чарні́чнік, ‑у, м.

Сцёблы, кусцікі, на якіх растуць чарніцы. І я ішоў па густым, яшчэ зялёным чарнічніку, не спыняючыся і зачаравана разглядаючы прыгажосць асенняга лесу. Ляўданскі. Наступны баравік сядзеў, стоены ў чарнічніку, і трэба было зыркае вока, каб яго адшукаць. Навуменка. // Месца, парослае кустамі чарніц. Чарнічніку было поўна, увесь дол укрыты. Сцяпан нагнуўся, расхінуў кусток. Ягады былі яшчэ зеленкаватыя. Гіль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здрабне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць дробным, драбнейшым (па велічыні, памерах). І ўдалечыні ўсё адсунулася назад, здрабнела і ледзь віднелася праз белую смугу зімовага дня. Чарнышэвіч. Вецер пачаў сунімацца, дождж здрабнеў, і ў небе крыху пасвятлела. Ляўданскі. // Схуднець, змізарнець. Твар здрабнеў.

2. перан. Страціць значнасць, стаць менш істотным. Работу сваю Марына палюбіла і праз нейкі месяц зразумела, што .. адразу здрабнелі ўсе іншыя інтарэсы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. у што. Выкачаць, запэцкаць у што‑н. Хлопцы і дзяўчаты выходзілі .. на раку Случ, каб пакоўзацца на лёдзе, укачаць адзін аднаго ў снег, пажартаваць. Чарнышэвіч. // Качаючы, пакрыць чым‑н. сыпкім, абкачаць у чым‑н. Антось пацёр стрэптацыду, укачаў у яго бульбяныя галушкі і накарміў імі жорава. Ляўданскі.

2. Качаючыся, прымяць што‑н. Укачалі коні траву на прыгуменні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памаўза́, ‑ы, ДМ ‑зе, Т ‑ой (‑ою), м. і ж.

Разм. Шкоднік, свавольнік. Ляжыць на падлозе збанок і суседскі кот-памаўза ласуецца малаком. Гурскі. — Памятаеце, быў такі [конь], «Памаўзой» звалі. І сапраўды ж памаўза. Як да канца баразны падыдзе, Дык і ўбок, на дарогу і да травы. І прыліпне, як смала. Дуброўскі. Стары сцішыў голас і паказаў [на дзяўчынку з завязаным вокам]: — Вунь яна. Улезла ўжо недзе, памаўза... Чаго добрага, можа, і вока выкалала. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Асвяжыць прытокам свежага паветра. Помню, неяк маці адчыніла акно, каб праветрыць хату, а.. [вавёрка] шась — ды на кусты ў агарод. Ляўданскі. // Асвяжыць, вынесшы на свежае паветра. Праветрыць адзенне.

2. перан. Разм. Даць магчымасць праветрыцца (у 2 знач.). Жанчына праплакала ўсю ноч, а пад раніцу, калі разгневаны і апантаны мукамі Клім выйшаў на вуліцу праветрыць галаву, забрала малога і пусцілася бегчы да цёткі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамо́жаны, ‑ая, ‑ае.

Той, якога перамаглі. Жартамі, на якія быў вялікі майстар Янка Купала, Бядуля быў пераможаны. Хведаровіч. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць: Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. / у знач. наз. перамо́жаны, ‑ага, м. Услед за .. [глушыцай] паляцеў і пераможца. Крыху счакаўшы, з моцным лопатам цяжка ўзняўся і нізам пацягнуў у той жа бок і пераможаны. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчува́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчуваецца; здольны выклікаць адчуванне. Недзе далёка зашумеў бор, і па маім твары прабег лёгкі, ледзь адчувальны подых ветру. Ляўданскі. Рыгор уздыхнуў — раптоўная думка, нібы нешта жывое, адчувальнае, стукнула ў сэрца. Краўчанка.

2. Моцны, значны. Партызаны, партызан Беларускія сыны! Былі гэтыя словы.. велінымі ў сваёй мудрай прастаце і.. адчувальнымі ў сваёй спапяляючай нянавісці. Лынькоў. Пры сваіх нязначных стратах партызаны панеслі адчувальны ўдар па ворагу. Барашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уплы́ў, уплыву, м.

1. Уздзеянне на каго‑, што‑н. Рабіць уплыў на што‑н. Пад чужым уплывам. Уплыў камсамольцаў на беспартыйную моладзь. □ Маці мела вялікі ўплыў на дачку, выхаваную ў сляпой пакоры царкве і матчынай волі. Лынькоў. Пад уплывам прыроды самы пануры і маўклівы чалавек змяняецца — мякчэе, робіцца весялейшым і нават гаваркім. Ляўданскі.

2. Сіла аўтарытэту, улады. [Грыша:] — Вось дзе трэба наша прапаганда.. Трэба ўвесь раён пад свой уплыў узяць! Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напру́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Зрабіцца пругкім. Мускулы на твары Івана Іванавіча напружыліся, застылі. Гамолка.

2. Сабрацца з сілай, прыкласці намаганне, робячы што‑н. Вялізная рыбіна ўздрыгнула, напружылася і пацягнула за сабою лодку. Ваданосаў. Лейтэнант напружыўся, варухнуў нагамі і тут жа з глухім стогнам упаў на зямлю. Курто.

3. перан. Узмацніцца, павысіцца (аб ступені праяўлення чаго‑н.). Рукі мімаволі моцна сціснулі стрэльбу, слых напружыўся, а вочы да болю ўпіліся ў цемру. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узнагаро́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што чым.

1. Даць узнагароду каму‑н. Узнагародзіць ордэнам. Узнагародзіць дыпломам першай ступені. □ Аўгінню ўзнагародзілі Ганаровай граматай райкома камсамола. Кірэйчык. [Цар:] — Вылечыш [коней] — узнагароджу, не вылечыш — ласкі ад мяне не чакай. Якімовіч. // перан. Выказаць удзячнасцю адабрэнне; адплаціць належным чынам. [Аркестр народных інструментаў], таксама як і хор, гледачы ўзнагародзілі доўгімі і бурнымі воплескамі. Ляўданскі.

2. перан. Надзяліць чым‑н., абдарыць. Нам дзень Кастрычніка, як воля, дарагі. Узнагародзіў нас ён лёсам шчасным. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)