напо́рыстасць, ‑і, ж.
Уласцівасць напорыстага. Страціць напорыстасць. □ Выбіўся ў людзі Лычкоўскі без усялякай пратэкцыі і дапамогі, дзякуючы выключна сваёй цягавітасці і напорыстасці. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўсхва́твацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Усхваціцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Адразу ўсе паўсхватваліся, толькі высокі афіцэр застаўся сядзець. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
першадрука́р, ‑а, м.
Той, хто паклаў пачатак кнігадрукаванню. Беларускі першадрукар Францішак Скарына — выдатны вучоны, вялікі асветнік-гуманіст і палымяны патрыёт роднай зямлі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скна́рлівасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць скнарлівага, надзвычайная скупасць. У хаце Раманоўскіх часта нядобрым словам успаміналі Сухавеяў, расказвалі пра іх скнарлівасць і нечалавечнасць. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стле́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і сатлелы. Стлелая салома. □ І, як заўсёды, куры па двары хадзілі, Скрыпеў ад ветру стлелы частакол. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сырава́та, безас. у знач. вык.
Пра наяўнасць вільгаці дзе‑н. — Не, там [на свежым паветры] сыравата, а пад раніцу холадна, — азваўся з цёмнага кута Марынчук. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́басавы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і шабасовы. Многа было ў мястэчку і такіх хат, у якіх у пятніцу вечарам запальвалі шабасавыя свечкі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-сын (Dumas fils; 28.7.1824, Парыж — 27.11.1895), французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1874). Пазашлюбны сын А.Дзюма. Дэбютаваў зб. вершаў «Грахі юнацтва» (1847). Аўтар раманаў «Дама з камеліямі» (т. 1—2, 1848; прататыпам гал. гераіні паслужыла франц. актрыса Мары Дзюплесі), «Доктар Серван» (т. 1—2, 1849), «Тры моцныя мужчыны» (т. 1—4, 1850) і інш. Вядомасць прынесла драма «Дама з камеліямі» (паводле аднайм. рамана, паст. 1852; на яе сюжэт нап. опера Дж.Вердзі «Травіята»). У інш. п’есах, што суправаджаў у друку вял. тэарэт. прадмовамі, сцвярджаў непахіснасць асноў сям’і і грамадства; быў прыхільнікам разводу, выступаў у абарону правоў пазашлюбных дзяцей, патрабаваў павагі да жанчыны ў сям’і (п’есы «Паўсвет», 1855, «Незаконны сын», 1858, «Жонка Клода», 1873, «Чужаземка», 1876, і інш).
Літ.:
Моруа А. Три Дюма: Пер. с фр. Мн., 1982.
І.С.Александровіч.
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
С.Х.Александровіч.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУГ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ ПРАСВЕ́ТЫ І КУЛЬТУ́РЫ»
(«Круг беларускі»),
культурна-асветная арг-цыя ў Пецярбургу ў 1902—04. У яе ўваходзілі В.Л.Іваноўскі, браты І.І.Луцкевіч і А.І.Луцкевіч, бел. студэнты ВНУ Пецярбурга. Друкавала і распаўсюджвала бел. выданні, у т. л. тыя, што выдаваліся за мяжой. Займалася пошукам сродкаў для выдання бел. л-ры; фінансавую і інш. падтрымку арг-цыі аказвалі браты К. і А.Кастравіцкія. Мела цесныя сувязі з прыхільнікамі бел. кнігі ў Варшаве і Кракаве. Выдала паэтычны зб. «Вязанка» Я.Лучыны (1903, у цэнзуру быў прадстаўлены як напісаны на балг. мове), на гектографе — зб. «Калядная пісанка на 1904 год» і «Велікодная пісанка» (1904). У 1902 чл. арг-цыі спрабавалі выдаць нелегальную газ. «Свабода».
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Turonek J. Wacław Iwanowski i odrodzenie Bialorusi. Warszawa, 1992.
У.Г.Філякоў.
т. 8, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)