сейсмі́чны

(ад гр. seismos = землетрасенне)

звязаны з землетрасеннямі; прызначаны для вывучэння ваганняў зямной паверхні (напр. с-ыя з’явы, с-ая станцыя).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

аптычныя прыстасаванні для атрымання, выяўлення, пераўтварэння і аналізу палярызаванага святла, а таксама для розных даследаванняў і вымярэнняў. Прынцып дзеяння П.п. заснаваны на змене стану палярызацыі святла, якое праз іх праходзіць або адбіваецца.

Асн. элементы П.п. — палярызатар, аналізатар, падвойнапераламляльныя пласцінкі, фазавыя і аптычныя кампенсатары. Адрозніваюць палярыметры (ценявыя і паўценявыя; выкарыстоўваюцца для вымярэння вуглоў вярчэння плоскасці палярызацыі, а таксама для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла), палярыскопы (для даследаванняў мех. напружанняў у матэрыялах; гл. Фотапругкасць, Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), палярызацыйныя мікраскопы (для вывучэння крышталяў), палярызацыйныя фатометры (для рэгулявання інтэнсіўнасці светлавога патоку). У спалучэнні са спектральнымі прыладамі П.п. выкарыстоўваюцца ў спектрапалярыметрыі для вывучэння ступені палярызацыі святла пры люмінесцэнцыі, паглынанні і адбіцці святла, а таксама аптычнай актыўнасці рэчыва.

Н.​М.​Хаўратовіч.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мінерагра́фія

(ад п.-лац. minera = руда + -графія)

метад мікраскапічнага вывучэння руд і мінералаў шляхам даследавання іх адпаліраванай паверхні (аншліфу).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

штуршо́к, -шка́, мн. -шкі́, -шко́ў, м.

1. Кароткі, рэзкі дотык або ўдар ад сябе.

Ш. у бок.

2. Рэзкае хістанне ў выніку ўдару, рыўка і пад.

Ледзь не ўпаў з лаўкі ад рэзкага штуршка цягніка.

Падземныя штуршкі.

3. У спорце: рух, якім штурхаюць што-н. (напр. ядро, штангу і пад.).

Ш. левай рукой.

4. перан. Тое, што выклікае што-н. або пабуджае да чаго-н. (разм.).

Ш. да вывучэння замежнай мовы.

|| прым. штуршко́вы, -ая, -ае (да 1—3 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зонд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Медыцынскі інструмент у выглядзе палачкі, трубкі і інш., які ўводзіцца ў глыбіню каналаў і поласць цела з дыягнастычнай ці лячэбнай мэтай. Хірургічны зонд.

2. Металічны шпень, бур для даследавання падглебы. Глебавы зонд.

3. Невялікі паветраны шар з самапішучым прыборам для вывучэння верхніх слаёў атмасферы.

[Фр. sonde.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́нтэз, ‑у, м.

1. Метад навуковага даследавання, які выходзіць з вывучэння прадмета, з’явы ў цэлым, у адзінстве і ўзаемасувязі яго частак; проціл. аналіз. // Кніжн. Злучэнне, абагульненне. Не паралельна, а ў арганічным сінтэзе паказваюцца ў творах істотныя працэсы народнага жыцця. Дзюбайла.

2. Атрыманне складаных рэчываў з больш простых. Сінтэз бялкоў. Сінтэз каўчуку.

[Ад грэч. sýnthesis — злучэнне, спалучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«ПРАГНО́З»,

серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння сонечнай актыўнасці, яе ўплыву на магнітасферу Зямлі і міжпланетнае асяроддзе. Маса 850—900 кг. У 1972—85 запушчаны 10 «П.». «П.-9» выкарыстоўваўся таксама для даследавання рэліктавага выпрамянення. «П.-10» запушчаны ў рамках праграмы «Інтэркосмас».

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЫНАМІ́ЧНЫ ПАЛІГО́Н,

участак зямной паверхні, ахоплены разамкнутай або замкнутай ломанай лініяй, дзе сістэматычна праводзяцца геал., гідрагеал., геахім., геад. і геафіз. даследаванні з мэтай вывучэння сучасных тэктанічных працэсаў Зямлі. Тэрмін уведзены сав. вучонымі Г.​І.​Каратаевым, Э.​Э.​Фатыядзі і А.​Л.​Яншыным (1960-я г.). Звесткі, атрыманыя на геадынамічным палігоне, выкарыстоўваюцца для вывучэння сучасных глыбінных працэсаў, іх ролі ў фарміраванні зямной кары, асабліва для прагнозу землетрасенняў і ацэнкі верт. і гарыз. перамяшчэнняў паверхні зямной кары ў раёнах з асабліва адказнымі аб’ектамі (АЭС, метро, нафта- і газаправоды, хім. з-ды і інш.). На Беларусі створаны рэгіянальны комплексны геадынамічны палігон, які ахоплівае таксама і тэр. Прыбалтыкі; геадэзічны палігон у цэнтр. ч. Беларусі, лакальныя комплексныя палігоны ў Прыпяцкай упадзіне і ў раёне г. Валожын.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

часопіс бел. студэнцкай моладзі дэмакр. кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрв. 1914 у Пецярбургу. Ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукц. сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Пафас публіцыст. выступленняў (арт. К.​Голскага і Л.​Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У арт. Б.​Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.​Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры бел. народа — яго мовы, нар. творчасці, мастацтва. У аснове алегарычнага апавяд. «Казка аб крылах» Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культ.-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярб. і віленскіх бел. выданняў.

Літ.:

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.), Мн., 1971.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

магнітатэлуры́чны

(ад магніта- + лац. tellus, -luris = Зямля);

м-ае зандзіраванне — метад разведачнай геафізікі, які прымяняецца для вывучэння будовы зямной кары.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)