пазамуро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Замураваць, закласці муроўкай усё, многае. Пазамуроўваць праёмы ў сценах.

2. Змясціць усё, многае або ўсіх, многіх у памяшканні, тайніку, наглуха закладзеным муроўкай.

3. перан. Разм. Пакрыць снегам, лёдам усё, многае. Мароз пазамуроўваў лугі і балоты, гаці і палі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таўшчэ́разны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і таўшчэзны. Па краях [дарогі] там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пышна разрасталіся на прасторы, або развіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасвецкія гаспадары. Колас. У ночы такія Ідзе Дзед Мароз З таўшчэразным кіем, Што з лесу прынёс. Іверс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штора́ніцы, прысл.

Кожную раніцу, кожнай раніцай. Калісьці дзядзька Ціхон растлумачыў мне, што такі перапынак, такое агульнае маўчанне бывае ў птушак вясною штораніцы. Паслядовіч. [Мальвіна] з дзяўчатамі цягала да саду салому, сухі леташні бульбоўнік і штораніцы дымам абкурвала яблыні, каб не пашкодзіў мароз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́драна,

1. Прысл. да ядраны (у 2–6 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра свежае, халаднаватае надвор’е. Змяркалася. Патухла сонца за лесам, прыціскаў мароз, было ядрана і ціха. Капыловіч. Васіль ляжыць на мяккай, мокрай ад расы траве. Свежа, нават ядрана. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак., з кім і без дап.

Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. [Назарэўскі] успомніў пра Зосю і хацеў пабачыцца з ёю. Чорны. Пры адной толькі думцы пабачыцца з ляснічым мароз прабягаў па скуры Васіля. Колас.

•••

Пабачыцца са шкляным богам — тое, што і бачыцца са шкляным богам (гл. бачыцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазамаро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замарозіць усё, многае або ўсіх, многіх. Пазамарожваў мароз лужыны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыць шэранню, слоем лёду ўсё, многае. Пазамарожвала ўсе вокны.

3. перан. Не пусціць у абарот, карыстанне ўсё, многае. Пазамарожваць крэдыты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераме́л, ‑у, м.

Неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі. Цяпер плыткі перамел зарос чаротам, рагазою, па ім як не слалася ніцая лаза. Сачанка. Назаўтра мароз хоць і памацнеў крыху, але яго моцы яшчэ не хапала на тое, каб надзейна стала рака, хоць на перамеле. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,

дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш. дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.​І.​Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВК БССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦК КП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССР без візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш. сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл. Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г.п. Рудзенск і раёне пад кіраўніцтвам Рудзенскага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 12 груп (75 чал., кіраўнік М.​П.​Пакроўскі); 1-я Рудзенская (кіраўнікі В.​І.​Шкурдзюк, М.​В.​Данільчык), 2-я Рудзенская (С.​М.​Малашонак, С.​І.​Шэлег), у вёсках Азярычына (М.​Т.​Шайбак), Голацк (А.​А.​Сачак), Дудзічы (В.​П.​Адамовіч), Дукарка (В.​В.​Мешчаракоў, К.​В.​Людчык, А.​Р.​Гарбацэвіч), Караваева (С.​З.​Саранча), Каробавічы (В.​Д.​Рагатка), Крыстамполле (Н.​Г.​Андрэеў, І.​Г.​Шэлег), Сяргеевічы (Ф.​Н.​Макарэвіч), Цітва (С.​К.​Доўнар, В.​К.​Мароз), на торфазаводзе «Дукора» (П.​С.​Рак, Ф.​А.​Стуканаў). Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, трымалі сувязь з партызанамі, рыхтавалі для іх кадры, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання і медыкаменты, разведданыя, зрывалі эканам. мерапрыемствы акупантаў, выводзілі са строю тэлегр. лінію, абсталяванне торфазавода, узрывалі склады, масты, чыг. збудаванні і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

А.​Б.​Рогаў.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

капе́ж, капяжу і капяжа, м.

1. ‑у. Каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх. Трымаўся мароз, хоць сярод дня капяжы са стрэх выбівалі ў снезе на прызбах конаўкі. Шамякін. // Падзенне капель талага снегу. Учора і ўначы была адліга — з туманам і капяжамі, але на золку ўдарыў мароз. Карпаў. // Абл. Ледзяшы на стрэхах. Як весткі вясны, на стрэхах хат павіслі сіняватыя капяжы. Навуменка.

2. ‑а. Ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной. У вокны дождж буйны зазвоніць І з капяжоў руччом сцякае І снег жыўцом ён паядае. Колас.

3. ‑а. Месца падзення капель са стрэх. Сціх дождж, чуваць было, як ск[оч]ваюцца са страхі марудныя кроплі, звонка падаюць у капяжы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)