КАМФО́РТНАСЦЬ ЛАНДША́ФТУ,

умоўна-ацэначная мера эколага-біял. і сацыяльна-псіхал. спрыяльнасці ландшафту для жыццядзейнасці людзей. Вызначаецца ступенню адпаведнасці ландшафту патрэбнасцям чалавека ў паўнацэнным адпачынку, набыцці псіхаэмацыянальнай і функцыян. раўнавагі. Аб’ектыўную аснову К.л. складаюць рэальныя фактары прафілакт., аднаўленчага, лячэбнага, эстэт. і інш. ўплыву навакольнага прыроднага асяроддзя на чалавека, абумоўленыя непарыўнай сувяззю паміж імі. Чалавек успрымае К.л. суб’ектыўна. Дастасаванасць ландшафтаў да вырашэння аздараўленчых мэт, іх адпаведнасць аб’ектыўным фактарам улічваецца пры вылучэнні і размяшчэнні зон адпачынку, курортаў. Разнастайныя маляўнічыя ландшафты, лясныя біягеацэнозы Беларусі, асабліва мала змененыя гасп. дзейнасцю, у спалучэнні з асаблівасцямі мясц. клімату вызначаюцца высокай ступенню камфортнасці і каштоўнасці для ландшафтатэрапіі і аздараўленча-прафілакт. работы.

І.​Я.​Кернажыцкая.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́БНАСЦЬ,

адпаведнасць паміж аднароднымі з’явамі, калі ўсе колькасныя характарыстыкі адной з’явы атрымліваюцца прапарцыянальным пераўтварэннем аднайм. характарыстык другой. Умовы П. вывучае падобнасці тэорыя.

Фіз. П. можна разглядаць як абагульненне геаметрычнай П. 2 геам. фігуры падобныя, калі адносіны ўсіх адпаведных даўжынь аднолькавыя. Гэтыя адносіны наз. каэф. П. або маштабам. Калі маштаб вядомы, то простым множаннем на значэнне маштабу памераў адной геам. фігуры атрымліваюцца памеры другой, падобнай ёй геам. фігуры. Акрамя П. фігур, разглядаецца таксама падобнае пераўтварэнне плоскасці (прасторы). Усякае падобнае пераўтварэнне можна ажыццявіць паслядоўным выкананнем гаматэтыі, руху і адбітку. П. і падобнымі пераўтварэннямі карыстаюцца ў мадэліраванні, чарчэнні і інш. тэхн. дастасаваннях геаметрыі.

М.​У.​Паўлюкевіч.

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСК (Rask) Расмус Крысціян (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),

дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст. метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.​Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

настрыфіка́цыя

(ад лац. noster = наш + -фікацыя)

прывядзенне ў адпаведнасць дыпломаў, выдадзеных замежнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, з дыпломамі айчынных навучальных устаноў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

альпа́ры

(іт. al pari = нароўні)

адпаведнасць біржавага (рыначнага) курсу валюты, каштоўных папер іх намінальнай вартасці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

фу́нкцыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. З’ява, якая залежыць ад іншай і змяняецца па меры змянення іншай з’явы.

2. У матэматыцы: закон, паводле якога кожнаму элементу аднаго мноства ставіцца ў адпаведнасць некаторы элемент іншага мноства.

Лінейная ф.

Трыганаметрычная ф.

3. Работа, спецыфічная дзейнасць, што выконваецца органам, арганізмам і пад.

Ф. залоз.

4. Роля, значэнне, назначэнне чаго-н.

Функцыі крэдыту.

5. Абавязак, кола дзейнасці.

Службовыя функцыі.

Функцыі прафкама.

|| прым. функцыяна́льны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АПРАЦО́ЎКА ў музыцы,

у шырокім сэнсе — змяненне арыгінальнага нотнага тэксту муз. твора з пэўнай мэтай: прыстасаванне яго для выканання інш. складам выканаўцаў (аранжыроўка), прывядзенне ў адпаведнасць з тэхн. узроўнем пэўнага кантынгенту выканаўцаў (аблегчанае пералажэнне або, наадварот, віртуозная транскрыпцыя), стварэнне акордавага суправаджэння да аднагалосай мелодыі (гарманізацыя), мадэрнізацыя твора. Апрацоўкай называюць таксама далучэнне інстр. суправаджэння да нар. песні або яе харавое выкладанне.

Апрацоўкай нар. мелодый займаліся з канца 18 ст. многія вядомыя кампазітары (І.​Гайдн, Л.​Бетховен, І.​Брамс, М.​Балакіраў, М.​Рымскі-Корсакаў, П.​Чайкоўскі, А.​Лядаў і інш.). Падобныя апрацоўкі паступова вылучыліся ў самаст. муз. жанр, які атрымаў вял. развіццё ў многіх нац. кампазітарскіх школах, у т. л. ў беларускай.

С.​Г.​Нісневіч.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІБРО́ВАЧНАЯ ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ,

нязменнасць (інварыянтнасць) палявых тэорый фундаментальных узаемадзеянняў адносна лакальных пераўтварэнняў дынамічнай (калібровачнай) сіметрыі.

Кожнаму тыпу фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц ставіцца ў адпаведнасць свая калібровачная сіметрыя, спецыфіка якой вызначаецца колькасцю і ўласцівасцямі лакальных параметраў (функцый прасторава-часавых каардынат) адпаведных калібровачных пераўтварэнняў, што дзейнічаюць у прасторы хвалевых функцый разгляданай палявой сістэмы. К.і. забяспечвае наяўнасць захавання законаў дынамічных зарадаў, якія вызначаюць здольнасць элементарных часціц да пэўнага тыпу ўзаемадзеянняў, а таксама адлюстроўвае непазбежнасць генерацыі зараджанымі часціцамі адпаведных калібровачных палёў — пераносчыкаў гэтых узаемадзеянняў. На аснове К.і. пабудаваны палявыя тэорыі электрамагнітных узаемадзеянняў, злектраслабых узаемадзеянняў і моцных узаемадзеянняў (гл. Квантавая хромадынаміка).

Літ.:

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.​А.​Богуш.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАВАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава, у якой функцыянуе рэжым канстытуцыйнага праўлення, ажыццяўляюцца прынцыпы вяршэнства закону і права. Характэрныя адзнакі П.дз.: прызнанне і гарантаванасць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, узаемная адказнасць дзяржавы і асобы, судовая абарона асоб і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін, адпаведнасць унутр. заканадаўства агульнапрынятым прынцыпам і нормам міжнар. права. Канцэпцыя П.дз. склалася на аснове асэнсавання і ўспрымання універсальных ідэй мысліцеляў былых эпох — вяршэнства закона (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.), раздзялення ўлад (Палібій, Дж.​Лок, Ш.​Мантэск’ё і інш.), неадчужальнасць прыродных правоў чалавека (Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Лілберн і інш.). У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 1996, Беларусь абвешчана унітарнай дэмакр. сацыяльнай П. дз.

І.​І.​Катляр.

т. 12, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кандыцыяні́раваць

(фр. conditionner, ад лац. condicere = патрабаваць паводле ўмовы)

прыводзіць у адпаведнасць з пэўнымі нормамі, патрабаваннямі (напр. к. збожжа, к. паветра).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)