ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.

Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.

Да арт. Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

закаха́ны, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае каханне да каго‑н.; улюбёны. Ліпа добра разумела настрой Чапідзе, ведала, што ён закаханы ў яе. Хомчанка. Як закаханыя людзі на час не зважаюць, Так падарожныя календароў не чытаюць. Куляшоў. / у знач. наз. закаха́ны, ‑ага, м.; закаха́ная, ‑ай, ж. [Нара] кахала [Якіма] і сама не ведала за што, як звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі. // Які выражае закаханасць, захапленне. Закаханы позірк. □ Зося ўсё яшчэ ўсхліпвала і не зводзіла з сяброўкі радасных закаханых вачэй. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лі́пень 1 ’назва сёмага месяца’ (Гарэц., Бяльк., ТСБМ; паст., Сл. паўн.-зах.). Укр. (зах.) ли́пень, рус. перм. липе́нь ’ліпа’, славац. lipeň ’тс’, славен. lipan, серб.-харв. ли̏пањ, ли̑пањ ’чэрвень’. Прасл. lip‑ьnь. Да лі́па (гл.). Названа паводле ліпы, якая цвіце ў гэты час (Шаўр, Этимология–71, 96; Качэрган, Мовознавство, 1967, 1, 57).

Лі́пень 2, ліпеня, лепеня ’рыба харыус, Thymallus thymallus L.’ (нёманск., Жук.; астрав., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр. ліпень, польск. lipień, в.-луж. lipen, lipon, чэш. lipan, ст.-чэш. lipan, lipen, lipeň, славац. lipeň, lipen, lipan, славен. lípan, серб.-харв. лѝпан, ли̏пен, ли̏пљан, ли̏пљен, ли̏пањ. Прасл. lipenъ//lipenjь, lipanъ//lipanjь. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Лёвенталь (WuS, 10, 194) і Бернекер (1, 723) звязвалі з літ. lipsnà ’полымя’, lipst ’гарыць’, лат. lipȋt ’запаліць’, беручы пад увагу чырвоныя плаўнікі і бліскучыя срэбныя бакі; Уленбек (KZ, 32, 260) вылучае аснову *lei̯p ’ляпіць’; Машынкі (O sposobach, 151) мяркуе, што гэта лексема была запазычана славянамі ад і.-е. жыхароў Прыкарпацця. Махэк₂ (335), спасылаючыся на ст.-чэш. назву гэтай рыбы květovoň і на тое, што харыус пахне чаборам, хоча бачыць матывацыю, звязаную з пахам. Слаўскі (4, 274) дапускае прасл. аснову lip‑/lьp‑/lěp‑, якая з і.-е. leip‑ ’масціць, мазаць, клеіць’. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе, што лексема lipьnь бытавала толькі ў тых дыялектах прасл. мовы, якія ляглі ў аснову бел., польск., чэш. і серб.-харв. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.​М.​Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн. ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.

Літ.:

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.

І.​А.​Паўлоўская.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

распіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

1. Паставіць свой подпіс пад чым‑н. [Мэр] распісаўся разборліва, буйна, размашыста, праз усю старонку. Шамякін. // перан.; у чым. Іран. Сваімі паводзінамі, учынкамі пацвердзіць што‑н. у адносінах да сябе. Распісацца ў сваёй бездапаможнасці.

2. Разм. Зарэгістраваць свой шлюб. Калі Ліпа адзелася, Сяргей павёў яе снедаць у афіцэрскую сталовую, а праз дзве гадзіны яны распісаліся. Жыць Сяргей перайшоў да Ліны. Хомчанка.

3. Разм. Пачаўшы пісаць, захапіцца пісаннем. — Ужо? От распісаўся! — глянуўшы на гадзіннік, ускочыў з крэсла Камлюк і ўподбег заспяшаўся ў пакой да радыстаў. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́павы ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ліпы ​1, уласцівы ёй. Ліпавая кара. // Які складаецца з ліп, абсаджаны імі. Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Колас. // Зроблены з драўніны, лыка, кары ліпы. Ліпавая кадушка. □ З лесу выходзіць бацька. На ім доўгая белая кашуля і новыя ліпавыя лапці. Асіпенка. // Прыгатаваны, сабраны з ліпавага цвету. Ліпавы чай. Ліпавы мёд.

2. у знач. наз. лі́павыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якіх адносяцца ліпа, джут і інш.

•••

Ліпавы цвет гл. цвет.

лі́павы ​2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Падроблены, фальшывы, несапраўдны. Ліпавыя дакументы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НІ́ЖНЯЯ САКСО́НІЯ (Niedersachsen),

зямля (адм. адзінка) на Пн Германіі. Пл. 47,6 тыс. км². Нас. каля 7,8 млн. чал. (1998). Адм. ц. — г. Гановер. На Пн абмываецца Паўночным м. Рэльеф нізінны (на Пн), раўнінны (у сярэдняй ч.), нізкагорны (на Пд, горы Гарц, выш. да 926 м). Клімат умераны, марскі. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год 600—700 мм. Пад лесам каля 1 млн. га. Пераважаюць шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб, ліпа). Эканоміка індустр.-агр. характару. На тэр. Н.С. радовішчы нафты, прыроднага газу, руд жалеза і каляровых металаў, калійнай і кухоннай солі. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., у т. л. аўтабудаванне, эл.-тэхн., электронная, агульнае машынабудаванне, харч., тэкст., швейная, хім., нафтаперапр., чорная металургія. Прамысл. цэнтры: Зальцгітэр (чорная металургія), Вольфсбург (легкавыя аўтамабілі), Гановер і Браўншвайг (грузавыя аўтамабілі і аўтобусы), Вільгельмсгафен (канторскія машыны), Эмдэн (суднабудаванне). У сельскай гаспадарцы пераважае высокапрадукцыйная таварная жывёлагадоўля (малочная жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Лугі і пашы займаюць каля палавіны с.-г. угоддзяў. Гал. культуры: кармавыя травы, караняплоды, бульба, ячмень, пшаніца, жыта. Садоўніцтва і агародніцтва. Рыбалоўства і марскія промыслы. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. порт Вільгельмсгафен. Суднаходства па Сярэднегерманскім канале, Эльбе, Везеру і інш. Нафта- і газаправоды ад радовішчаў і марскога ўзбярэжжа да значных гарадоў і на Пд краіны.

Зямля ўтворана 1.11.1946 брыт. акупац. ўладамі з б. прускай прав. Гановер і зямель Браўншвайг, Ольдэнбург, Шаўмбург-Ліпе. У 1947 далучана ч. зямлі Брэмен. З 1949 у складзе ФРГ. У 1990—98 прэм’ер-міністрам зямлі быў Г.​Шродэр (з кастр. 1998 федэральны канцлер ФРГ).

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 45,9 тыс. чал. (1996), гарадскога 26%. Цэнтр раёна — г. Буда-Кашалёва; г.п. Уваравічы; 269 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 21 сельсавет: Акцябрскі, Буда-Люшаўскі, Бярвенаўскі, Глазаўскі, Губіцкі, Гусявіцкі, Дуравіцкі, Забалоцкі, Івольскі, Камунараўскі, Кашалёўскі, Крыўскі, Ліпініцкі, Марозавіцкі, Мікалаеўскі, Недайскі, Патапаўскі, Рагінскі, Узаўскі, Чабатовіцкі, Шырокаўскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка раёна забруджана радыенуклідамі, 10 населеных пунктаў адселены.

Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны (паўн.-ўсх. частка) і Гомельскага Палесся (паўн.-зах. частка). Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 157,6 м (каля в. Анастасьеўка). Карысныя выкапні: торф, цэментныя, тугаплаўкія, керамічныя гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 562 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Дняпро, цякуць Уза, Ліпа і Чачора (прытокі р. Сож). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 22,5% тэр. раёна; лясы ў асноўным хваёвыя і чорнаальховыя; найб. масівы на З — Борхаўская лясная дача і інш. На тэр. раёна біял. заказнік Буда-Кашалёўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 106,5 тыс. га, з іх асушана 27,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 13 калгасаў і 16 саўгасаў; 2 птушкафабрыкі, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно) і буд. матэрыялаў прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Бабруйск—Гомель, аўтадарога Магілёў—Гомель. У раёне 25 сярэдніх, 13 базавых і 3 пач. школы, 6 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 35 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 44 б-кі, 5 бальніц, 33 фельч.-ак. пункты. Выдаецца газ. «Авангард».

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.​Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.​Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.​Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Жамыслаўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)