ІРЭЗІ́НЭ (Iresine),

род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Амерыцы, Аўстраліі, на а-вах Галапагас. У культуры 3 віды, інтрадукаваныя і на Беларусі: І. Гербста (I. herbstii) мае стракаталістыя і нізкарослыя формы з чырв. лісцем; у І. Ліндэна (I. lindenii) лісце чырв., жоўтае або карычнева-чырв.; І. Валіса (I. wallisii) нізкарослая з акруглым, карычнева-чырв. лісцем.

Шматгадовыя павойныя або з прамастойным каляровым сцяблом травяністыя, радзей кустовыя ці дрэвавыя расліны выш. да 40 см. Лісце каляровае, супраціўнае. Кветкі белаватыя або зеленаватыя, двухполыя ці раздзельнаполыя ў коласападобных або галоўчатых суквеццях. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. мэтах як дывановыя і бардзюрныя расліны.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАБЛО́ШКІ, медзяніцы,

псіліды (Psyllinea),

падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Ва Усх. Еўропе каля 160 відаў, найб. трапляюцца медзяніцы яблыневая (Psylla mali) і грушавая (P. pyricoia), Л. капусная (Trioza brassicae) і маркоўная (T. viridula) і інш. Жывуць калоніямі. Многія віды — шкоднікі раслін, галаўтваральнікі, пераносчыкі вірусных хвароб раслін.

Даўж, да б мм. Цела жоўтае, зеленаватае, чырв.-бурае. Ротавыя органы сысучыя. 2 пары крылаў. Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Экскрэменты Л. утвараюць т.зв. «медзяную расу» (адсюль другая назва).

Размнажэнне палавое, зрэдку партэнагенетычнае. Развіццё з няпоўным ператварэннем, у лічынак 5 узростаў.

Да арт. Лістаблошкі. Медзяніца грушавая.

А.​В.​Дзерункоў.

т. 9, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),

род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).

Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.

В.​В.​Маўрышчаў.

Павітуха.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыкарэ́ць, ‑эе; зак.

Закарэўшы, прыстаць, прысохнуць. Павязка прыкарэла да раны. □ Я раблю намаганне сесці. Недзе на спіне прыкарэла сарочка да свежай раны, коле ў правым баку. С. Александровіч. На ботах ля самых калень разам з пяском прыкарэла жоўтае сасновае шыллё: Вуля нядаўна хадзіў па лесе. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залаці́цца, залаціцца і залоціцца; незак.

1. (залаціцца). Станавіцца залацістым; набываць адценне, колер золата. Стаў край неба залаціцца. Крапіва.

2. (залаціцца). Вылучацца сваім залацістым колерам, бляскам; ззяць, зіхацець (пра што‑н. залатое, залацістае). На нізкарослых бярозах залаціцца жоўтае лісце. В. Вольскі.

3. (залоціцца). Зал. да залаціць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕ́РКУТ (Aquila chrysaëtos),

драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўн. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі від, адзначаны ў Бел. Паазер’і і на Палессі. У час вандровак і пралёту трапляецца часцей. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. 80—95 см, размах крылаў да 2 м, маса да 6,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае, знізу святлейшае з дамешкам залаціста-рыжаватага колеру. Пер’е на патыліцы і ззаду шыі залаціста-жоўтае. Цэўка аперана да пальцаў. Дзюба і лапы дужыя, жоўтыя. Кіпцюры вялікія, чорныя. Гнёзды на высокіх дрэвах і скалах. Корміцца млекакормячымі, птушкамі, земнаводнымі, мярцвячынай. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.

Беркут.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНА́С (Ananas),

род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.

Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.

Суплоддзе ананаса.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ВАЛГА звычайная

(Oriolus oriolus),

птушка сям. івалгавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Малой, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лясах, рэдкалессі, парках і садах. На Беларусі звычайны гнездавальны від; нар. назва жаўна.

Даўж. цела 23—27 см, маса 70—90 г. Апярэнне галавы і тулава ў самцоў залаціста-жоўтае; ад асновы дзюбы да вока ідзе чорная паласа, у самак верх цела жаўтавата-зялёны, ніз шаравата-белы з цёмнымі падоўжанымі стракацінамі Гнёзды ў кронах дрэў (падобныя да павіслага паўшар’я) з размачаленай бярозавай скуркі, траў, лішайнікаў, моху. Нясе 3—5 яец. Корміцца вусенямі, павукамі, хрушчамі, клапамі, мухамі, матылямі і інш. Зімуе ў Афрыцы, Індыі.

Івалга звычайная: 1 — самец, 2 — самка каля гнязда.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СТА (Піліп Піліпавіч) (25.12.1907, с. Жоўтае Пяціхацкага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 6.1.1973),

адзін з кіраўнікоў парт. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). З 1931 у Чырв. Арміі. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, камандзір палка. У партызанах з сак. 1942: нач. штаба, камісар атрада, з мая 1942 камандзір партыз. брыгады імя Варашылава, са снеж. 1942 — партыз. злучэння Слуцкай зоны. У сак.—ліп. 1943 чл. Слуцкага падп. міжрайкома КП(б)Б, са жн. 1943 нач. штаба Беластоцкага партыз. злучэння, адначасова ў ліст. 1943 — ліп. 1944 чл. Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны ў Сав. Арміі.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧЫ́ (Bubo),

род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.

Пугач звычайны.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)