арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы, што змяшчаюць адначасова атамы вугляроду і атамы інш. элементаў (гетэраатамы), найчасцей азоту, кіслароду, серы. Самы шматлікі клас злучэнняў (уключае каля ⅔ усіх вядомых прыродных і сінт.арган. рэчываў). Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, бялкоў, ферментаў, вітамінаў, якія адыгрываюць выключную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін, жывёл і чалавека.
Разнастайнасць тыпаў гетэрацыклічных злучэнняў абумоўлена тым, што яны могуць адрознівацца: агульным лікам атамаў у цыкле; прыродай, колькасцю і размяшчэннем гетэраатамаў; наяўнасцю або адсутнасцю замяшчальнікаў ці кандэнсаваных цыклаў; насычаным ці ненасычаным характарам гетэрацыклічнага кальца, якое вызначае іх хім. ўласцівасці. Насычаныя гетэрацыклічныя злучэнні хім. ўласцівасцямі блізкія да сваіх аналагаў з адкрытым ланцугом: простых эфіраў, амінаў, сульфідаў і інш. Ненасычаныя гетэрацыклы (пераважна 5- і 6-членныя), якія праяўляюць араматычнасць (напр., фуран, тыяфан, пірол, пірыдзін) наз.гетэраараматычнымі злучэннямі. Для іх, як і для араматычных злучэнняўраду бензолу, найб. характэрныя рэакцыі замяшчэння. На Беларусі даследаванні гетэрацыклічных злучэнняў і іх вытворных праводзяцца ў Ін-тах фізіка-арган. хіміі, біяарган. хіміі Нац.АН, БДУ і Бел.дзярж.тэхнал. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,
выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎСКАЯ РА́ДА 1654,
сход прадстаўнікоў укр. народа, скліканы гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім 18.1.1654 у г. Пераяслаў (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобл.), на якім было прынята рашэнне аб далучэнні Украіны да Расійскай дзяржавы. Укр. старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку далучэння да Расіі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца рэліг. ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асн. прынцыпы аб’яднання агавораны напярэдадні рады паміж Б.Хмяльніцкім і рас. паслом В.В.Бутурліным. Раніцай 18 студз. Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што для захавання ўкр. вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі П.р. прысягнулі на вернасць рас. цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада аб згодзе прыняць Украіну ў склад Расіі. У сак. — крас. 1654 укр. пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў (т.зв. Сакавіцкія, або Пераяслаўскія, артыкулы), якія вызначалі ўмовы аўт. існавання Украіны ў складзе Рас. дзяржавы. Прыняцце Украіны ў рас. падданства папярэдне было адобрана 1(11).10.1653 на Земскім саборы ў Маскве, што аўтаматычна азначала абвяшчэнне вайны Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́СНЫЯ ІМЁНЫ,
словы або спалучэнні слоў, што служаць для вылучэння прадмета думкі з раду падобных, яго індывідуалізацыі і ідэнтыфікацыі.
Да У.і. адносяцца: уласныя асабовыя імёны, мянушкі ці побытавыя імёны, якімі мясц. жыхары называюць сваіх суседзяў за характэрныя рысы ў іх абліччы, паводзінах (Мільгу́н, Кашміро́вы, Сту́па); псеўданімы, пад якімі выступаюць пісьменнікі, артысты і інш. У.і. лічацца мянушкі свойскіх жывёл (Бялю́сь, Рагу́ля); тапонімы — назвы населеных пунктаў, рэгіёнаў, адм.-тэр. адзінак (По́лацк, Радашко́вічы, Старо́е Сяло́, Гро́дзеншчына, Белару́сь); геагр. аб’ектаў (А́льпы, Лы́сая гара, Саха́ра, Пале́ская нізі́на, Грэнла́ндыя, Чо́рнае мо́ра, Фі́нскі залі́ў, На́рач, Нёман); астранамічныя назвы (Вене́ра, Вялі́кая Мядзве́дзіца, Мле́чны Шлях); назвы трансп. сродкаў, марак машын («Амкадо́р-Іка́рус», «Аўдзі»), назвы т-ваў, прадпрыемстваў, выдавецтваў (т-ва «Спарта́к», выдавецтва «Белару́ская Энцыклапе́дыя»), назвы органаў друку, твораў л-ры і мастацтва (газ. «Літарату́ра і маста́цтва», час. «По́лымя», раман «На ро́станях», кінафільм «Перамо́га», карціна «Бурлакі на Во́лзе») і інш. У.і. уласціва адназначнасць. Яны найб. дакладна выконваюць функцыю наймення. У.і. вывучаюць анамастыка, антрапаніміка, тапаніміка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВІ́ЗЫ ГРОДЗЕ́НЬСКЕ»
(«Awizy grodzieńskie», «Гродзенскія весці»),
першы інфармацыйны бюлетэнь на Беларусі. Пачаў выдавацца ў 1678 у час пасяджэнняў у Гродне сеймаў Рэчы Паспалітай. Выходзіў на польск. мове. У Ягелонскай б-цы ў Кракаве захаваўся 1 нумар «А.г.» за 13.12.1698 (фармат 13,5×20 см, 1 аркуш, друк двухбаковы). У ім паведамляецца пра падзеі феад. вайны 1697—1702 у ВКЛ; пра тое, што кароль адправіў з Брэста ў Гродна свайго ўпаўнаважанага, які 21.11.1698 склікаў сенатараў на раду, дзе яны абмеркавалі пазіцыю магнацкага роду Сапегаў, што проціпаставілі сябе інш. шляхце ВКЛ, а кароль праз сваіх пасланцоў і ўплывовых асоб жадаў загладзіць гэту справу. Паведамляецца таксама, што ў час паспалітага рушэння шляхты віцебскі кашталян М.Коцел стаў з войскам пад мяст. Жалудок, а харунжы ВКЛ Р.А.Агінскі — пад в. Стаклішкі; супраць яго былі гатовы выступіць некалькі харугваў з Троцкага ваяв.; што 21.11.1698 арганізавана ген. кола войска ВКЛ, з якога пасланы дэлегаты да караля, каб засведчыць сваё вернападданства. Паведамляецца, што ням. войска (саксонскія атрады караля) падышло да Гродна і затрымаецца там на зіму. Таксама выкладзены інш. падзеі. Невядома, да якога года выдаваўся, колькі нумароў «А.г.» выйшла ў свет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСІК Язэп (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),
бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад.АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ.«Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ.«Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-тЦэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у РадуБНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў РадуБНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз.чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНКБССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.
Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб.маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел.нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел. мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).
Тв.:
Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;
Творы: Апавяданні, казкі, арт.Мн., 1994;
Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.
Літ.:
Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЛЕ́ЎСКІ Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч; 16.11.1888, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — снеж. 1942),
бел.паліт. грамадскі і рэліг. дзеяч. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У сак. 1917 абраны ў Бел.нац.к-т. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. Пасля абвяшчэння БНР (сак. 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газ. «Крыніца» (гл.«Беларуская крыніца»).
Выкладаў у Нясвіжскай бел. семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага пав. У 1925 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні. У 1930 пераклаў на бел. мову Новы запавет (выд. ў Вільні ў 1939). Выступіў з ініцыятывай стварэння Бел.нац. фронту. Выдаваў газ. «Беларускі фронт». З пач. 2-й сусв. вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву. У чэрв. 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Бел.нац.цэнтр. З вер. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, быў гал. школьным інспектарам пры ген. камісарыяце Беларусі, уваходзіў у гал.радуБеларускай народнай самапомачы, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі бел. патрыятычных сіл. У ноч на 24.12.1942 арыштаваны гітлераўцамі і закатаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ ВО́ІНАЎ-БЕЛАРУ́САЎ.
Адбыліся ў кастр.—снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР). Пачаткам З.в.-б. стаў з’езд Зах. фронту 31.10—6.11.1917 у Мінску, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі 12-й арміі, Балт. флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў арг-цыю бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Адзначыў неадкладнасць стварэння бел.нац. войска для забеспячэння цэласнасці і непадзельнасці Беларусі, выпрацаваў канцэпцыю яго арганізацыі. Пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), абраў Часовую ЦБВР і яе выканком на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім, які ўвайшоў у выканком ВБР. Прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агітац., фін., гаспадарскую і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі бел. войска. Выказаўся за бязвыкупную перадачу ўсіх зямель працоўнаму народу. Прызнаў неабходным арг-цыю ун-та, с.-г. і політэхн. ін-таў, інш.навуч. устаноў. Прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых З.в.-б. падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах.ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУ́ВЯЗЬ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ І НЕПАДЗЕ́ЛЬНАСЦІ БЕЛАРУ́СІ»,
арганізацыя, якая існавала ў 1917—18 у Вільні. У яе ўваходзілі В.Ластоўскі, князь В.Святаполк-Мірскі, барон К.Шафнагель і інш. З 2.6.1917 да 22.4.1918 выдала 4 лістоўкі з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на бел. і літ. землях, акупіраваных Германіяй, прапаноўвалася стварыць бел.-літ. дзяржаву; выступала за злучэнне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэсп. лад, правесці беларусізацыю школ, рэліг. і дзярж. устаноў з забеспячэннем правоў нац. меншасцей. Выступала за тое, каб прадстаўнікі бел. народа «з абедзвюх старон фронту» былі дапушчаны на мірную канферэнцыю і каб яна прызнала незалежнасць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадства не будзе чыніць перашкоды ў культ. і нац. будаўніцтве. Прызнаючы права літ. народа на незалежнасць, арг-цыя выступала супраць анексіянісцкіх памкненняў дзеячаў Літвы. Лічыла, што паліт. раўнавага ў Еўропе цесна звязана з вырашэннем укр. пытання, вітала Укр.раду і жадала, каб Украіна была прызнана незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за федэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы». Палажэнні праграмы, распрацаванай «С.н. і н.Б», прыняты Беларускім народным камітэтам (БНК), канферэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім к-там Беларускай сацыялістычнай грамады (вер. 1917), а таксама Беларускай канферэнцыяй 1918 у Вільні. Палажэнні гэтай праграмы спрабаваў ажыццявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ,
каардынацыйны орган бел.нац. партый і грамадскіх арг-цый у ліп.—кастр. 1917. Створана на з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый і партый 8—10(21—23).7.1917 на аснове б. мінскага Беларускага нацыянальнага камітэта. У яго выканаўчы к-т абраны правадз. члены У.Галубок, Я.Лёсік, А.Лявіцкі (Ядвігін Ш), А.Смоліч (фактычны кіраўнік), У.Фальскі і кандыдаты В.Лявіцкая, Турчыновіч, Парэчын. Зацверджаны паліт. ўпаўнаважаныя рады ў Петраградзе (Ф.Ярэміч, П.Бадунова, К.Дуж-Душэўскі), Маскве (Я.Васілевіч, Я.Дыла), для сувязі з Усерас.сял. саюзам (А.Бурбіс, З.Жылуновіч). На 1-й сесіі рады (5—6.8.1917) прыняты статут арг-цыі, паводле якога рада складалася з дэпутатаў ад усіх бел. арг-цый, валасных, гар. і пав. органаў самакіравання, к-таў бежанцаў і гурткоў беларусаў-вайскоўцаў. Сваю дзейнасць рада будавала на 2 гал. прынцыпах: «палітычны — поўны дэмакратызм і сацыяльны — перадача зямлі без выкупу працоўнаму народу і абарона інтарэсаў работнікаў», чым падкрэслівалася дамінуючая роля прадстаўнікоў БСГ у радзе. Сесія абрала новы склад выканаўчага к-та: Лёсік, Дыла, Р.Астроўскі, П.Галавач, Ф.Шантыр, Смоліч, С.А.Курчановіч-Сяўрук (сакратар), Бадунова, Жылуновіч, Каткоўская (кандыдат). Дзейнасць рады адыграла станоўчую ролю ў аб’яднанні бел.нац. арг-цый, пашырэнні ідэй адраджэння бел. культуры. У кастр. 1917 рэарганізавана ў Вялікую беларускую раду.
Літ.:
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993.