гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст. паміж в. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен. справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТАВЫЯ КНІ́ГІ,
спецыяльныя кнігі ў судах ВКЛ і Польшчы ў 14—18 ст. У ВКЛ афіцыйна ўведзены Статутам ВКЛ 1529. Да сярэдзіны 16 ст. ўсе запісы рабіліся ў адной кнізе паводле часу паступлення спраў у суд. Паводле Статута ВКЛ 1566 зацверджаны земскі і гродскі суды з асобнымі актавымі кнігамі, якія падзяляліся на паточныя (запісваліся скаргі істцоў, пярэчанні адказчыкаў, данясенні судовых чыноўнікаў), запісавыя (запісваліся акты натарыяльнага характару і афіц. дакументы — прывілеі вял.князёў, пастановы соймаў і соймікаў) і дэкрэтавыя (запісваліся судовыя пастановы, працэсуальныя дзеянні суда і бакоў). Трыбуналы, каптуровыя і інш. суды ВКЛ вялі ўласныя актавыя кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),
мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.Крашэўскі, Т.Нарбут, Ф.Бохвіц, Ю.Струміла, Я.Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.Франка, вял.князёўВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.
В.Ф.Шматаў.
Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д УСЯСЛА́ВІЧ (? — пасля 1129),
князь полацкі. Сын кн.Усяслава Брачыславіча. На думку некат. гісторыкаў, з 1101 княжыў у Менску. У 1103 разам з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у паходах на полаўцаў. Гэты саюз насцярожыў Усяславічаў, верагодна, Давыд Усяславіч прагнаны з Менска. У 1104 з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на свайго брата менскага кн. Глеба. Каля 1106—27 княжыў у Полацку. У выніку нападу на Полацкую зямлю ў 1127 кааліцыі князёў на чале з Мсціславам Уладзіміравічам Давыд Усяславіч пазбаўлены пасада, у 1129 разам з інш. полацкімі князямі сасланы ў Візантыю, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ,
манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац. формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл. таксама Каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
гістарычна-літаратурны помнік Кіеўскай Русі. Захаваўся ў Іпацьеўскім летапісе, дзе працягвае «Аповесць мінулых гадоў» і папярэднічае Галіцка-Валынскаму летапісу. Ахоплівае падзеі з 1118 да 1200. Складзены ў Выдубіцкім манастыры (Кіеў) на падставе мясц. летапісаў і асобых пагадовых запісаў. Прысвечаны пераважна мясц. падзеям (гісторыі Кіева і Кіеўскай зямлі), больш свецкі паводле зместу (апісваецца жыццё і дзейнасць кіеўскіх князёў). У творы асуджаюцца княжацкія ўсобіцы, апісваецца барацьба ўсх. славян з полаўцамі. Захаваў цікавыя і каштоўныя запісы пра важныя падзеі ў Полацкай зямлі ў сярэдзіне 12 ст., якія паводле меркавання некаторых вучоных, з’яўляюцца фрагментамі згубленага Полацкага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ГВЕН, Лугвень, Лінгвен,
Лангвен (у праваслаўі Сямён; каля 1355—1431),
князь, сын Альгерда. Разам з інш. князямі падпісаў Крэўскую унію 1385. У 1389—92 і 1407—12 князь у Вял. Ноўгарадзе, з 1392 валодаў Мсціслаўскім княствам. Удзельнічаў у войнах ВКЛ з рус. княствамі, у Мсціслаўскай бітве 1386 з вял. князем смаленскім Святаславам, захапіў Вязьму, Смаленск, Варатынск. На чале мсціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў вызначыўся ў Грунвальдскай бітве 1410. У 1430—31 у барацьбе Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам за трон падтрымліваў першага. Заснаваў каля Мсціслава Ануфрыеўскі манастыр. Родапачынальнік князёўМсціслаўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЙБО́ВІЧ (Гершка) (1700—1770),
бел. гравёр. Працаваў у Нясвіжскай друкарні кн. Радзівілаў. Для альбома «Выява роду князёў Радзівілаў» (надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні ў 1758, экзэмпляр захоўваецца ў Нац.гіст. архіве Рэспублікі Беларусь) выканаў партрэты Вайшунда (Войсцундуса) I Хрысціяна і Караля Станіслава (Пане Каханку; 1750-я г.), 3 экслібрысы для нясвіжскай б-кі, герб Радзівілаў (змешчаны ў «Артыкулах ваенных», Нясвіж, 1754), награвіраваў карту літ. правінцыі бернардзінцаў, інтэр’ер касцёла езуітаў у Нясвіжы і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984. С. 170—175.
Г.Ляйбовіч. Партрэт Вайшунда (Войсцундуса) І.Хрысціяна. 1750-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857 Выклікана рэзкім узмацненнем феад. эксплуатацыі прыгонных сялян падуладнага Расіі Мегрэльскага княства (на З Грузіі) пасля Крымскай вайны 1853—56. Пачалося ў канцы 1856 пад кіраўніцтвам каваля У.Мікавы. 24 мая сяляне (10—20 тыс.чал.) захапілі цэнтр княства г. Зугдыды, адмовіліся выконваць феад. павіннасці, патрабавалі скасавання ўлады мясц.князёў і перадзелу памешчыцкіх зямель, спадзеючыся пры гэтым на заступніцтва рас. цара. Паўстанне задушана ў вер. 1857 рас. войскамі і атрадамі памешчыкаў, 38 кіраўнікоў сасланы ў глыб Расіі. Рас. ўлады ўвялі ў Мегрэльскім княстве сваё кіраванне і пачалі падрыхтоўку да адмены прыгоннага права ў Грузіі.