Каламу́ціць ’муціць, рабіць каламутным’ (ТСБМ), ’выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну’ (ТСБМ). Укр. каламутити ’муціць; бунтаваць’, каломутити ’тс’, рус. варонеж., зах.-бран. каламутить ’муціць ваду’, кур., зах.-бран. ’выклікаць разлад, смуту; баламуціць’, польск. kołomącić ’муціць, баламуціць, круціць’, kalamacić ’муціць (напр., ваду), баламуціць’ (там жа), kałamucać ’муціць, боўтаць’ з усх.-слав. фанетыкай; сведчыць, магчыма, аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў бел. мове, славац. zkolomutit ’закрануць, падражніць, пашавяліць’. На поўдні славянскай тэрыторыі адзначана серб.-харв. каламу́тити (у Вука), якое RHSJ (4) суадносіць з kalabúriti. Адносна першага слоўнік мяркуе, што яно магло ўтварыцца ў выніку кантамінацыі kalabúriti і дзеяслова mutiti; адносна другога — ад kalabàluk ’вялікая колькасць людзей, шум, мітусня’, якое з тур. galabalyk. Відаць, такое меркаванне нельга прыняць, паколькі ёсць дакладныя адпаведнікі ў паўн.-слав. мовах. Цікава і серб.-харв. калабу́рити, якое суадносіцца з прасл. buriti са значэннем ’хваляваць’ і да т. п. Звернем яшчэ ўвагу на дзеяслоў buniti ў дэфініцыі як на вельмі сімптаматычны (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 3, 99: «buriti… родственно *bura, а также глагольно-именной паре *buna‑ *buniti…». Наяўнасць у слав. мовах фанетычна розных лексем (першая частка ‑kala‑ і ‑kolo‑) зацямняе этымалогію. Слаўскі (2, 371) мяркуе аб злучэнні *kolomǫtiti ’муціць навокал’, як аргумент прыводзяцца паралельныя чэш. (у Юнгмана) kolotáceti se ’круціцца’, рус. колобродить, дыял. колобродить, бел. каламесіць. Надзейнасць гэтых прыкладаў не вельмі высокая, аднак структура такая з’яўляецца магчымай: параўн. укр. коломыя ’яма, вымытая вадой’, серб.-харв. kolòvada («složeno od kolo osnove glagola voditi…», RHSJ, 5, 214), рус. коловодиться ’вазіцца, многа займацца чым-н. і да т. п.’, магчыма, рус. маск. коломыка ’пляткарка і да т. п.’ Фанетычныя недакладнасці Слаўскі тлумачыць ад’ідэацыяй першай часткі да kalъ ’гразь’ і да *balamutiti ’муціць’. Махэк₁ (419). Махэк₂ (514) мяркуе аб праформе *kalomǫtiti, дзе першая частка паходзіць ад kalъ ’гразь і да т. п.’ Фанетыку слав. утварэнняў ён тлумачыць наступным чынам: форма kala магла быць вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі (укр. каламутити), а польск. і чэш. рэгрэсіўнай. Такое тлумачэнне не вельмі добра спалучаецца з паралельнымі формамі koło‑ і kało‑ ў польск. дыял. словах, а семантыку слав. прыкладаў нельга звесці да семантыкі kalъ. Параўн., у прыватнасці, бел. дыял. каламут ’вір’ і сінонімы; рус. дыял. коловерть, коловорот, круговорот. Аднак, калі прыняць версію Слаўскага, відавочна, што нельга проста вытлумачыць серб.-харв. прыклады, паколькі на поўдні ўтварэнні з першай часткай bala‑ не адзначаюцца. Гэта значыць, што на серб. лексемы або сапраўды ўплывалі семантычна падобныя турцызмы, або тут дзейнічалі ўласна фанетычныя працэсы. Не выключана, што прапанаваныя этымалогіі наогул няпэўныя і больш верагодна бачыць тут кампозіт, у якім першая частка ўспрымаецца як экспрэсіўны фармант. Так разглядаў Кноблах (JC, 1969 (2), 141) лексемы балагур, баламут і інш. Найбольш істотным момантам такой версіі з’яўляецца магчымасць утварэння экспрэсіўнага фарманта на базе слова. Тады змяненне фанетыкі лёгка вытлумачыць як натуральнае для экспрэсіўнай лексікі або фармантаў. Не выключана, што з такімі фармантамі ўтвораны рус. бран. коломат ’крык, шум’, аб другой частцы гл. Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 70; укр. усх.-палес. калабушить ’ласкатаць’, магчыма, бел. каланытка (гл.) і інш. Параўн. славац. galamuta ’змяшэнне, смута’ і balamuta ’тс’, што сведчыць, па-першае, аб блізкай семантыцы ўтварэнняў з рознымі фармантамі ў пачатку слова, па-другое, аб змяненні фанетыкі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што нельга выключыць уплыву паўн.-слав. balamǫtiti на разглядаемую групу лексікі, аднак характар гэтага ўплыву не вельмі ясны. Магчыма, balamǫtiti ўласна славянскае ўтварэнне (гл. агляд версій Трубачоў, Эт. сл., 1, 146–147), не выключана, што паралельнае да kalamǫtiti. Версія аб запазычанні слова (баламуць) з манг. balamut больш верагодная, калі прыняць пад увагу аргументацыю Папова (Из истории, 35, заўвага 4), які адзначае, што ў іранскіх дыялектах Паміра balāmū́t ’віхор’. Робіцца таксама слушная заўвага, што складанасць лексемы і семантыка не дазваляюць меркаваць аб выпадковым супадзенні. Аднак апошнія прапановы не праясняюць справу, хоць лінгвагеаграфія і не пярэчыць версіі аб магчымым запазычанні слова (ва ўсякім разе слова баламут). Таксама не вельмі ясным з’яўляецца словаўтварэнне, калі дапускаць славянскае паходжанне слоў. Тут можна бачыць складанне назоўнік + дзеяслоў, або дзеяслоўны назоўнік (гл. прыклады вышэй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

астацца, астануся, астанешся, астанецца; астанемся, астаняцеся; зак.

1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны. // з інф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін. // Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі. // Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас. // Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны. // Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. ▪ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.

3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.

4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. ▪ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў. // без чаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. ▪ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.

5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. «Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.

6. безас. каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.

•••

Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.

Астацца з носам — пацярпець няўдачу.

Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягнуць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Пачаць цягнуць каго‑, што‑н., прымушаючы рухацца. Паравоз, скрануўшы з месца вагоны, павольна пацягнуў іх за сабою. Арабей. Жанчына схапіла хлопчыка за руку і пацягнула да адчыненых дзвярэй аўтобуса. Каліна. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спінаю прыціснуў Паўлюка ў кут. Караткевіч. / у безас. ужыв. Пакуль шынель не намок, Чыжык яшчэ трымаўся на паверхні. Потым яго пацягнула на дно. Няхай. // перан.; што. Выклікаць што‑н., з’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н. Такіх дакументаў, якія маглі б пацягнуць за сабою арышты другіх асоб, Нявідны не меў звычаю насіць пры сабе. Колас. Як гэта часта бывае, адна добрая прапанова пацягнула за сабой новыя. Шыцік.

2. каго-што. Узяўшыся за каго‑, што‑н., прымусіць зрушыцца, скрануцца. [Андрэйка] ўскочыў на жэрдку плота, схапіў адно вудзільна, пацягнуў да сябе. Ваданосаў. [Ліда] пацягнула на сябе дзверы і сама выйшла на ганак — насустрач гэтаму ранняму госцю. Васілевіч. // што. Працягнуць, накіраваць. Да яго [сцяга] пацягнуў руку я, Поўны шчасця, тугі і любві. Бураўкін.

3. безас. перан.; каго. Пачаць хіліць, вабіць, прыцягваць; адчуць патрэбу, неабходнасць у кім‑, чым‑н. Спачатку мы перашэптваліся, потым стаміліся, пацягнула на сон. Няхай. [Лабановіча] пацягнула на свежае паветра, на волю. Колас. Пацягнула хутчэй дадому, да Андрэя. Як знойдзенага, абхапіла за шыю, заплакала. Лобан.

4. перан.; каго. Прыцягнуць да адказнасці. [Людміла:] — Іван Іванавіч... Дык вам жа небяспечна тут заставацца. Калі я пайду, — вас зноў могуць пацягнуць, арыштаваць могуць. Арабей.

5. безас. чым. Пачаць распаўсюджвацца; падзьмуць, павеяць. З Нёмана пацягнула прахалодай. В. Вольскі. Ад кастра пацягнула прыемным цяплом. Бяганская. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч.

6. што і чым. Набраць, уцягнуць у сябе (паветра, дым і пад.). Лось узняў угару пакручастыя рогі і моцна пацягнуў у сябе паветра. Няхай. Ганька пацягнула носам. Смачна пахне гарачымі блінцамі. Трэба хутчэй уставаць! Васілевіч. // Курачы, зрабіць зацяжку. [Мароз] выняў з шуфляды запалку, пакарпаў ёю ў люльцы і .. зноў пацягнуў. Лобан. // чаго і без дап. Выпіць, цягнучы патроху. Салдат зноў дрыжачымі губамі пацягнуў кіпню. Лобан. // чаго і без дап. Разм. Выпіць чаго‑н. спіртнога. [Ладымер:] Хаця каб ён не выпіваў. А то ён часта пацягнуць любіць. Чорны.

7. чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні; правесці. [Хвядос] адчуў, як невядомы абапёрся яму на плечы і нечым мокрым пацягнуў па твары. Скрыпка. Бруском пацягнуў [Міхал] разоў дваццаць, паклаў яго назад, сякеру заткнуў за папружку. Чорны. // Разм. Ударыць. З лесніком жарты малыя, яму нічога не значыць пацягнуць па спіне дубцом за самавольства. Асіпенка. — Вось лазіною пацягну каторую — перастанеце пустое малоць. Мыслівец.

8. што. Пакрыць паверхню чаго‑н. тонкім слоем якога‑н. рэчыва. Пацягнуць падлогу лакам. // Пакрыць, абшыць паверхню вопраткі якім‑н. матэрыялам. [Маці] збіралася яшчэ на зіму «пацягнуць» фуфайку кортам. Пташнікаў.

9. Накіравацца ў якім‑н. напрамку. Пакружыўся [бусел] над сваім гняздом, Адзінокі ў вырай пацягнуў. Астрэйка. Хмара здаволілася ліць, як з вядра, і пацягнула на лес. Грамовіч.

10. Паказаць пры ўзважванні пэўную вагу; заважыць. Нарэшце агурок з грады ўрачыста знялі. Калі ж яго на вагі ўсклалі, Ён пацягнуў прыблізна пуд! Корбан.

11. Разм. Справіцца з якой‑н. работай, даручанай справай. Цяпер .. [Алёшку] паставілі на брыгаду, якую толькі што ўзбуйнілі, і лічылі, што ён пацягне. Кухараў.

12. колькі. Разм. Пражыць, працягнуць. — Ці доўга я яшчэ, доктар, пацягну? — запытаў Кручынін. С. Александровіч.

13. каго-што. Разм. Украсці, сцягнуць каго‑, што‑н.

•••

Ног не пацягнуць — не магчы скрануцца з месца ад стомы.

Пацягнуць за язык каго — прымусіць сказаць, вымавіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брацца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які‑н. прадмет, за каго‑н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.

2. за што. Пачынаць работу, якую‑н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

3. за што. Прыступаць да чаго‑н., распачынаць якую‑н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.

4. з інф. Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што‑н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.

5. з інф. Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што‑н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.

7. Разм. Наставаць, пачынацца (пра з’явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безас. ужыв. Бралася на дзень. Бралася на мароз.

8. Разм. Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.

9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.

10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.

11. за што. Разм. Выказваць старанне, ахвоту да якой‑н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.

12. за каго-што. Разм. Заступацца, ручацца за каго‑н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.

13. за каго. Разм. фам. Прымаць меры ўздзеяння.

14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што‑н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.

15. Разм. Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. ▪ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.

16. Зал. да браць (у 1–8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).

•••

Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.

Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым‑н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.

Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую‑н. сур’ёзную справу.

Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго‑, чаго‑н.

Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.

Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім‑н.

Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз 1, ‑у; мн. разы, ‑оў; м.

1. У спалучэнні з колькаснымі і неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі або без іх абазначае аднакратнасць дзеяння. Раз на тыдні прыязджаў бацька, прывозіў харчы. Мурашка. Тры разы на дзень Вася мяняе ваду, чысціць клетку. Пальчэўскі. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. Лепш, адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Прыказка. // З парадкавымі лічэбнікамі і з прыметнікамі ўказвае, каторы раз адбываецца дзеянне. [Рыбак:] — Закінуў другі раз вудку. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Якімовіч. [Валя] чакала, .. што Мішка нарэшце пачне, скажа ёй тое, што яна ўжо мо тысячны раз (ды дзе там тысячны!) кажа яму ўсёй душой. Брыль. Нецярпліва перабіралі нагамі сапуноўскія коні, не разумеючы, відаць, што апошні раз вязуць сваіх гаспадароў. Асіпенка.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і ўказальнымі займеннікамі ўказвае на час дзеяння ў адносінах да раду падобных дзеянняў. У мінулы раз. ▪ Стрэльбу [Лаўрэну] пан купіў новую — на гэты раз двухстволку. Якімовіч. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль.

3. У спалучэнні з прыназоўнікам «у» і колькаснымі або неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі выражае ступень павелічэння або змяншэння суб’екта або аб’екта дзеяння, якой‑н. уласцівасці і пад. [Лясніцкі:] — Трэба дабіцца, каб да мая месяца мы выраслі ў шмат разоў, арганізавалі новыя атрады. Шамякін. Дзесяць варожых эшалонаў — асабісты рахунак Кастуся. Рахунак брыгады.. трохі большы, — прыблізна разоў у дзесяць — пятнаццаць. Брыль.

4. нескл.; у знач. кольк. ліч. (пры падліку). Адзін. «Раз... два... тры» — лічыць Цімох і раптам .. грымнуў выбух. Колас. / у знач. пабочн. [Толя:] — Адзін я ўсё роўна сажалкі не выкапаю. Гэта раз. А па-другое, жывучы разам, адной сям’ёй, хіба можна думаць толькі пра сябе? Рунец.

•••

Аднаго разу — аднойчы.

Ва ўсякім разе — а) пры любых абставінах. Ва ўсякім разе ў партызана павінна быць вінтоўка і шырокі патранташ, які замяняе яму папругу. Якімовіч; б) (у знач. пабочн.) усё-такі.

Вось табе і раз гл. вось.

Другі раз — тое, што і іншы раз.

Другім разам — калі-небудзь, не цяпер.

За раз — у адзін прыём.

Іншы раз — часам, у некаторых выпадках.

Не раз (і не два) — многа разоў, неаднаразова.

Ні ў якім разе — ні пры якіх умовах, ні пры якіх абставінах; ніколі.

Па той раз — пасля таго; з таго часу (не паўтараецца што‑н.).

Раз-два і гатова — вельмі хутка, зараз жа.

Раз-другі — некалькі разоў (пра невялікую колькасць).

Раз за разам — тое, што і раз-пораз.

Раз (і) назаўсёды — канчаткова, рашуча, беспаваротна.

Раз на раз не прыходзіцца — не заўсёды бывае аднолькава.

Раз плюнуць гл. плюнуць.

Раз-пораз; раз-поразу — бесперапынна, пастаянна, зноў і зноў.

Раз у раз — у такт, адначасова.

Самы раз; у самы раз — а) тады, калі трэба, у час, у патрэбны момант. — Няйначай, як папаўненне. А добра, у самы раз! Лынькоў; б) каму якраз падыходзіць хто‑н. або што‑н. [Настаўнік:] — І пра зямлю ў іхняй праграме так як след сказана. У самы раз мужыку гэтая партыя. Галавач; в) добры, такі, як трэба; добра, так, як трэба. Два акны на вуліцу, тры ў двор, самы раз хата. Ермаловіч. — Каля акна яно бывае холадна, а вось тут самы раз. С. Александровіч.

У такім разе — у такім выпадку, калі ўжо так выйшла.

раз 2, прысл.

Аднойчы. — Вось неяк раз прапала ў пана пара валоў. С. Александровіч. Раз убачыў Толяк: бялявы .. хлапец пайшоў з Зосяю раней, як заўсёды. Чорны.

раз 3, злучнік умоўны.

Ужываецца ў даданых умоўных сказах, у якіх умова з’яўляецца абгрунтаваннем таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то», «дык»); калі (у 2 знач.). Раз ужо Пракоп хоча азнаёміцца з калгасам, то мінуць гэты будынак яму не выпадае. Колас. [Слімак:] — Я закону заўсёды падпарадлуюся. Раз абавязаны зарэгістравацца, значыць і выконваю. Лынькоў. — Мала ведаць, трэба дамагацца, раз ты чаго хочаш. На гэтым свет стаіць і стаяць заўсёды будзе. Чорны. І ў спалучэнні са злучнікамі «а», «і», якія ўзмацняюць, падкрэсліваюць умову. [Перагуд:] Ясна, я тут лішні!.. А раз лішні, дык і няма чаго блытацца пад нагамі ў людзей. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыняць, прыму, прымеш, прыме; пр. прыняў, ‑няла, ‑няло; заг. прымі; зак.

1. каго-што. Прыбраць, занесці, пераставіць у іншае месца. — Дар’я, — паклікаў Лявон сваю жонку. — Прымі са стала зелле. Як у бальніцы якой. Глядзець не магу. Ермаловіч. Вуля азіраўся, шукаў, дзе сесці. Тады падышоў, прыняў ад Раманавага ложка табурэтку і паднёс, паставіў ля акна. Пташнікаў.

2. каго-што. Узяць у рукі што‑н. ад таго, хто аддае, дае. Хведар пасунуў па стале брусок, Лявон прыняў яго, падаў пад пілу. Кудравец. Гэля няўмела прыняла букет, уткнулася тварам у росны бела-ліловы ахапак. Лось. // Атрымаць што‑н. у сваю ўласнасць. Я прыняў дарунак мілы Перад боем уначы. Глебка. Саша з захапленнем прыняў веласіпед, хутка навучыўся ездзіць на ім. Марціновіч. // Узяць з якой‑н. мэтай. [Толя] толькі цяпер успомніў, што ён жа не ведае ні імені дзедавага, ні прозвішча. Значыць, перадачы ў яго для невядомага дзеда не прымуць... Якімовіч.

3. каго-што. Узяць у сваё распараджэнне ад таго, хто здае. Прыняць тавар па накладной. Прыняць змену. ▪ Назаўтра Міця прыняў касу. Былы касір Міша Сяўрук .. пераводзіўся ў бухгалтары. Навуменка. // Прызнаць выкананым, гатовым для эксплуатацыі, узяць пад свой нагляд, у сваё распараджэнне. Прыняць работу. Камісія прыняла новы жылы дом. // Правесці праверку чыіх‑н. ведаў. Прыняць экзамен. Прыняць залік.

4. што. Узяць пад сваё начальства, камандаванне. Прыняць брыгаду. ▪ Марыя Хведараўна прыняла Палеткаўскі ўрачэбны ўчастак і рабіла аб’езд вёсак. Марціновіч. // Заняць (пасаду, вакантнае месца).

5. каго-што. Уключыць у склад чаго‑н. Прыняць камсамольца ў партыю. Прыняць у інстытут. ▪ — Вы так цікава расказваеце, Андрэй Пятровіч, што мне ўжо хочацца пусціцца з вамі ў дарогу, калі прымеце ў сваю кампанію. Колас. Петруся прынялі ў Лепельскае вышэйшае пачатковае вучылішча, дзе ён правучыўся тры гады. С. Александровіч. // Уключыць у якое‑н. выданне (рукапіс, артыкул і пад.); дапусціць да пастаноўкі (оперу, п’есу і пад.). Прыняць артыкул да друку.

6. каго-што. Сустрэць каго‑н. (звычайна ў сябе дома) пэўным чынам; аказаць каму‑н. пэўны прыём. Прыняць гасцей. ▪ Іван — хлебасол вялікі, любіў прыняць людзей з форсам, з размахам, каб пілі, елі, гулялі колькі душа пажадае. Навуменка. [Мотэль:] — Ну, ты там як сабе хочаш, але ж прыняць чалавека трэба, трэба і пагутарыць з ім. Лынькоў. // Дапусціць к сабе для перагавораў, для размовы. Прыняць наведвальніка. ▪ Лаўрыновіч прыняў .. [Шэмета] адразу, як толькі ён паказаўся ў прыемнай. Лобан. // Агледзець, выслухаць (хворага).

7. каго-што. Змясціць у сябе; даць прытулак. Гасцініца прыняла звыш нормы дзесяць чалавек. ▪ [Касцючэнку] прыняла да сябе адзінокая бабулька. Мележ. // Даць згоду або дазвол на прыбыццё каго‑, чаго‑н. Порт не прыняў карабля. ▪ Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі.

8. каго-што. Аказаць дапамогу пры нараджэнні дзіцяці або дзіцяняці якой‑н. жывёлы. Прыняць роды. ▪ Апанаску толькі цяпер прыйшло ў галаву, што гэта ж ён прывёз Дору з раённага гарадка, каб прыняла яго першынца. Даніленка. Цяпер нават тыя, хто з дыпломам, не прымуць лепш за дзядзьку Мішу ацёл, апарос, не зробяць лепш за яго ўкол. Палтаран.

9. што. Праявіць якія‑н. адносіны да чаго‑н., успрыняць што‑н. пэўным чынам. Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Колас. Самабытны, сапраўдны народны танец журы прыняло без захаплення. Сабаленка. // Згадзіцца з чым‑н., аднесціся да чаго‑н. станоўча. Прыняць параду. ▪ Дзед упэўнен, што Букрэй прыме такую змену ў .. маршруце. Колас. Мы прынялі запрашэнне і далучыліся да вясёлай студэнцкай грамады. В. Вольскі. // Зацвердзіць што‑н. (звычайна галасаваннем). Прыняць рэвалюцыю. Прыняць пастанову.

10. што. Выслухаўшы (паведамленне, данясенне і пад.), улічыць, даць згоду выканаць. Прыняць рапарт. // Улавіць і зафіксаваць пры дапамозе спецыяльнай апаратуры якое‑н. паведамленне, сігнал і пад. Прыняць радыёграму. ▪ — Толькі што наш радыст прыняў свежую, нечарговую зводку. Кулакоўскі.

11. што. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем дзеяння, характар якога вызначаецца сэнсам назоўніка. Прыняць рашэнне (рашыць). Прыняць смерць (памерці). Прыняць прысягу (прысягнуць). ▪ Зубрам сапраўды давялося аднойчы прыняць актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам. В. Вольскі.

12. што. Стаць паслядоўнікам (рэлігіі, вучэння), падданым (якой‑н. дзяржавы). Прыняць каталіцтва. Прыняць савецкае грамадзянства. ▪ [Сурвіла] усю дарогу ўгаворваў Леапольда Гушку, што яму адно і астанецца — прыняць падданства. Чорны.

13. што. Набыць які‑н. выгляд, якія‑н. асаблівасці. У цемры .. [Букрэй] прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны. Колас. Маленькі столік у кутку цеснай каморкі прыняў выгляд чарцёжнага стала. Гартны. // Засвоіць што‑н., пераняць што‑н. у каго‑н. [Стафанковічык] бачыў: стаяць каля яго людзі, абураныя на палякаў .. і ён адразу прыняў у сябе іхні настрой. Чорны.

14. што. Перажыць, вынесці што‑н. Гусціна маці прыняла многа пакут, каб смех яе дзяцей быў звонкім і шчаслівым. Васілевіч. Наша гордасць і слава у іх сівізне, і за нас прынялі яны раны, каб свяціла і сонца над намі ясней, каб не зналі ніколі мы папа. Дубоўка. // Уступіць у бой, пачаты па ініцыятыве ворага. Беларусь адна з першых прыняла на сябе ўдары гітлераўскай ваеннай машыны. Залескі.

15. што і чаго. Выпіць, праглынуць (звычайна лякарства). [Крушыны] дастаў з шафы каробачку з лякарствам і прыняў таблетку валідолу. Пальчэўскі. [Сідар] стаў скупы, адмовіўся ад чаркі, якую любіў прыняць у выхадны дзень. Чарнышэвіч.

16. што. Падвергнуць сябе якой‑н. працэдуры, працэдурам. Прыняць душ. Прыняць курс лячэння.

17. каго-што за каго-што. Памылкова палічыць за другое (другога). Па шапцы .. [маладога Крулеўскага] можна прыняць за афіцэра чужога войска. Колас. Каля ракі нешта ўзвышалася. Паўлік спачатку прыняў гэта за стог парыжэлага сена. Беразняк.

18. Разм. Ухіліцца, пасунуцца трохі ў якім‑н. напрамку. Яшчэ здалёку шафёр даў сігнал, калона прыняла ўправа. Гурскі.

•••

Ласку прыняць — аказаць гонар, уважыць (зайшоўшы, завітаўшы і пад.).

Прыняць да сэрца (сэрцам) — а) успрыняць што‑н. з павышанай чуллівасцю, занадта перажываючы што‑н.; б) вельмі зацікавіцца чым‑н.

Прыняць за чыстую манету — палічыць праўдай, успрыняць усур’ёз.

Прыняць пад увагу — улічыць, паабяцаць выканаць.

Прыняць у долю — даць магчымасць ўдзельнічаць у якой‑н. справе, прадпрыемства.

Прыняць у разлік — улічыць.

Прыняць у штыкі — сустрэць варожа.

Прыняць эстафету ад каго, у каго — прадоўжыць чые‑н. пачынанні, традыцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як 1, ‑а, м.

Буйная жвачная рагатая жывёліна, якая водзіцца ў высакагорных раёнах Цэнтральнай Азіі (свойская выкарыстоўваецца як уючная, верхавая, іншы раз як малочна-мясная).

[Тыбецкае.]

як 2, прысл., злучн. і часціца.

I. прысл.

1. пытальнае. Выражае пытанне аб спосабе дзеяння, стану; якім чынам, якім спосабам. Як гэта здарылася? Як знайсці той лес? ▪ — Ох, мой міленькі, мой блазнотка! Як будзем жыць мы без яго [бацькі]? Колас.

2. пытальнае. Выражае пытанне аб якасці дзеяння ці стану. Як жывеш, як маешся? Як у вас справы з гаспадаркай? // у знач. вык. Адпавядае займенніку «які» ў Н і Т. Як ваша здароўе? ▪ [Валя:] — Твая матка і мне нешта расказвала... А як прозвішча таго чалавека? Арабей.

3. азначальнае. У якой меры, ступені; наколькі. А як ты, браце, пастарэў! Што здарылася?

4. неазначальнае. Разм. Як-небудзь. Трэба ж як знайсці згубленае. ▪ [Марына Паўлаўна:] — Ну, я ўжо думала, цяпер наш Сымонка і не паткнецца да нас Так сабе думаю, а тым часам пазіраю ў акно, а мо як заблудзіцца. Зарэцкі.

5. часавае. Тое, што і калі 1 (у 2 знач.). А як ішоў дадому тата З атрада — Чуў я за вярсту. Казаў, бывала, сумнавата, Што гледзячы на лес расту... Барадулін.

6. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова:

а) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Павек не забудзецца тая навала, Як, дымам ахутаны чорным, Стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам І ворагу быў непакорным. Хведаровіч;

б) падпарадкоўвае даданыя сказы меры і ступені. [Алеся:] — Я веру ў гэта так, як, можа, не верыш ты сама. Шамякін;

в) падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння. Не адступай, брат, у змаганні, Ідзі далей, як ты ішоў! Танк. Жыць па-старому, так, як жылі бацькі, — значыць, не шкадаваць народа, не любіць яго. Пестрак;

г) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, захоўваючы значэнне прыслоўя спосабу дзеяння. [Доктар:] Цяпер, таварыш, будзеш папраўляцца. Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва. Лепшыя людзі калгаса, і перш за ўсё камуністы, не раз задумваліся над тым, як вывесці гаспадарку з адстаючых у перадавыя. «Звязда»;

д) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. [Настаўніца:] — Маладзец вы, Андрэй Пятровіч! Ад душы поспехаў жадаю вам. Цікава ж, як вы гэта робіце? Колас. Цяжка было ўявіць, як пройдзе гэтая ноч. Каб раптам настаў ранак, То Драбняк адчуў бы вялікую палёгку на душы. Кулакоўскі.

7. адноснае. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. І як ні хацелася Білі спаць, ён насцярожана прыслухоўваўся да кожнага гуку, да кожнага голасу. Лынькоў. Шлях да парты ад калыскі Доўгі, як ні гавары. Лось.

II. злучн.

1. параўнальны.

а) Ужываецца для падпарадкавання даданых параўнальных сказаў. Як ворану вышай арла не лятаць, так ворагу нашай зямлі не таптаць. Крапіва. І як змаглі раней Мы белых генералаў, Так зможам мы цяпер Балячкі нашых дзён. Хведаровіч. // Разм. Ужываецца ў адмоўных сказах пасля вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў і адпавядае злучніку «чым». Лепш ужо без каня быць, як гэтага каня трымаць. Чорны. Марудны гул машын падпаўзаў вельмі доўга, здаецца, даўжэй, як цягнулася чаканне. Брыль;

б) ужываецца для далучэння параўнальных зваротаў. Па небе хмары, як палотны, Паўночны вецер рассцілае. Колас. / У складзе састаўнога злучніка «як і». Ручай гэты, як і рэчка, выцякаў з вялікага лесу, што пачынаўся адразу ж за шашой. Шамякін. // Ужываецца пры паўтарэнні слова ў параўнальным звароце і ўказвае на звычайную тыповасць прадмета. Тут зямля як зямля — беларуская шэрая глеба. Лукша. Хата як хата. І што б там, здавалася, у ёй асаблівага. Няхай.

2. далучальны.

а) Далучае звароты са значэннем: у якасці або тоеснасці. Альберт Аляксандраў пачаў свае паказанні як сведка, а закончыў як абвінаваўца. Дадзіёмаў. Васіль Пятровіч любіў ранішні сумятлівы праспект. Любіў як сваё, нялёгка здабытае. Пестрак;

б) далучае пабочныя словы, словазлучэнні і сказы. Рыба, як на злосць, не лавілася. Гартны. Трапілі, як той казаў, з прыску ды ў полымя. Пальчэўскі. На рынку, як на тое шчасце, я сустрэў свайго сваяка. Машара. Прыязджалі аратары з горада, якія (як Аўгінні казалі суседкі) гаварылі аб розных простых сялянскіх справах. Бядуля. / У складзе састаўнога злучніка «як і». Піліпчыка і след прастыў, адразу знік, як і не было яго. Лынькоў.

3. часавы.

а) Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія абмяжоўваюць пачатак падзей галоўнага сказа. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абразамі, з бярданкамі, з аўстрыйскімі і нямецкімі стрэльбамі. Колас. Ужо васемнаццаты год пайшоў Ніне, ужо другая вясна набліжалася, як жыве яна ў Галіноўскіх. Галавач;

б) ужываецца ў складаназалежных сказах з хуткай зменай падзей. Вяль прылёг каля кургана, каб, як згаснуць толькі зоры, зноў дамоў вярнуцца рана. Танк. [Люба] паспела толькі напісаць «Дарагая Валя», як хтосьці застукаў у дзверы. Чорны. / У складзе састаўнога злучніка «як толькі». Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі раскладваць агонь. Чарнышэвіч. — Ну, як вам падабаецца Каця? — звярнуўся ціха трактарыст, як толькі мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі;

в) ужываецца ў сказах, у якіх падзеі даданага сказа адбываюцца пасля падзей галоўнага сказа. Да таго як прыехаў Лялькевіч, [Саша] ўспамінала мужа, сумавала, зрэдку плакала над калыскай. Шамякін. Перад тым як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, скрыпеў.. і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам. Колас;

г) (разм.) ужываецца ў сказах з адносінамі адначасовасці паміж даданым і галоўным сказам. Раніцаю роснай ты ж і не журыўся, як на дол-пракосы з твару пот сачыўся. Трус. Ужо вечарэла, як Галя падыходзіла да сваёй вуліцы. Лынькоў;

д) падпарадкоўвае сказы, у якіх падзеі даданага сказа адбываюцца раней падзей галоўнага сказа. На сэрцы стала горка, горка; З вачэй скацілася сляза, Як ты за грэблю, са ўзгорка, Яшчэ раз глянула назад. Трус. Як скурылі па папяросе, зноў узяліся за работу. Чорны. Вартаўнік.. з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. / У складзе састаўнога злучніка «пасля таго як», «з таго часу як». З таго часу як Аленка паехала ў Загор’е, ён ні разу не зайшоў да іх. Колас. Да Апанаса Хмеля Андрэй прыйшоў толькі на другі дзень пасля таго, як адведаў Захара Зубца. Пестрак.

4. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з умоўна-абмежавальнымі і ўмоўна-часавымі адносінамі. [Талаш:] — Да каго ж мне звярнуцца, як не да вас?.. Колас. [Валя:] Як паглядзіш на гэтую веліч працы, на гэтыя горы перавернутай зямлі, дык нібы крылы вырастаюць. Крапіва.

5. прычынны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы прычыны. [Юзік:] «Не маюць ніякага поўнага права яны [мачыха з бацькам] з цябе здзекавацца, як ты жонка чырвонаармейца». Крапіва.

6. тлумачальны.

а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, якія тлумачаць члены галоўнага сказа, выражаныя дзеясловамі ўспрыняцця. І не заўважыў з нас ніхто, як ноч вясенняя мінула, як струны вуліц і мастоў штодзённым наліліся гулам. Танк. Па плячах Андрэя прабеглі мурашкі — ён адчуў, як невясёлыя думкі з дзяцінства знаёмым пачуццём кранаюць сэрцы. Пестрак. Ігнат і Лена бачылі, як некалькі чалавек мільганулі па-за платамі і, прыгінаючыся, пабеглі агародамі ў бок цагельнага завода. Лынькоў;

б) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Праз тоўстае шкло ілюмінатараў было відаць, як цьмяна ўспыхвалі на небасхіле гарачыя водбліскі зарніц. Гамолка. Чутно, як пазвоньваюць цуглі і недзе за суседнім дваром пераклікаюцца галасы. Скрыган. А нам зноў чуваць, як за ракой звініць прыгожая дружная песня з пракосаў. Брыль. Відно было, як на гэтую горку падымаліся свежыя, здавалася, яшчэ больш адсырэлыя барозны. Кулакоўскі;

в) падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. [Наталля:] У мяне такое адчуванне, як бывае ў летні дзень перад навальніцай. Крапіва. Цяпер я ніколі не бачу снег белым, такім, як бачыў у роднай Беларусі. Шамякін.

III. часціца.

1. узмацняльная. Вельмі, надзвычай. Як радасна цябе, край малады, Сягоння прывітаць! Колас. Як прыгожа там бясконца! Сорам, дзеткі, позна спаць! Чарот. У коміне нудна галасіў вецер, ляскаў юшкамі — ох як не хацелася выходзіць з хаты на холад. Капыловіч.

2. узмацняльна-сцвярджальная. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў значэнні: як можна, немагчыма. І як не маліцца прасторам На беразе Чорнага мора. А. Александровіч. І як тут не смяяцца І праўды не сказаць. Купала. Пачатак года, як цябе не ўславіць? Не першы я. А ці ж апошні? Не. Кірэенка.

3. Ужываецца пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці ў сувязі з якім‑н. пытаннем, выказваннем (звычайна ў спалучэнні са словамі «так», «гэта» і часціцамі «жа», «то» і пад.). Як! Ты зноў дома? ▪ Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве.. — Як жа ён вас не разарваў усё-такі, — здзівіліся мы. Пальчэўскі. Пабяжы Мікуліку скажы, каб машыну падагнаў, — сказаў [Журавінка] Гарасю. — Дык няма ж яго, — адказаў Гарась. — Як то няма? А дзе ж яго чэрці душаць? Лобан. [Стася:] — Скажы, ты яго любіш?.. — Я не ведаю, Стася... — Ну, як жа так — не ведаю... Каханне — гэта пачуццё такое... такое яснае... Заўсёды адчуваеш, ці кахаеш ты чалавека, ці не... Зарэцкі.

4. Абазначае нечаканасць дзеяння пры дзеясловах зак. трывання. А ён як ускочыць, як пабяжыць — толькі яго і бачылі.

•••

(А) як жа — служыць выражэннем станоўчага адказу; азначае: канечне, разумеецца.

Вось яно як! гл. вось 2.

Вунь яно як! гл. вунь.

Каму як; як каму — па-рознаму, не аднолькава.

Не хто іншы, як... — якраз гэтая асоба.

Памінай як звалі гл. памінаць.

Страх як — надта моцна.

Тут як тут гл. тут.

(Усе) як адзін гл. адзін.

Як адна капейка гл. капейка.

Як адну капейку гл. капейка.

Як бачыш гл. бачыць.

Як бог дасць гл. бог.

Як будзе, так будзе — ужываецца для выказвання рашучасці ў здзяйсненні рызыкоўнага.

Як бы — ужываецца для выражэння ўмоўнага параўнання.

Як бы не так — ужываецца для выказвання нязгоды, адмаўлення, абурэння.

Як бы там ні было гл. быць.

Як быццам гл. быццам.

Як ваша (твая, яго) ласка гл. ласка.

Як выпадзе гл. выпасці.

Як вядома гл. вядома.

Як гаворыцца гл. гаварыцца.

Як гадуешся гл. гадавацца.

Як ёсць гл. ёсць 1.

Як жару (агню) ухапіўшы гл. ухапіўшы.

Як жа так — ужываецца для выражэння здзіўлення, сумнення, недаўмення ў сувязі з якім‑н. пытаннем ці сцвярджэннем.

Як знаеш гл. знаць 1.

Як (і) належыць гл. належаць.

Як кажуць; як той казаў гл. казаць 1.

Як калі; калі як — у розны час, па-рознаму; неаднолькава.

Як мага гл. мага.

Як мае быць гл. мець.

Як на бяду гл. бяда.

Як на грэх гл. грэх.

Як на заказ; як па заказу гл. заказ 1.

Як на зло (злосць) гл. зло.

Як на падбор гл. падбор.

Як на (тое) ліха гл. ліха 1.

Як ні кажы гл. казаць 1.

Як ні круці гл. круціць.

Як ні ў чым не бывала гл. бываць.

Як-ніяк — пры любых умовах, як бы там ні было.

Як падняць гл. падняць.

Як па камандзе гл. каманда.

Як па лінейцы гл. лінейка.

Як па масле гл. масла.

Як па нотах гл. нота 1.

Як папала гл. папасці (у 7 знач.).

Як па пісаным гл. пісаны.

Як піць даць гл. даць.

Як правіла гл. правіла.

Як прыйдзецца гл. прыйсціся (у 5 знач.).

Як сказаць гл. сказаць.

Як след гл. след.

Як стой (як стаіць) гл. стаяць.

Як (толькі) зямля носіць гл. зямля.

Як толькі язык павярнуўся гл. язык.

Як трэба гл. трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а 1, нескл., н.

1. Першая літара беларускага алфавіта. Вялікае А.

2. Галосны гук сярэдняга рада ніжняга пад’ёму, які вымаўляецца без удзелу губ. Доўгае а. ▪ Хто сказаў а, той павінен сказаць і бэ. Прыказка.

•••

Ад а да я — ад пачатку да канца; усё цалкам.

Ні а ні бэ — зусім нічога (не ведаць, не разумець).

а 2, злучн.

I. супраціўны.

1. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа; адпавядае словам: «наадварот», «але». На поўнач ішлі лясы, а на поўдзень мясцовасць была чыстая, зусім адкрытая. Чорны. У вачах тваіх іскрыцца сонца поўдня, А мае авеяны сіняю смугой... Звонак.

2. Злучае аднародныя члены сказа і сказы з узаемным выключэннем (звычайна пры наяўнасці адмоўя ў першай частцы сказа); адпавядае слову «наадварот». [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча да новых подзвігаў. Крапіва. Дзень быў ясны. У хаце было светла і можна было падумаць, што гэта не восень, а ранняя вясна. Чорны. Не рэкі гамоняць, а зброя звініць! Броўка.

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, што магчыма ці неабходна пры тых умовах, аб якіх гаворыцца ў другім сказе; адпавядае словам: «аднак», «але». Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю. Маўр. [Туляга Гарлахвацкаму:] Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай? Крапіва.

4. Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з уступальным проціпастаўленнем [звычайна пры наяўнасці ў адной з састаўных частак сказа прыслоўяў «яшчэ», «ужо» і часціц «усё», «усё (ж) такі»]; адпавядае выразам: «тым не менш»; «усё такі». Усюды яшчэ ляжыць снег, а подых вясны чуваць выразна. Паслядовіч. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы. Колас. // Ужываецца ў сказах з аднолькавымі або блізкімі па форме паўторнымі словамі антанімічнага тыпу (звычайна ў першай частцы). [Дзед Бадыль:] Будзе лад ці не будзе, а пачаставаць людзей трэба. Крапіва. У выразах: хто-хто, а..., каму-каму, а... і пад. Хто-хто, а.. [Міколка з дзедам] то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж. Лынькоў. [Янка:] Чаго-чаго, а куска хлеба дзіця свайму бацьку не пашкадуе. Крапіва. // У гэтым жа значэнні проціпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму. Хоць быў канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Што ні кажы, а жыццё ўжо само па сабе ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

II. супастаўляльны.

Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з такім проціпастаўленнем, пры якім новае паведамленне непасрэдна не вынікае са зместу папярэдняга; адпавядае выразам: што датычыцца, у той час як. [Жанчына:] — Чалавек мой яшчэ ў партызанах загінуў, а Мішка ажно да Берліна дайшоў. Брыль. Поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Колас. // Злучае сказы, у якіх супастаўляюцца адначасовыя падзеі і з’явы; адпавядае выразам: у гэты ж час, між тым як. [Зыгмусь:] — Дух займае, бягу, а пагоня ўсё бліжэй. Колас. Ішлі гуськом падрыўнікі І след у след ступалі, А ў травах росных кулікі Крычалі, заміралі. Бялевіч. // Паказвае на нечаканасць, непрадбачанасць падзей. Азірнешся на вёску, а там блакітныя дымы з комінаў валяць. Паслядовіч. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы [клюшняй]. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах з уступальным супастаўленнем (звычайна пры наяўнасці ў кожнай састаўной частцы аднолькавых або блізкіх па форме слоў паўторнага тыпу). [Лабановіч:] — Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам! Колас. [Алесь:] — Вайна вайной, а работа работай! Брыль.

III. далучальны.

1. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з паслядоўным чаргаваннем з’яў і падзей або пры паслядоўным апісанні іх. Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра. Танк. [Ульяна брату:] — Я ўжо цябе хоць за сяло правяду, а там — калі ты так хочаш пехатой ісці, — дык ідзі. Скрыган. Навокал панскі лес, а за лесам — балота, а за балотам — сплаўная рэчка Слізянка. Бядуля. На прыпечку гарэлі трэсачкі, над імі стаяў трыножнік, а на трыножніку грэлася скаварада. Колас.

2. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з часавай паслядоўнасцю (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца зноў. Пестрак. [Гарлахвацкі Чарнавусу:] Вось я толькі крыху ад працы вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай. Крапіва. Краем лесу паляцела задорыстае водгулле, прыціхла, а потым павярнула назад, бегучы другім краем лесу, і нарэшце заціхла на яго заломе. Колас.

3. Далучае групы слоў і сказы, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць выказаную думку. Доўгія дні, а часта засаб і ночы, прастойвала.. [Стэпа] за працаю, не адгінаючы спіны. Гартны. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Стрымала мяне пошта дальняя. Мяжа-граніца, а перад усім Я не асмеліўся пасланне прывітальнае Слаць з асабістым клопатам сваім. Танк. // Далучае ўстаўныя сказы і словазлучэнні. Каля Нёмана — а ён тут быў блізка — пачулася песня. Колас. Ратавала атрад усё-такі дарога. Мясцовыя навакольныя жыхары з году ў год, а можа і з веку ў век, вобмацкам пратапталі яе, абмінаючы дрыгвяныя мясціны. Пестрак. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для далучэння сказаў і членаў сказа, якія даюць дадатковую ацэнку сказанаму. Любяць край за бярозы, за месяц, за восені дзіўныя, А тым больш яго нам як, скажы, не любіць: Калі нівы і рэкі, палотны азёр пераліўныя, Калі песні, што б’юць жывой сілай крыніц, Нам гавораць аб долі сярмяжнай аратага. Танк. Вы яго [Базыля Трайчанскага] напэўна не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч. Колас. Няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш, чым сілы, было жадання — жадання дабрацца да дарогі. Быкаў.

4. Па сувязі з папярэдняй думкай далучае сказы з адценнем супастаўлення, у якіх раскрываецца або высвятляецца сутнасць сказанага. Млыны даюць арцелі зваротныя сродкі, а гэта мае вялікае значэнне ў гаспадарцы. Скрыган. [Волечка Райтовічу:] — Ты нарэшце здагадаўся, а дзе ж раней твой розум быў? Чорны. // У спалучэнні са словам «таму» далучае сказы і члены сказа з прычынна-выніковым адценнем. У хаце было душна, а таму мне вельмі не хацелася сядзець дома. Бядуля.

5. Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі або тэмы выказвання (у мове адной асобы або дыялогу). [Зося:] — Няхай ладзяць, а што там такое. [Шура] не кепская дзяўчына, не дурная. Крапіва. Ніколі не думаў [Нічыпар], што гэты.. гультай [Гарасім] так рана ўстае, а тут на табе: ён ужо з кошыкам па садзе ходзіць. Чарнышэвіч.

6. Ужываецца ў пачатку рэплікі, якой пачынаецца гутарка. — Дзень добры ў хату! — прывітаўся адзін з мужчын. — А ў цябе, Астап, няйначай госці, пазнаём нас. Лынькоў.

•••

А то, злучн. 1) супраціўны. а) Іначай, у адваротным выпадку. [Наталля:] Ах, вось што! Я гэтага не ведала, а то раней бы прыйшла. Крапіва. [Сарока:] — Пакідай араць, а то гужы парэжу! Лобан. б) Аказваецца, на самай справе, усяго толькі. Каб хоць рэчка была,.. а то ж равок.. і толькі. Брыль. [Юрка:] — Каб.. [цётка] цябе набіла, дык тады б нядобра было, а то сказала, а ён ужо і думае ліха ведае што. Чорны. 2) прычынны. Таму што, бо. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі. Пестрак. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў. 3) далучальны. а) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Усе сходы, якія.. [Драбняку] даводзілася праводзіць у жыцці, раптам адзін за адным, а то і ўсе адразу, усплывалі ў памяці. Кулакоўскі. Змрокам, а то і пазней, хлопцы па адным збіраліся дадому. Лобан. [Доктар:] — Заўсёды трэба берагчыся. А то ў вас робіцца так — калі сёння здароў, дык і заўсёды, думаецца, так будзе. Чорны, б) Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі (у мове адной і той жа асобы). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка, в) Ужываецца ў мове адной і той жа асобы пры адмове ад папярэдняй просьбы, згоды або нязгоды. [Маці:] — Ты, Міколка, па Вольку схадзіў бы. А то няхай лепш заўтра. Брыль. — Добра, — адказаў бібліятэкар. — А то пачакайце, я запішу. Пальчэўскі, г) Разам з пытальнымі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі ўтварае спалучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сцвярджальных адказаў на папярэднія пытанні. — І ўсё гэта раскарчавалі людзі? — акінуў вачыма Яўхім. [Васіль Кузьміч:] — А то хто ж. Пальчэўскі. — Дзе ты ўзяў? — падазрона спытала Святланка. [Сярожка:] — Назбіраў, а то дзе ж яшчэ. Васілёнак. д) Ужываецца пры ўгаворванні, пажаданні. [Камандуючы:] — А можа, вам цяжка будзе камандаваць? Вы, здаецца, ранены? А то падлячыліся б. Крапіва. 4) пералічальна-размеркавальны. Або, ці. Унук мала калі і плакаў на руках у дзеда, цягнуў пакрысе соску, калі не спаў, а то вучыўся смяяцца і вылузваць з пялёнак ногі. Кулакоўскі.

А не то (дык), злучн. супраціўны. Тое, што і «а то» (у 1 знач.). [Рыгор:] — Уцякай, а не то страляць пачнуць. Мурашка.

а 3, часціца.

1. пытальная. а) Ужываецца як пытальны водгук на зварот або пры перапытванні недачутага. — Ігнат Андрэеевіч, — паклікаў.. [Максім] шэптам, нясмела. — А-а? Шамякін. — Гэй, уставай! — штурхнуў.. [Віктар] Мірона. — А? Чаго? — Выклікаю цябе на спаборніцтва? — А? Што? Маўр. б) Ужываецца як пытанне, якое патрабуе адказу або пацвярджэння. [Карніцкі:] — Скажыце, таварыш Лазарэвіч, а сучасны кароўнік, галоў так на сто пяцьдзесят, вы можаце спланаваць з падвеснымі пуцямі, з аўтапаілкамі і сіласнай вежай? А-а? Паслядовіч.

2. пабуджальная. Ужываецца пры паўторным звароце з мэтай прыцягнуць увагу. [Астап:] — Максімка, а Максімка... уставай: нам пісьмо ёсць. Чорны. Сонечны Зайчык туліўся да мяне, каб не званіць зубамі і шаптаў: — Уладак! А, Уладак? Ты спіш? Брыль.

а 4, выкл.

1. Перадае прыпамінанне, пазнаванне, здагадку, здзіўленне. — Здароў, Каўтун! — А, Андрэй, вось не пазнаў, браце, цемень, бачыш. Лынькоў. [Зоська:] А! Як відненька! А я думала, што ўжо ночка наступіла. Купала. [Юрка:] — Юзік, што гэта за уланы? — Салдаты гэтакія. — А-а, салдаты!? Чорны.

2. Перадае прыкрасць, абурэнне, пагрозу, зларадства. — А, пакінь ты, — замахала.. [Аўдоля] рукамі на Шуру. Крапіва. — А-а-а-а!.. Дык ты хаваць і маніць... — падбег да.. [Сяргея] адзін з белагвардзейцаў. — Ты гэтак?! Нікановіч.

3. Перадае жах, адчай, боль і пад. — А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі.. [Валодзька], — вазьміце! Мележ. — А-а-а, — чуваць раптам ціхі стогн. Брыль.

4. Перадае ўзмацненне эмацыянальнай выразнасці выказвання. — А таварышок, а паненак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго [Сяргея], — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

а 5, прыназ. з М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «а» выражае:

Часавыя адносіны

Ужываецца, каб паказаць дакладны або прыблізны час дзеяння. Мы пайшлі ў поле а вясне. Куляшоў. Васіль Іванавіч выехаў з сяла а самай поўначы. Лынькоў. Гадзіне а дзевятай раніцы.. [Насця і Мікалай] падышлі да Ласінага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)