БРУХА́ЦКІ Аляксандр Леанідавіч (н. 25.8.1945, с. Панова Шаткоўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Расіі (1984). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1966). У 1966—87 працаваў у Горкаўскім акад. драм. т-ры імя М.​Горкага: Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.​Растана), Курчаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Мальер («Кабала святош» М.​Булгакава), Алёшка, Сацін («На дне» М.​Горкага), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Мікалай («Парог» А.​Дударава) і інш. З 1988 у Рус. драм. т-ры Беларусі. Сярод роляў: Крысабой («Майстры» паводле Булгакава), Журналіст, Фізік («Звалка» Дударава), Рычард («Усё ў садзе» Э.​Олбі), Муж («Свабодны шлюб» Д.​Фо і Ф.​Рамэ).

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАМЕ́ЕЎ Канстанцін Сцяпанавіч (літ. псеўд. Гудок, Гудок-Ерамееў і інш.; 6.6.1874, Мінск — 28.1.1931),

савецкі парт. і ваен. дзеяч, журналіст. У с.-д. руху з 1896, неаднаразова арыштаваны, быў у эміграцыі. У 1910—15 у рэдакцыях газ. «Звезда», «Правда» і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Бюро ЦК РСДРП(б). У час Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага ВРК. Са снеж. 1917 камандуючы войскамі Петраградскай ваен. акругі. Удзельнік грамадз. вайны. Адзін з арганізатараў Дзяржвыда, рэдактар «Рабочей газеты», час. «Крокодил» (1922—28) і інш. З 1924 чл. РВС СССР, з 1925 нач. Палітупраўлення Балт. флоту. Пазней на дыпламат. і выдавецкай рабоце. Аўтар прац пра Кастр. рэвалюцыю, грамадз. вайну. Чл. ЦКК РКП(б) у 1924—25.

Р.​В.​Булацкі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛАНЮ́К Пятро (Пётр Сцяпанавіч; 12.8.1904, в. Пярэрыў Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 19.3.1965),

украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Каламыйскай гімназіі. У 1920—30-я г. журналіст; адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса ў Львове (1936). За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны польск. ўладамі. Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі апавяданняў — «У вёсцы», «Сялянскія дастаткі» (абодва 1928), «Агонь» (1930). Аўтар зб. фельетонаў «Парад мерцвякоў» (1943), аповесці-казкі «Вандроўнікі» (1946), трылогіі «Юрко Крук» (1946—56; пра жыццё і нац.-вызв. рух працоўных Зах. Украіны), кн. апавяданняў і нарысаў, літ.-знаўчых і публіцыстычных артыкулаў, памфлетаў, п’ес. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.​Брыль, А.​Клышка, М.​Ракітны.

В.​А.​Чабаненка.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́Ў (сапр. Фрыдлянд) Міхаіл Яфімавіч

(12.6.1898, Кіеў — 4.4.1942),

расійскі пісьменнік, журналіст. Чл.-кар. АН СССР (1938). Вучыўся ў Петраградскім псіханеўралаг. ін-це (1915). З 1922 у газ. «Правда». Заснавальнік і першы рэдактар час. «Огонёк» (1923—38), рэдактар час. «Крокодил», «За рубежом» (з М.​Горкім). У 1938 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1919. Аўтар шматлікіх фельетонаў, кн. нарысаў «Стварэнне свету» (1928), «Хачу лятаць» (1931), цыкла сатыр. навел «Іван Вадзімавіч, чалавек на ўзроўні» (1933), кн. «Буравеснік. Жыццё і смерць Максіма Горкага» (1938). Вынікам паездкі ў Іспанію ў 1931 і 1936 сталі кнігі «Іспанская вясна» (1933) і «Іспанскі дзённік» (кн. 1, 1938).

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1957.

Літ.:

Веревкин Б.П. М.​Е.​Кольцов. М., 1977.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТА́Д (Courtade) П’ер (3.1.1915, г. Баньер-дэ-Бігор, Францыя — 14.5.1963),

французскі пісьменнік і журналіст. У раманах філас.-сатыр. «Эльсенёр» (1949), сац.-паліт. «Джымі» (1951), «Чорная рака» (1953), «Чырвоная плошча» (1961; аўтабіягр.) гал. тэмы — акупацыя Францыі і Рух Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну, пасляваен. палітыка зах. краін, трагічныя падзеі ў СССР у часы культу асобы. Творы К. адметныя панарамнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, дынамізмам дзеяння, спалучэннем дакументальнасці з псіхалагізмам. Аўтар зб-каў апавяданняў «Абставіны» (1946) і «Вышэйшыя жывёлы» (1956), кніг публіцыстыкі. На бел. мову навелу К. «Канец Італіі» пераклаў А.​Мароз.

Тв.:

Бел. пер. — Канец Італіі // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Джимми. М., 1953;

Красная площадь. М., 1963.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГЕ́ (Longuet) Шарль (14.2.1839, г. Кан, Францыя — 5.8.1903),

дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, журналіст. З пач. 1860-х г. супрацоўнік і рэдактар шэрагу апазіц. газет, удзельнік апазіц. руху супраць Другой імперыі. У 1865—70 у эміграцыі ў Бельгіі. З 1865 чл. Інтэрнацыянала 1-га, у 1866—68 і 1871—72 чл. яго Ген. савета. У 1871—80 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У франка-прускую вайну 1870—71 удзельнічаў у абароне Парыжа, чл. Парыжскай камуны 1871 і гал. рэдактар яе друкаванага органа. У 1880-я г. супрацоўнічаў з пасібілістамі. Дэлегат 1-га (1889) і 5-га (1900) кангрэсаў Інтэрнацыянала 2-га. Пераклаў на франц. мову (1901) твор К.​Маркса «Грамадзянская вайна ў Францыі».

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖЭ́ВІЧ Уладзімір Навумавіч (23.5.1907, пас. Якаўлевічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.7.1982),

бел. пісьменнік, журналіст. Вучыўся ў БДУ (1930—32). З 1925 на камсамольскай рабоце, з 1929 у газ. «Звязда», з 1934 карэспандэнт газ. «Известия» па Беларусі. Ў 1937 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—67 літ. супрацоўнік час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнт газ. «Лесная промышленность». Друкаваўся з 1924. Выдаў зб-кі апавяданняў і нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Шляхам герояў» (1932), «Землякі» (1969), «Яны былі першымі» (1970), «Спатканні на дарогах» (1978), кн. гумару «Аксамітны бляск» (1971). Пісаў для дзяцей: кнігі «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНШЭЙН Давід Іосіфавіч (май 1903, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1960),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1920—29 сакратар Віленскіх гаркомаў КСМ Літвы і КПЗБ, 2-і сакратар Віленскага, сакратар Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. Кіраваў цэнтр. краёвай рэдакцыяй КПЗБ. З 1934 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг» і інш. выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі. Тройчы (1921, 1929, 1936) арыштаваны польск. ўладамі і асуджаны на розныя тэрміны зняволення. З кастр. 1939 супрацоўнік абл. газ. «Вольная праца» ў Беластоку, у Вял. Айч. вайну — падп. газ. «Белостокская правда», пасля вайны — газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча») і «Wolność» («Свабода»). У 1953—59 на журналісцкай рабоце ў Мінску.

Э.​Р.​Іофе.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЁНАК Лявон (Леанід Вікенцьевіч; 26.6.1897, в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 21.2.1974),

бел. пісьменнік і журналіст. Бацька З.​Кіпель. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў. У 1921—29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Друкаваўся з 1927 пад псеўд. Леанід Свэн, Л.​Крывічанін. Аўтар зб. фельетонаў «Чароўная іголка» (1929). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір, пазней — у Комі АССР. Пасля адбыцця высылкі вярнуўся на Беларусь, настаўнічаў. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў у «Беларускай газэце» (апубл. «Дзённік Чужанінава»). З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына», «Беларус», час. «Сакавік» і інш. выданнях. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Беларусізацыя пад № ... Нью-Ёрк, 1998.

Літ.:

Успамінае Антон Шукелойць // Спадчына. 1997. № 5.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГРЫ́Н Сяргей Мікалаевіч (н. 24.9.1958, в. Хадзявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. краязнавец, паэт, журналіст, перакладчык. Скончыў БДУ (1985). Настаўнічаў, працаваў журналістам. З 1997 нам. гал. рэдактара «Газеты слонімскай». Друкуецца з 1975. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Шчырая Шчара» (1993), «Горад без цябе» (1999). Даследаваў жыццёвы і творчы шлях М.​Бурсевіча, А.​Валынчыка, С.​Дарожнага, Я.​Леашэні, Т.​Лебяды, Г.​Леўчыка, А.​Пракапчука, Я.​Пятроўскага, І.​Стаброўскага, С.​Хмары, М.​Шкялёнка і інш. Аўтар кніг «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003). Выдаў літ. спадчыну С.​Грынкевіча, Ф.​Грышкевіча, У.​Казлоўскага («Вяртанне да сваіх», 1999), адзін з укладальнікаў кнігі гіст. прац Шкялёнка «Беларусы і суседзі» (2003).

І.​У.​Саламевіч.

т. 18, кн. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)