Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРАНСФАРМА́ЦЫЯ (ад бія... + трансфармацыя),
1) у генетыцы — змена спадчынных уласцівасцяў бактэрыяльнай клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генет. матэрыялам у пракарыётаў (арганізмы з клеткамі без ядраў). Шырока выкарыстоўваецца для ўвядзення чужароднай ДНК і ў клеткі эўкарыётаў (арганізмы з ядзернымі клеткамі).
2) У фізіялогіі раслін — пераўтварэнне энергіі сонечнай радыяцыі, якая ўлоўліваецца зялёнымі раслінамі, у інш. віды (хім., мех. і інш.), пры гэтым частка энергіі страчваецца ў выглядзе цяпла.
3) У біяхіміі — біяхім. пераўтварэнне ядаў, што праніклі ў арганізм, у менш таксічныя рэчывы (абясшкоджванне, ці дэтаксікацыя) або больш таксічныя злучэнні, чым зыходнае рэчыва.
4) Антрапагеннае змяненне згуртавання (звычайна раслін), якое вядзе да ўзнаўленчай сукцэсіі (змены біяцэнозаў), напр., у выніку вытоптвання наземнага расліннага покрыва, высякання лясоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,
паступленне хім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш.хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАФА́ГІ [ад мана... + ...фаг(і)],
арганізмы, якім уласціва жыўленне адным відам расліннага або жывёльнага корму. Пашыраны пераважна сярод беспазваночных арганізмаў (многія насякомыя, некаторыя малюскі, ракападобныя, чэрві, паразіты). У фауне Беларусі М. з’яўляюцца, напр., вошы і інш. крывасмокі, пёравыя кляшчы, пухаеды, многія віды даўганосікаў, тлі і інш.
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
КСІЛАБІЁНТЫ [ад ксіла... + біёнт(ы)],
арганізмы, якія жывуць у драўніне. Найб. характэрныя прадстаўнікі — сярод насякомых (дрэвагрызы, караеды), грыбоў (дрэваразбуральныя і дрэвафарбавальныя грыбы). Пры пэўных умовах шкодзяць лясной гаспадарцы, драўляным пабудовам. Супраць К. апрацоўваюць драўніну антысептыкамі, інсектыцыдамі. Аздараўленню лесу ад шкодных відаў жывёльных К. спрыяюць насякомаедныя птушкі (асабліва дзятлы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАБІЯЛО́ГІЯ,
раздзел біяфізікі, які вывучае ўплыў знешніх магнітных палёў на жывыя сістэмы — клеткі, арганізмы, папуляцыі. Даследуе магн. палі, якія генерыруюцца самімі жывымі структурамі — сэрцам, мозгам, нервамі і інш. Распрацоўвае практычныя рэкамендацыі па выкарыстанні штучных магн. палёў у тэрапеўт. мэтах, дае іх гігіенічную ацэнку пры выкарыстанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад бія... + кліматалогія),
раздзел кліматалогіі, які вывучае ўплыў клімату на здароўе і дзейнасць чалавека, развіццё жывёл і раслін. Склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. (працы А.І.Ваейкава ў Расіі, Дж.Ацы ў Італіі, Б.Лівінгстана ў ЗША, А.І.Кайгарадава ў Беларусі). Вывучае ўплыў стану атмасферы на жывыя арганізмы, даследуе рэакцыю іх на забруджванне асяроддзя, уздзеянне сонечнай радыяцыі, геамагнітнага поля і інш. Аналізуе сувязі паміж надвор’ем і кліматам, умовы і працягласць камфортнага надвор’я ў розныя сезоны і ў розных геагр. зонах, уплыў экстрэмальных кліматычных умоў на жывыя арганізмы. Даныя біякліматалогіі выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, горадабудаўніцтве, курарталогіі і інш. На Беларусі даследаванні вядуцца ў Гідраметэаралагічнай службе. Вызначана, напр., што ў Мінску бывае каля 166 дзён за год са спрыяльнымі для чалавека біякліматычнымі характарыстыкамі.