Э́ТЛІ (Attlee) Клемент Рычард (3.1.1883, Лондан — 8.10.1967),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Граф (1955). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це, юрыст. З 1907 у Фабіянскім таварыстве, з 1908 у Незалежнай рабочай партыі (у складзе Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі). У 1922—55 чл. Палаты абшчын парламента ад Лейбарысцкай партыі (у 1935—55 лідэр партыі). Чл. лейбарысцкіх урадаў 1924 і 1929—31, лорд-хавальнік дзярж. пячаткі (1940—42), нам. прэм’ер-міністра, міністр па справах дамініёнаў і лорд-старшыня Савета кааліцыйнага ўрада У.Л.С.Чэрчыля (1942—45). Прэм’ер-міністр (1945—51), адначасова міністр абароны (1945—46). Удзельнік Патсдамскай канферэнцыі 1945. Урад Э. нацыяналізаваў Англ. банк, чыгункі, грамадз. авіяцыю, сувязь, некат. галіны прам-сці, зрабіў захады па паляпшэнні сістэмы сац. страхавання, асветы і аховы здароўя, надаў незалежнасць Індыі (1947), якая паводле Маўнтбетэна плана падзелена на дамініёны (Інд. саюз і Пакістан), Бірме (1948), актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі Маршала плана, стварэнні блока НАТО (1949), накіраваў брыт. войскі для ўдзелу ў карэйскай вайне 1950—53.
т. 18, кн. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́САД Хафез аль (н. 7.8.1930, правінцыя Латакія, Сірыя),
сірыйскі дзярж., паліт. і ваенны дзеяч. Ген. арміі (1968). Мае вышэйшую ваен. адукацыю. Камандуючы ВПС (1964—70), адначасова з 1966 міністр абароны. У 1970—71 прэм’ер-міністр. З 1971 прэзідэнт Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Ген. сакратар Партыі араб. сацыяліст. адраджэння (БААС, з 1971).
т. 2, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАІ́МІС (Zaimēs) Аляксандрас (28.10.1855, Афіны — 15.9.1936),
дзяржаўны дзеяч Грэцыі. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Германіі і Францыі. У 1896 і 1914—20 дырэктар грэч. нац. банка. Прэм’ер-міністр у 1897—99, 1901—02, 1915—17 (з перапынкамі), 1926—28; у 1929—35 прэзідэнт Грэцыі. Садзейнічаў дзярж. перавароту ў кастр. 1935, які прывёў да аднаўлення манархіі.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГІБА́ Хабіб Бен Алі (н. 3.8.1903, г. Манастыр, Туніс),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Туніса. Скончыў юрыд. ф-т Сарбоны і Вышэйшую паліт. школу ў Парыжы (1927). З 1934 ген. сакратар партыі «Новы Дустур» (з 1964 — Сацыяліст. дустураўская партыя). Першы прэм’ер-міністр (1956—70) незалежнага Туніса, у 1957—87 прэзідэнт краіны. Звольнены з пасады пасля ўрадавага перавароту.
т. 3, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ВАРД (Howard) Джон Уінстан (н. 26.7.1939, г. Сідней, Аўстралія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстраліі. Скончыў Сіднейскі ун-т. Юрыст. З 1974 дэпутат аўстрал. парламента ад Ліберальнай партыі, у 1985—89, з 1996 лідэр партыі. У 1975—77 міністр па справах бізнесу і спажывання, у 1977—83 — фінансаў у аўстрал. урадзе. З сак. 1996 прэм’ер-міністр Аўстраліі.
т. 17, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ШВЕ́ЦЫІ (СДРПШ; Sveriges Socialdemokratiska Arbetarepartiet),
вядучая паліт. партыя краіны (належыць да левага кірунку). Засн. ў 1889 у Стакгольме. З 1897 дзейнічала парт. праграма, прынятая на ўзор Эрфурцкай праграмы С.-д. партыі Германіі (на аснове марксізму). Да 1899 дамінавала рэв. група А.Даніельсана, потым вылучылася памяркоўнае крыло на чале з К.Я.Брантынгам (лідэр партыі з 1907; у 1920, 1921—23, 1924—25 прэм’ер-міністр Швецыі). З 1930-х г. ідэалогія — рэфармізм (шведскі сацыялізм), у знешняй палітыцы — нейтралітэт краіны. У 1932—76, 1982—91 і з 1994 кіруючая партыя (у час прэм’ерства Брантынга і ў 1925—26, 1991—94 ва ўрадавай кааліцыі з інш. партыямі). Іншыя прэм’ер-міністры Швецыі ад партыі: Р.Сандлер (1925—26), П.А.Хансан (1932—46), Т.Эрландэр (1946—69), С.У.Пальме (1969—76, 1982—86), І.Г.Карлсан (1986—91, 1994—96), К.Більт (1991—94), Г.Персан (з 1996). Друкаваны орган — газ. «Arbetet» («Рабочы»). Уваходзіць у Сацыялістычны інтэрнацыянал.
Літ.:
Плевако Н.С. Швеция: реформизм против реформы: К пробл. «экон. демократии» в 60—80-е гг. М., 1990.
т. 14, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ТМАН-ГО́ЛЬВЕГ (Bethmann Hollweg) Тэабальд фон (29.11.1856, Гогенфінаў, Германія — 2.1.1921),
дзяржаўны дзеяч Германіі. У 1905—07 міністр унутр. спраў Прусіі, у 1907—09 імперскі міністр унутр. спраў і нам. рэйхсканцлера. У 1909—17 рэйхсканцлер-прэм’ер-міністр Прусіі. Абапіраўся на кансерватараў і Каталіцкую партыю цэнтра («Чорна-блакітны блок»). Актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі і развязвання 1-й сусв. вайны. З 1917 у адстаўцы.
т. 3, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГА (Braga) Тэафілу (24.2.1843, г. Понта-Дэлгада, Азорскія а-вы — 28.1.1924),
партугальскі паліт. дзеяч, літаратуразнавец, гісторык. Праф. ун-та ў Лісабоне (з 1872). Адзін з арганізатараў рэсп. руху. Прэм’ер-міністр Часовага рэсп. ўрада Партугаліі (1910—11), першы прэзідэнт Партуг. рэспублікі (1915—19). Прадстаўнік і прапагандыст пазітывізму ў партуг. л-ры. Працы па літаратуры, гісторыі, этналогіі, філасофіі і інш. (больш як 100 тамоў).
т. 3, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭА́Н (Dehaene) Жан Люк (н. 7.8.1940, г. Манпелье, Францыя),
бельгійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст і эканаміст. Член фламандскай Хрысц. нар. партыі. З 1971 працаваў у шэрагу мін-ваў. З 1979 шэф кабінета ў першым урадзе В.Мартэнса. З 1981 міністр сац. палітыкі, міністр транспарту. З 1992 прэм’ер-міністр Бельгіі. Урад Д. завяршыў пераўтварэнне Каралеўства Бельгіі ў федэратыўную дзяржаву (1993).
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ КУА́Н Ю (н. 16.9.1923, Сінгапур),
сінгапурскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (Вялікабрытанія, 1950). У 1954 адзін з заснавальнікаў (да 1992 ген. сакратар) Партыі Нар. дзеяння. Чл. Заканад. асамблеі (1955), у 1959—90 прэм’ер-міністр Сінгапура. Пры ім Сінгапур ператварыўся ў адну з найб. развітых краін Азіі. З 1990 старшы міністр урада, аказвае значны ўплыў на дзярж. палітыку краіны.
т. 9, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)