РО́ТКА ((Rothko) Марк) (25.9.1903, г. Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 25.2.1970),

амерыканскі мастак. Беларускага паходжання. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Іельскага ун-та (1921—23). З 1925 у Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў групы «Дзесяць» (1935). У ранні перыяд звяртаўся да сац. матываў, якія трактаваў у духу экспрэсіянізму, у 1942—47 працаваў у сюррэалістычнай манеры. Пазней звярнуўся да абстрактнага экспрэсіянізму. Творы вызначаюцца манументальнасцю, лаканічнасцю кампазіцыі (абмяжоўваў формы 2—3 квадратамі), пераважна светлым каларытам і аксамітнасцю фактуры, наўмыснай незавершанасцю афарбоўкі плоскасці: «Нумар 10» (1950), «Нумар 118» (1961), «Darke Over Brown № 14» (1963), серыя карцін для аздаблення капэлы Ін-та рэлігіі і чалавека ў Х’юстане (1969—70) і інш.

М.Ротка. Нумар 10. 1950.

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕМП, Свемпс (Svemps) Лео (19.7.1897, хутар Барану, цяпер Гулбенскі р-н, Латвія — 7.3.1975), латышскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1963). Вучыўся ў студыі А.​Бальшакова (1917) і ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1918) у Маскве. З 1918 у Латвіі. Чл. «Групы рыжскіх мастакоў» (1928—38). Выкладаў у АМ у Рызе (1940—41, 1944—52, з 1954, з 1947 праф., з 1961 рэктар). Аўтар маляўнічых, мажорных, паводле ўнутр. ладу, кантрастных па колеры пейзажаў і нацюрмортаў: «Вуліца, асветленая сонцам» (1922), «Старая Рыга» (1927), «Нацюрморт. Кветкі» (1955), «Весціена» (1956), «Нацюрморт з грушамі і кветкамі» (1966), «Нацюрморт з газетай» (1967) і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1957.

Літ.:

Буторина Е.И., Иванов М.Л. Лео Свемп. М., 1968.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЦІН (Аўгуст Янавіч) (сапр. Блюм Тэадор Янавіч; 17.1.1894, г. Айзпутэ, Латвія — 23.6.1953),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1908 вёў рэв. дзейнасць у Лібаве, Пецярбургу, Рызе, Харкаве, Баку, Грозным. Шмат разоў арыштаваны і зняволены (1909, 1913, 1914, 1916). Пасля Кастр. рэвалюцыі старшыня Закаўказскага каап. саюза, нам. старшыні Цэнтрасаюза, старшыня Міжкаап. савета і інш. З 1929 у БССР: старшыня Белкаапсаюза, нарком гандлю (1930), забеспячэння (1931—33), нам. старшыні СНК БССР (1933—34), нарком лёгкай (1934), мясцовай (1934—37) прам-сці. Чл. ЦВК СССР (1935—37), ЦВК БССР (1929—37). Чл. ЦК КП(б)Б у 1930—37. Старшыня Т-ва старых бальшавікоў у БССР (1933—37). 4.9.1937 арыштаваны і зняволены. Рэабілітаваны і вызвалены з турмы ў канцы 1940-х г.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЗІН (Берзінь) Рэйнгольд Іосіфавіч

(16.7.1888, б. маёнтак Кінігсгоф, Валміерскі р-н, Латвія — 11.11.1939),

савецкі ваен. дзеяч. З 1905 чл. РСДРП. З 1914 у арміі. У 1917 старшыня выканкома корпуса, нам. старшыні выканкома 2-й арміі (Нясвіж), чл. ВРК Зах. фронту. Камандаваў 1-м Мінскім рэв. атрадам, 2-й рэв. арміяй у час ліквідацыі ў Магілёве Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі як цэнтра контррэвалюцыі, у барацьбе супраць Цэнтр. Рады на Украіне, у час разгрому антысав. мяцяжу 1-га польск, корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. У 1918 галоўнакамандуючы Зах. фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй, камандуючы Паўн.-Урала-Сібірскім фронтам. З 1919 чл. Рэўваенсавета Зах., Паўд.-Зах., Паўд., Туркестанскага франтоў, з 1924 — Зах. ваен. акругі. З 1927 на гасп. рабоце. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦЫКЕ (Gercike),

Герсіке, Гарцыке, старажытны горад 11—13 ст. у Полацкай зямлі, на правым беразе Зах. Дзвіны. За 180 км ад Полацка, 2 км ад нас. пункта Ерсіка (Латвія). Паселішча Герцыке існавала з 10 ст. У 2-й пал. 11 — 1-й пал. 13 ст. горад належаў Полацкаму княству як фарпост і цэнтр феад. ўладання ў Ніжнім Падзвінні. Насельніцтва складалася з латгалаў і славян. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1209 упамінаецца як багатая княжацкая рэзідэнцыя з некалькімі правасл. цэрквамі і цэнтр удзела кн. Усевалада. У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля 14 ст. ў пісьмовых крыніцах не ўпамінаецца.

Г.​М.​Семянчук.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ, Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм. ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.​Шміта і К.​Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.​Вержбіловіч, Г.Віган, А.​Глен, В.​Гутар.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗІМО́ВАЕ ЧАРАЎНІ́ЦТВА»

(«Winterzauber»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Расонска-Асвейскай партыз. зоны ў трохвугольніку Себеж—Асвея—Полацк Віцебскай вобл. 14.2—20.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася карнай групоўкай «Берта» (10 паліцэйскіх батальёнаў, падраздзяленні 3-й танк. арміі, 201, 281-й ахоўных і 391-й вучэбна-палявой дывізій). Знішчыць партызан і ліквідаваць партыз. зону гітлераўцам не ўдалося. У ходзе аперацыі яны загубілі 3,5 тыс. мясц. жыхароў, 2 тыс. вывезлі ў Германію, больш за 1 тыс. дзяцей — у Сапаспілскі лагер смерці (Латвія), разрабавалі і спалілі 158 нас. пунктаў, у т. л. ў Верхнядзвінскім р-не спалілі разам з жыхарамі вёскі Абразеева, Аніськава, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папартнае, Сокалава (пасля вайны не аднавіліся) і інш.

У.​С.​Пасэ.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Сямён Давыдавіч) (10.2.1900, г. Гомель — 1.11.1991),

генерал-маёр танк. войск (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камуніст. ін-т імя Свярдлова (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). З снеж. 1917 у Гомельскім чырвонагв. ат радзе, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У 1937—42 у замежнай камандзіроўцы. З 1942 нач. ф-та Ваен. ін-та замежных моў. З ліп. 1943 на Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 3-м Бел., 1-м Прыбалтыйскім франтах: камандзір механізаванай брыгады, нам. камандзіра механізаванага корпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, Паўн.-Зах. Кітая. Вызначыўся ў баях за г. Шаўляй (Літва) і Елгава (Латвія). Да 1956 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна.

С.Д.Крэмер.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВЫ,

племя фіна-угорскага паходжання, якое ў старажытнасці і ў сярэднія вякі жыло на З і ПнЗ сучаснай Латвіі (узбярэжжа Рыжскага заліва і Пн Курляндыі). У рус. летапісах наз. «либь». Займаліся пераважна земляробствам, а таксама рыбалоўствам, бортніцтвам і гандлем. У 9—12 ст. знаходзіліся пад кіраваннем старэйшын і князёў. Падтрымлівалі сувязі з Полацкам і плацілі даніну полацкаму князю. У пач. 13 ст. разам з палачанамі змагаліся супраць крыжацкай агрэсіі, да 1206 заваяваны крыжакамі і прымусова хрысціянізаваны (у каталіцтва). У далейшым большасць Л. паступова асімілявана куршамі і латгаламі. Ад этноніма «лівы» лац. назва краю Лівонія (Livonia), ням. назва Ліфлянд (Livland краіна ліваў) і назвы Ліфляндыя, Інфлянты. Цяпер Л. — невял. этн. група, што жыве ў ваколіцах г. Вентспілс (Латвія).

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Мікалай Андрэевіч) (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),

бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.​Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.​Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.​Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.​Чорнага (1941). У 1920-я 1930-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).

Літ.:

Ціхановіч В. М.​А.​Малевіч. Мн., 1959.

М.​А.​Гугнін.

М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.​Яршова, 1938.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)