1) серыя савецкіх ШСЗ для навуковых, тэхнічных і інш. даследаванняў у каляземнай касм. прасторы. Запускаюцца з 16.3.1962.
Навук. праграма ўключае даследаванне касм. прамянёў, радыяцыйных паясоў Зямлі, іанасферы, сонечнай актыўнасці і выпрамянення Сонца, распаўсюджвання радыёхваль і інш. выпрамяненняў у атмасферы Зямлі; прадугледжвае таксама рашэнне тэхн. праблем, звязаных з касм. палётамі: стыкоўку на арбіце, уваход касм. апарата ў атмасферу, арыентацыю ў космасе, жыццезабеспячэнне і ахову ад радыеактыўных выпрамяненняў, адпрацоўку элементаў канструкцыі і бартавых сістэм касм. апаратаў. Пры сумесным палёце «К.-186» і «К.-188» 30.10.1967 упершыню здзейснена аўтам. збліжэнне і стыкоўка на арбіце; пасля расстыкоўкі прадоўжаны іх аўтаномны палёт і праведзена пасадка.
2) Савецкія 2-ступеньчатыя ракеты-носьбіты, пры дапамозе якіх выводзяцца на арбіты ШСЗ «К.», «Інтэркосмас» і інш.
ШСЗ«Космас» для даследавання радыяцыйных паясоў Зямлі: 1 — сонечная батарэя; 2 — блок буферных батарэй; 3 — сістэма тэрмарэгулявання; 4 — блок абслуговай апаратуры; 5 — датчык месцазнаходжання спадарожніка; 6 — адсек навуковай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМО́ЛКА (Мікола) (Мікалай Іванавіч; 11.3.1922, в. Брынёў Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 3.5.1992),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1939—40 і 1948—52). Працаваў у выдавецтве, у прэсе (у 1951—62 у час. «Бярозка»), Пісаў на бел. і рус. мовах. Друкаваўся з 1937. Апубл.зб-кі вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б’юць куранты» (1950). Аўтар прыгодніцкай аповесці «Лета ў Калінаўцы» (1950), аповесці «Добры дзень, школа!» (1952), рамана «Шосты акіян» (1959; аб’яднаны навук.-фантаст. аповесць «За вялікую трасу», 1954, і раман «Цытадэль неба», 1957), зб. апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). Пра Вял.Айч. вайну аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Партызанскія сёстры» (1989). На рус. мове аповесць-хроніка «Дзяўчына ішла па вайне» (1972). Аўтар п’есы «Бітва ў космасе» (паст. 1963). Пераклаў на бел. мову п’есу Я.Шварца «Чырвоная шапачка» (паст. 1967), паасобныя вершы М.Някрасава, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, П.Тычыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ АПАРА́Т,
агульная назва тэхн. сістэм для выканання навукова-тэхн. задач у космасе. Адрозніваюць К.а.: па траекторыі палёту — ШСЗ (рухаюцца па геацэнтрычных арбітах) і міжпланетныя К.а.; па кіраванні — аўтаматычныя (ШСЗ і інш. нябесных цел, аўтам. арбітальныя і міжпланетныя станцыі) і пілатуемыя (касмічныя караблі і арбітальныя станцыі). Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам. Адметная асаблівасць большасці К.а. — магчымасць працяглага самаст. функцыянавання ва ўмовах касм. прасторы. Усе пілатуемыя і большасць аўтам. К.а. маюць сістэму кіравання рухам і ўласную рухальную ўстаноўку. Праблема энергасілкавання вырашаецца пры дапамозе сонечных батарэй, эл.-хім. паліўных элементаў, малагабарытных ядзерных энергет. установак. Канструкцыя К.а. ўлічвае спецыфічныя фактары касм. прасторы — высокі вакуум, рэзкія перапады т-р, наяўнасць метэорных часцінак, высокі ўзровень радыяцыі, бязважкасць. Найб. пашыраныя К.а.: ШСЗ для навук. даследаванняў (напр., «Космас», «Астрон»), сувязі («Маланка») і метэаралогіі («Метэор»); пілатуемыя («Усход», «Саюз», «Меркурый»), арбітальныя станцыі («Салют», «Скайлэб», «Мір»); міжпланетныя К.а. («Месяц», «Апалон», «Венера», «Марынер», «Вікінг», «Піянер», «Вояджэр» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМУ́К (Пётр Ільіч) (н. 10.7.1942, в. Камароўка Брэсцкага р-на),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1973), ген.-палкоўнік авіяцыі (1998), канд.тэхн.н. (1995). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1977), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1983). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына (з 1991 начальнік). 18—26.12.1973 з В.В.Лебедзевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як камандзір); 24.5—26.7.1975 з В.І.Севасцьянавым — палёт на касм. караблі «Саюз-18» і арбітальнай станцыі «Салют-4» (як камандзір); 27.6—5.7.1978 з М.Гермашэўскім — палёт на касм. караблі «Саюз-30» (як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж — У.В.Кавалёнак, А.С.Іванчэнкаў). У космасе правёў 78,8 сут. Дзярж. прэмія СССР 1978, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНЕ́НКА (Юрый Віктаравіч) (н. 1.8.1944, пас. Калтубанаўскі Бузулукскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1980). Лётчык-касманаўт СССР (1978), палкоўнік (1977; у адстаўцы). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1966). З 1970 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына. 10.12.1977—16.3.1978 з Г.М.Грэчкам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-26» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6». У час палёту да АС прыстыкоўваліся КК «Саюз-27» (экіпаж У.А.Джанібекаў, А.Р.Макараў), грузавы трансп. карабель «Прагрэс-1», КК «Саюз-28»(экіпаж А.А.Губараў, У.Рэмек). На Зямлю вярнуўся на КК «Саюз-27». 18—26.9.1980 з А.Тамаё Мендэсам здзейсніў палёт на КК «Саюз-38» і АС «Салют-6» (асн. экіпаж АС Л.І.Папоў, В.В.Румін); 6.2—29.12.1987 з А.І.Лавейкіным — на КК «Саюз ТМ-2» і АС «Мір» (на Зямлю вярнуўся на КК «Саюз ТМ-3»). У палётах удзельнічаў як камандзір. Правёў у космасе 430,76 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́МІН (Валерый Віктаравіч) (н. 16.8.1939, г. Камсамольск-на-Амуры, Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1980). Герой Венгрыі, Герой Працы В’етнама, Герой Кубы (1980). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд.тэхн.навук. Скончыў Маскоўскі лесатэхн. ін-т (1966). З 1973 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. З 1987 нам.ген. канструктара ракетна-касм. карпарацыі «Энергія». Кіраўнік праграм «Мір—НАСА», «Мір—Шатл» (1994—98), дырэктар праграмы «Міжнар.касм. станцыя» (ад Расіі). Здзейсніў (як бортінжынер) палёты: 9—11.10.1977 з У.В.Кавалёнкам на касм. караблі (КК) «Саюз-25»; 25.2—19.8.1979 з У.А.Ляхавым на КК «Саюз-32», «Саюз-34» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6»; 9.4—11.10.1980 з Л.І.Паповым на КК «Саюз-35», «Саюз-37» і АС «Салют-6»; 3—12.6.1998 у складзе экіпажа КК «Дыскаверы» (стыкоўка з АС «Мір»). У космасе правёў 371,7 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ,
працэс вызвалення вял. колькасці энергіі ў абмежаваным аб’ёме за кароткі прамежак часу. У выніку выбуху выбуховае рэчыва ператвараецца ў газ з высокім ціскам і т-рай, які з вял. сілай уздзейнічае на навакольнае асяроддзе і прыводзіць яго ў рух (гл.Ударная хваля).
Бывае выбух хім. выбуховых рэчываў у выніку ланцуговай хімічнай рэакцыі, ядзерны выбух у выніку рэакцый дзялення або сінтэзу атамных ядраў (гл.Ланцуговыя ядзерныя рэакцыі, Тэрмаядзерныя рэакцыі). Выбух можа адбывацца таксама за кошт энергіі вонкавых крыніц, калі яе дастаткова для выпарэння рэчыва: праходжанне магутных эл. токаў праз рэчыва; імпульснае ўздзеянне лазернага выпрамянення (гл.Лазер), многія прыродныя з’явы (напр., маланка, раптоўнае вывяржэнне вулкана, падзенне буйных метэарытаў). У космасе адбываюцца выбухі каласальных маштабаў: храмасферныя ўспышкі на Сонцы, успышкі новых і звышновых зорак, выбухі ядраў галактык.
Выбух выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях, даследаваннях атмасферы і ўнутранай будовы Зямлі, у тэхніцы, нар. гаспадарцы і ваен. тэхніцы. Гл. таксама Вакуумная зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАНІБЕ́КАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 13.5.1942, с. Іскандар Ташкенцкай вобл., Узбекістан),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981). Лётчык-касманаўт СССР (1978), ген.-маёр авіяцыі (1985). Скончыў Ейскае вышэйшае авіяц. вучылішча лётчыкаў (1965). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. 10—16.1.1978 з А.Р.Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-27» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-26» (экіпаж Ю.В.Раманенка, Г.М.Грэчка), 22—30.3.1981 з У.Д.Гурагчам — палёт на КК «Саюз-32» (як камандзір) і на АС «Салют-6» (асн. экіпаж У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных), 24.6.—2.7.1982 з А.С.Іванчэнкавым і Ж.Л.Крэцьенам — палёт на КК «Саюз Т-6» (як камандзір) і на АС «Салют-7» (асн. экіпаж А.М.Беразавой, В.В.Лебедзеў), 17—29 7.1984 з С.Я.Савіцкай і І.П.Воўкам — палёт на КК «Саюз Т-12» (як камандзір) і на АС «Салют-7» (асн. экіпаж Л.Дз.Кізім, У.А.Салаўёў, А.Ю.Ацькоў), ажыццявіў выхад у касм. прастору, 6.6—26.9.1985 з Савіных — палёт на КК «Саюз Т-13» і на АС «Салют-7». Правёў у космасе 148,67 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРО́Д (лац. Carboneum),
C, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 6, ат. м. 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў 12C (98,892%) і 13C (1,108%). Ізатопам 12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп 14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3∙10−2% вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2∙10−2%. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асн. састаўная частка тканак раслін і жывёл (гл.Біягены).
Існуюць 2 крышт. мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных т-рах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напр., бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вял. колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.
Выкарыстоўваюць у вытв-сці алмазных інструментаў (гл. таксама Алмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, эл.-тэхн. вырабаў, у ядз. тэхніцы, гумавай, паліграф., лакафарбавай прам-сці, металургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае хім. састаў касм. цел, законы распаўсюджвання і размеркавання хім. элементаў у Сусвеце, працэсы спалучэння і міграцыі атамаў пры ўтварэнні касм. рэчыва. У К. даследуюцца праблемы паходжання хім. элементаў, гісторыі касм. рэчыва з моманту яго ўзнікнення да сучаснага стану ў аб’ектах Сонечнай сістэмы, рэканструкцыі дагеал. этапу гісторыі Зямлі і інш. Раздзелы К. — К. ізатопная і К. ядзерная, вылучаны як асобныя навукі.
У 1937 (год узнікнення К. як самаст. навукі) на аснове даных аб саставе метэарытаў, рэчыва Сонца і зорак нарв. геахімік В.М.Гольдшміт склаў поўную табліцу распаўсюджанасці хім. элементаў і іх ізатопаў у космасе. Далейшае развіццё К. звязана з навук. працамі амер. фізікахіміка Г.Юры і сав. геахіміка А.П.Вінаградава. Да 1950-х г. даследаванні хім. працэсаў у касм. прасторы і саставу касм. цел ажыццяўляліся ў асн. шляхам спектральнага аналізу рэчыва Сонца, зорак, часткова знешніх слаёў атмасферы планет. Непасрэдным метадам вывучэння касм. цел быў аналіз хім. і фазавага саставу метэарытаў (гл.Геахімія). У апошні час К. значна развіваецца дзякуючы дасягненням касманаўтыкі, якая зрабіла магчымымі непасрэдныя даследаванні пазаземнага рэчыва.
Літ.:
Изотопная геохимия и космохимия. М., 1990;
Тугаринов А.И. Общая геохимия: Краткий курс. М., 1973.