ШТУ́РСА (Štursa) Ян (15.5.1880, г. Нове-Место, Чэхія — 2.5.1925),
чэшскі скульптар. Скончыў Пражскую АМ (1903). Зазнаў уплыў сімвалізму. Стварыў статуі, прасякнутыя пачуццёвым успрыняццем прыгажосці чалавечага цела («Ева», 1908), вострадрам. творы («Паранены», 1920—21), манументы і манум.-дэкар. кампазіцыі (групы «Праца» і «Гуманнасць» для Глаўкава моста ў Празе, 1911—13; помнік С.Чэху ў Празе, 1921—22), партрэты. Эмацыянальна насычаная яго творчасць паўплывала на развіццё чэш. скульптуры 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІ́НЧЫЧ (Augustinčić) Антун (4.5.1900, с. Кланец, Харватыя — 10.5.1979),
харвацкі скульптар. Ганаровы чл.АМСССР (1975). Праф. Заграбскай АМ. Вучыўся ў Заграбскай АМ (1922—24), парыжскіх школах прыгожых мастацтваў і дэкар. мастацтваў (1924—26). Аўтар манумента Сав. Арміі ў с. Баціна-Скела (1945—47), помніка Міру перад будынкам ААН у Нью-Йорку (1952—54, паст. ў 1955), станковых кампазіцый, партрэтаў, жаночых статуй і торсаў, якім уласцівыя дынаміка, жывапіснасць, абагульненасць манумент. формаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ЎСКІ Ян (1881 — ?),
бел.скульптар. Вучыўся ў Кракаўскай АМ у К.Ляшчкі, 5 гадоў жыў у Швейцарыі, дзе на яго творчасць паўплываў аўстр. сецэсіён (мадэрн). Багушэўскі — адзін з актыўных членаў культ. аб’яднання «Агніска» (Мінск, 1907), удзельнік маст. выставак, дзе экспанаваліся яго работы «Мінулыя часы», «Галава Буды» і інш., створаныя пад уплывам сімвалізму. У праграмным дакладзе на абмеркаванні маст. выстаўкі (Мінск, 1911) сцвярджаў вял. грамадска-выхаваўчыя магчымасці скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНІ́ЦА,
архітэктурнае збудаванне ці саркафаг, што ўмяшчае цела нябожчыка і ўвекавечвае яго памяць. Таксама стараж.-егіп.піраміды, мастабы, мікенскія купальныя грабніцы, скальныя грабніцы Індыі, Пярэдняй Азіі і этрускаў, манум.маўзалеіСтараж. Грэцыі і Рыма, купальныя грабніцы Індыі, багата ўпрыгожаныя скульптурай грабніцы Кітая і Карэі. У Зах. Еўропе грабніцы размяшчалі ў цэрквах (звычайна скульпт. фігура памерлага, што ляжыць на саркафагу).
Грабніца Напалеона I у саборы Дома інвалідаў у Парыжы. Арх. Л.Т.Ж.Вісконці, скульптар Ж.Прадзье. Мармур. 1843—60.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІЛЕ́ЎСКІ Сяргей Львовіч (н. 29.3.1963, Мінск),
бел.скульптар. Сын Л.М.Гумілеўскага. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1987). У рэаліст. традыцыях скульптуры стварае станковыя кампазіцыі, партрэты сучаснікаў, дзеячаў культуры мінуўшчыны: «Спрадвечнае», «Мацярынства», «Скарына», «М.Багдановіч», «Малітва», «Коннік», «Ефрасіння Полацкая» і інш. (усе 1990—96). Відавочна імкненне да ўласнай стылістыкі ў паркавай скульптуры: «Уладзіслаў Сыракомля» і «Ян Марыя Бернардоні» (абедзве 1993) у Нясвіжы, «Галубка» (1995) у Бат. садзе ў Мінску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЬКО́, Данько-Аляксеенка Наталля Якаўлеўна (1892, Тбілісі — 18.3.1942), рускі скульптар-кераміст. У 1900—08 вучылася ў прыватных студыях і вучылішчах Масквы, Вільні, Пецярбурга. З 1914 працавала ў Петраградзе на імператарскім (з 1918 дзяржаўны) фарфоравым з-дзе. Стварыла больш за 300 паліхромных фарфоравых груп, фігурак, рэльефных пасудзін і скульпт. настольных прыбораў (у т. л. творы т.зв. агітацыйнага фарфору), якія вызначаюцца пластычнай выразнасцю матэрыялу, развіццём традыцый рус.нар. керамікі і маст. фарфору.
Літ.:
Овсянников Ю.М. Скульптор в красном халате. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ Мікалай Андрэевіч (26.10.1873, Масква — 24.12.1932),
рускі скульптар і графік. Засл. дз. маст. РСФСР (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1885—91) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—1901). Аўтар помнікаў М.В.Гогалю (1909), А.І.Герцэну і М.П.Агарову (1922), А.М.Астроўскаму (1929; усе ў Маскве); серыі скульптурных і графічных партрэтаў У.І.Леніна (1919—32), графічных партрэтаў М.Горкага, К.Станіслаўскага, В.Качалава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАКО́ЛЬСКІ Марк Мацвеевіч (2.11.1843, Вільня — 9.7.1902),
рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—68). Зблізіўся з перасоўнікамі. Аўтар твораў на гіст. тэмы, у якіх выявіліся яго грамадз. погляды, імкненне да псіхалагізацыі вобраза, праўдзівасці дэталяў («Іван Грозны», 1871, «Пётр I», 1872, «Ярмак», 1891). У шэрагу работ філас.-этычную праблематыку трактаваў у духу пошукаў ідэалаў праўды і справядлівасці («Хрыстос перад судом народа», 1876), іншы раз з рысамі сентыментальнасці («Не гэтага свету», 1887).
М.Антакольскі. Іван Грозны. 1871. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНО́ЛЬФА ДЫ КА́МБІО (Arnolfo di Cambio, каля 1245 — да 1310),
італьянскі скульптар і архітэктар. Прадстаўнік Протарэнесансу. У скульптуры (грабніца кардынала дэ Брэй у царкве Сан-Даменіка ў Арвіета, каля 1282) звярнуўся да ант. спадчыны, дабіўся манумент. пластычнасці вобразаў; у архітэктуры (пачатыя ў канцы 13 ст. цэрквы Санта-Крочэ і Палаца Векэё ў Фларэнцыі) выступіў як прадстаўнік італьян. готыкі.
Літ.:
Romanini A.M. Arnolfo di Cambio e lo «stil novo» del gotico italiano. 2 ed. Firenze, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКЛЯМІ́ШАЎ Уладзімір Аляксандравіч (16.8.1861, г. Днепрапятроўск — 1920),
рускі скульптар, пераважна партрэтыст і жанрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1878—87), пазней яе праф. (з 1894) і рэктар (1900—02 і 1906—11). У творчасці спалучаў уплыў перасоўнікаў і познаакадэмічнае мастацтва («Якія свежыя на дзіва былі ружы», 1892, «Вясковая любоў», 1896; партрэты А.А.Рыцоні, 1902, А.І.Куінджы, 1909; і інш.). Аўтар помнікаў Ермаку ў Новачаркаску (1904) і С.П.Боткіну ў Пецярбургу (1908).