КАНДЭ́ЛА (ад лац. candela свечка),

адзінка сілы святла; адна з 7 асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кд. К. — сіла святла ў зададзеным напрамку крыніцы, якая вылучае монахраматычнае выпрамяненне частатой 540∙10​12 Гц, энергет. сіла якога ў гэтым напрамку складае 1/683 Вт/ср.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТОКАСЧАПЛЕ́ННЕ,

поўны магнітны паток, які пранізвае эл. контур (напр., у шпулі індуктыўнасці — магн. паток, «счэплены» з усімі яе віткамі). Калі з кожным вітком шпулі індуктыўнасці «счэплены» адзін і той жа магн. паток Φ, то П. Ψ = NΦ, дзе N — агульная колькасць віткоў. Адзінка П. ў СІ — вебер.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВА́Я ЧАСТАТА́, кругавая частата, цыклічная частата, лік поўных ваганняў, якія адбываюцца пры перыядычным вагальным працэсе за 2π секунд. Вуглавая частата ω звязана з перыядам T і частатой ваганняў ν залежнасцю ω = 2πν = 2π T . Адзінка вуглавой частаты ў СІ — секунда ў мінус першай ступені (с​−1).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬС СІ́ЛЫ,

вектарная велічыня роўная здабытку сярэдняга значэння сілы на прамежак часу яе дзеяння; асн. характарыстыка мех. ўдару. І.с. роўны змене імпульсу цела Δp→ : < F→ > ∙ Δt = Δp→ , дзе <F→> — сярэдняе значэнне сілы, Δt — прамежак часу дзеяння сілы. Адзінка І.с. у СІ — ньютан∙секунда (Н∙с).

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

каэфіцыент прапарцыянальнасці, што ўваходзіць у некаторыя формулы і ўраўненні электрамагнетызму пры запісе іх у рацыяналізаванай форме (у адзінках СІ). Абазначаецца μ0, μ0 = 4π∙10​−7 Гн/м. Звязана з электрычнай пастаяннай ε0 формулай: μ0 = 1/ε0c​2, дзе c = 3∙10​8 м/с — скорасць святла ў вакууме.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛА ТО́КУ,

скалярная фіз. велічыня, якая вызначае скорасць праходжання эл. зараду ў эл. ланцугу; адна з асн. характарыстык электрычнага току. С.т. роўная адносінам эл. зараду dq да інтэрвалу часу dt, за які гэты зарад перанесены праз папярочнае сячэнне правадніка: i = dq/dt. Для вымярэння С.т. карыстаюцца амперметрамі. Адзінка С.т. ў СІ — ампер.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МЕНС,

адзінка электраправоднасці ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Э.​В.​Сіменса. Абазначаецца См. С. роўны эл. праводнасці правадніка (участка эл. ланцуга) з эл. супраціўленнем 1 Ом: 1 См = 1 Ом​−1. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: кіласіменс (10​3 См). мілісіменс (10​−3 См) і мікрасіменс (10​−6 См).

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРАДЫЯ́Н (ад грэч. stereos цялесны, прасторавы + радыян),

адзінка цялеснага вугла ў СІ. Адносіцца да дадатковых адзінак гэтай сістэмы. Абазначаецца ср. С. роўны цялеснаму вуглу з вяршыняй у цэнтры сферы, які выразае на яе паверхні плошчу, роўную квадрату радыуса сферы. Поўная сфера ўтварае цялесны вугал, роўны 4π ср. С. выкарыстоўваецца ў святлатэхніцы пры тэарэт. разліках.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬКАСЦЬ ЦЕПЛАТЫ́, цеплата,

фізічная велічыня, якая вызначаецца той часткай унутр. энергіі, што атрымлівае (аддае) цела (фіз. сістэма) у працэсе цеплаабмену без выканання мех. работы. К.ц. — функцыя працэсу змены стану цела, элементарная К.ц. δ Q = CndT, дзе Cn — цеплаёмістасць цела ў канкрэтным працэсе, dT — малая змена т-ры цела. Адзінка К.ц. ў СІ — джоўль. Гл. таксама Першы закон тэрмадынамікі.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)