БЫХО́ЎСКІ (Бярнард Эмануілавіч) (12.9.1901, г. Бабруйск — 19.4.1980),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1941), праф. (1929). Скончыў БДУ (1923). У 1929—53 праф. БДУ. Даследаваў праблемы дыялект. і гіст. матэрыялізму, гісторыі зах.-еўрап. і сучаснай замежнай філасофіі. За ўдзел у стварэнні «Гісторыі філасофіі» (1941—43) Дзярж. прэмія СССР 1944.

Тв.:

Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму. Мн., 1930;

Философия Декарта. М.; Л., 1940;

Метод и система Гегеля. М., 1941;

Философия неопрагматизма. М., 1959;

Людвиг Фейербах. М., 1967;

Джордж Беркли. М., 1970;

Кьеркегор. М., 1972;

Гассенди. М., 1974;

Шопенгауэр. М., 1975.

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941,

бой паміж партыз. атрадам «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ц.​П.​Бумажкоў), падраздзяленнем Чырв. Арміі (падпалк. Л.​В.​Курмышоў) і ням.-фаш. захопнікамі 18 ліп. ў в. Воземля Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Нечакана для гітлераўцаў да вёскі па чыг. ветцы Бабруйск—Рабкор падышоў браняпоезд і адкрыў артыл. агонь па штабе ням. дывізіі і агнявых пунктах ворага. Потым зводны атрад партызан і чырвонаармейцаў атакаваў праціўніка. У выніку бою была вызвалена ад захопнікаў вёска, партызаны захапілі палонных, трафеі, важныя штабныя дакументы і перадалі іх камандаванню сав. войск.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК (Аляксандр Гіршавіч) (н. 3.9 1938, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1985). Скончыў БПІ (1960) і БДУ (1967). З 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі, адначасова ў 1985—90 праф. БПІ. Навук. працы па аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні, камп’ютэрнай графіцы і геам. мадэляванні тэхн. аб’ектаў.

Тв.:

Элементы теории автоматизации машиностроительного проектирования с помощью вычислительной техники. Мн., 1970 (у сааўт.);

Автоматизация инженерно-графических работ с помощью ЭВМ. Мн., 1980;

Пакет программ машинной графики для ЕС ЭВМ. М., 1986.

М.​П.​Савік.

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́НКА (Вячаслаў Андрэевіч) (н. 17.12.1941, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Чарнавіцкі тэхнікум чыг. транспарту (1961). Працаваў на будоўлі, фотакарэспандэнтам. З 1981 у час. «Беларусь». Аўтар фотанарысаў, апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, эсэ, фотаальбомаў «Бабруйск» (1968), «Нясвіж» (1968), «Магілёў» (1971), «Брэст» (2 выд., 1979), кніг прозы і публіцыстыкі «Паплач ля роднае крынічкі» (1981), «Не плач, душа мая» і «Ой, зялёны дубочак...» (1983), «Браты святой ночы» (1986), «Развітальная песня» (1989), «Сіндыкат Мані Дулі» (1992). Зрабіў літ. запіс дакумент. аповесці П.​Ратайкі «На жыццёвых кручах» (1985). Майстар выцінанак.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПАНСЕ́Р (франц. dispensaire ад лац. dispenso размяркоўваю),

лячэбна-прафілакт. ўстанова, аснова дзейнасці якой — ранняе выяўленне і лячэнне хворых, дынамічны нагляд і ажыццяўленне сан.-аздараўленчых мерапрыемстваў (гл. Дыспансерызацыя). На Беларусі першы (процітуберкулёзны) Д. адкрыты ў 1921 у Мінску. Папярэднікамі Д. (Мінск, Бабруйск) былі процітуберкулёзныя амбулаторыі (1910—11). На пач. 1997 у рэспубліцы дзейнічаюць Д.: процітуберкулёзныя (30), анкалагічныя (11), скурна-венералагічныя (34), псіханеўралагічныя (13), процівалляковыя (6), урачэбна-фізкульт. (10), наркалагічныя (11), кардыялагічныя (5), 2 спец. Д. для хворых пасля радыяцыйнага ўздзеяння ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖГІРО́Ў (Піліп Ерафеевіч) (н. 24.11.1911, в. Гуга Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944), ген.-маёр (1959). Скончыў вучэбна-каап. камбінат (Бабруйск), Маскоўскае ваен.-пях. вучылішча (1939), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947), Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Данскім, Бранскім, Цэнтр. ί 1 м Бел. франтах. Нач. штаба стралк. палка маёр Ж. вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на Гомельскай вобл. Да 1963 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́КІН (Генадзь Пятровіч) (н. 26.12.1930, г. Бабруйск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Вучыўся ў Я.Чамадурава і П.Масленікава. Аформіў спектаклі «Босая птушка» М.​Волінай (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1966), «Два клёны» Я.​Шварца (Рэсп. т-р юнага гледача, 1968) і інш., інтэр’еры музея Я.​Коласа ў Мінску (1964—65), зрабіў эскіз дэкарацыі да оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў» (1967) і інш. Сярод жывапісных работ «Браслаў асенні», «Крыніцы» (абедзве 1990), «Свята светлага Вялікадня» (1995), «Жыровічы» (1997), нацюрморты.

Г.Івакін Эскіз дэкарацыі да оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў». 1967.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА (Леанід Іванавіч) (н. 10.8.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1989), праф. (1981). Скончыў Усесаюзны завочны ін-т сав. гандлю ў Маскве (1957). З 1962 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па праблемах тэорыі і метадалогіі аналізу гасп. дзейнасці ў гандлі, грамадскім харчаванні і інш. галінах эканомікі, фін. менеджменце ва ўмовах станаўлення і развіцця рыначных адносін. Аўтар падручніка «Аналіз гаспадарчай дзейнасці ў гандлі» (4-е выд., 1995).

Тв.:

Экономический анализ в общественном питании. Мн., 1980;

Анализ финансового положения предприятия. Мн., 1994.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАХНЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксеевіч) (18.1.1918, в. Аўсімавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.7.1980),

Герой Сав. Саюза (1944). Засл. настаўнік БССР (1965). Скончыў БДУ (1941). У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 у падп. групе Варатынскага с/с Бабруйскага р-на, з ліп. 1942 у партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы, якая дзейнічала на чыг. Жлобін—Бабруйск і пусціла пад адхон 21 варожы эшалон. З ліст. 1943 палітрук, камісар партыз. атрада. Пасля вайны на камсам. і пед. рабоце. Аўтар падручнікаў для школ, кн. «Вогненныя віхры» (1969).

У.А.Парахневіч.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАХІ́Н (Аляксандр Паўлавіч) (н. 1.8.1951, г. Бабруйск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ. У 1975—91 у Ін-це фізікі, з 1992 вучоны сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, з 1995 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Прадказаў існаванне і распрацаваў тэорыю палярызаванай люмінесцэнцыі шмататамных малекул у газавай фазе.

Тв.:

Ориентационная корреляционная функция классического ансамбля свободных асимметричных волчков // Доклады АН БССР, 1979. Т. 23, № 11;

Поляризация флуоресценции свободных многоатомных молекул (разам з В.​А.​Таўкачовым) // Оптика и спектроскопия, 1981. Т. 51, вып. 2.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)