ГУСЬ ШЭ́РАЯ (Anser anser),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі па рачных поймах, азёрах, ліманах, балотах, мокрых лугах з густымі зараснікамі расліннасці. На Беларусі трапляецца пераважна на пралётах, месцамі гняздуецца на Палессі і ў Бел. Паазер’і.

Даўж. цела 76—89 см, маса 2,5—4,4, зрэдку да 6 кг. Апярэнне светла-шэрае, падхвосце белае, на бруху чорныя плямы. Дзюба і лапы шаравата-ружовыя. Гняздо — кучка з раслінных рэшткаў. Нясе 4—12, найчасцей 4—5 яец. Корміцца травамі, парасткамі, насеннем, клубнямі. Продак многіх парод гусей свойскіх. Аб’ект палявання.

Гусь шэрая.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЕГАЛО́Ў (Channa argus),

рыба сям. змеегаловых атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Акліматызаваны ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў зарослых пратоках, залівах з невял. колькасцю кіслароду.

Даўж. да 85 см, маса да 7 кг. На целе бурыя плямы, за вачыма 2 доўгія вузкія цёмныя паласы да задняга краю шчэлепнай накрыўкі. Галава пляскатая, укрыта зверху і з бакоў луской, нагадвае галаву змяі (адсюль назва). Спінны і анальны плаўнікі доўгія. Можа дыхаць атм. паветрам, без вады жыве некалькі дзён. Драпежнік. Аб’ект промыслу і развядзення.

Змеегалоў.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНКО́ЛЬН,

парода даўгашэрсных паўтанкарунных скараспелых авечак мяса-шэрснага кірунку. Выведзена ў Англіі (графства Лінкальншыр) у 18—19 ст. скрыжаваннем мясц. авечак з лейстэрскімі баранамі. Пашыраны ў многіх краінах (Аргенціна, Аўстралія, ЗША, Канада, Новая Зеландыя і інш.). Патрабавальныя да ўмоў кармлення і ўтрымання.

Маса барана да 160 кг, аўцаматкі да 120 кг. Воўна белая, аднародная, моцная, буйназвівістая, мае бляск (люстра), даўж. да 30 см, на галаве і вушах часам цёмныя плямы. Настрыг з барана да 12 кг, з аўцаматкі да 8 кг.

Авечка пароды лінкольн.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛЬШЧЫКІ (Necrophorus),

род жукоў сям. трупаедаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Аўстраліі і трапічнай Афрыкі. У Еўропе — 27 відаў. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі 9 відаў, найб. пашыраны М. чорнабулавы (N. vespilloides) і М. рыжабулавы (N. vespillo).

Даўж. да 40 мм (у відаў на Беларусі да 24 мм). Афарбоўка чорная, на надкрылах 2 аранжава-жоўтыя перавязі або плямы. Жукі і лічынкі кормяцца мярцвячынай. Яйцы адкладваюць на трупы дробных жывёл і закопваюць іх (адсюль назва).

С.​Л.​Максімава.

Магільшчыкі: 1 — рыжабулавы чорнабулавы; 2 — чорнабулавы рыжабулавы.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЛЯДЗЬ, сырок (Coregonus peled),

рыба роду сігаў сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў вадаёмах паўн. Еўразіі. Мае 3 экалагічныя формы: рачная хуткарослая, азёрная звычайная і азёрная карлікавая (з прыгнечаным ростам). Чародная рыба. Акліматызавана ў некат. краінах Еўропы. У азёрах Беларусі (Віцебская вобл.) з 1957.

Даўж. да 55 см, маса да 3 (зрэдку да 5) кг. Цела падоўжанае, высокае, цёмна-серабрыстае. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. На галаве і спінным плаўніку невял. чорныя плямы. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі ёсць тлушчавы плаўнічок. Корміцца зоапланктонам (пераважна ракападобнымі). Аб’ект промыслу і гадоўлі.

Пелядзь.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАШЧАНО́СНАЯ Я́ШЧАРКА (Chlamidosaurus kingi),

паўзун сям. агам; адзіны від аднайменнага роду. Пашырана на Пн і ПнЗ Аўстраліі і в-ве Новая Гвінея. Жыве пераважна на дрэвах, па зямлі можа бегаць на задніх нагах.

Даўж. да 80 см. Мае шырокую лускаватую складку скуры ў выглядзе каўняра—«плашча» (адсюль назва) шыр. да 15 см. У самцоў на каўняры каляровыя плямы; грудзі і горла чорныя. Раскрывае «плашч» пры абароне, небяспецы, узбуджэнні, у час гону. Корміцца пераважна насякомымі, а таксама інш. беспазваночнымі, дробнымі паўзунамі і млекакормячымі.

Плашчаносная яшчарка.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Разм. Капля, кропля. Чутно ўжо, як пачынаюць за акном падаць капкі са страхі на зямлю. Галавач. На сурдуце былі сякія-такія плямы, паходжанне якіх можна было б вытлумачыць неасцярожна ўпаўшымі капкамі верашчакі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разво́ды, ‑аў; адз. няма.

Узоры, узорысты малюнак (часцей у палосы). Тарасіха надзявае новы андарак: чырвоны з чорнымі разводамі і белую вышываную кофту. Асіпенка. Неба на захадзе было ў халодных ружовых разводах. М. Стральцоў. // Разм. Няроўныя, звілістыя падцёкі. На шкле з’явіліся плямы і разводы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фло́кулы

(лац. flocculus = жмуток)

светлыя і цёмныя плямы, якія заўважаюцца на Сонцы ў монахраматычным святле пэўнай даўжыні хвалі, напр. у праменях кальцыю і вадароду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Пля́ма, пля́міна, пле́ма, плямізма, плям, пля́мка ’знак, месца на паверхні як брудны след чаго-небудзь’, ’што-небудзь ганебнае’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Шпіл., Гарэц., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Растарг.; Юрч. СНЛ; ЛА, 3); пля́мы ’абвесак’ (лаг., ЛА, 2); пляміць ’рабіць плямы’ (Бяльк.), пля́місты ’маркі, мазкі, мазісты’ (Нас., Гарэц.), плямі́сты ’з плямамі’ (даўг., Сл. ПЗБ; Растарг.), пля́мны ’заплямлены, у плямах’ (Нас.). З польск. plama ’пляма’ (Кюнэ, Poln., 87), якое узнікла ў выніку кантамінацыі польск. plana ’пляма, ганьба, загана’ (гл. пле́на2) і медыцынск. plama ’чырвоная пляма на скуры ад хваробы’, што з ням. flamme ’тс’ і ’пляма на сукенцы’ (Брукнер, 417; Банькоўскі, 2, 597).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)