МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).

2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп. Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ МУЗЕ́Й.

Дзейнічаў у 1912—15 у Мінску. Створаны Мінскім таварыствам аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Размяшчаўся ў доме Е.​С.​Федаровіч (цяпер на яго месцы будынак Галоўпаштамта). Меў аддзелы: гіст., археал., этнагр., прыродазнаўчы, маст.-прамысловы. Экспанаваліся ўзоры глебы, мінералаў, чучалы звяроў і птушак, шкілеты дагіст. жывёл, стараж. прылады працы і манеты, узоры нар. ткацтва і інш. У спец. сховішчы зберагаліся старадрукі, карты, рукапісы, гравюры і інш. каштоўнасці. Музей наладжваў тэматычныя выстаўкі, складаў школьныя калекцыі, розныя дапаможнікі і інш. У сувязі з 1-й сусв. вайной спыніў публічную дзейнасць. У 1920 частка экспанатаў перададзена Мінскаму абл. музею.

Літ.:

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994. С. 275.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎЧАН Міхаіл Аляксеевіч, (н. 7.4.1925, в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). Выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1962—74). Працуе ў станковай графіцы і жывапісе. Сярод твораў графічныя серыі «На варце міру» (1964), «Трактаразаводцы» (1967), лісты «Святлана» (1969), «Партрэт жонкі» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў В.​Тарасава, С.​Картэса, Н.​Гайды, М.​Яроменкі (усе 1983), З.​Бабія, Т.​Шымко, Л.​Крывёнак (усе 1984), С.​Грахоўскага, М.​Танка, Р.​Янкоўскага (усе 1985), Т.​Шаметавец (1986), С.​Станюты, В.​Быкава (абодва 1987), Н.​Гілевіча (1988), І.​Чыгрынава (1989) і інш. Творам уласцівы выяўл. дакладнасць, сакавітасць колераў, кампазіцыйная завершанасць. Выканаў дэкар. пано «Беларусь» для сусв. выстаўкі «ЭКСПО-67» у Манрэалі (1967).

М.Моўчан. Партрэт Л.​Крывёнак. 1984.

т. 10, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЧЭ́НІ, падсені,

адкрытая галерэя ў драўляных збудаваннях. Вырашалася як стрэшка (з вынасам 1,5—2 м) на слупах (круглага ці квадратнага сячэння), якія маглі мацавацца ўкосінамі з гарыз. бэлькамі. П. размяшчаліся з аднаго тарцовага ці падоўжнага боку будынка на даўжыню фасада, часам апяразвалі ўвесь будынак (кружганкі). На Беларусі рабіліся ў культавых і грамадскіх збудаваннях (гандл. рады, корчмы, аўстэрыі, паштовыя станцыі 17—19 ст.), у крамах і дамах гандл.-рамесніцкага насельніцтва для выстаўкі тавараў і аховы іх ад непагадзі (г.п. Мір Карэліцкага, в. Трабы Іўеўскага р-наў Гродзенскай вобл., г. Лунінец Брэсцкай вобл. і інш.) і ў сельскіх жылых і гасп. пабудовах (да канца 19 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Падчэні дома ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 19 ст.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

верніса́ж

(фр. vernissage = літар. пакрыццё лакам)

1) урачыстае адкрыццё мастацкай выстаўкі (звычайна з запрашэннем ганаровых гасцей для сустрэчы з аўтарам);

2) выстаўка-продаж мастацкіх вырабаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КНІ́ГА»,

добраахвотная культ.-асв. грамадская арг-цыя. Створана ў 1974 як «Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі». З 1991 сучасная назва. Асн. задачы: развіццё бел. нац. культуры ў сферы кнігі; садзейнічанне кнігавыданню, кнігазнаўству, кнігараспаўсюджванню, рабоце б-к; зберажэнне і памнажэнне духоўных скарбаў народа, бел. мовы і л-ры, прапаганда кніг і перыяд. выданняў, распаўсюджванне сярод членаў т-ва і насельніцтва л-ры. Т-ва займаецца выдавецкай дзейнасцю (выпускае серыю мініяцюрных выданняў «Скарбы бел. л-ры і фальклору», выдала альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь» і інш.); арганізоўвае сустрэчы з пісьменнікамі, навукоўцамі, бібліяфіламі, супрацоўнікамі выд-ваў, музеяў; праводзіць чытацкія канферэнцыі, вечары, выстаўкі, прэм’еры, святы кнігі, конкурсы, агляды. У складзе т-ва 6 абл., 82 гар. і раённыя праўленні, больш за 1200 пярвічных арг-цый; больш за 46 тыс. членаў (1995).

Л.​І.​Макаранка.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА МАСТА́ЦТВА,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты 12.12.1979 у в. Раўбічы Мінскага р-на ў будынку б. касцёла. Пл. экспазіцыі і выставачнай залы 400 м², больш за 500 экспанатаў (2000). У музеі вырабы ткацтва, разьбы па дрэве, керамікі, саломапляцення 16—20 ст., большасць прадметаў канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў драўляная браціна 16 ст., разное культавае начынне 18 ст. (укрыжаванне, фрагменты прыдарожных крыжоў), плеценыя з саломы царскія вароты, жаночае нар. адзенне і святочнае ўбранства, камянецкія прасніцы, узоры мотальскіх, неглюбскіх, краснапольскіх, пінска-івацэвіцкіх ручнікоў, гараднянскай, дубровенскай, івянецкай, пружанскай керамікі, тканыя дываны і посцілкі з розных рэгіёнаў Беларусі, творы сучасных бел. майстроў дробнай пластыкі, саломапляцення, інкрустацыі і інш. Музей наладжвае выстаўкі тэматычныя і прыватных калекцый.

Літ.:

Музей беларускага народнага мастацтва: [Фотаальбом]. Мн., 1983.

І.​М.​Паньшына.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ГО́РАДА СВЕТЛАГО́РСКА.

Адкрыты. ў 1978 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. на грамадскіх пачатках як краязнаўчы, з 1979 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 264,2 м², каля 3,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: этнаграфія і побыт, прырода, Вял. Айч. вайна на тэр. раёна, прамысловасць, сац.-культ. развіццё горада, выставачны. Сярод экспанатаў калекцыі манет 17—20 ст., прадметы побыту і прылады працы 18—19 ст., матэрыялы пра гіст. мінулае горада, стварэнне і дзейнасць прадпрыемстваў, у т. л. суднаверфі (1929—61), Герояў Сав. Саюза, што загінулі ў баях на тэр. раёна, асабістыя рэчы ген. арміі П.​І.​Батава, нар. адзенне, вырабы з лазы, саломкі, разьбы па дрэве, матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў нар. творчасці, калекцый нумізматыкі і інш.

К.​М.​Несцярэнка.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ТЭАТРА́ЛЬНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў,

добраахвотная грамадская творчая арганізацыя работнікаў тэатра Беларусі: артыстаў, рэжысёраў, балетмайстраў, дырыжораў, хормайстраў, мастакоў, тэатразнаўцаў і інш. Створаны ў 1987 на базе Бел. тэатр. т-ва (засн. 7.6.1946), з 1994 наз. Бел. саюз тэатр. дзеячаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, выканаўчы — рада. З’езды адбыліся ў 1987, 1992, 1997, 1999. Старшыні — Л.​Александроўская (з 1946), М.​Яроменка (з 1976), А.​Дудараў (з 1992). Мае на мэце садзейнічанне развіццю бел. сцэн. мастацтва, стварэнне спрыяльных умоў для творчасці дзеячаў тэатр. мастацтва, правядзенне творчых вечароў, бенефісаў, тэатр. свят, ушанаванне памяці выдатных прадстаўнікоў тэатр. мастацтва Беларусі. Арганізоўвае канферэнцыі, лабараторыі і семінары па пытаннях тэорыі і практыкі тэатр. мастацтва. Арганізоўвае і праводзіць фестывалі, выстаўкі, аўкцыёны, канцэрты і інш. Ажыццяўляе выдавецкую і рэкламную дзейнасць. На 1.2.2001 у С.т.дз.Б. 1055 членаў.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМАШКЕ́ВІЧ (Раман Мацвеевіч) (1904, в. Лебедзева Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

бел. жывапісец, графік, скульптар. Скончыў бел. гімназію і маст. студыю ў Вільні, Віцебскі маст. тэхнікум па класе скульптуры і жывапісны ф-т Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Удзельнік 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1930). У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сац.-рэв. тэматыку: «Даліна ракі Граматухі. Алтай», «Коннік на белым кані», «Белыя кветкі», «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі». Аўтар групавога партрэта М.​Галадзеда, М.​Гікалы і А.​Александровіча, партрэтаў А.​Грыневіча, В.​Таўлая, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. Выканаў скульпт. кампазіцыю «Юны змаганец».

Літ.:

Ліс А Пякучай маланкі след. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)