ЛАТЭРА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1929,
пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту паміж Італіяй і папствам з-за «Рымскага пытання». Падпісаны 11.2.1929 Б.Мусаліні і кардыналам П.Гаспары. Складаліся з асн. дагавора, фін. канвенцыі і канкардату. У дагаворы Італія прызнавала каталіцызм «адзінай дзярж. рэлігіяй» у краіне, згаджалася на стварэнне на тэр. Рыма папскай дзяржавы — Ватыкана, прызнавала за святым прастолам права дыпламат. зносін з інш. дзяржавамі. Абвяшчалася, што «горад Ватыкан заўсёды і ва ўсякіх выпадках будзе разглядацца як тэрыторыя нейтральная і недатыкальная». Паводле фін. канвенцыі, Італія абавязвалася выплаціць Ватыкану 1750 млн. італьян. лір. Канкардат вызначаў правы і прывілеі італьян. каталіцкай царквы. Асн. дагавор дзейнічае дагэтуль. У 1984 Італія і Ватыкан зацвердзілі новую рэдакцыю канкардату, паводле якой абмежаваны прывілеі італьян. каталіцкай царквы.
т. 9, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ВА АБАРО́НА 1581—82,
абарона гарнізона (4 тыс. дваран, стральцоў і казакоў) і ўзбр. гараджан (12 тыс. чал.) г. Пскоў на чале з кн. І.П.Шуйскім ад 50-тысячнай арміі караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя ў канцы Лівонскай вайны 1558—83. 24—26.8.1581 армія Рэчы Паспалітай аблажыла Пскоў. Абаронцы горада адбілі больш за 30 штурмаў праціўніка (асабліва моцныя 8 вер. і 2 ліст.). Недахоп пораху прымусіў Стафана Баторыя з ліст. 1581 весці пасіўную аблогу. Рас. цар Іван IV прыслаў пад Пскоў паслоў з прапановай аб міры. 15.1.1582 падпісаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582, які спыніў вайну паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 4.2.1582 войскі Стафана Баторыя адышлі ад Пскова.
т. 13, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́НСКІ ДАГАВО́Р 1867,
дагавор аб уступцы (продажы) рас. уладанняў у Паўн. Амерыцы ЗША. Падпісаны 30 сак. ў Вашынгтоне амер. дзярж. сакратаром У.Сьюардам і рас. пасланнікам Э.Стэклем ва ўмовах збліжэння абедзвюх краін. Паводле дагавора, якому папярэднічалі амаль 10-гадовыя перамовы (з 1859), Рас. імперыя ўступала (прадавала) ЗША за 7,2 млн. дол. тэр. п-ва Аляска разам з Алеуцкімі а-вамі агульнай пл. 1,5 млн. км² (1/5 тагачаснай тэр. паўн.-амер. дзяржавы). Ратыфікаваны сенатам ЗША да 10 крас., рас. імператарам Аляксандрам II 15 мая 1867. Дагавор садзейнічаў аслабленню пазіцый Вялікабрытаніі і інш. еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце.
Літ.:
Болховитинов Н.Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски, 1834—1867. М., 1990;
Реданский В. С высочайшего соизволения... // Морской сборник. 1995. № 4.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1812—14.
Выклікана гандл.-эканам. супярэчнасцямі паміж Англіяй і ЗША, а таксама захопніцкай палітыкай пэўных амер. колаў у адносінах да Канады. Зачэпкай да вайны паслужылі захопы і вобыскі англ. флотам амер. суднаў у адкрытым моры. У чэрв. 1812 ЗША аб’явілі вайну Англіі. Англічане перакінулі свае войскі ў Паўн. Амерыку. На моры Англія панесла значныя страты, але і спробы амерыканцаў уварвацца ў Канаду поспеху не мелі. Перамогі на азёрах Эры (вер. 1813) і Шамплейн (вер. 1814) забяспечылі ЗША кантроль над важнымі воднымі шляхамі. Англ. войскі блакіравалі ўзбярэжжа ЗША, у жн. 1814 захапілі Вашынгтон, аднак развіць наступленне не змаглі. Баявыя дзеянні амер. войскаў набылі характар барацьбы за захаванне незалежнасці краіны. У 1814 у г. Гент (Бельгія) падпісаны дагавор, які аднавіў даваен. становішча.
т. 1, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ЦАРКВА́,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Кіеўскай вобл., на р. Рось. 197 тыс. ж. (1992). Чыг. станцыя. Машынабудаванне (с.-г. машыны, электракандэнсатары), хім. (вытв-сць шын, гумава-азбеставых і гумава-тэхн. вырабаў), лёгкая (трыкат., абутковая), мэблевая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Кліматычны і бальнеалагічны курорт. Дэндрапарк «Александрыя».
Упершыню ўпамінаецца ў 1155. Узнікла на месцы стараж.-рус. г. Гюрген (Юр’еў), які засн. ў 1032. З 1363 у складзе ВКЛ, тут пабудаваны замак-крэпасць. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. У 1620 атрымала гар. правы. У Белай Царкве падпісаны Белацаркоўскі дагавор 1651. У 1774—1918 уласнасць Браніцкіх. З 1793 у складзе Расіі. У 19 ст. буйны гандл.-кірмашовы цэнтр. З 1925 горад, з 1932 цэнтр раёна Кіеўскай вобл.
т. 3, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ ПА́КТ 1940,
пакт аб ваенным саюзе, падпісаны Германіяй, Італіяй і Японіяй 27 вер. ў Берліне. Прадугледжваў падзел свету паміж саюзнікамі, быў этапам у падрыхтоўцы агрэсіі супраць СССР. Бакі пагадзіліся, каб Германія і Італія ўсталявалі «новы парадак» у Еўропе, Японія — у Азіі, дамовіліся пра ўзаемадапамогу ў паліт., эканам і ваен. галінах. Да Берлінскага пакта далучыліся Іспанія, Тайланд, Фінляндыя, залежныя ад Германіі ўрады Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Балгарыі, Югаславіі (27.3.1941 урад Цветкавіча быў скінуты, новы югасл. ўрад адмовіўся зацвердзіць акт пра далучэнне), марыянетачныя ўрады Маньчжоу-Го, Харватыі, створаны Японіяй на тэр. акупіраванага Кітая ўрад Ван Цзін-вэя. Берлінскі пакт страціў значэнне пасля паражэння дзяржаў фаш. блоку ў 2-й сусв. вайне. Гл. таксама «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт».
т. 3, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ВАЕ́ННЫМ І ГАСПАДА́РЧЫМ САЮ́ЗЕ ПАМІ́Ж РСФСР І БССР, Саюзны рабоча-сялянскі дагавор паміж РСФСР і БССР. Падпісаны 16.1.1921 у Маскве нам. старшыні СНК БССР Я.А.Адамовічам і нам. наркома замежных спраў РСФСР Л.М.Караханам, ратыфікаваны ВЦВК і ЦВК БССР у ліп. 1921. Паводле дагавора наркаматы ваен. спраў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, поштаў і тэлеграфа, а таксама ВСНГ сталі аб’яднанымі, уваходзілі ў склад СНК РСФСР і мелі ў СНК БССР сваіх упаўнаважаных, якіх зацвярджалі і кантралявалі ЦВК БССР і Усебеларускі з’езд Саветаў. У дапаўненне да дагавора 26.7.1921 намеснікі наркомаў замежных спраў РСФСР (М.М.Літвінаў) і БССР (А.Л.Бурбіс) падпісалі пагадненне па фінансавых пытаннях, якое прадугледжвала адзіны для абедзвюх рэспублік бюджэт, цэнтралізаваную падатковую сістэму і інш.
т. 5, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ СУПО́ЛЬНІЦТВЕ БЕЛАРУ́СІ І РАСІ́І 1996 Падпісаны 2.4.1996 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.М.Ельцыным. Прадугледжвае больш высокі ўзровень супрацоўніцтва дзвюх суверэнных рэспублік сярод Садружнасці Незалежных Дзяржаў — яднанне на прынцыпах суверэннасці і раўнапраўя, агульнапрынятых нормах міжнар. права, матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў сваіх дзяржаў. Пры гэтым і Беларусь і Расія захоўваюць сваю незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, свае Канстытуцыю, дзярж. сцяг, герб, гімн і інш. атрыбуты дзярж. улады, з’яўляюцца суб’ектамі міжнар. права і захоўваюць сваё членства ў міжнар. арг-цыях. Дагавор прадугледжвае адказнасць членаў Супольніцтва і абавязковасць прымаемых рашэнняў праз каардынацыю і кантроль з боку спецыяльна створаных органаў з акрэсленымі ўладнымі паўнамоцтвамі — Вышэйшага Савета і Выканаўчага к-та.
А.І.Галаўнёў.
т. 5, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГАЖЭ́ЛЦКІ ДАГАВО́Р 1950,
дагавор паміж Польскай Рэспублікай і Герм. Дэмакр. Рэспублікай аб дэмаркацыі ўстаноўленай і існуючай польска-ням. дзярж. граніцы. Падпісаны 6 ліп. ў г. Згажэлец (Польшча) прэм’ер-міністрамі Ю.Цыранкевічам і О.Гротэвалем. Пацвердзіў рашэнні, прынятыя на Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, паводле якіх Польшча атрымала б. нямецкія землі на У ад лініі, што ідзе ад Балтыйскага мора, уздоўж р. Одра да вусця р. Ныса-Лужыцка, далей па Нысе-Лужыцкай да граніцы з Чэхаславакіяй, а таксама ч. Усх. Прусіі і тэр. б. вольнага горада Гданьска. Да заключэння ў 1970 дагавора аб асновах нармалізацыі ўзаемаадносін паміж Польскай Нар. Рэспублікай і ФРГ выкарыстоўваўся ў прапагандысцкіх мэтах як сімвал змен пасляваенных граніц Германіі.
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІШТА́ЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1721,
дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў Паўночную вайну 1700—21. Падпісаны 10.9.1721 у г. Ніштат (цяпер Уусікаўпункі, Фінляндыя). Паводле Н.м.д. да Расіі адыходзілі Ліфляндыя з Рыгай, Эстляндыя з Рэвелем (цяпер Талін) і Нарвай, ч. Карэліі з Кексгольмам (цяпер Прыазёрск), Інгерманландыя (Іжорская зямля, дзе на р. Нява пабудаваны С.-Пецярбург), Маандзунскія а-вы і інш. прыбалтыйскія землі да мяжы Курляндскага герцагства. Расія вяртала Швецыі занятую рас. войскамі Фінляндыю і выплачвала ёй у якасці кампенсацыі за страчаныя землі 2 млн. яфімкаў (сярэбраных рублёў). Аднаўляўся гандаль паміж дзвюма краінамі; Швецыя атрымлівала права штогод бяспошлінна купляць у Расіі і вывозіць з яе на 50 тыс. руб. хлеба. Н.м.д. замацаваў за Расіяй выхад да Балтыйскага м.
т. 11, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)