КА́МЕРАН (Cameron) Верні Ловет (1.7.1844, Рэйдзіпал, Вялікабрытанія — 27.3.1894),

англійскі марак, даследчык Цэнтр. Афрыкі. У 1874 даследаваў ч. берагоў воз. Танганьіка, адкрыў на З яго сцёк — р. Лукуга, дайшоў да р. Луалаба. Прайшоў уздоўж яе на Пд, прасачыў водападзел паміж бас. ніжняга Конга і верхняй Замбезі, у ліст. 1875 выйшаў да Атлантычнага ак. Зрабіў каля 4 тыс. вызначэнняў вышынь, што з’явілася пачаткам вывучэння рэльефу Цэнтр. Афрыкі.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТРАЙТ (Cartwright) Эдмунд (24.4.1743, Манхэм, каля Лінкальна, Вялікабрытанія —30.10.1823),

англійскі вынаходнік, стваральнік механічнага (з кажным прыводам) ткацкага станка. Скончыў Оксфардскі ун-т (1764). Быў вясковым святаром. У 1785 атрымаў патэнт на ткацкі станок, які ўдасканаліў у 1786. Пабудаваў фабрыку на 20 станкоў, у 1789 устанавіў на ёй паравую машыну для прывядзення станкоў у дзеянне. Пасля ўдасканаленняў інш. вынаходнікамі станкі К. пачалі шырока выкарыстоўвацца ў ткацкай прам-сці.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБЛ (Kemble) Джон Філіп (1.2.1757, г. Прэскат, Вялікабрытанія — 26.2.1823),

англійскі акцёр і драматург. Выступаў у Лондане ў т-рах «Друры-Лейн», «Ковент-Гардэн» (некаторы час яго ўзначальваў), кіраваў т-рам у Дубліне. Акцёр класіцысцкага кірунку, майстар маналога. Сярод ролей: Гамлет, Атэла, Брут («Гамлет», «Атэла», «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра), Марла («Яна прыніжаецца, каб перамагчы» О.​Голдсміта) і інш. Аўтар трагедыі «Велізарый», фарса «Жанчына-афіцэр» і інш.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЕР (Köhler) Георг (н. 17.4.1946, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі імунолаг. Скончыў Фрайбургскі ун-т (1971). З 1971 у імуналагічным ін-це (г. Базель, Швейцарыя), з 1974 у лабараторыі малекулярнай біялогіі Кембрыджскага ун-та (Вялікабрытанія). З 1985 дырэктар ін-та імунабіялогіі М.​Планка (г. Фрайбург). Навук. працы па даследаваннях выпрацоўкі антыцел. Распрацаваў біятэхналогію атрымання монакланальных антыцел, што сакрэтызуюцца клетачнымі гібрыдамі. Нобелеўская прэмія 1984 (разам з Н.К.Ерне, С.Мільштэйнам).

Г.Кёлер.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БДЭН (Cobden) Рычард (3.6.1804, Данфард, каля г. Мідхерст, Вялікабрытанія — 2.4.1865),

палітычны дзеяч Вялікабрытаніі. Прыхільнік эканам. лібералізму, ідэолаг прамысл. буржуазіі. Фабрыкант. У 1838 разам з Дж.​Брайтам заснаваў Лігу супраць хлебных законаў і пачаў барацьбу з агр. пратэкцыянізмам, які выражаў інтарэсы зямельнай арыстакратыі. У 1841—57 і 1859—65 чл. палаты абшчын. З пазіцый пацыфізму выступаў за скарачэнне ўзбраенняў, міжнар. арбітраж, крытыкаваў знешнюю палітыку Г.​Дж.​Пальмерстана.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЭС ХО́У,

калідорная грабніца на Аркнейскіх а-вах (Вялікабрытанія). Датуецца 3 — сярэдзінай 2-га тыс. да н.э. Адкрыта ў 1861. Пахаванне разрабавана. Знаходзілася пад круглым каменным курганом, абкружаным кальцавым ровам. Падквадратная пахавальная камера мела 3 дадатковыя прамавугольныя памяшканні, уваходы ў якія былі падняты на 0,9 м над узроўнем падлогі. На сценах захаваліся рунічныя надпісы і графіці 12 ст., якія сведчаць аб разрабаванні М.Х. вікінгамі.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́КАМЕН (Newcomen) Томас (28.2.1663, г. Дартмут, Вялікабрытанія — 7.8.1729),

англійскі вынаходнік, адзін са стваральнікаў цеплавога рухавіка. Каваль па прафесіі. Сумесна з лудзільшчыкам Дж.​Коўлі пабудаваў у 1705 паравую машыну для адпампоўвання вады ў шахтах, якая шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. Адным з першых рэалізаваў ідэю пераўтварэння цеплавой энергіі пары ў мех. работу.

Літ.:

Конфедератов И.Я. История теплоэнергетики: Начальный период (XVII—XVIII вв.). М.; Л., 1954.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛЬЯМС (Williams) Бэці (Элізабет; н. 22.5.1943, г. Белфаст, Вялікабрытанія),

паўночнаірландская грамадская дзяячка, актывістка руху за мір. У жн. 1976 разам з М.Корыган заснавалі і ўзначальвалі да крас. 1978 жаночы рух «Згуртаванне мірных людзей». Дзеля спынення насілля, тэрору і грамадз. вайны ў Паўн. Ірландыі рух арганізоўваў і праводзіў сумесныя мірныя дэманстрацыі католікаў і пратэстантаў. Нобелеўская прэмія міру 1976 (разам з Корыган). З 1982 У. жыве ў ЗША.

Б.Уільямс.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́НСТЭНЛІ (Winstanley) Джэрард (1609, г. Уіган, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — пасля 1660),

англійскі сацыяліст-утапіст, ідэолаг руху дыгераў перыяду Англ. рэвалюцыі 1640—60. Кіраўнік дыгерскай калоніі ў 1649—50. Аўтар шматлікіх памфлетаў («Новы закон справядлівасці», 1649, і інш.), утопіі «Закон свабоды» (1652), у якіх, абапіраючыся на Біблію, даказваў неабходнасць увядзення бяскласавага грамадства без прыватнай уласнасці, заснаванага на калект. працы, а свабоду грамадзяніна характарызаваў найперш як свабоду ад галечы.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́НТЭЙН (Fonteyn) Маргат [сапр. Маргарэт Хукем

(Hookham); 18.5.1919, г. Райгіт, Вялікабрытанія — 1991], англійская артыстка балета. Прэзідэнт Каралеўскай акадэміі танца (з 1954). З 1934 у трупе «Сэдлерс-Уэлс бале» (з 1957 Каралеўскі балет). Адна з вядучых англ. танцоўшчыц. Сярод партый: Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага),

Жар-птушка («Жар-птушка» І.​Стравінскага), Маргарыта («Маргарыта і Арман» на музыку Ф.​Ліста), Ундзіна («Ундзіна» Х.​Хенцэ). Партнёрша Р.Нурыева.

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)