў яе станаўленні адыгралі гіст. працы з элементамі маст. прозы С.Даўкантаса, адметныя рамантычна-прыўзнятым асэнсаваннем мінулага краіны, узвышанасцю стылю. Каларытнасцю і выразнасцю нар. мовы вызначалася аповесць М.Валанчуса «Юзэ з Палангі» (1869), заснаваная на этнагр. і фалькл. матэрыяле. Развіццё л-ры Л. стрымлівала забарона царскімі ўладамі друку на літ. мове (1864—1904). Цэнтры друку пачалі стварацца па-за межамі Л. — ва Усх. Прусіі, ЗША. У перыяд абуджэння нац. руху ў Л. ўзнік рамантызм. Найб. яркі яго прадстаўнік Майроніс (кн. «Галасы вясны», 1895), паэзія якога садзейнічала развіццю асноў сілаба-танічнага вершаскладання, фарміраванню літ. мовы. Элегічнымі матывамі вызначалася лірыка П.Вайчайціса, патрыят. гучаннем, сатыр. паказам сац. з’яў — паэзія і проза В.Кудзіркі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў л-ры замацоўваюцца прынцыпы рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні вясковай тэматыкі Жэмайтэ). Традыцыі самабытнай рэаліст. прозы развівалі Ю.Тумас-Вайжгантас, Лаздзіну Пеледа (сёстры М. і С.Ластаўскене), Г.Пяткявічайгэ-Бітэ, Шатрыёс Рагана. У жанры рамана выступіў В.Петарыс, аўтар першага гіст. рамана «Альгімантас» (выд. 1904—05). Актывізацыі літ. і культ. жыцця ў пач. 20 ст. садзейнічала адмена забароны друку на нац. мове. Узніклі разнастайныя літ. плыні. Рэаліст. і фалькл. традыцыі спалучаны ў драме «Шарунас» (1911), «Паданнях Дайнаўскай даўніны» (1912), аповесцях і навелах В.Крэве; лірыцы Л.Гіры. Развіваліся неарамантызм, мадэрнізм (Ю.Гербачаўскас), рэалізм (І.Білюнас, А.Венуоліс). Рысы імпрэсіянізму і экспрэсіянізму выявіліся ў прозе К.Пуйды, Ю.Савіцкіса, І.Шэйнюса, сімвалізму і містыцызму — у драматургіі Відунаса (драмы «Цені прашчураў», 1908, і «Вечны агонь», 1912). Характар літ. працэсу ў 1918—40 вызначалі Майроніс (гіст. драмы ў вершах, балады), Тумас-Вайжгантас (апавяданні, аповесці, раман), Відунас (драмы), Пуйда (гіст. раман «Magnus Dux», 1936) і інш. У паэзіі і драме пераважаў сімвалізм (Ю.Балтрушайціс, В.Вайчунас, Ф.Кірша, В.Мікалайціс-Пуцінас, С.Сантварас, Б.Сруога), у творчасці футурыстычнай групоўкі «Чатыры вятры» (К.Бінкіс, Ю.Ціслява, С.Шэмерыс і інш.) — рысы экспрэсіянізму і рэалізму. Ідэйна-эстэт. прынцыпы неарамантызму развівалі маладыя паэты І.Айсціс, Б.Бразджоніс, А.Мішкініс, С.Нерыс і інш. Імпрэсіянісцка-неарамантычнай арыентацыі ў празаічных творах прытрымліваліся А.Вайчулайціс, Шэйнюс, К.Янкаўскас. Пашырыўся жанрава-стылявы, ідэйна-тэматычны дыяпазон твораў рэаліст. кірунку, вырас іх маст. ўзровень: псіхал. раман «У цені алтароў» Мікалайціса-Пуцінаса (1933), гіст. раман «Лёс Шымонісаў» Е.Сіманайцітэ (1935), празаічныя творы А.Венцлавы, Ю.Грушаса, Л.Давідзенаса, І.Марцінкявічуса, В.Рамонаса, П.Цвіркі і інш. Матывы вызв. барацьбы гучалі ў творах пісьменнікаў Віленскага краю, што ўваходзіў у склад Польшчы: у паэзіі — О.Міцютэ, А.Жукаўскас, Ю.Кекштас, у прозе — Р.Мацконіс. Гіст. абставіны пач. 1940-х г. паўплывалі на асабістыя лёсы пісьменнікаў Л., на характар маст. асэнсавання рэчаіснасці ў іх творах. У гады 2-й сусв. вайны многія пісьменнікі трапілі за межы краіны (Ю.Балтушыс, Гіра, Нерыс, Цвірка і інш.), асобныя апынуліся на фронце (В.Мазурунас, Э.Межэлайціс, П.Шырвіс), іх творчасць была прасякнута матывамі тугі па часова страчанай радзіме. У гады ням.-фаш. акупацыі ствараліся высокамаст. творы: лірычныя вершы і паэмы Нерыс, апавяданні Цвіркі, зборнікі філас. лірыкі Бразджоніса, Балтрушайціса, Мікалайціса-Пуцінаса. У л-ры з’явіліся новыя імёны (К.Брадунас, В.Мачэрніс). У 1944 многія пісьменнікі Л. эмігрыравалі на Захад (Брадунас, Бразджоніс, Кірша, Крэве, І.Мякас, Г.Нагіс, А.Ніка-Нілюнас, Г.Радаўскас, А.Шкема і інш.). Замежнае т-валіт. пісьменнікаў выдавала літ. газеты і часопісы, кнігі, падручнікі. Вярнуліся на радзіму асобныя пісьменнікі з СССР, з ням.-фаш. канцлагера (Сруога), на радзіме плённа працавалі К.Борута, Вайчунас, Венуоліс, Мікалайціс-Пуцінас, Мішкініс, Сіманайцітэ і інш. Пачаўся складаны працэс развіцця л-ры першых пасляваен. гадоў. У асобных паэт. творах пераважаў псеўдапатрыят. пафас, публіцыстычныя штампы, паліт. лозунгі (Венцлава, А.Іанінас, Мазурунас, Ю.Мацявічус, Т.Цільвіціс). Думку пра гіст. неабходнасць сав. улады ў Л., выкрыццё і асуджэнне кулацтва выказвалі ў сваіх творах А.Гудайціс-Гузявічус, І.Давідайціс, Цільвіціс і інш. Навізной вызначаліся аповесць Боруты «Млын Балтарагіса» (1945), драмы Сруогі «Доля перадсвітальная» (1945) і «Казімір Сапега» (1947), яго мемуары «Лес багоў» (1957) і інш. Творчае абнаўленне адчувалася ў паэзіі С.Англіцкіса, Вайчунаса, І.Грайчунаса, Жукаўскаса, К.Інчуры, Э.Матузявічуса, Мішкініса, Мазурунаса. У песенна-рамант. кірунку працаваў П.Шырвіс, наватарства і эксперымент характэрны паэту-лірыку Межэлайцісу (зб-кі «Чалавек», 1961; «Тут Літва», 1968). Значны ўклад у л-ру зрабілі пісьменнікі-эмігранты (паэт Радаўскас, празаік і драматург Шкема). Анталогія «Зямля» (1951) выявіла новыя таленты: Брадунас, Мачэрніс (філас.-канцэптуальны цыкл вершаў «Прывіды»), Нагіс, Ніка-Нілюнас. Традыцыі вясковай прозы развіваў М.Кацілішкіс. 1960—70-я г. — перыяд кардынальных перамен у прозе і драматургіі. Зварот да гіст. тэматыкі, пераасэнсаванне праблем нацыі і дзяржавы, здабыткі этн. культуры, шматгранны духоўны свет сучасніка вызначалі сутнасць і змест літ. л-ры гэтага перыяду (Й.Авіжус, Балтушыс, І.Мікелінскас, Сіманайцітэ, М.Слуцкіс). Гал. арыенцірамі л-ры сталі інтэлектуалізм, псіхалагізм, актуальнасць тэматыкі, пошукі новых маст. форм. Супярэчлівасць чалавечай прыроды, права чалавека на выбар паказаны ў драмах «Каханне, джаз і чорт» (паст. 1967) і «Барбара Радзівіл» (паст. 1972) Грушаса, праблемы сучаснай вёскі, сял. лёсу — у прозе В.Бубніса, Слуцкіса, А.Поцюса, псіхал. праблемы выхавання моладзі — у творах Р.Кашаўскаса, пратэст супраць псеўдарэаліст. адлюстравання рэчаіснасці — у Р.Ланкаўскаса, уплыў навейшай зах. драмы ў творчасці К.Саі і Ю.Глінскіса. У 1970—80-я г. раскрыўся творчы талент пісьменнікаў А.Балтакіса, Я.Дзегуцітэ, А.Малдоніса, Ю.Марцінкявічуса, Л.Яцынявічуса, асн. змест твораў якіх — філас. роздум пра лёс нацыі, праблемы урбанізацыі і інш. Новыя якасці (парадокс, іронія) і тэндэнцыі, сувязь з фалькл. традыцыямі, духоўнасць выявіліся ў паэзіі О.Балюканітэ, В.Бложа, Ю.Вайчунайтэ, Т.Венцлавы, С.Гяды, М.Марцінайціса, І.Стрэлкунаса, Г.А.Чыгрэюса, І.Юшкайціса, у прозе Ю.Апуціса, Р.Гранаўскаса, П.Дзіргелы, Б.Радзявічуса. Новы этап развіцця л-ры звязаны з нац. адраджэннем у 1980—90-я г. Сучасныя тэндэнцыі прадстаўлены шматлікімі постмадэрнісцкімі творамі, насычанымі ўмоўнымі вобразамі, паэтыкай міфаў (проза Р.Гавяліса, С.Т.Кандротаса), розныя спосабы адлюстравання вызначаюць прозу Ю.Кунчынаса, А.Рамонаса, В.Юкнайтэ і інш. У паэзіі дамінуе пакаленне 1980-х г., творы якіх вылучаюцца арыгінальнасцю формы, паэт. майстэрствам, вытанчанасцю мовы (В.Бразюнас, А.Грыбаўскас, Д.Каёкас, Э.Келміцкас, В.Кукулас, А.Марчэнас, Н.Міляўскайтэ, С.Парульскіс, Г.Цэшкайтэ і інш.).
Літоўска-бел. літ. ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Яны зарадзіліся ў часы ВКЛ, калі ў Вільні на старабел. мове пісаліся летапісы і статуты, а Ф.Скарына выдаваў беларускамоўныя кнігі (1522—25). Узмацніліся яны ў 19 ст. У літ. гуртку А.Г.Кіркора (канец 1850-х г.) разам з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім і інш. ўдзельнічаў літ. пісьменнік М.Акялайціс (пераклаў на літ. мову ананімны бел. твор 19 ст. «Гутарка старога дзеда»). У пач. 20 ст. Вільня была асяродкам літ. і бел. культуры. Тут выходзілі газ.«Наша доля», «Наша ніва», жылі, бралі ўдзел у грамадска-літ. жыцці Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Купала, Я.Колас, Цётка, З.Бядуля, прыязджаў М.Багдановіч, адбываліся сустрэчы літ. і бел. пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў Важным фактарам творчых узаемакантактаў была дружба Я.Купалы з Гірам, М.Ластаўскене, мастаком і кампазітарам М.Чурлёнісам. У 1910 у перыяд. друку Л. з’явіліся першыя літ.-крытычныя артыкулы Гіры пра творчасць Я.Купалы, змяшчаліся яго вершы на літ. мове ў перакладзе А.Якштаса (А.Дамбраўскаса). У 1909 на бел. мове апублікавана апавяданне Білюнаса. У 1920—30-я г. ў Вільні і Каўнасе ставіліся п’есы Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, Л.Родзевіча, выдаваліся бел. кнігі, газеты і часопісы, у т. л.час.«Крывіч», «Беларускі асяродак», «Крывічанін» і інш. У 1930-я г. ў Мінску жылі і працавалі Ф.Вайшнорас (Садайніс), Л.Мяркітэ (Лавенас Люда), А.Дабулявічус, В.Скарджус і інш., выходзілі газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), альманах «Пад чырвоным сцягам», працавалі літ. секцыі ў Саюзе пісьменнікаў і Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1920—30-я г. ў Мінску выдадзена 78 ліг. кніг, у т. л. пераклады на літ. мову паэмы «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1935), твораў Я.Маўра, А.Якімовіча. Асабістыя кантакты звязвалі М.Танка з Жукаўскасам, Міцютэ, І.Каросасам. Збліжэнню л-р спрыялі асабістыя сустрэчы Цвіркі, Венцлавы на 35-гадовым юбілеі творчай дзейнасці Я.Купалы ў Мінску ў снеж. 1940, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова і П.Броўкі ў маі—чэрв. 1941 у Вільні і Каўнасе. У 2-ю сусв. вайну бел. і літ. пісьменнікі ўдзельнічалі ў супольных вечарах, выступалі ў перыяд. друку. Адзінства матываў і вобразаў ядналі паэзію Гіры, Венцлавы, Цвіркі, Марцінкявічуса, В.Рэймерыса, Нерыс, Межэлайціса з творамі Я.Коласа, Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка і інш. У пасляваен. перыяд склаліся новыя формы супрацоўніцтва — тыдні, дні л-ры і культуры суседніх народаў. Актывізацыі бел.-літ. сувязей спрыялі тыдні літ. л-ры ў Беларусі (1956), бел. л-ры ў Літве (1958), бел. кнігі ў Літве (1962), літ. кнігі ў Беларусі (1963), дні бел.-літ. дружбы ў Літве (1963), сяброўскія сустрэчы дзеячаў л-ры, культуры Літвы ў Беларусі (1974), л-ры і мастацтва Беларусі ў Літве (1975) і інш. Сустрэчы пісьменнікаў, узаемакантакты, знаёмства з гісторыяй, культурай рэспублік выклікала ўзаемапранікненне тэм і вобразаў. Літоўская тэматыка заняла значнае месца ў творах Броўкі, М.Танка, Панчанкі, Р.Барадуліна, М.Калачынскага, У.Караткевіча, Л.Арабей, А.Лойкі і інш., беларуская — у творах Межэлайціса, Жукаўскаса, Ю.Палецкіса, Б.Мацкявічуса, А.Шульцайтэ, Балтакіса, Мікалайціса-Пуцінаса і інш. У 1945—84 у перакладзе на літ. мову выдадзена 45 кніг бел. пісьменнікаў, у перакладзе на бел. мову — каля 30 кніг літ. аўтараў. На літ. мове выйшлі: «Анталогія беларускай прозы» (1949), анталогіі бел. паэзіі «З беларускай паэзіі» (1952), «Па Нёмане песня плыве» (1958), зб.бел.нар. казак «Ліса ваўка пакарала» (1965), кн. вершаў, паэм і п’ес Я.Купалы «Не жалейка стогне» (1957), паэт.зб-кі Калачынскага «Прыгоды Патапкі» (1960), М.Танка «След бліскавіцы» (1961), Я.Коласа «Ой вы, думы, думы...» (1962), кн. апавяданняў і аповесцей Я.Брыля «У Забалоцці днее» (1955) і «Зялёная школа» (1963), З.Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956), кн. прозы М.Танка «Лісткі календара» (1969), кн. апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад» (1988), аповесці В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1994), раманы І.Шамякіна «Крыніцы» (1958) і «Сэрца на далоні» (1966), М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965), В.Хомчанкі «Вяртанне ў агонь» (1983), В.Коўтун «Крыж міласэрнасці» (1997) і інш. На літ. мову бел. творы перакладалі А.Антанавічус, Балтакіс, Жукаўскас, А.Лапінскене, Э.Легутэ, Матузявічус, Межэлайціс і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі: анталогіі прозы «Літоўскія апавяданні» (1957), паэзіі «Паэты Савецкай Літвы» (1954), «Галасы сяброў» (1958), «Літоўская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1977), зб-кіліт.нар. казак «Цудоўная крыніца» (1955), «Літоўскія народныя казкі» (1961), «Літоўскі гумар» (1966), казка «Чаму ў моры вада салёная?» (1970), раманы Венцлавы «Дзень нараджэння», Балтушыса «Прададзеныя гады» (абодва 1961), В.Бубніса «Пад летнім небам» (1982), В.Місявічуса «Мядзведжая акадэмія» (1988), Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), паэма Данелайціса «Чатыры пары года» (1983), «Паэма братэрства» (1958) і зб. вершаў «Чалавек» (1984) Межэлайціса, зб-кі паэзіі Матузявічуса «Просіцца ў песню мора» (1965), Нерыс «Калі зямля прачынаецца» (1971), Марцінкявічуса «Трава і камень» (1981), Малдоніса «Вадзяныя знакі» (1985), шэраг твораў для дзяцей, у т. л.кн. вершаў Э.Балёнене «Уцёс і ружа» (1976), зб-кі вершаў «Рамоначак-Рамунеле» (1979), А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), кн. аповесцей Бубніса «Белы вецер» (1978), аповесць-казка Саі «Гэй, хавайцеся!» (1982), казка Цвіркі «Срэбная куля» (1991) і інш. На бел. мову творы літ. пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць А.Асташонак, Барадулін, Броўка, Я.Войніч, А.Вярцінскі, М.Гіль, С.Грахоўскі, М.Грынблат, А.Зарыцкі, А.Звонак, В.Іпатава, Калачынскі, І.Калеснік, Г.Каржанеўская, У.Карызна, Лойка, Е.Лось, В.Лукша, П.Марціновіч, С.Панізнік, А.Разанаў, Ю.Свірка, Р.Семашкевіч, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, А.Ставер, М.Танк і інш.Літ.-бел. сувязі даследуюць Лапінскене, А.Мальдзіс і інш.
Архітэктура. Пры археал. раскопках стаянак мезаліту і асабліва неаліту (4—2-е тыс. да н.э.) выяўлены рэшткі круглых і авальных у плане жытлаў з адкрытым ачагом, сценамі з верт. жэрдак з глінянай абмазкай. У пач.н.э. з’явіліся зрубныя, прамавугольныя ў плане пабудовы, умацаваныя паселішчы родавых абшчын — гарадзішчы-пілякальнісы (5—8 ст.) з равамі, валамі і частаколам з бярвён. У 9—12 ст. на тэр. пілякальнісаў будавалі драўляныя замкі феадалаў. Жылыя пабудовы 12—14 ст. — драўляныя зрубныя, з адкрытымі ачагамі ці глінянымі печамі. У перыяд барацьбы з крыжакамі будавалі шматлікія драўляныя (Кярнава) і каменныя (Каўнас) замкі. У 14 ст. ўзводзіліся буйныя абарончыя замкавыя комплексы (Тракайскі замак). Для ранняй замкавай архітэктуры характэрны манументальнасць, стрыманы дэкор, арган. ўпісанне ў прыроднае асяроддзе (Верхні замак, замак Гедзіміна ў Вільнюсе). Гар. забудова была пераважна драўляная, з 14 ст. ставілі і цагляныя будынкі. Некаторыя гарады абкружалі каменнымі сценамі (рэшткі гар. сцен з Вострай брамай у Вільнюсе, 16 ст.). Для пабудоў 14—1-й пал. 15 ст. (ранняя готыка) характэрны храмы з высокімі 2-схільнымі дахамі і трохвугольнымі франтонамі, рэдкімі аконнымі праёмамі ў масіўных сценах, умацаваных контрфорсамі, перакрытыя нервюрнымі крыжовымі скляпеннямі (касцёл Вітаўта ў Каўнасе). Культавыя збудаванні позняй готыкі (канец 15—16 ст.) сталі больш дэкаратыўныя, са святочным дэкорам з фасоннай цэглы разнастайнай канфігурацыі ў аздабленні фасадаў (т.зв. Дом Пяркуна ў Каўнасе, касцёл св. Ганны ў Вільнюсе). Блізкімі да нар. дойлідства былі драўляныя касцёлы і званіцы. У 1-й пал. 16 ст. пачала пашырацца архітэктура Адраджэння, фарміраваліся гарады і мястэчкі з рэгулярнай планіроўкай (Біржай, Вірбаліс і інш.). У грамадз. архітэктуры гатычныя канструкцыі і планы часта спалучаліся з дэкорам у духу Адраджэння. Большасць феад. замкаў захоўвала сярэдневяковы абарончы характар (замак у Віценай, пач. 17 ст.). Будавалі таксама крэпасці-бастыёны (Клайпеда, Біржай), комплексы замкаў-рэзідэнцый феадалаў з палацам у цэнтры (замкі Ніжні ў Вільнюсе, каля 1530, і Раўдоне, канец 16 ст.). У 17—18 ст. узводзіліся пышныя касцёлы і палацы ў стылі барока (касцёлы св. Казіміра, св. Тэрэзы, палацы Слушкаў, Сапегаў у Вільнюсе, Пажайсліскі арх. ансамбль у Каўнасе). Інтэр’еры найб. значных цэркваў перыяду сталага барока аздаблялі багатым ляпным дэкорам (касцёл св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе), размалёўкамі. У перыяд позняга барока (1700—90) сфарміраваўся стыль т.зв.Віленскага барока (касцёлы св. Кацярыны, місіянераў, брама Базыльянскіх муроў у Вільнюсе). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пашырыліся прынцыпы класіцызму (Кафедральны сабор св. Станіслава; ратуша, цяпер Маст. музей; у Вільнюсе), распрацаваны і часткова здзейснены праекты рэгулярнай планіроўкі Вільнюса (1817), Каўнаса (1847, 1871), Швенчоніса (1874) і інш. гарадоў. Пасля 1820 пашыраюцца стылі ампір (б. губернатарскі палац, рэканструяваны ў 1832) і ампір мясцовы (панская сядзіба ў Траку-Воке Вільнюскага павета). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. дамінавалі эклектычныя формы, стылістычныя тэндэнцыі рамантызму, гістарызму (неаготыка, неарэнесанс, неабарока, неакласіцызм і інш.): будынкі філармоніі ў Вільнюсе, банка ў Каўнасе, касцёлы ў Рокішкісе і Паланзе; палац Тышкевічаў у Паланзе (цяпер Музей бурштыну). У 1930-я г. будавалі ў духу мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму (будынак паштамта, Маст. музей імя М.Чурлёніса ў Каўнасе, мікрараён на Антокалі ў Вільнюсе). Пасля 2-й сусв. вайны складзены генпланы буйных гарадоў: Вільнюса (1951, 1967, 1981), Шаўляя (1951, 1963, 1980), Паневяжыса (1951, 1962, 1973), Клайпеды (1952, 1964, 1977), Каўнаса (1953, 1983). Фарміруюцца новыя прамысл. гарады Наўйойі-Акмяне (з 1948), Электрэнай (з 1960), Вісагінас (з 1978) і інш. Сучаснай архітэктуры ўласцівы планамернае развіццё гарадоў, рацыянальнае размяшчэнне прамысл. зон і жылых раёнаў, укараненне тыпавога праектавання і індустр. метадаў буд-ва. Вясковае буд-ва адметнае спалучэннем сучасных арх. форм і традыцыйнай забудовы, азеляненнем. Для жылых гар. раёнаў характэрны рацыянальная планіроўка, кампактныя цэнтры, сувязь з ландшафтам, прастата форм: у Вільнюсе — Жырмунай (з 1962), Лаздзінай (з 1967), Каралінішкес (з 1971), у Каўнасе — Кальнечу (1976—85), Эйгулю (з 1985), у Клайпедзе — Чацвёрты (1968—74), у Шаўляі — Лепарай (1966—82), у Алітусе — Відгірыс (1984). Архітэктура грамадз. збудаванняў вызначаецца строгасцю форм, функцыян. мэтазгоднасцю, у афармленні інтэр’ераў пашыраны дрэва, кераміка, вітражы, вырабы з металу, манум.-дэкар. жывапіс і скульптура: кавярня (1959) і гасцініца (1960) «Нярынга», Выставачны палац (1967), будынкі Літ.нац.т-ра оперы і балета (1974), Літ.драм.т-ра (1981), комплекс бальніц Сантарышкес (1972—83) — усе ў Вільнюсе; аўтавакзал у Шаўляі (1966); санаторыі і дамы адпачынку ў Друскінінкаі («Жыльвінас», 1969, «Лінас», 1979). У Друскінінкаі помнік Чурлёнісу (1975, скульпт. В.Вільджунас). У 1944 засн. Саюз архітэктараў Л. Іл.гл. таксама да арт.Вільнюс.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З эпохі неаліту на тэр. Л. вядомы вырабы з каменю, косці і дрэва са скульпт. дэкорам, арнаментаваны гліняны посуд, бурштынавыя фігуркі жывёл і людзей. У бронз. веку пашырыўся выраб упрыгожванняў з каляровых металаў і бурштыну (скроневыя падвескі, шыйныя грыўні, фібулы, бранзалеты, пярсцёнкі), дэкарыраваных зброі, даспехаў і конскай вупражы. У аздабленні выкарыстоўваліся ліставое серабро, сіняе шкло, геам. і стылізаваны анімалістычны і расл. арнамент, часам рэльефныя выявы. У сярэдневякоўі мастацтва Л. развівалася пад уплывам краін Зах. і Усх. Еўропы ў агульным рэчышчы развіцця культур інш. народаў ВКЛ. У 13—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва — ювелірная справа, глазураваная кераміка, рэльефная кафля, разьба па дрэве і косці; пашырыліся драўляная гатычная пластыка («Мадонна», 15 ст., царква ў Крэцінзе), манум. жывапіс, у т. л. свецкі (размалёўкі пач. 15 ст. ў Тракайскім замку, не захаваліся). З пач. 16 ст. паралельна з готыкай развівалася рэнесансавае мастацтва, у якім дамінавалі партрэтны жанр і рэліг. кампазіцыі. Пашырыліся каменныя скульпт. надмагіллі з партрэтнымі выявамі. З пачаткам кнігадрукавання развіваўся дрэварыт, пазней медзярыт. У тэхніцы гравюры выконваліся тытульныя лісты, ініцыялы, застаўкі, канцоўкі кніг («Катэхізіс» М.Мажвідаса, 1547; «Посціла каталіцкая» Я.Вуека ў перакладзе М.Даўкшы, 1599). У 17—18 ст. у аздабленні барочных палацаў і цэркваў выкарыстоўваліся скульптура і манум.-дэкар. жывапіс (размалёўкі манастыра кальмадалійцаў у Пажайслісе каля Каўнаса, 1677—84). Багаццем дэкар. матываў, пластычнай экспрэсіяй вызначаліся разныя драўляныя алтары, скульптура. Працавалі жывапісцы С. дэ Мірыс, М.А.Палоні, І.Прэхтэль, С.Чэховічус, Ю.Шульцас, скульптары Дж.М.Галі, І.Мерлі, П.Перці, графікі П.Бальцявічус, Л.Вілацас, К.Гётке, К.Карэнга, І.Пятраўскас, Т. і М.Шнопсы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст.літ. мастакі працавалі пераважна ў стылях класіцызму і рамантызму. Вял. ўклад у станаўленне літ.маст. школы зрабілі мастакі І.Аляшкевіч, В.Дмахоўскі, К.Русецкі, Я.Рустэм, Ф.Смуглевіч, скульпт. К.Ельскі і інш., дзейнасць маст. факультэтаў Віленскага ун-та. У дэкар.-прыкладным мастацтве сталі пашыранымі мануфактурныя вырабы маст. тэкстылю (шпалеры, дываны, паясы; майстры І.Літвінкявічус, А.Маркявічэне, М.Вербіцкіс), керамікі (М.Траповічус, П.Шуманаўскас, Л.Юравічус), шкла і інш. У жывапісе сярэдзіны 19 ст. дамінавалі партрэт (А.Валінавічус, І.Іацейка, К.Рыпінскі) і пейзаж (М.Кулеша, К.Рачынскі, М.Янушавічус). У жанравых і гіст. кампазіцыях сцвярджаліся ідэі нац. самасвядомасці (Ю.Карчэўскіс, К.Кукявічус і інш.). У графіцы былі пашыраны кніжная ілюстрацыя (В.Неверавічус, В.Смакоўскі), эстампы (партрэты і гіст. кампазіцыі Б.Кіслінга, М.Пшыцкіса, Ю.Саўндэрса, Ю.Хшчановіча). Ствараліся скульпт. партрэты (Р.Слізень, І.Цэйзік). У 2-й пал. 19 ст.рэаліст. кірунак развіваўся ў творчасці Р.Алекна-Швайніцкіса, Ю.Балзукявічуса, І.Зенкявічуса, А.Рэмерыса і інш. На пач. 20 ст. важную ролю ў фарміраванні нац.маст. школы адыграла дзейнасць Літ.маст.т-ва (засн. ў 1907). Найб. пашыраны былі жанравы рэаліст. жывапіс (А.Жмуйдзінавічус, П.Калпокас, М.Чурлёніс) і скульптура (Ю.Зікарас, П.Рымша). У 1919—40-я г. мастацтва Л. вызначалася разнастайнасцю кірункаў і плыняў. Разам з рэаліст. мастацтвам развіваліся імпрэсіянізм (Жмуйдзінавічус, Калпокас, К.Склерус), сімвалізм (А.Варнас, К.Шымоніс), акадэмізм і натуралізм (І.Мацкявічус, З.Пятравічус, І.Януліс). У скульптуры пераважаў рэаліст. кірунак, часам у спалучэнні з рысамі акадэмізму, імпрэсіянізму (Р.Анцініс, Б.Бучас, В.Грыбас, Ю.Мікенас, Б.Пундзюс). У 1930-я г. ў творчасці мастакоў з аб’яднанняў «АРС», «Т-ва незалежных мастакоў» і інш. авангардысцкія тэндэнцыі спалучаліся са зваротам да традыцый нар. мастацтва (В.Візгірда, А.Галвдзікас, А.Гудайціс, А.Самуоліс і інш.). Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (І.Грэгараўскас, У.Дубянецкі, У.Дзіджокас), графіка (С.Жукас, Б.Жэконіс, І.Кузмінскіс, В.Юркунас), манум.-дэкар. і прыкладное мастацтва (вітражы С.Ушынскаса, мазаікі Мікенаса, кераміка В.Мікнявічуса, керамічная дробная пластыка В.Манамайціса). У канцы 1940-х — 1960-я г. ў мастацтве пераважалі тэматычная карціна (С.Грачоў, В.Дзілка, Жмуйдзінавічус, В.Мацкявічус, Б.Яцявічутэ), пейзаж (І.Бурачас, Гудайціс, Л.Кацінас, А.Мацеюнас, А.Пятруліс, А.Савіцкас, І.Шылейка), партрэт (Ю.Венажынскіс, І.Трэчакайтэ-Жэбянкене, М.Цвіркене, Януліс), развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, вітражы (А.Стомкус). У скульптуры дамінаваў партрэт (П.Александравічус, П.Вайвада, Л.Жукліс, Пундзюс, Н.Пятруліс), ствараліся сюжэтныя кампазіцыі (К.Багданас, Ю.Кедайніс, К.Кіселіс). У жывапісе 1970—90-х г. пераважаў каларыстычны кірунак (Р.Бічунас, С.Вейверытэ, Гудайціс, С.Джаўкштас, В.Каратаюс, В.Кісараўскас, Мацеюнас, В.Павілайціс, Савіцкас, Л.Сургайліс, Л.Тулейкіс, В.Цыпліяўскас, І.Чэпоніс, І.Шважас, С.Юсёніс). Скульптура вызначалася выразнасцю форм, выкарыстаннем нар. традыцый (Александравічус, А.Амбразюнас, Анцініс, Г.Якубоніс, Э.Фрэгос і інш.). Самабытны характар набыла літ. школа графікі і кніжнай ілюстрацыі (В.Валюс, Р.Гібавічус, Б.Жылітэ, С.Красаўскас, А.Скіруцітэ, А.Сцяпанавічус, Юркунас). Высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва кераміка (Ю.Адамоніса, А.Лічкутэ, М.Врубляўскаса, Г.Яцэнайтэ), маст. тэкстыль (Ю.Бальчыконіса, В.Даўётаса, М.Шважэне) і маст. апрацоўка бурштыну (Ф.Даўкантаса, К.Сіманоніса). У нар. мастацтве вызначаецца самабытная драўляная скульптура (невял. выявы святых, Хрыста і інш.) і дрэварыт У 1940 засн. Саюз мастакоў Л.
Музыка. Літ.муз. фальклор уключае працоўныя, каляндарныя і сямейныя абрадавыя, лірычныя, ваен.-гіст. і інш. песні, інстр. найгрышы, танцы. На Пд Л. пашырана аднагалоссе, антыфоннае спяванне, у паўн.-зах. і паўн.-ўсх. (Аўкштайція) раёнах — песні гамафоннага складу. У Аўкштайціі захавалася найб. спецыфічная частка літ.муз. фальклору — архаічныя поліфанічныя песні сугарцінес (у суправаджэнні ансамбля духавых інструментаў скудучай, трымітас ці струнна-смычковых канклес). Сярод інш.літ.нар. інструментаў: духавыя — бірбіне, даўдзітэ, ожрагіс, лумздзяліс, лабанора дуда; варган бандурэліс; ударны шумавы — джынгуліс. З прыняццем хрысціянства пашырыліся грыгарыянскі спеў, зах.-еўрап. музыка; у касцёлах спявалі хары, устанаўліваліся арганы. З канца 14 ст. ў касцельных і кляштарных школах навучалі спевам, пазней ігры на аргане. У 1547 у кн. «Катэхізіс» М.Мажвідаса ўпершыню апублікаваны літ. духоўныя песнапенні. Свецкае музіцыраванне развіваецца з 14 ст., напачатку пры дварах вял. князёў, дзе існавалі вак.-інстр. капэлы. У 16 ст. ў Вільні працавалі Б.Бакфарк, Вацлаў з Шамотул і інш. замежныя музыканты. У 1636 італьян. оперная трупа паставіла ў Вільні першы оперны спектакль «Выкраданне Алены» (мяркуюць, на музыку М.Скакі). Сярод кампазітараў-аматараў 17—18 ст. К.Рудаміна-Дусецкі, А.Гобята. У Віленскім ун-це ставіліся муз. спектаклі, працавалі аркестры, хары, пазней семінарыя для настаўнікаў і арганістаў (канец 18 ст.), выкладаліся ігра на муз. інструментах і музыказнаўства (Я.Д.Голанд, І.Рэнер). У 19 ст. выйшлі першыя зборнікі нар. песень (Кёнігсберг, 1825; Вільня, 1829). У Віленскім гар. т-ры ставіліся оперы В.А.Моцарта, К.М.Вебера і інш. У розны час у Вільні працавалі М.Дылецкі, С.Манюшка. У 1873—1915 у Л. дзейнічала аддзяленне Рас.муз.т-ва. Традыцыі новай нац. музыкі закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў творчасці М.Чурлёніса, М.Пятраўскаса (першая літ. опера «Бірутэ», 1906; аперэты, хар. творы), Ч.Саснаўскаса, Ю.Наўяліса (кіраўнік хору «Дайна» і т-ва арганістаў, заснавальнік курсаў арганістаў, 1892, і муз. школы, 1919, з 1933 кансерваторыя), С.Шымкуса, Ю.Груадзіса. У канцы 1918 — пач. 1919 працавала Муз. калегія Наркамасветы Л. (Ю.Талат-Кялпша, К.Галкоўскі і інш.). У 1919—40 цэнтрам літ. культуры быў Каўнас. У 1920 у ім заснаваны Літоўскі нацыянальны тэатр оперы і балета (у 1948 пераведзены ў Вільнюс), дзе ў 1930-я г. пастаўлены нац. оперы Ю.Карнавічуса, А.Рачунаса, Пятраўскаса, І.Дамбраўскаса, балеты В.Бацявічуса, Груадзіса, Б.Дварыёнаса. Буйныя сімф. і камерна-інстр. творы пісалі Груадзіс, Бацявічус, Ю.Жылявічус (аўтар першай літ. сімфоніі, 1922), Карнавічус, К.-В.Банайціс, В.Якубенас, Рачунас, І.Набажас, Ю.Гайдзяліс, Ю.Пакальніс; у галіне хар. музыкі працавалі Шымкус, Талат-Кялпша, А.Качанаўскас, Ю.Каросас і інш. Значную ролю ў культ. жыцці краіны адыграў Саюз музыкантаў Л. (1924—40). У пач. 1940-х г. у Каўнасе адкрыты т-рмуз. камедыі (цяпер Каўнаскі муз.т-р), у Вільнюсе — філармонія, у складзе якой працавалі сімф. аркестр, хор, ансамбль песні і танца. У гады 2-й сусв. вайны некаторыя літ. музыканты працавалі ў Расіі (у г. Пераслаўль-Залескі створаны Дзярж.маст. ансамбль Літ. ССР). У 1945 у Вільнюсе адкрыта Літ. кансерваторыя (у 1949 аб’яднана з Каўнаскай, з 1971 дзейнічае яе філіял у г. Клайпеда). З 1946 рэгулярна праводзяцца пеўчыя святы. У 1940—50-я г. ў вак.-сімф. і муз.-сцэн. жанрах працавалі кампазітары Рачунас, Ю.Юзелюнас, А.Белазарас, В.Клова, Дварыёнас. З 1960-х г. творчасць кампазітараў Л. стала больш разнастайнай у стылявых і жанравых адносінах, абнавілася муз. мова, паглыбілася цікавасць да нар. творчасці. Паявіліся оперы Юзелюнаса, Рачунаса, В.Лаўрушаса, П.-В.Палтанавічуса, В.Баркаўскаса, Э.Бальсіса, балеты Бальсіса, А.Рэкашуса; аперэты, мюзіклы, араторыі Бальсіса, В.Юргуціса, Б.Кутавічуса; кантаты Юзелюнаса, творы інш. жанраў А.Бражынскаса, А.Марцінайціса. У галіне сімф. і камерна-інстр. музыкі працуюць Дварыёнас, С.Вайнюнас, Юзелюнас, Бальсіс, Ф.Р.Баёрас, О.Балакаўскас, Баркаўскас, Кутавічус, Рэкашус, В. і Ю.Юазапайцісы, Марцінайціс, В.Монтвіла, О.Нарбутайтэ, М.Урбайціс і інш., у песенным жанры — К.Кавяцкас, Дамбраўскас, Баёрас, у эстр. музыцы — Б.Гарбульскіс, Т.Макачынас і інш. У Вільнюсе праводзяцца Міжрэсп. конкурс юных піяністаў імя Чурлёніса (з 1965), рэсп. конкурс юных піяністаў імя Дварыёнаса (з 1974), фестывалі камерных аркестраў, стр. квартэтаў, арганнай музыкі, у г. Шаўляй — фестываль старадаўняй музыкі, у Клайпедзе — «Музычная вясна». Сярод выканаўцаў: дырыжоры І.Алекса, В.Віржоніс, Р.Генюшас, Дварыёнас, Ю.Домаркас, А.Кленіцкіс, Х.Паташынскас, С.Сандзецкіс; хар. дырыжоры В.Баргусявічус, А.Будрунас, А.Іазенас, Кавяцкас, Каросас, А.Крогертас, І.Швядас; піяніст Вайнюнас, скрыпачы Р.Кацілюс, А.Лівантас, Э.Паўлаўскас, арганіст Л.Дзігрыс; спевакі В.Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.Апанавічутэ, Б.Грынцявічутэ, К.Гутаўскас, В.Даўнарас, Э.Канява, Г.Каўкайтэ, Р.Марыёшус, І.Мількявічутэ, В.Нарэйка, В.Пруднікавас, К.Пятраўскас, А.Садзейка, Э.Саўлявічутэ, Р.Сіларыс, І.Стасюнас, А.Сташкявічутэ, А.Чудакова, К.Шылгаліс. Сярод музыказнаўцаў Ю.Гаўдрымас, Я.Чурлёнітэ, А.Амбразас, В.Ландсбергіс, О.Нарбуцене. У Л. працуюць: Літ.т-р оперы і балета, опера, Каўнаскі і Клайпедскі муз. т-ры; філармонія (з 1940; у яе складзе сімф. і камерны аркестры, 3 струнныя квартэты, ансамбль старадаўняй музыкі «Musica humana», эстр. ансамблі); Каўнаскі дзярж. хор (з 1969), камерны хор «Поліфанія» (з 1986), хор і аркестр лёгкай музыкі тэлерадыёкампаніі Л. (з 1963); ансамбль песні і танца «Летува» (з 1940); кансерваторыя, муз. вучылішчы і інш. У Каўнасе дзейнічае (з 1986) Музей старадаўніх літ.муз. інструментаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы са старажытнасці ў нар. абрадах, святах, танцах. Да сярэдзіны 20 ст. ў вёсках ставіліся імправізаваныя быт. сцэнкі з выкарыстаннем масак, спец. вопраткі, бутафорыі. У 16—18 ст. развіваўся школьны т-р. У Віленскім ун-це і езуіцкіх калегіумах ставіліся рэліг. прадстаўленні на лац., пазней на польскай мове, інтэрмедыі на літ. мове. Гастраліравалі прафес. трупы з Італіі, Англіі і інш. У 1639 у Вільні на тэр. Ніжняга замка ўзведзены спец.тэатр. будынак. Тэатр. трупы існавалі пры дварах вял. князя і буйных магнатаў. У 1785 В.Багуслаўскі стварыў першы публічны Віленскі гар.т-р (дзейнічаў да 1864), у якім працавалі трупы пад кіраўніцтвам М.Кажынскага, М.Корвел-Мараўскай, К.Скібінскага, К.Шлёгерыса і інш. Спектаклі ставіліся пераважна на польскай, з сярэдзіны 19 ст. і на рус. мовах. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. аматарскія т-вы і драм. гурткі на літ. мове дзейнічалі ў Вільні, Каўнасе, Паневяжысе, Шаўляі і інш. Першы публічны спектакль на літ. мове (камедыя Кетуракіса «Амерыка ў лазні») адбыўся ў Паланзе ў 1899. У 1916 Ю.Вайчкус арганізаваў драм. студыю ў Пецярбургу (з 1918 у Вільні), з якой узнік першы літ.прафес. т-р. У 1919 у Вільні існаваў Дзярж.літ.т-р (кіраўнік К.Глінскіс). У 1919—40 цэнтрам тэатр. жыцця быў Каўнас, дзе працавалі Нац.т-р (1916 і 1923—25), сатыр.т-р «Вілколакіс» (1919—25), Дзярж.т-р (з 1920, пазней Каўнаскі драм.т-р). У 1931 адкрыўся Шаўляйскі т-р драмы (у 1935—39 працаваў у Клайпедзе). Ставіліся літ. драматургія (Б.Варгшас-Ляўцявічус, Л.Гіра, Жэмайтэ, Кетуракіс, Г.Ландсбергіс-Жамкальніс, А.Фромас-Гужуціс) і перапрацаваная для літ. гледача сусв. класіка. Працавалі рэжысёры А.Олека-Жылінскас, Глінскіс, Вайчкус, Б.Даўгувеціс, А.Руцявічус, А.Суткус, І.Місюс, акцёры З.Арлаўскайтэ, Т.Вайчунене, А.Вайнюнайтэ, Ю.Талмантас, М.Грыкшайтэ-Вайчкувене, П.Кубертавічус, Ю.Лаўцюс, Ю.Пятраўскас, П.Пінкаўскайтэ, Э.Руцявічэне, Ю.Стануліс, І.Страздас, М.Хадаравічус і інш. У 1940 створаны Вільнюскі дзярж.т-р (з 1955 Акад.т-р Літвы), Панявежскі драм.т-р, Каўнаскі т-р юнага гледача (дзейнічаў да 1959), Марыямпальскі драм.т-р (дзейнічаў да 1949), у 1946 — Рус.драм.т-р (Вільнюс), у 1958 — Каўнаскі т-р лялек і Вільнюскі т-р «Леле» («Лялька»), у 1965 — Маладзёжны т-р (Вільнюс). У пасляваенны час ставіліся творы літ. аўтараў Ю.Балтушыса, Ю.Грушаса, А.Грыцюса, А.Гудайціса-Гузявічуса, Даўгувеціса, Ю.Марцінкявічуса, К.Саі, сусв. класіка. З 2-й пал. 1950-х г.тэатр. мастацтва вызначалася разнастайнасцю сцэн. форм і стыляў. Ставіліся героіка-манум., рамант., ярка тэатр. і філас. спектаклі. З 1970-х г. пашырыліся пастаноўкі гіст. тэматыкі. У 1970—90-я г. плённа працавалі рэж. Г.Ванцявічус, І.Вайткус, А.Рагаўскайтэ, Э.Некрошус, Г.Падзегімас, акцёры Р.Адамайціс, Г.Баландзітэ, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Р.Варнайтэ, К.Віткус, К.Геніс, Н.Гельжынітэ, А.Лаценас, А.Масюліс, Пінкаўскайтэ, А.Росенас, Ю.Рудзінскас, Р.Сталілюнайтэ, К.Тумкявічус, М.Чэрняўскайтэ, А.Шурна, С.Юкна, К.Юрашунас, Ф.Якшыс і інш. У Л. працавалі бел.тэатр. калектывы. У 1910—15 і ў 1916 дзейнічаў Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, наладжваліся бел. вечарынкі. Выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага (1910). У т-рах Л. ставіліся п’есы «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «У ціхім завулку» А.Маўзона, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя фільмы пра Л. стварыў у 1909 аператар і рэж. В.Старавічус («Каля Нямунаса» і інш.). У 1909—13 А.Раджунас (Рачунас) здымаў хранікальныя кароткаметражныя фільмы для амер. літоўцаў. Кінахроніка з’явілася ў Л. ў 1921, рэгулярна здымалася з 1932 аператарамі-аматарамі (С.Уздонас, С.Вайналавічус, А.Жыбас і інш.). Здымаліся і камедыі: «Урач паняволі» (1927), «Літоўскі салдат» (1928), «Анітэ і Іаняліс» (1931, рэж. усіх Ю.Лінартас). Першы лялечны фільм «Сон таўстуна» зняты ў 1938 (аператар Жыбас, мастак С.Ушынскас). У 1940 у Каўнасе створана Студыя хранікальных і дакумент. фільмаў (з 1944 кінастудыя, з 1946 Літ. кінастудыя; з 1949 у Вільнюсе). У 1945 пачаўся выпуск тэматычных кіначасопісаў («Савецкая Літва» і інш.), з 1950-х г. — дакумент. («Яны — з Каўнаса», «Мае сябры», рэж. абодвух В.Старошас) і маст. («Над Нямунасам світанак», 1953, рэж. А.Файнцымер; «Мост», 1956, рэж. Б.Шрэйбер; «Юлюс Яноніс», 1959, рэж. Б.Браткаўскас, В.Дабашынскас) фільмаў. Для дакумент. фільмаў 1960—80-х г. характэрны паказ працы і творчасці («Там, за дзвярыма», 1966, рэж. А.Даўса; «Вядзьмарка», 1975; «Пастскрыптум да старога фільма», 1980, рэж. Р.Шылініс, Старошас), псіхал. аналіз («Стары і зямля», 1965, «Думы стогадовых», 1969, «Свет як вялікая сімфонія», 1975, усе рэж. Р.Верба), гіст. тэматыка («Вільнюскі універсітэт», 1978, рэж. А.Дзігімас; «Любоў і здрада», 1984, рэж. Л.Лазенас). Для маст. фільмаў гэтых часоў уласцівы актуальная праблематыка, яркая маст. форма: «Хроніка аднаго дня» (1963), «Ніхто не хацеў паміраць» (1965), «Гэта салодкае слова — свабода» (1972) В.Жалакявічуса; «Крокі ў начы» (1962), «Лесвіца ў неба» (1966), «Чэрвень, пачатак лета» (1969), «Абмен» (1977), «Палёт праз Атлантыку» (1983) Р.Вабаласа; «Апошні дзень канікул» (1964; прэміі міжнар. кінафестываляў у Лакарне 1965, у Канах 1966), «Прыгажуня» (1969), «Арэхавы хлеб» (1977) А.Жэбрунаса; «Пачуцці» (1968; прэмія міжнар. кінафестывалю ў Сан-Рэма 1975) А.Грыкявічуса і Даўсы; «Мужчынскае лета» (1970), «Расколатае неба» (1974), «Квітненне непасеянага жыта» (1978) М.Гедрыса; «Маленькая споведзь» (1972), «Злітуйся над намі» (1978) А.Арамінаса; «Жанчына і чатыры яе мужы» (1983) А.Пуйпы. З 1961 здымаюцца тэлефільмы: «Няскончанае апавяданне» (1966), «Тадас Блінда» (1972), «Кар’ера Дзічуса» (1980, усе рэж. Браткаўскас), «Уся праўда пра Калумба» (1970, рэж. Жалакявічус), «Смок і Малыш» (1975), «Багач бядняк» (1983, абодва рэж. Вабалас), «Прыгоды Калесышчыка» (1976, рэж. Жэбрунас), «Восень майго дзяцінства» (1977, рэж. Г.Лукшас), «Амерыканская трагедыя» (1981, рэж. Гедрыс) і інш. Сярод акцёраў: Р.Адамайціс, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Г.Кураўскас, А.Масюліс, Л.Нарэйка, Э.Плешкітэ, В.Томкус, Э.Шулгайтэ, А.Шурна і інш. У 1958 засн. Саюз кінематаграфістаў Л.
Беларусы ў Літве. З часоў ВКЛ да 1-й сусв. вайны сац.-эканам., нац. і культ. развіццё беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзярж. прасторы. Гал.бел. асяродкам тут здаўна была Вільня (гл.Вільнюс), дзе існавалі агульныя дзярж. і культ. ўстановы, у т. л. Віленскі ун-т, Віленская брацкая друкарня. Пасля далучэння. ў канцы 18 ст.бел. і літ. зямель да Рас. імперыі беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў нац.-вызв. руху (паўстанне 1794, т-вы філаматаў, філарэтаў і прамяністых, дзейнасць Ш.Канарскага і Ф.Савіча, паўстанне 1830—31, паўстанне 1863—64). Паводле перапісу 1897 на тэр. цяперашняй Л. жыло 70,3 тыс. беларусаў, яны складалі большасць насельніцтва Віленскай губ. (56%). У пач. 20 ст. ў Вільні дзейнічалі Віленскае мастацка-прамысловае таварыства, Віленскае мастацкае таварыства, выдавецтва «Нашай нівы», Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасць у 1919—30), Беларускі музычна-драматычны гурток, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва». У 1-ю сусв. вайну пасля акупацыі Л. герм. войскамі ў Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клуб, у Коўне — Беларуская грамада. З абвяшчэннем незалежнасці Л. (люты 1918) дзейнасць бел. арг-цый на акупіраванай герм. войскамі тэр. Беларусі і Л. каардынавала Віленская беларуская рада (ВБР). Пасля дэнансацыі Брэсцкага міру 1918 прадстаўнікі ВБР увайшлі ў Літоўскую Тарыбу, створана Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У снеж. 1918 у Вільні, у канцы 1920 — кастр. 1923 у Каўнасе знаходзіўся ўрад БНР, у 1919—23 тут размяшчалася і дыпламат.Беларускае прадстаўніцтва. У чэрв. 1919 у Каўнасе сфарміраваны 1-я і 2-я асобныя бел. роты, якія разам з літ. часцямі ўдзельнічалі ў баях супраць сав. і польск. войск. У ліст. 1919 абедзве роты аб’яднаны ў Бел. батальён. У крас. 1920 ён пераўтвораны ў Бел. асобную роту, у снеж. 1920 зноў у Бел. асобны батальён, які да 1923 вёў антыпольск. партыз. вайну на тэр.Зах. Беларусі. У кастр. 1920 войскі польск. ген. Л.Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край (гл.Сярэдняя Літва) і ў пач. 1922 сейм зацвердзіў іх уключэнне ў склад Польшчы як Віленскае ваяводства. З гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадскім, асветным і культ. цэнтрам Заходняй Беларусі. У 1923—24 у барацьбе супраць Польшчы з літ. бокам супрацоўнічаў «Бел. стралецкі саюз». У пач. 1920-х г. у Каўнасе дзейнічалі замежная група партыі бел. эсэраў, Беларускае сабранне, Беларускае брацтва і інш.; у Л. выходзіла значная колькасць беларускамоўных перыяд. выданняў. Пасля скасавання Мін-вабел. спраў Літвы (1923), пераемнікам якога намагаўся стаць Беларускі цэнтр (Каўнас), з-за непрыхільнага стаўлення ўлад Л. да бел.нац. праблем грамадская актыўнасць беларусаў у Л. паменшылася; да канца 1920-х г. тут былі закрыты амаль усе бел. школы. У 1930-я г. нац.-культ жыццё беларусаў у Л. зноў актывізавалася (гл.Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Каўнасе), адноўлены каўнаскі Бел.цэнтр. У пач. 2-й сусв. вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Л. (кастр. 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. У час акупацыі Л. ням.-фаш. войскамі (1941—44) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, бел. настаўніцкая семінарыя, Беларускі музей у Вільні (закрыты ў 1945), выдавалася газ.«Беларускі голас» (рэд. Ф.Аляхновіч). Пасля вызвалення Л. частка беларусаў Віленшчыны на падставе літ.-польск. пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22.9.1944 перасялілася ў Польшчу. З 1945 у Л. па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася тут з 30 тыс.чал. у 1959 да 63 тыс. у 1989, аднак арганізаванага нац. жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П.Сергіевіч, З.Верас, Л.Луцкевіч, Я.Шутовіч і інш. Актывізацыя грамадскага жыцця бел.нац. меншасці ў Л. пачалася ў часы лібералізацыі грамадска-паліт. жыцця ў СССР (2-я пал. 1980-х г.), калі ўзнік шэраг бел.культ.-асв. арг-цый, у т. л.«Сябрына». З 1989 у Л. трансліруюцца бел. перадачы на радыё і тэлебачанні. Пасля абвяшчэння незалежнасці Л., Беларусі і развалу СССР у 1991—96 з Л. ў Рэспубліку Беларусь вярнулася больш за 7,6 тыс. беларусаў, у Л. з Беларусі пераехала 3,8 тыс. яе жыхароў. Паводле літ. стат. звестак, у сярэдзіне 1990-х г. у Л. (пераважна ў Віленскім краі) жыло больш за 50 тыс. беларусаў (1,5% насельніцтва краіны). У пач. 1998 культ.-асв. працу ў Л. (у Вільнюсе, Друскінінкаі, Вісагінасе, Шальчынінкаі, Швенчонісе і інш.) вялі 15 бел. арг-цый, у т. л.Т-вабел. культуры, Т-вабел. мовы. З 1993 у Вільнюсе дзейнічае бел. сярэдняя школа імя Ф.Скарыны, у Вісагінасе і інш. гарадах Л. праходзяць выстаўкі твораў мастакоў-беларусаў, фестывалі бел. песні, выдаецца беларускамоўная перыёдыка і інш. Забеспячэнне суродзічам умоў для свабоднага развіцця роднай мовы, захавання традыцый, выканання рэліг. абрадаў, абарону законных правоў грамадзян Беларусі ў Л. прадугледжвае Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Л. (1995), бел.-літ. міжурадавае пагадненне аб абароне сваіх грамадзян на тэр. абедзвюх краін (1996), аб гарантыі іх правоў у галіне пенсіённага забеспячэння (1994) і інш.
Літ.:
Кудаба Ч.П. Па Віліі: Падарожныя запісы: Пер. з літ.Мн., 1992;
Римантене Р. Палеолит и мезолит Литвы. Вильнюс, 1971;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.М., 1965;
Мулявичус Л., Ючас М. Некоторые вопросы генезиса капитализма в Литве. Вильнюс, 1968;
История Литовской ССР (С древнейших времен до наших дней). Вильнюс, 1978;
Навицкас К.В. Литва и Антанта (1918—1920 гг.). Вильнюс, 1970;
Революционное движение в Вильнюсском крае, 1920—1940: Док. и материалы. Вильнюс, 1978;
Очерки истории Коммунистической партии Литвы: Пер. с лит. Т. 1—2. Вильнюс, 1973—80;
Гедвилас М.А. Годы великого перелома (1940—1945): Пер. с лит. Вильнюс, 1979;
История литовской литературы. Вильнюс, 1977;
Кубилюс В. Современная литовская поэзия. М., 1969;
Ланкутис Й. Панорама литовской советской литературы. Вильнюс, 1975;
Писатели Советской Литвы: [Биоблиогр. словарь). Вильнюс, 1978;
Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;
Лапінскене А., Мальдзіс А. Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988;
Червонная С., Богданас К. Искусство Литвы. Л., 1972;
Ясюлис Л. Изобразительное искусство Литовской ССР: Живопись. Театрально-декорационное искусство. Скульптура. Графика. Монументально-декоративное искусство: [Альбом]. М., 1978;
Литовская графика: [Альбом]. Вильнюс, 1982;
Гаудримас Ю. Из истории литовской музыки. Т. 1—3. М.; Л., 1964—78;
Ландсбергис В. Основные этапы развития литовской музыкальной культуры (возможности периодизации) // Прибалтийский музыковедческий сборник. Вильнюс, 1982. [Вып.] 1;
Мальцене М.М. Кино Советской Литвы. Л., 1980;
Горлов С.А. СССР и территориальные проблемы Литвы // Военно-ист. журн. 1990 № 7. Ружанцаў А. Беларускія войскі ў Літве 1918—1920 // Спадчына. 1993. №4;
Езавітаў К. Беларусы ў Літве. Рыга, 1932. Łatyszonek O. Bialoruskie formacje wojskowe, 1917—1923. Bialystok, 1995.
В.М.Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.Л.Дзікаселіс, Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя, узброеныя сілы), А.П.Лапінскене (літаратура), Т.Р.Мартыненка (архітэктура), С.У.Пешын (выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), Г.Г.Сяргеева, В.А.Астрога (беларусы ў Літве).
Герб і сцяг Літвы.Да арт.Літва. У наваколлі Вільнюса.Да арт.Літва. Каўнаскі замак.Да арт.Літва. Палац Радзівілаў у Вільнюсе.Да арт.Літва. Панарама Клайпеды.Да арт.Літва. Інтэр’ер касцёла святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе. 1668—76.Да арт.Літва. Замак у Раўдоне. Канец 16 ст.Да арт.Літва. Кафедральны сабор св. Станіслава ў Вільнюсе. 1777-1801. Арх. Л.Стуака-Гуцявічус.Да арт.Літва. Былы палац Тышкевічаў (цяпер Музей бурштыну) у г. Паланга. 1897. Арх. Ф.Швехтэн.Да арт.Літва. Помнік М.Чурлёнісу ў г. Друскінінкай 1975. Скульптар В.Вільджунас.Да арт.Літва. Вятрак у вёсцы Абеляй каля г. Рокішкіс. Пач. 20 ст.Да арт.Літва. Святы Юргіс. Народная скульптура. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Літва. М.Чурлёніс. Саната мора. Фінал. 1908.Да арт.Літва. П.Калпокас. Лесвіца ў Цівалі. 1927.Да арт.Літва. П.Александравічус. Пісьменніца Юлія Жэмайтэ. 1950.Да арт.Літва. А.Стошкус. Вітраж «Літва». 1956—57.Да арт.Літва. В.Юркунас. Буду даяркай. 1960.Да арт.Літва. Ю.Мікенас. Першыя ластаўкі. 1964.Да арт.Літва. Э.Фрэюс. Анёл. 1998.Да арт.Літва. Сцэна з балета «Дон Кіхот» Л.Мінкуса.Да арт.Літва. Каўнаскі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дрозд — птах зялёны» Б.Кутавічуса і С.Гяды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.
Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт.Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.
Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел.арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл.Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.
Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст.найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.
Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш.слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж.бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.
Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл.Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.
З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел.літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).
Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл.брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.
Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел.літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг.л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл.Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.
Новая бел.літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав.адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел.літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел.літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.
Бел.літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел.літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац.літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел.літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНКБССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт.Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел.літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.
Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт.Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел.мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.КоласаАН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт.Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш.слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;
Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;
Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;
Беларуская мова: Энцыкл.Мн., 1994.
А.І.Жураўскі.
Да арт.Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча. 1918.Да арт.Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.Да арт.Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.
вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст.маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.
Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.
Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн.маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл.«Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац.рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.
На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл.Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).
У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд.Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст.бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш.Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл.Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.
Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.
Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.
У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст.Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.
Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.
Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш.еўрап. краін, асабліва Германіі: ням.нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).
На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц.нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак».
Тэатр. У еўрап.тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.
У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст.англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац.літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян.камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц.т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.
Бел.тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;
Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;
Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Да арт.Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.Да арт.Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.Да арт.Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.Да арт.Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.Да арт.Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.Да арт.Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Манстранц. 1783.Да арт.Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877Да арт.Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.Да арт.Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўночная,
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук), дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн.ч.Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл.Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс.км². Нас. 23,9 млн.чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх.Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр.нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.
Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.
Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх.нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл.ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд.дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б.сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет.прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн.т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн.т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс.т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім.прам-сць уключае вытв-сцьхім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс.т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн.т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл.с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн.га, у т. л. каля 2 млн.га пад ворывам. Каля 1,4 млн.га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс.га, валавы збор 2,8 млн.т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс.га, валавы збор 2 млн.т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс.га, валавы збор 1,6 млн.т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн.т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс.км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс.км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп, сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд.руб.), і Кітаю. Гал.гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн.чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс.чал., рэзерву 4,7 млн.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс.чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс.чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс.чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.
Смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж.цэнтр.б-ка (з 1945), Б-каАН КНДР (з 1952), Цэнтр.гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦКПрац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст.прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр.тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.
Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.Коласа «У старых дубах» (1959).
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял.т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж.ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.
Музыка. Пасля 1945 у паўн.ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст.т-р у Пхеньяне (1948), Вял.сімф. аркестр і хор, Нар.маст.т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар.нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж.т-р (пазней Дзярж.драм.т-р «Чхаліма»), Дзярж.нар.маст.т-р (цяпер Пхеньянскі гар.т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар.нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял.т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.
Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж.Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж.кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар.нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.
Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).Да арт.Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.Да арт.Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.Да арт.Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.Да арт.Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.Да арт.Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.Да арт.Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.Да арт.Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.Да арт.Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),
Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 923,8 тыс.км². Нас. 113,8 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г.Абуджа; былая сталіца і гал.эканам. цэнтр — г.Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.
Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд.т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж. — студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал.р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.
Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн.чал.Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн.чал.) і ігба (каля 21 млн.чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн.чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн.чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс.чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.
Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. У канцы 1-га тыс.н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс.н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.Маколей стварыў першую афр.паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн.нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.
1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх.вобл. А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн.чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар.дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.
Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн.т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд.кВт∙гадз (1996); 61% даюць ЦЭС (у найб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс.т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст.прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн.т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн.т за год) і Алоджы (1 млн.т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс.т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс.т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн.га, пад пашай каля 40 млн.га, арашаецца каля 1 млн.га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пн — феад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн.т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах.ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс.т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс.т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс.т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс.км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал.гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.Асадэбай) і драматургія (Х.Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.Нзекву, Э.Амадзі, Т.Алука, О.Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.Аматоса, О.Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.П.Кларк, К.Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.
Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст.н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап.акад. кірунку А.Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.Ідэхен, Ф.Ідубар, Д.Нвока, І.Ае, Б.Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.Грыло, Дж.Акола, А.Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.Агундэле, Дж.Бураймах, Б.Анабракпае і інш., мазаікі — І.Адэемі, дызайну — А.Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.
Літ.:
История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;
Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ.М., 1984;
Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;
Современные литературы Африки. М., 1973.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Нігерыі.Да арт.Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.Да арт.Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.Да арт.Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.