Пава́га ’пачуццё пачцівасці да каго-, чаго-н., выкліканае прызнаннем высокіх якасцей, заслуг, важнасці і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп.). Ст.-бел. павага (1528 г.). З польск. powaga ’павага, паважнасць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 186). Таксама паважа́ць (ТСБМ, Касп., Шат.) < польск. poważać ’тс’. Як мяркуюць Фасмер (4, 144), Махэк (674), уся група з коранем ‑ваг‑ ва ўсх.-слав. з польск., дзе звязана з нов.-в.-ням. Wage ’вага’ (гл. яшчэ Брукнер, 598).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)