АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),
буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.
Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.Ф.Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.С.Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.
У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.Картэса, «Званы» Я.Глебава, «Мы — беларусы» К.Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.Смольскага. З 1970-х г.бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.Дарохіна (сл. П.Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.Купалы, «Памяць Хатыні» В.Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.Багатырова, «Думкі рускія» А.Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.Танка) А.Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.Шлег, «Куранты» В.Капыцько, «Зорка паэта» Э.Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.Алоўнікава і інш.
Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.
Літ.:
Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;
Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ТЫЗЕНГА́ЎЗА,
оперна-балетная трупа падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў Гродне ў 1769—80. Да 1774 невял. ансамбль інструменталістаў і вакалістаў, пазней сталы калектыў (у 1780 больш за 70 чал., уключаючы капэлістаў) са значным оперным і балетным рэпертуарам з твораў ням., франц. і італьян. аўтараў. У 1774 пераважалі італьян. артысты, запрошаныя ў Гродна прыдворным скрыпачом і капельмайстрам Л.Сітанскім (гл. ў арт.Сітанскія). У 1776 т-р канчаткова сфарміраваўся. У ім працавалі 7 спевакоў і 8 спявачак, у т. л. вядомыя італьян. вакалісты Дж.Кампанучы, Г. дэ Бернуцы Давія і К.Банафіні (усе пазней артысты італьян. оперы С.-Пецярбурга), Я.Д.Гіблер, А.Бароні, а таксама М.Сітанская, Д.Малевіч, Г.Змітровіч і інш. З 1778 у пастаноўках удзельнічалі вучні Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза, прыгонныя танцоўшчыкі, спевакі і інструменталісты. Балетная трупа ў 1779—80 уключала больш за 30 чал. Балетмайстры Г.Петынеці (1774—79; ставіў балеты на ўласныя лібрэта, танцаваў гал. партыі), з 1779 К.А.Марэлі і яго жонка, педагог і першая танцоўшчыца Г.Марэлі (Саламоні). Сярод артыстаў Л.Петынеці (пасля 1775), прыгонныя М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Чаклінская, якія пазней атрымалі вядомасць на варшаўскай сцэне. У 1778 у т-ры пастаўлены опера «Магніфік» («Велікапышны») А.Грэтры, балеты «Сялянскі балет» і «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў» (харэаграфія ўсіх Г.Петынеці), камедыя «Севільскі цырульнік» П.Бамаршэ. Паказы суправаджала Гродзенская капэла Тызенгаўза. Пасля закрыцця т-ра балетная трупа працавала ў Паставах (да 1785).
Будынак т-ра закладзены ў 1772 па ініцыятыве Тызенгаўза, узведзены ў 1770-я г. з цэглы (арх. І.Г.Мёзер, Дж.Сака). Задуманы як працяг Гродзенскага палаца Тызенгаўза (злучаўся з яго левым флангам крытым пераходам). Тэатр. зала, сфарміраваная па «італьян. крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый. Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 надбудаваны 3-і паверх, расшырана сцэн. каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты 4-схільным дахам. Гал. фасад асіметрычны, падзелены карнізам на 2 часткі. Над уваходам у левым крыле — вял. балкон, які падтрымліваюць 4 калоны, апрацаваныя рустам. Правая частка будынка — прамавугольны ў плане аб’ём сцэн. каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні 1-га і 2-га паверхаў. На 1-м паверсе размешчаны невял. фае і службовыя памяшканні, на 2-м — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя. З 1984 у будынку працуе Гродзенскі абл.т-р лялек.
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 187—191, 224—227.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ СПЕВАКІ́,
творчыя носьбіты мясц. традыцый нар. спеву. Вядомы ўсім народам свету. На Беларусі наз. «спявухі», «пеюны», «пяюллі», «пяўчыцы», «песнахоры» і «песнахоркі». У вясковым побыце традыцыі спеву з даўніх часоў суправаджалі ўсе бакі жыцця (працу, адпачынак, звычаі і абрады, урачыстыя падзеі і святкаванні), і ва ўсіх выпадках роля Н.с. вызначальная. Яны «вядуць парадак» спявання строга прымеркаваных да пэўнага часу ці абставін каляндарных песень, выступаюць своеасаблівымі цырымоніймайстрамі пэўных этапаў сямейна-абрадавых дзеянняў (вяселля, радзін, пахавання), завадатарамі (закапёршчыкамі) нар. святкаванняў (на ігрышчах, карагодах, бяседах). У адрозненне ад прафес.спевакоў або ўдзельнікаў арганізаваных самадз. калектываў гал. асаблівасць майстэрства Н.с. — творчая імправізацыя: песня не проста выконваецца ў пэўным зафіксаваным выглядзе, а кожны раз нібыта нараджаецца нанава. Імправізацыйны пачатак у аднолькавай ступені выяўляецца ў адзіночным і хар.нар. спяванні: у свабодным распеве аднаго голасу, гетэрафонных адхіленнях (пералівах) пры выкананні аднагалосых песень хорам, у вар’іраванні меладычнай лініі падгалоска пры выкананні шматгалосых песень. Шматвяковая маст. практыка спявання на адкрытым паветры («на волі») спарадзіла свайго роду школу тэмбрава маляўнічага галаснога спеву з выдатнымі яго майстрамі, якія заўсёды вылучаліся ў працэсе стыхійнага спаборніцтва нар. самародкаў. Сярод Н.с. яны — карыфеі, якія вядуць за сабой увесь хор або ансамбль (гурт). Найчасцей гэта запявала («запявайла», «пачынальнік», «зачынальнік»), які «заводзіць песню», а таксама верхні падгалосак («падгалоснік», «падводка», «гаравік»), што «падымаіць песню». Майстроў галаснога спеву найчасцей можна сустрэць сярод пастухоў, леснікоў, працаўнікоў палёў, раней і сярод плытагонаў. Ад бел. Н.с. спецыялістамі запісана шмат узораў нар.-песеннага мастацтва. Дзякуючы фалькл. зборнікам і даследаванням, муз.-этнагр. канцэртам, дакумент. кінастужкам, грамзапісу аўтэнтычнага фальклору многія знаўцы песень і майстры нар. спеву вядомы на Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: у зах. рэгіёне — Захвея Хвораст (в. Шакуны), Мікола Смаль (в. Росахі, абедзве Пружанскі р-н), Таццяна Місевіч (в. Доўгая, Шчучынскі р-н), Кацярына Пышка (в. Зачэпічы), Надзея Бурак (в. Ахонава, абедзве Дзятлаўскі р-н); у Паазер’і — Еўдакея Зуева (в. Цясты, Верхнядзвінскі р-н), Зося і Тоня Прускія (в. Аношкі, Лепельскі р-н); на Палессі — Алесь Каранчук, Адам Масальскі, Юзік Русак (в. Клятная, Пінскі р-н); Сцяпан і Марыя Дубейкі, Ганна Вянгура (в. Тонеж), Феня Алесіч, Наля Андрэйкавец (в. Букча), Ілья Зенькавец, Іван Прыбора (в. Глушкавічы, усе Лельчыцкі р-н); ва ўсх. рэгіёне — Домна Чачуга, Таццяна Лапаціна (в. Азершчына), Есіп Сілко (в. Лазараўка, абедзве Рэчыцкі р-н); Прося Гарэцкая (в. Багацькаўка, Мсціслаўскі р-н), Кацярына Манжэрава (в. Беразоўка, Быхаўскі р-н), Міхась Басякоў (в. Антонаўка, Чавускі р-н).
Літ.:
Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962;
Ширма Г. Двести белорусских народных песен. М., 1958;
Можейко З. Песенная культура белорусского Полесья. Мн., 1971;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. М., 1984. Вып. 2. С. 11—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ТЭА́ТР РАДЗІВІ́ЛАЎ,
прыдворны т-ркн.Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1740—91. З 1746 пры кн. Ф.У.Радзівіл аматарскі, у спектаклях побач з прыгоннымі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса (першы спектакль — «Узор справядлівасці»), Паказы ў суправаджэнні Нясвіжскай капэлы Радзівілаў адбываліся ў спец. будынку — «камедыхаўзе» (пабудаваны ў 1747—48, арх. К.Ждановіч).
Паводле інвентара 1767 цэнтр. памяшканнем т-ра была вял. партэрная зала, вырашаная амфітэатрам, над якім размяшчаліся ложы. Сцены і столь былі аздоблены размаляванымі палатнянымі шпалерамі. Сцэна была адгароджана ад залы жоўтай тканай заслонай з выявамі герба Радзівілаў. Абапал сцэны былі хоры для капэлы. Тэатр. залу асвятлялі 53 метал. ліхтары. Спектаклі ставіліся таксама ў Альбе, пад адкрытым небам у «зялёным тэатры» і ў палацы «Кансаляцыя» (пабудаваны ў 1748, арх. М.Педэці, перабудаваны ў 1770-я г.арх. Л.Лутніцкім, рэстаўрыраваны ў 1809 М.Цэйзікам; не захаваўся).
Спектаклі ішлі на польск., італьян., ням. і франц. мовах. У рэпертуары творы Ф.У.Радзівіл: камедыі «Дасціпнае каханне» (1746), «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Убачанае не мінае» (1749), «Гульня фартуны» і «Кансаляцыя ў клопатах» (1750); трагедыі «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Золата ў агні» (1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751); оперы «Сляпое каханне не зважае на вынікі» і «Шчаслівае няшчасце» (1752); перакладзеныя і пераробленыя Ф.У.Радзівіл творы Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Рэжысёр т-ра Я.П.Фрычынскі (з 1746), балетмайстар Шрэтэр (з 1746), капельмайстры Е.Бакановіч (з 1749), Я.Ценціловіч (з 1751). У 1753—62 кн. М.К.Радзівіл Рыбанька папоўніў трупу нанятымі акцёрамі, стварыў пры капэле Нясвіжскую музычную школу і Нясвіжскую балетную школу, аркестр нар. інструментаў (т.зв. «літоўская музыка»), павялічыў прыдворную капэлу. Тэатр набыў прафес. характар і стаў прыдворным. Рэпертуар папоўніўся творамі Ф.У.Радзівіл, камедыямі Мальера («Маскарыль» і «Сганарэль», 1755; «Жорж Дандэн», 1757, і інш.), Вальтэра («Заіра», 1757), С.Мыцельскага («Парыс» і «Іосіф Патрыярх»), В.Ржавускага («Жалкеўскі» і «Уладзіслаў пад Варнай», 1761), італьян. і ням. камічнымі операмі і балетамі. Тэатр выязджаў у Слуцк, Белае, Жоўкву, Алыку. Пры кн. К.С.Радзівілу Пане Каханку ў 1777—86 у т-ры працавалі антрэпрыза Л.Перажынскага (з 1783; сярод акцёраў К.Аўсінскі, комік Я.Закжэўскі, спевакі В.Ясінскі, М.Вернер, З.Закжэўская, М.Ясінская, М.Перажынская, Т.Маруноўская, М.Лазанская), група італьян.спевакоў, новы склад капэлы (44 чал.), балет (больш за 20 прыгонных танцораў). У рэпертуары балеты А.Пуціні, оперы Дж.Паізіела, Я.Голанда (камічная опера «Агатка, або Прыезд пана», лібр. М.К.Радзівіла), К.В.Глюка («Арфей і Эўрыдыка»; абедзве 1784) і інш. З 1786 т-р працаваў нерэгулярна.
Літ.:
Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 170—180, 215—223.
Да арт.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Сцэна з оперы «Шчаслівае няшчасце». Мастак М.Жукоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧАімя М.І.Глінкі,
сярэдняя спецыяльная навуч. ўстанова ў сістэме музычнай адукацыі. Засн. ў 1924 у Мінску, да 1937 наз.Бел.дзярж.муз. тэхнікум. З 1957 імя Глінкі. Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, артыстаў эстрады і цырка, выкладчыкаў. Навучанне дзённае.
Выкладчыкі і навучэнцы М.м.в. вялі актыўную канцэртную дзейнасць. Напр., у 1924/25 навуч.г. яны правялі 2 цыклы з 15 гіст. канцэртаў, у якіх выконвалі творы бел. кампазітараў, рус. і замежнай класікі. З 1925 выступаў і сімф. аркестр, яго рэпертуар уключаў творы муз. класікі, бел. кампазітараў Р.Пукста, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. У 1928 оперны клас паставіў пад кіраўніцтвам В.Цвяткова і І.Гітгарца оперу «Фауст» Ш.Гуно ў перакладзе на бел. мову Ю.Дрэйзіна. Гал. партыі выканалі навучэнцы Л.Александроўская, П.Валадзько, М.Цюрэмнаў, удзельнічалі хор, аркестр, балет. Пастаўлены таксама оперы «Русалка» А.Даргамыжскага (1929) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1930). У 1930 на базе опернага і балетнага класаў вучылішча створана Беларуская студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж.т-р оперы і балета БССР). М.м.в. адыграла значную ролю ў станаўленні і развіцці бел.муз. культуры. У розныя гады ў ім выкладалі нар.арт.СССР І.Жыновіч, нар.арт. Беларусі М.Аладаў, засл. дзеячы маст. Беларусі М.Браценнікаў, І.Гітгарц, М.Маслаў, Л.Мухарынская, Г.Папавіцкі, Г.Пятроў, Б.Смольскі, Р.Шаршэўскі, засл. артысты Беларусі А.Амітон, М.Бергер, А.Бяссмертны, С.Навіцкі, засл. дзеяч культуры Беларусі М.Мінянкова, а таксама Э.Азарэвіч, А.Баначыч, І.Бары, І.Варэнікаў, А.Віўен, Ю.Дрэйзін, Я.Жыў, Г.Жыхараў, А.Краўзе, Ю.Ляцецкі, С.Маркоўскі, В.Несцярэнка, С.Нісневіч, Б.Паграбняк, Я.Прохараў, І.Салодчанка, Я.Сцягенны, В.Сямашка, Н.Фалейчык, Б. і І.Фідлоны, В.Цвяткоў, Я.Цымбал, Л.Шварц, Т.Шнітман, Я.Штэйман, Б.Яўзераў.
Будынак Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі.
У 1999/2000 навуч.г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя і ўдарныя, нар., эстр. інструменты, спевы, хар. дырыжыраванне, тэорыя музыкі, музыказнаўства, артыст эстрады, артыст цырка. Працуюць творчыя калектывы: камерны, духавы, эстр. аркестры, 2 аркестры нар. інструментаў (бел. і рускіх), акад. і нар. хары, шматлікія камерныя ансамблі, у т. л. цымбальны. Сярод выкладчыкаў засл. настаўніца Беларусі Л.Ліхачэўская, засл. арт. Беларусі Т.Сцяпанава, засл. дзеячы культуры Беларусі А.Каландзёнак, А.Мурзіч. За час існавання вучылішча падрыхтавала больш за 7 тыс. спецыялістаў. Сярод выпускнікоў: І.Абраміс, Л.Александроўская, У.Алоўнікаў, С.Асновіч, Б.Афанасьеў, А.Багатыроў, І.Балоцін, М.Бергер, В.Бурковіч, В.Вуячыч, Л.Ганестава, М.Дзянісаў, С.Друкер, Я.Еўдакімаў, І.Жыновіч, А.Кавалёў, А.Кагадзееў, У.Кіняеў, А.Кузняцоў, І.Любан, Л.Масленікава, С.Навіцкі, М.Пігулеўскі, Г.Пятровіч, Т.Раеўская, А.Русак, Н.Сакалоўскі, Б.Смольскі, Р.Сурус, Г.Халшчанкова, Э.Ханок, Б.Шангін, Х.Шмелькін і інш. У розныя гады вучылішча ўзначальвалі: Бяссмертны, Каландзёнак, Р.Грышаеў, І.Мысліўчык, Я.Бароўскі, В.Аўраменка, М.Прашко, У.Рылатка, У.Зарэцкі, В.Башура (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВА́Я МУ́ЗЫКА,
музыка, якая функцыянуе ў штодзённым прыватным і грамадскім жыцці людзей, выконваецца па-за канцэртнай залай, прафес. т-рам, царквой. У шырокім разуменні ўключае спецыфічна бытавыя паводле зместу і ўмоў выканання жанры нар.-песеннага і нар.-інстр. мастацтва, у больш вузкім значэнні — музыка гар. побыту. Займае прамежкавае становішча паміж традыц.сял. фальклорам і творчасцю прафес. кампазітараў. Па змесце і стылі бытавая музыка вызначаецца прастатой, выразнасцю, агульнадаступнасцю муз. мовы, павышанай экспрэсіўнасцю. Прафес. кампазітары выкарыстоўваюць інтанацыі і рытмы бытавой музыкі як сродак дэмакратызацыі сваіх твораў, канкрэтызацыі іх вобразнага зместу, узвышаючы банальнае да ўзроўню высокамастацкага, а каштоўныя ўзоры класікі, часта ў адаптаваным выглядзе, пранікаюць у бытавую музыку.
Вытокі бытавой музыкі ў глыбокай старажытнасці, калі музыка была неаддзельная ад інш. відаў мастацтва. Пышны росквіт быт. музіцыравання характэрны для эпохі Адраджэння, калі склалася мноства свецкіх быт.вак. жанраў (фроталы, віланелы, вільянсіка, шансон і інш.), пашырылася сольная і ансамблевая ігра на розных інструментах (лютня, віёла, скрыпка, інстр. ансамблі). Нар.-быт. аснова яскрава выступала ў разнастайных пратэстанцкіх гімнах. У 17—18 ст. пашырыліся і паглыбіліся сувязі паміж музыкай побыту, першаснымі жанрамі і прафес. кампазітарскай творчасцю (напр., з сюіты быт. танцаў развіўся высокі жанр сімфоніі). Новыя рысы ў сферу бытавой музыкі ўнесла Франц. рэвалюцыя 1789—94, калі рэв.песні, гімны, маршы сталі неад’емнай часткай рэв. часу; яны ператварыліся ў актыўны сродак грамадз. выхавання. У 19 ст. ўзнік гар.раманс, блізкі да песні, разлічаны на спевакоў-аматараў. На жанравы і інтанацыйны склад бытавой музыкі моцна ўплываюць разнастайныя жанры муз.-тэатр. мастацтва і эстрады, у т. л.джаз, поп-музыка, рок-музыка, аўтарская песня. Найб. уплывовы жанр бытавой музыкі сав. часу — масавая песня.
На Беларусі з 2-й пал. 16 ст. вядомы канты і псальмы, якія да канца 18 ст. заставаліся асн. жанрамі быт. музіцыравання. Рэфармац. рух 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. абумовіў пранікненне разнастайных пратэстанцкіх гімнаў. Пра характар тагачаснай бытавой музыкі дае ўяўленне т.зв.«Полацкі сшытак». З пач. 17 ст. пры асобных калегіумах і дварах магнатаў узнікалі капэлы, якія выконвалі пераважна зах.-еўрап. і польск. танцы. Розныя быт. функцыі ўскладаліся ў 18 ст. на касцельныя і уніяцкія інстр. ансамблі (ігралі на балях, паляваннях, абедах), прыкладное прызначэнне мелі рагавыя аркестры, «янычарская музыка» і інш. віды аркестраў пры дварах магнатаў (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1-й пал. 19 ст. пашырылася дамашняе і салоннае камернае музіцыраванне (скрыпічнае і квартэтнае выканальніцтва). У дэмакратызацыі муз. жыцця значную ролю адыгралі музычныя таварыствы. Рэв. і нац.-вызваленчы ўздым пач. 20 ст. адбіўся на дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і на змесце бытавой музыкі. У муз. побыце Беларусі выразна прасочваюцца агульныя тэндэнцыі бытавой музыкі, у т. л. павышэнне муз. культуры ўсяго народа, далучэнне да актыўнага музіцыравання ў калектывах маст. самадзейнасці, выхаванне эстэт. густаў, уключэнне ў штодзённы муз. побыт сферы высокай музыкі дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, камунікацыі і грамзапісу, цесныя інтанац. сувязі паміж бытавымі, у т. л. масавай песняй, і «сур’ёзнымі» жанрамі. Многія прафес.бел. кампазітары працуюць у галіне бытавой музыкі — масавай і лірычнай песні, быт. танца, марша і інш.
Літ.:
Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX века. Л., 1968;
Яго ж. Бытовая музыка после Октября // Новая музыка. Л., 1927. Вып. 1(5);
Сохор А.Н. Эстетическая природа жанра в музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1981. Вып. 2;
Щербакова Т. Быт — бытовой диалект — классика // Сов. музыка. 1986. № 4;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак. і зак.
1.незак., што. Правяраць стан або якасць чаго‑н. Спрабаваць голас. □ А вунь хлопец спрабуе па пляцы Свой гармонік — які ў яго лад?Прыходзька.Буслы збіраліся ў вялікі гурт і спрабавалі свае крыл[ы].Чорны.Хлопцы ўжо не проста сядзелі на ўроках у Пятра Сямёнавіча Косткі.., а спрабавалі свае сілы і здольнасці.С. Александровіч.// Мацаць, кратаць, правяраючы што‑н. Глядзіць мінуту і другую. Ды для касы гэтага мала: Спрабуе кіпцем яе джала І спробу робіць над абухам, Тады паверка йдзе ўжо вухам, Ці добра звоніць коска гэта.Колас.//каго. Рабіць выпрабаванне каму‑н., выпрабоўваць, правяраць каго‑н. Першае, што раблю, — спрабую спевакоў. Ёсць сёе-тое, ды не вельмі. Спрабую музыкантаў — граюць!Ракітны.Праўда, Язэп не спрабаваў Стракача ў плузе ці ў баране, але, відаць, ён і ў плузе пайшоў бы не горш, чым у возе.Якімовіч.
2.незак., што. Каштаваць што‑н. [Васіль і Света] стаялі пад вялізнымі чорнымі махінамі капроў, трымалі ў руках чырвона-белыя кавалкі свежага — толькі з зямлі — сільвініту, спрабавалі на смак — яны былі гаркава-салёныя.Кудравец.Сівы млынар — сярпом вусы — На зуб спрабуе зерне.Камейша.// Піць або есці што‑н. — Трохі жэрдачак насячом, а трохі і бярозавага кваску пап’ём, — казаў .. [дзед]. — Ты ў горадзе нават і не спрабаваў бярозавіка.Даніленка.
3.незак. і (радзей)зак., зінф. Рабіць (зрабіць) намаганне выканаць якія‑н. дзеянні, здзейсніць што‑н. Другое медзведзяня адышло ад маткі крокаў на дзесяць і спрабавала ўзлезці на дрэва.В. Вольскі.Драздовіч прайшоў у спальню, лез і спрабаваў заснуць, але сон не браў.Гурскі.Спрабуй, бяскрылы, ўніз зірні! .. Зямля ляціць насустрач шпарка... Як страшна падаць з вышыні!Кляўко.Ермакоў пачырванеў: ён сапраўды спрабаваў пісаць вершы.Даніленка.
4.незак. і (радзей)зак., што. Зведваць (зведаць) што‑н. Не раз спрабаваў турму, а перад вайной саслалі .. [Юрку] надоўга, за забойства...Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),
кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.
Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст, па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.Мозель, К.М.Вебер, Л.Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.Бетховенам, Г.Берліёзам, Ф.Лістам, Ф.Мендэльсонам) — Р.Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.Рыхтэр, Г.Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.Нікіш, Я.Ферэнчык (Венгрыя), Ф.Мотль, Ф.Вейнгартнер, К.Мук, Р.Штраус, Б.Вальтэр, В.Фуртвенглер, О.Клемперэр, Г.Абендрот, К.Мазур, К.Зандэрлінг (Германія), А.Тасканіні, К.Абада (Італія), П.Манцё, Ш.Мюнш, А.Клюітэнс, І.Маркевіч (Францыя), Т.Бічэм, А.Боўлт, А.Коўтс (Вялікабрытанія), В.Бярдзяеў, Г.Фітэльберг (Польшча), В.Менгельберг (Нідэрланды), Л.Стакоўскі, Дж.Сел, Л.Бернстайн (ЗША), Э.Ансермэ (Швейцарыя), Д.Мітропулас (Грэцыя), В.Таліх (Чэхія, Славакія), Л.Матачыч (Югаславія), Дж.Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.Пашкевіч, І.Хандошкін, М.Балакіраў, Э.Напраўнік, А. і М.Рубінштэйны, 20 ст. — М.Галаванаў, С.Кусявіцкі, А.Пазоўскі, С.Рахманінаў, С.Самасуд, В.Сафонаў, В.Сук, пазней А.Гаўк, В.Гергіеў, В.Дударава, І.Зак, К.Іваноў, К.Кандрашын, Д.Кахідзе, Дз.Кітаенка, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Н.Ніязі, Г.Раждзественскі, Н.Рахлін, Я.Свягланаў, Ю.Сіманаў, К.Сімяонаў, У.Співакоў, Ю.Фаер, У.Федасееў, Б.Хайкін, Ю.Цемірканаў, А.Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.Дабравольскі, Ю.Дашчынскі, браты В. і Д.Стафановічы, у 20 ст. — хар. дырыжоры М.Дрынеўскі, А.Кагадзееў, Н.Ламановіч, І.Мацюхоў, Г.Пятроў, В.Роўда, Г.Цітовіч, Р.Шырма, Л.Яфімава, нар. аркестра — І.Жыновіч, Дз.Захар, М.Казінец, оперна-сімф. — І.Абраміс, А.Анісімаў, Б.Афанасьеў, Я.Вашчак, І.Гітгарц, Н.Грубін, В.Дуброўскі, Т.Каламійцава, М.Калядка, Л.Любімаў, Л.Лях, У.Машэнскі, Г.Праватораў, Ю.Цырук, А.Энгельбрэхт, Ю.Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.Бяльзацкі, Б.Райскі, Э.Рознер, М.Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел.ун-т культуры.
Літ.:
Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;
Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;
Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;
Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 12,5 тыс.км². Нас. 791 тыс.чал. (1997), гарадскога 67%. Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км². Жывуць кабардзінцы (48,2%), балкарцы (9,4%), рускія (31,9%), украінцы (1,7%), асеціны (1,3%) і інш. Сталіца — г.Нальчык. Найб. гарады: Прахладны, Тырныауз, Баксан, Майскі.
Прырода. К.-Б. размешчана на Паўн. Каўказе. Паводле характару рэльефу падзяляецца на 3 часткі: раўнінную, перадгорную і горную. На Пн размешчана Кабардзінская раўніна, якая на Пд і ПдЗ спадзіста падымаецца да выш. 500—600 м, потым пераходзіць у горы. Перадгор’і і горы займаюць 2/3тэр. рэспублікі. Найб. вышыні Вял. Каўказа знаходзяцца ў межах Бакавога і Гал. хрыбтоў: Эльбрус (5642 м), Дыхтау (5203 м), Шхара (5058 м), Суган (4489 м) і інш. На схілах гор — ледавікі (Безенгі, Дыхсу і інш.; пл. каля 140 км²). Карысныя выкапні: вальфрама-малібдэнавыя, свінцова-цынкавыя і свінцова-сурмяныя руды, жал. руды з прымесямі хрому, нікелю, кобальту, мыш’яку, каменны вугаль, буд. матэрыялы (туф, граніт, мармур, гіпс, вапняк, гліны). Мінер. крыніцы (больш за 100), невял. запасы нафты. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C на раўніне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 23 °C да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 400 мм на раўніне да 800 мм у гарах. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, належаць да бас. Церака (Церак, Урух, Лескен, Чэрэк, Баксан, Малка, Чэгем). Глебы на раўнінах чарназёмныя і каштанавыя, у далінах рэк лугавыя, у гарах горна-лугавыя. Расліннасць разнастайная (каля 3 тыс. відаў), пад лясамі каля 16% тэр. рэспублікі. Раўнінная стэпавая расліннасць змяняецца ў гарах шыракалістымі (пераважна бук, граб, дуб) лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Кабардзіна-Балкарскі высакагорны запаведнік, нац. парк Прыэльбруссе.
Гісторыя. Тэр. К.-Б. заселена з часоў палеаліту. З ранняга жал. веку тут вядомы элементы культуры скіфаў і сарматаў. У далейшым яны і аланы моцна паўплывалі на продкаў адыгейскага, кабардзінскага і чэркескага народаў (сіндаў, меотаў, зіхаў, керкетаў), вядомых пад агульнай назвай адыгаў. У 5 ст. да н.э. меоты і сінды ўтварылі раннерабаўладальніцкую дзяржаву Сіндыка, якая пазней увайшла ў Баспорскую дзяржаву. Нашэсце гунаў у 4 ст.н.э. прывяло да заняпаду гасп. і культ. жыцця ўсіх адыгскіх плямён. Балкарскі народ утварыўся ў выніку змяшэння паўн.-каўк. і аланскіх плямён з балгарамі (гл.Балгарыя Волжска-Камская) і кіпчакамі, што аселі ў перадгор’ях Каўказа. У пач. 13 ст. ў выніку манг.-тат. нашэсця тэр. сучасных Кабарды і Балкарыі спустошана, частка насельніцтва знішчана; продкі балкарцаў пасля працяглай і ўпартай барацьбы адцеснены ў горы. У 13—14 ст. частка адыгаў пад назвай кабардзінцаў заняла сучасную тэрыторыю іх рассялення. Землі К.-Б. знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай заняволення крымскімі ханамі. У 1557 Кабарда добраахвотна ўвайшла ў склад Рус. дзяржавы. У 1827 завяршылася далучэнне да Расіі Балкарыі. Прыгонніцкая эксплуатацыя неаднойчы выклікала сял. хваляванні (1767, 1804, 1837, 1838, 1854). У 1860-я г. Кабарда і Балкарыя ўключаны ў склад Церскай вобл. У 1867 тут адменена прыгоннае права. Сав. ўлада абвешчана ў сак. 1918 на 1-м Нар. з’ездзе Саветаў у Нальчыку. У 1918—20 на тэр. К.-Б. адбываліся баі паміж «белымі» і «чырвонымі». Сав. ўлада адноўлена 24.3.1920. У студз. 1921 Кабарда і Балкарыя ўключаны ў Горскую АССР на правах акруг. 1.9.1921 у складзе РСФСР створана Кабардзінская аўт.вобл., 16.1.1922 — аб’яднаная Кабардзіна-Балкарская аўт.вобл., 5.12.1936 — Кабардзіна-Балкарская АССР. У Вял.Айч. вайну на тэр. К.-Б. ішлі цяжкія баі (жн.—снеж. 1942). У 1944 балкары, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з ням.фаш. захопнікамі, пазбаўлены аўтаноміі і прымусова выселены са сваёй тэрыторыі, рэспубліка стала наз. Кабардзінская АССР. Пасля рэабілітацыі ў 1957 Кабардзіна-Балкарская АССР адноўлена. У студз. 1991 Вярх. Савет К.-Б. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у лют. 1992 — аб назве Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка, у сак. падпісаў федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта.
Гаспадарка. К.-Б. — раён з развітой шматгаліновай прам-сцю, у т. л.маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць тэлемех., высока- і нізкавольтнай апаратуры, станкоў, кабелю, алмазных інструментаў, рэнтгенаапаратуры, аўтазапчастак Важнае значэнне мае каляровая металургія (Тырныаузскі вальфрама-малібдэнавы камбінат і гідраметалургічны з-ду Нальчыку). Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв-сцю швейных вырабаў, верхняга трыкатажу, дываноў, скураной галантарэі, харчовая — мясной, масла- і сыраробнай, кандытарскай, кансервавай, крухмальнай галінамі. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, буд. кераміка, цэгла, цэмент) і мэблі. Паліўна-энергет. комплекс уключае Баксанскую і Акбашскую ГЭС, ЦЭЦ (Нальчык). Вытв-сць электраэнергіі 0,1 млрд.кВт∙гадз (1995). Пад с.-г. ўгоддзямі 700 тыс.га. У структуры с.-г. угоддзяў асн.ч. займаюць ворныя землі і горныя пашы (па 45%). Земляробства спалучае паляводства, агародніцтва, садоўніцтва і вінаградарства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, авёс, ячмень, проса), кармавыя і тэхн. (сланечнік, кенаф) культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых — 414, сланечніку — 24, бульбы — 89. Развіваецца арашальнае земляробства. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 248,4, свіней — 39,8. Развіта племянная конегадоўля (кабардзінская парода коней). У грузаабароце гал. роля належыць аўтамаб. транспарту. Праз К.-Б. праходзіць аўтамагістраль Масква—Баку. Нальчык звязаны аўтадарогамі з гарадамі Уладзікаўказ, Стаўрапаль, Грозны. Махачкала, Пяцігорск, Мінеральныя Воды, Краснадар і інш. Рэспубліку перасякае Паўн.-Каўказская чыгунка з адгалінаваннямі на Нальчык і Гудэрмес; працягласць чыгункі 133 км. К.-Б. — адзін з асн. раёнаў альпінізму і гарналыжнага спорту ў Расіі. Бальнеалагічны і горнакліматычныя курорты. На тэр. рэспублікі ў 1995 засн. свабодная эканам. зона «Кабардзіна-Балкарыя».
Літаратура. Фальклор кабардзінцаў і балкарцаў прадстаўлены песнямі, казкамі, гіст.-міфалагічным нарцкім эпасам. У 19 ст. паэт Ш.Ногмаў склаў азбуку і граматыку кабардзіна-чэркескай мовы, напісаў «Гісторыю адыхейскага народа». У 1864 асветнік Казы Атажукін выдаў першую кнігу на кабардзіна-чэркескай мове. Зарадзілася гіст.-этнагр. і публіцыстычная л-ра, якая стваралася на рус. мове (С.Казы-Гірэй, С.Хан-Гірэй, Ю.Ахметукаў, С.Урусбіеў). Пачынальнікі кабардзінскай л-ры — паэты Б.Пачаў, П.Кешокаў, балкарскай — паэт К.Мечыеў. У 1923 уведзена пісьменнасць на кабардзіна-чэркескай, у 1924 — на карачаева-балкарскай мовах. У л-ры К.-Б. 1920—30-х г. пераважала паэзія (раман у вершах кабардзінца Алі Шагенцукава «Камбот і Ляца», паэмы Пачава, П.Кешокава, песні і вершы балкарцаў Б.Гуртуева, А.Будаева). У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К.-Б. З 1930-х г. развіваюцца проза і драматургія (аповесці і п’есы кабардзінцаў С.Кажаева, З.Аксірава, Дж.Налоева, балкарцаў Р.Геляева, Гуртуева). У пасляваен. гады загучала грамадз. лірыка кабардзінцаў А.Кешокава. Адама Шагенцукава, Б.Куашава, балкарцаў К.Куліева, К.Атарава. Першыя буйныя празаічныя творы ў кабардзінскай л-ры — раман А.Шартанава «Горцы» (кн. 1—2, 1954—75), дылогія А.Кешокава «Вяршыні не спяць» (кн. 1—2, 1960—66). Пашырылася тэматычная і жанравая разнастайнасць твораў; проза кабардзінцаў Адама Шагенцукава, Х.Тэунава, К.Эльгара. А.Шамахава, А.Налоева, балкарцаў А.Тэпеева, Ж.Заліханава, А.Этэзава, Х.Каціева, драматургія кабардзінцаў З.Аксірава, Шартанава, П.Місакава, М.Тубаева, балкарцаў І.Баташава, Тэпеева, паэзія кабардзінцаў А.Кешокава, Б.Куашава, З.Тхагадзітава, балкарцаў Куліева, Т.Зумакулавай, С.Макітава, Атарава. Развіваюцца літ.знаўства і крытыка. На бел мове выдадзены асобныя творы Баташава, Зумакулавай, А.Кешокава, Куліева, Шагенцукава ў перакладах М.Танка, А.Куляшова, А.Вольскага, Р.Барадуліна, І.Калесніка, К.Камейшы, В.Лукшы, Л.Салаўя, У.Шахаўца.
Архітэктура і мастацтва. Ад эпохі неаліту і ранняга бронз. веку вядомы кераміка і метал вырабы кобанскай і скіфа-сармацкай культуры. Захаваліся розначасовыя курганы, могільнікі, склепы (падкурганная грабніца каля Нальчыка. 3-е тыс. да н.э.), селішчы, гарадзішчы (Ніжні Джулат, Лыгыт). Ад сярэдневякоўя ў высакагорных раёнах засталіся рэшткі крапасных комплексаў (Балат-Кала, Зылгі, замак Дужабоевых і інш.), жылыя ўмацаваныя вежы (вежа Абая і інш.). У 14—19 ст. пашыраны каменныя наземныя прамавугольныя ў плане з высокім двухсхільным дахам або круглыя ці мнагагранныя з конусападобным дахам склепы-маўзалеі. Развіваліся традыц.нар. рамёствы: разьба па косці і камені, вышыўка золатам на жаночым адзенні, выраб метал. зброі, паясоў, посуду і інш., аздобленых гравіроўкай, чэрню, сканню. Балкарцы выраблялі лямцавыя дываны з уваленым геам. узорам і ўзорам з вял. рогападобных фігур. Кабардзінцы плялі цыноўкі з геам. узорам. У сярэдзіне 20 ст. створана рэгулярная планіроўка Нальчыка. Архітэктура развівалася ў агульнасав. рэчышчы. Развіваецца прафес.выяўл. мастацтва (жывапісцы М.Гусачэнка, М.Ванах; скульптары Х.Крымшамхалаў, М.Тхакумашаў; графікі В.Арленка, Г.Паштаў і інш.), дыванаткацтва. Працуе Саюз мастакоў К.-Б. (з 1968).
Музыка. Музычны фальклор кабардзінцаў і балкарцаў мае шмат агульнага. У аснове музыкі К.-Б. дыятанічныя натуральныя лады. Рытміка багатая сінкопамі і трыёлямі. Метр пераважна 2-дольны. Сярод песенных жанраў прац., абрадавыя, міфалагічныя, гісторыка-гераічныя, лірычныя песні. Сярод танцаў кафа, удж, ісламей (кабардзінскія), лірычныя цюз-тэпсеу (парны) і абзех, кругавы масавы цёгерэк-тэпсеу, голу (балкарскія). Асаблівае месца займае нарцкі эпас. Пашыраны сольна-хар. спевы і ансамблі спевакоў і інструменталістаў Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя тычапшына, жыя-кабуз, струнна-шчыпковыя пшына-дыкуакуа, кынгыр-кабуз (тып арфы), апапшына, кыл-кабуз; духавыя накыра, сырыйна (тып зурны), бжамій, сыбызгы; ударныя пхачыч, харс (бразготка), барабан; пшына (дыятанічны гармонік). Сярод нар. музыкантаў А.Хаўпачаў, І.Кажараў, Б.Казіеў, К.Кашыргава. У розных жанрах вылучыліся прафес. кампазітары М.Балаў, Х.Карданаў, Н.Асманаў, У.Молаў, А.Байчэкуеў, Д.Хаупа Сярод нар.спевакоў З.Кардангушаў, А.Атараў. Працуюць: Муз.т-р (з 1968), філармонія (з 1943), сімф. аркестр (з 1943), хор Дзяржтэлерадыё (з 1965), ансамбль нар. танца «Кабардзінка» (з 1965; у 1934—64 — Ансамбль песні і танца); аддзяленні Саюза кампазітараў Расіі (з 1959), муз. вучылішча (з 1956) і інш.
Літ.:
Очерки истории кабардинской литературы Нальчик, 1968;
Очерк истории балкарской литературы. Нальчик. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята.Купала.Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок.Чорны.Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна.А. Вольскі.// Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў.Бядуля.
2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе.Грамовіч.
3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе.// Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца.Асіпенка.Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову.Шамякін.
4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак.Чорны.
5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег.Шамякін.// Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём.Крапіва.І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім.Мурашка.Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія.Прыказка.
6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі?Колас.Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю.Гартны.// Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць.Крапіва.
7.заг.слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была.Маўр.[Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу.Лынькоў.
8.1ас.адз.цяпер.слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)