КНО́БЕЛЬ ((Knöbel) Іаган) (Ян) Фрыдрых (14.6.1724, г. Дрэздэн, Германія — 23.10.1792),

нямецкі архітэктар; прадстаўнік ракако. Працаваў пераважна ў Варшаве і Гродне (1753—65). У 1754—63 узначальваў Каралеўскае буд. ўпраўленне. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва палацаў Г.​Брухла ў Млоцінах (1752—58) і Варшаве (б. палац Асалінскіх; 1754—59) і інш. Дабудоўваў Гродзенскі Новы замак (да 1754; часткова змяніў праект палаца).

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЕН ((Lynen) Феадор Фелікс Конрад) (6.4.1911, г. Мюнхен, Германія — 6.8.1979),

нямецкі біяхімік. Чл. Герм. акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1959) і Нац. АН ЗША (1962). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1937). З 1945 дырэктар Ін-та хіміі клеткі імя М.​Планка ў Мюнхене. Навук. працы па біяхіміі абмену рэчываў, акісленні тлустых кіслот у арганізме, актываванні ацэтату. Нобелеўская прэмія 1964 (разам з К.Блохам).

Ф.Лінен.

т. 9, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́ГМАН ((Brugmann) Карл Фрыдрых Крысціян) (16.3.1849, г. Вісбадэн, Германія — 29.6.1919),

нямецкі мовазнавец. Праф. Лейпцыгскага ун-та (з 1882). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі індаеўрап. моў. Адзін з заснавальнікаў младаграматызму ў мовазнаўстве. Прадмова да працы «Марфалагічныя даследаванні ў галіне індаеўрапейскіх моў» (разам з Г.​Остгафам; т. 1—6, 1878—1910) адыграла ролю маніфеста младаграматыкаў. З 1891 разам з В.​Штрэйтбергам выдаваў час. «Indogermanische Forschungen» («Індагерманскія даследаванні»).

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭМ ((Brehm) Альфрэд Эдмунд) (2.2.1829, Рэнтэндорф, зямля Цюрынгія, Германія — 11.11.1884),

нямецкі заолаг, асветнік. Вучыўся ў Іенскім ун-це. Дырэктар Гамбургскага заапарка (1863—66), заснавальнік Берлінскага акварыума (1867). У час вандраванняў па Егіпце, Нубіі, Судане, Абісініі, Іспаніі, Нарвегіі, Зах. Сібіры сабраў грунтоўны матэрыял па біялогіі жывёл і абагульніў яго ў папулярным дапаможніку па заалогіі «Жыццё жывёл» (т. 1—6, 1863—69), дзе апісаў жыццё і характары жывёл.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РБУРГ ((Warburg) Ота Генрых) (8.10.1883, г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, Германія — 1.8.1970),

нямецкі біяхімік і фізіёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Вучань Э.Фішэра. Вучыўся ў Берліне і Гайдэльбергу. З 1930 кіраўнік Ін-та фізіялогіі клеткі ў Берліне. Даследаваў акісляльна-аднаўляльныя працэсы ў жывой клетцы, прыроду і функцыі ферментаў. Растлумачыў механізм клетачнага дыхання ўздзеяннем ферментаў. Навук. працы па фотасінтэзе і анкалогіі, хіміі браджэння. Нобелеўская прэмія 1931.

О.Г.Варбург.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДЭ́НСКІ ДАГАВО́Р 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі, сынамі Людовіка Набожнага. Заключаны ў г. Вердэн. Аформіў канчатковы распад Франкскай дзяржавы (пачаўся ў 814). Паводле дагавора ўладанні на З ад Рэйна (Зах.-Франкскае каралеўства, будучая Францыя) атрымаў Карл Лысы, землі на У ад Рэйна (Усх.-Франкскае каралеўства, будучая Германія) — Людовік Нямецкі, а паласу зямлі па левабярэжжы Рэйна (будучая Латарынгія) і Паўн. Італію — старэйшы ўнук Лотар.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́М (Адамус) Рэйнальд

(1602, зямля Рэйнланд-Пфальц, Германія — ?),

кальвінісцкі тэолаг, педагог у ВКЛ. Адукацыю атрымаў у Лейдэнскім ун-це (Нідэрланды). Выкладаў у Слуцкай школе. Адзін з аўтараў выдадзеных у Любчы статута, праграмы і раскладу заняткаў для гэтай школы (1628), аўтар дапаможнікаў па рыторыцы і гісторыі (1629). У кнігах Адама ёсць звесткі аб прыродзе і жыхарах Беларусі. З 1642 працаваў на Беларусі інспектарам школ і бібліятэкарам.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯКАМПА́НІЯ,

авіятранспартнае прадпрыемства, якое ажыццяўляе міжнар. і ўнутр. паветраныя зносіны. У 1993 у краінах свету было 660 авіякампаній па перавозцы пасажыраў (перавезены 1171 млн. чал.) і 60 па перавозцы грузаў (перавезена каля 18 млн. т). Сярод авіякампаній найбольшыя: «Юнайтэд», «Амерыкан», «Дэльта», «Нортуэст» (усе ЗША), «Брытыш эруэйз» (Вялікабрытанія), «Люфтганза» (Германія), ДЖАЛ (Японія), «Эр Франс» (Францыя), «Аэрафлот» (Расія). Найб. авіякампанія ў паветраным транспарце Рэспублікі Беларусь «Белавія».

А.​В.​Жураўскі.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БЕР ((Huber) Роберт) (н. 20.2.1937, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі біяхімік. Чл. Баварскай АН (1988). Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1960). Працуе ў Ін-це біяхіміі імя М.​Планка, з 1978 яго дырэктар. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў, у т. л. бялкоў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца фотасінтэзуючым рэакцыйным цэнтрам (1982, разам з І.Дайзенгоферам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РГЕ ((Sorge) Фрыдрых Адольф) (9.11.1828, Бетаў, Германія — 26.10.1906),

дзеяч міжнар. рабочага руху. Дзед Р.Зорге. Удзельнік Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у Бельгію, Вялікабрытанію; з 1852 у ЗША, дзе прапагандаваў марксізм, уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу рабочых і сацыяліст. арг-цый. Арганізатар секцый Інтэрнацыянала 1-га ў ЗША, у 1872—74 яго ген. сакратар. Удзельнічаў у заснаванні Сацыяліст. рабочай партыі Паўн. Амерыкі (1876—77).

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)