АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.

Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

во́блачка, ‑а, н.

1. Памянш.-ласк. да воблака; невялікае воблака. Дзе-нідзе плывуць, нібы рассыпаныя кудзелі воўны, воблачкі. Бядуля. Над каўшом выбухнула лёгкае воблачка дыму. Карпаў.

2. перан. Лёгкі цень праяўлення настрою, думкі, стану і пад. На твары непрыкметна ні хмурынкі, ні воблачка думак. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

sliver

[ˈslɪvər]

1.

n.

1) трэ́ска; шчапа́ f.; стрэ́мка f.

2) па́сма (во́ўны, лёну, баво́ўны)

2.

v.

шчапа́ць (на трэ́скі)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Нама́ґір ’набакір, набок’, на мигер ’тс’ (ТС), намагірыць ’адзець набакір’ (там жа). Відаць, набакір, пераробленае пад уплывам магерка ’валяная з воўны шапка’ (гл.), што ад венг. magyar ’венгр’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трып ‘шарсцяная варсістая тканіна’ (ТСБМ), ‘аксаміт’ (Шымк. Собр.). Запазычана праз польск. tryp ‘гатунак аксаміту’ з ням. Tripp ‘тканіна з воўны або бавоўны, падобная на аксаміт, паўплюш’ (Вінцэнц; Брукнер, 579).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛАНАЛІ́Н (ад лац. lana шэрсць + oleum масла),

ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт. Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37 °C, шчыльн. 940—970 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т. л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКАЎСКАЯ ПАРО́ДА коз малочнага кірунку. Выведзена ў Ніжагародскай вобл. працяглым адборам мясц. коз па малочнай прадукцыйнасці. Гадуюць у Расіі, на Беларусі — аматары.

Паводле целаскладу падобныя да коз зааненскай пароды. Жывая маса казлоў 50—60 (да 75 кг), матак 38—42 (да 50 кг). Масць пераважна белая. Воўна кароткая, восцевая, з пуховым падшэрсткам. Настрыг воўны 250 г. Сярэдняя малочнасць 500—600 кг, найб. 1200 кг. Лактацыя да 11 месяцаў. Тлустасць малака 4,5—5%. Пладавітасць 150—170%. Шкуру выкарыстоўваюць на скураныя вырабы.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВЫ АДБО́Р,

адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕ́РКА,

старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.

М.​Ф.​Раманюк.

Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ ПАРО́ДА авечак.

Выведзена у 1944—61 у Стаўрапольскім краі скрыжаваннем матак стаўрапольскай пароды і бараноў лінкольн і ромні-марш. Паўтанкарунныя, мяса-воўнавага кірунку.

Жывёлы буйныя, грудзі і кумпякі шырокія, галава кароткая, шырокая, бязрогая. Маса бараноў да 115 кг, матак да 60 кг. Воўна аднародная, з раўнамернай пакручастасцю, даўж. 12—13 см. Настрыг з бараноў 9—13, з матак 5,8—6,5 кг, выхад чыстай воўны 55—58%. Плоднасць 130—140 ягнят на 100 матак. Гадуюць на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, цэнтр. абласцях Расіі, Казахстане.

А.​А.​Козыр.

Паўночнакаўказская парода авечак.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)